З гісторыі Рэчыцкага павета ў час вайны 1812 г.

0
151
вайна 1812 і Напалеон у Беларусі ды Рэчыцкім павеце

У пачатку XIX ст. Рэчыцкі павет адносіўся да сярэднеразвітага аграрнага рэгіёну Мінскай губерні. У 1809 г. у г. Рэчыцы налічвалася 899 душ мужчынскага і 979 жаночага полу, а ў павеце пражывала сялян: казённых – 3076, старосцінскіх – 1536, духоўных – 864, паезуіцкіх – 757, памешчыцкіх – 30723 чалавек; шляхты: чыншавай – 175, грунтовай – 54, у гаспадарскіх дварах – 287 чалавек, людзей духоўнага звання: 4 каталікі, 65 уніятаў, 69 праваслаўных1.

Аб набліжаючайся вайне жыхарам «напаміналі» рэкруцкія наборы, раскватараваныя расійскія войскі, пастаўкі харчавання і фуража на вайсковыя склады. Норма і інтэнсіўнасць рэкруцкіх набораў асабліва ўзраслі у 1805-1812 гг. Пры патуранні і згодзе мясцовых уладаў рэкруцкія наборы пасутнасці ператвараліся ў адкрытую гандлёвую здзелку (хабарніцкае пагадненне) паміж вымагальнікамі-чыноўнікамі і мясцовымі памешчыкамі і ва ўмовах самавольства ўладальнікаў спараджалі шматлікія злоўжыванні, з’яўляліся надзейнай крыніцай нажывы і ўзбагачэння чыноўніцтва і мясцовага панства. Так, напрыклад, у 1811 г. урач Рэчыцкага павета прыняў 7 рэкрутаў з прытворнымі хваробамі. Паміж мясцовым насельніцтвам і ваеннаслужачымі зрэдку, але ж усё ж здараліся канфлікты і бытавыя спрэчкі. Напрыклад, паміж казакамі палка падпалкоўніка Гілатава і мясцовымі сялянамі ў канцы 1810 г. адбылася бойка, у выніку якой быў забіты селянін2.

Як вядома, імкнучыся выйсці з цяжкага становішча і адначасова дагадзіць і прымірыцца з дваранамі заходніх губерняў, царскі ўрад напярэдадні вайны 1812 г. замяніў грашовыя падаткі зборам хлеба, у якім мела патрэбу раскватараванае войска. Па прапанове дзяржаўнага сакратара М.М. Спяранскага маніфестам Аляксандра І 17 лістапада 1811 г. недаімачныя дзяржаўныя падаткі за 1811 г. і ранейшыя гады, а таксама падушны падатак за 1812 г. у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губернях і Беластокскай вобласці дазвалялася браць замест грошаў хлебам у якасці надзейнага сродку спагнання нядоімак3. Цэны на харчаванне вызначаліся мясцовымі губернатарамі разам з губернскімі і павятовымі маршалкамі. Для зручнасці месцы для прыёму хлеба ўстанаўліваліся ў кожным павеце мясцовым губернатарам па ўзгадненні з ваенным міністэрствам. 3 Рэчыцкага павета ў пачатку 1812 г. у Мазырскі павет паступіла: мукі больш 3339 чвэрцяў, круп 221 чвэрць, 1083 чвэрці аўса, 20 615 пудоў сена, у Глускі магазін было прынята: мукі 2046 чвэрцяў, круп 168 чвэрцяў, 209 валоў4.

Рэчыцкі павет, размешчаны на паўднёва-усходняй ускраіне Мінскай губерні, з пачаткам французска-расійскай вайны 1812 г. аказаўся ўбаку ад асноўных баявых сутычак супрацьборствуючых бакоў двух магутнейшых дзяржаў, аднак і яго не абмінулі ўсе бядоты гэтай разбуральнай вайны, хоць, вядома, памеры чалавечых і матэрыяльных страт спусташальнага ліхалецця ў гэтым рэгіёне былі значна меншымі, чым у некаторых іншых кутках беларуска-літоўскага краю. Выдатны польскамоўны паэт Беларусі А. Міцкевіч у паэме «Пан Тадэвуш» пісаў; «Вайна, вайна! Па ўсёй Літве ці застаўся такі спакойны кут, дзе шчэ не разлягаўся твой гул?»5. Сапраўды, наступствы «маланкавай» вайны 1812 г. у той ці іншай ступені адчуваліся ва ўсіх кутках Беларусі.

Яна аказала значны ўплыў на напрамак і ступень эвалюцыі феадальна-прыгонніцкай абсалюцісцкай Расійскай імперыі і яе асобных рэгіёнаў, нейкім чынам прадвызначыла накірунак і характар сацыяльнай палітыкі ўрада, абумовіла дынаміку і інтэнсіўнасць сацыяльна-эканамічных працэсаў, паўплывала на асаблівасці фарміравання і выспяванне своеасаблівых форм і механізмаў нацыянальна-вызваленчага руху, тэмпы трансфармацыі духоўнай сферы ў заходніх губернях, «згасіла» на нейкі час альтэрнатыўную сітуацыю па адраджэнні элементаў ранейшай беларуска-літоўскай дзяржаўнасці ў старадаўніх межах.

21 чэрвеня 1812 г. Мінскі грамадзянскі губернатар Павел Міхалавіч Добрынскі (прызначаны 21 мая, заняў пасаду 3 чэрвеня 1812 г.) атрымаў трывожныя звесткі аб з’яўленні напалеонаўскіх раз’ездаў у межах Мінскай губерні. Гэта навіна застала губернскія ўлады знянацку, бо ніхто не дапускаў такога шпаркага прасоўвання непрыяцельскіх аддзелаў углыб імперыі. Толькі раніцай 24 чэрвеня, за два дні да заняцця Мінска войскам Л.Н. Даву, пераканаўшыся ў сапраўднасці атрыманых паведамленняў, П.М. Добрынскі, у абстаноўцы разгубленасці і паўсюднага хаосу, неадкладна прыняў запозненыя меры да высылкі з губернскага цэнтра ў больш бяспечныя месцы найбольш каштоўнай казённай маёмасці, а мясцовым чыноўнікам прапанаваў пакінуць горад.  Грашовая казна (залатая, сярэбраная манета, дзяржаўныя папяровыя асігнацыі) губернскіх устаноў і шпіталя, архівы казённых устаноў, наяўныя запасы харчавання і фуража, палкавыя абозы былі дастаўлены ў Барысаў, транспарты з артылерыйскімі снарадамі і абозы – у Барысаў і Бабруйск, аднак эвакуацыя праводзілася спешна, без належнай, прадуманай, раней запланаванай арганізацыі, і з-за адсутнасці загадзя падрыхтаваных перавозачных сродкаў (фурманак) павывозіць удалося далёка не ўсё. Са свайго боку, па меры набліжэння французскіх войскаў камендант Бабруйскай крэпасці генерал-маёр Мікалай Гаўрылавіч Ігнацьеў прывёў яе ў канцы чэрвеня ў абарончы стан, а ўсіх хворых з шпіталяў накіраваў на байдаках у Рэчыцу, куды таксама рухаліся хворыя 2-й Заходняй арміі з Нясвіжа. У хуткім часе з Барысава, куда імкліва набліжаліся напалеонаўскія войскі, архівы дзяржаўных устаноў («присутственных мест») Мінскай губерні было вырашана накіраваць вадою ў далёкі Чарнігаў. Грашовая казна губернскага праўлення, казённай палаты і іншых урадавых устаноў здавалася ў Рэчыцкае павятовае казначэйства, а потым адпраўлялася часткаю ў Смаленск, а галоўным чынам у Чарнігаўскую казённую палату. Губернатар разам з губернскім пракурорам, некаторымі чыноўнікамі губернскага праўлення, казённай палаты і іншых урадавых устаноў з Барысава выехаў у Рэчыцу, якая была абрана ў якасці яго часовай рэзідэнцыі6. Прынамсі, у Рэчыцу накіраваліся некаторыя канцылярскія служкі Мінскай казённай палаты і павятовых казначэйстваў: з Мінскай казённай палаты – пратакаліст Багдановіч, сталаначальнікі Шведаў, Іваноў, Юрак, канцылярыст Семянкевіч, падканцэлярысты Прыгароўскі, Радушкевіч, Казакевіч, Шыманскі, а таксама бухгалтар, канцылярыст і капііст Слуцкага, бухгалтар Вілейскага і капііст Барысаўскага павятовых казначэйстваў. Астатнія чыноўнікі выехалі ў Мазыр, Чарнігаў, Старую Русу, Уладзімір7.

Рэальна пад уладаю Мінскага грамадзянскага губернатара аказаліся незанятыя напалеонаўскімі войскамі Мазырскі, Рэчыцкі, частка Бабруйскага паветаў і Беліцкі павет Магілёўскай губерні. У Рэчыцы губернатар «колькі магчыма па ваенным здарэнням» прадстаўляў вышэйшую грамадзянскую ўладу і займаўся кіраваннем вышэйназваных паветаў. Асноўнымі яго абавязкамі былі: нарыхтоўка ў падуладных паветах і дастаўка правіянта і харчавання для 2-га рэзервовага корпуса Ф.Ф. Эртэля, размешчанага ў ваколіцах Мазыра, гарнізона Бабруйскай крэпасці і  розных ваенных частак, што дыслацыравалісяч ў гэтых паветах; забеспячэнне аховы ад непрыяцельскіх аддзелаў пры дапамозе воінскіх каманд, якія знаходзіліся ў яго распараджэнні, розных  транспартаў  з  узбраеннем, боепрыпасамі, амуніцыяй, медыкаментамі, хворымі, параненымі, правіянтам і фуражом, якія рухаліся ў вялікай колькасці праз падуладную яму тэрыторыю8.

У першай палове ліпеня ў Рэчыцу прыбывалі невялікія аддзелы, каманды і асобныя ваеннаслужачыя расійскіх войскаў 2 Заходняй арміі. Так, па звестках Мінскага губернатара, у горад прыехаў кватэрмайстар Харкаўскага драгунскага палка Кубачынскі з экіпажам палкоўніка і іншых афіцэраў і прапаршчык Петальскі, які рухаўся з Слоніма з запасамі правіянта і фуража для Галоўнага штаба і палка.

У канцы ліпеня французскія войскі наблізіліся да межаў Рэчыцкага павета. Вечарам 26 ліпеня конны французскі атрад (50-80 чалавек) уступіў у Жлобін, а на наступны дзень напалеонаўскія войскі занялі Рагачоў. Папаўзлі чуткі аб знаходжанні ў Рагачове 30-тысячнага непрыяцельскага войска. Рэчыцкі земскі спраўнік Кубракоўскі, які знаходзіўся ў Горвалі, 27 ліпеня данёс аб гэтым  Ф.Ф. Эртэлю, а таксама паслаў рапарт Бабруйскаму ваеннаму губернатару М.Г. Ігнацьеву і выслаў разведвальныя атрады з горада да Беліцы і Гомеля. 28 ліпеня Мінскі грамадзянскі губернатар таксама рапартаваў з Рэчыцы Ф.Ф. Эртэлю, а на наступны дзень тройчы генералу ад інфантэрыі князю П.І. Баграціёну пра здарэнне. Ён добра разумеў, што «калі наблізіцца непрыяцель», то знаходзіцца ў горадзе будзе небяспечна і прыняў энергічныя меры да адпраўлення ў Чарнігаў казённых запасаў, маёмасці, а таксама хворых з Быхава, Бабруйска і Рэчыцы. У іншым рапарце да П.І. Баграціёна П.М. Добрынскі аргументаваў неабходнасць сваёй прысутнасці ў горадзе, нягледзячы на магчымы раптоўны напад французаў: «Я застаюся па-ранейшаму ў тым горадзе да апошняй мажлівасці, каб аддаленнем з Рэчыцкага павета не аддаць яго распараджэнням непрыяцеля і тым самым не даставіць яму болей выгодаў на атрыманне харчавання і мець свабодны ўплыў на іншае».

Для ачышчэння шляхоў да Бабруйска і Рагачова Ф.Ф. Эртэль накіраваў атрад падпалкоўніка Жэрдарыя (Жур’ярыя) (батальён пяхоты, эскадрон драгун, 20 уланаў, 50 казакаў), які па словах М.Г. Ігнацьева, «мог бы паслужыць прыкрыццём транспартаў з харчаваннем», якія чакаліся з Рэчыцы. Прааналізаваўшы атрыманыя звесткі, Ф.Ф. Эртэль загадаў генерал-маёру А.В. Запольскаму дакладна высветліць колькасць французскіх войскаў у Рагачове і «…старацца рабіць яму (непрыяцелю — А.Е.) перашкоды на пераправах, пошты знішчаць і заняць яго тым, колькі магчыма дапусціць, каб не паспеў прабрацца ў Рэчыцу». Аднак французы, даведаўшыўся аб выступленні атрада А.В.Запольскага з Мазыра, забраўшы з сабою ўсе харчовыя прыпасы, паспешна пакінулі 2 жніўня Рагачоў і адступілі да Ст. Быхава. А.В. Запольскі, уступіўшы 5 жніўня ў Рагачоў, вырашыў спыніцца тут, бо «памнажаліся хваляванні» з-за таго, што «непрыяцель, які быў у гэтых месцах, абвясціў усёй чэрні вольнасць і незалежнасць ад памешчыкаў». Мінскі губернатар даведаўся аб з’яўленні за Дняпром насупраць Рэчыцы французскага атрада, і таму А.В. Запольскі накіраваў у горад з Горваля эскадрон драгун маёра Казлоўскага, аднак хутка высветлілася, што непрыяцельскі атрад, разрабаваўшы недалёка ад горада 4 жніўня фальварак, які належаў генералу Башылаву, і навакольныя вёскі, на наступны дзень выступіў да Магілёва9.

Аднак найбольшыя матэрыяльныя страты павет панёс ад дастаўлення харчавання і фуражу расійскаму войску. Рэчыцкі павятовы харунжы барон фон Гольст, земскі спраўнік Кубракоўскі, засядацель ніжняга земскага суда Мрачкоўскі займаліся арганізацыяй паставак харчавання і фуража для корпуса Ф.Ф. Эртэля ў Мазыр з чэрвеня па пачатак кастрычніка 1812 г. У ліпені 1812 г.  Ф.Ф. Эртэль «угаварыў» фон Гольста пастаўляць з павета ў Мазыр па тысячы чвэрцяў мукі ў тыдзень па цане 12 руб. 80 кап. асігнацыямі за чвэрць10. Згодна журналу рэгістрацыі справаздач і заключэнняў па правіянцкіх магазінах Мінскай губерні, шмат харчавання і фуража збіралася для транзітных транспартаў і для корпуса Ф.Ф. Эртэля, чыноўнікамі земскай паліцыі было рэквізавана шмат сена. 2 лістапада 1812 г. М.І. Кутузаў загадаў Ф.Ф. Эртэлю дапамагаць і садзейнічаць Мінскаму грамадзянскаму губернатару ў зборы правіянта для запаснога магазіна ў Бабруйскай крэпасці на 120 тыс. чалавек і 45 тыс. коней, дастатковых для іх месячнага харчавання. П.М. Добрынскаму было прадпісана «адразу ж распарадзіцца на падставе пастановы аб ваенных патрабаваннях аб зборы з жыхароў тых паветаў Мінскай губерні, дзе не было ці цяпер няма непрыяцельскіх войскаў, сухароў 40 тыс. чвэрцяў з прапорцыяй круп, аўса 50 тыс. чвэрцяў, віна 20 тыс. вёдраў», і ўсе прадукты на абывацельскіх фурманках даставіць у Бабруйскую крэпасць і аддаць пад нагляд Мінскага ваеннага губернатара М.Г. Ігнацьева11. Па раскладцы з кожнай рэвізскай душы Рэчыцкага павета павінна было быць сабрана па 52 фунта сухароў, 1,5 гарнца крупаў, 2,5 чацвярыка аўса, 1/8 вядра віна. Усяго ў Бабруйскую крэпасць з Рэчыцкага павета было здадзена: 4049 пудоў сухароў, 150 чвэрцяў мукі, 104 чвэрці крупаў, 1058 чвэрцяў аўса, 810 вёдраў віна, 575 пудоў сена, 23 бочкі агуркоў, 114 вёдраў капусты, 29 пудоў хрэну, 49 пудоў цыбулі, 215 баранаў; у павятовую ўстанову – 962 пуды сухароў, 47 чвэрцяў крупаў, 23 чвэрцяў гароху, 527 чвэрцяў аўса, 6827 пудоў сена, 2832 вёдраў віна, 27 бочак агуркоў, 197 баранаў. Акрамя гэтага для забеспячэння харчаваннем і фуражом расійскай арміі ў час наступальных дзеянняў 8 снежня 1812 г. М.І. Кутузаў загадаў даставіць у Рэчыцу на абывацельскіх фурманках з Курскай і Арлоўскай губерній з Трубчаўскіх запасаў 20 тыс. чвэрцяў мукі, 1875 чвэрцяў круп, 15 тысяч чвэрцяў аўса. У канцы 1812 і 1813 гг. таксама збіраліся прыпасы для падарожнага забяспячэння праходзячых транспартаў, было вывезена з павета ў Слуцкі дарожны магазін 1642 пуды сухароў, 24 чвэрці крупаў, у Бабруйскі – 122 чвэрці сухароў, 15 чвэрцяў крупаў, 550 чвэрцяў аўса, 659 пудоў сена, Глускі – 88 чвэрцяў сухароў, 14 чвэрцяў крупаў, 343 чвэрці аўса, акрамя прыпасаў, накіраваных у Вільню. Толькі пад квітанцыі з снежня 1812 г. праходзячымі войскамі і камандамі было забрана у павеце: 3609 пудоў сухароў, 245 пудоў мукі, 94 чвэрці крупаў, 5 871 чвэрць аўса, 201 пуд ялавічыны, 82 372 пуды сена, 2 600 пудоў саломы, 596 вёдраў віна, 15 валоў. Сума, прызначаная Віленскім галоўным камітэтам для ваенных павіннасцяў насельніцтву Рэчыцкага павета за пастаўкі ў 1812-1815 гг. харчавання і фуража расійскім войскам па 2625 квітанцыям і па загадам і нарадам розных устаноў дасягала, 579 541 руб. 78 кап. (амаль 15 % агульнагубернскай). Пастаўкі рабілі 46 асобаў. Страты, панесеныя жыхарамі Рэчыцкага павета з горадам ад гаспадарання расійскіх войскаў, складалі 252 514 руб. (0,8 % агульнагубернскай), было спустошана 100 маёнткаў.

17 лістапада 1812 г. П.М. Добрынскі атрымаў   загад М.І. Кутузава як мага хутчэй вярнуцца ў Мінск з Рэчыцы разам з усімі губернскімі чыноўнікамі, якія там знахозіліся12. У канцы 1812-1814 гг. Рэчыцкі павет з’яўлялася месцам кватэравання часцей апалчэння, рэзервовых аддзелаў і г.д., месцам збору і адпачынку вайсковых атрадаў. На рубяжы 1812-1813 гг. у Рэчыцы дыслакаваліся часткі Палтаўскага казацкага і 4 батальёны палка Калужскага апалчэнняў13.

Як вядома, маніфест Аляксандра І ад 12 снежня 1812 г. абвяшчаў калабарантам «усеміласцівейшае агульнае і прыватнае дараванне» і «вечнае забыццё» мінулага пры ўмове вяртання асобаў, якія служылі Напалеону ў двухмесячны тэрмін на Радзіму. Аднак нямногія  скарысталіся «памілаваннем», і ў беларуска-літоўскіх губернях пачалася секвестрызацыя нерухомай маёмасці. У Рэчыцкім павеце за ўступленне ў «непрыяцельскую службу» сыноў Міхала і Юзафа была накладзена забарона на маёнткі Шымана Забелы (331 рэвізкая душа), за выезд за мяжу з сынамі Станіславам і Юзафам – на ўладанні Караля Прозара (2524 душ), старшыні фінансавага камітэта Часовага ўрада ВКЛ, а таксама графа Аляксандра Хадкевіча (325 душ).  Аказаліся ўзятымі ў казённы нагляд маёнткі падкаморыя літоўскага графа Вінцэнта Патоцкага (5 118 душ), Людвіга Яленскага (593 душы). Такім чынам, 8 891 селянін (27% прыватнаўласніцкіх сялян павета) папоўніў на непрацяглы час казённае саслоўе14.

Аднак апісанне і прыняцце ў казённы нагляд маёнткаў «бунтаўшчыкоў» па прычынах рознага характару зацягнулася. Паказальны ў гэтых адносінах лёс маёнтка Хойнікі. Луіза Прозарава, народжаная княгіня Шуйская, жонка Караля Прозара, як сама, так і пры пасрэдніцтве свайго ўпаўнаважанага надворнага саветніка графа Ксаверыя Тадэвуша Ліпскага прасіла Аляксандра І і мясцовыя ўлады вызваліць маёнтак ад секвестру. Большая частка маёнтка Хойнікі з вёскамі (2524 рэвізскія душы) належала Луізе Прозаравай непасрэдна як адзінай спадкаемцы князёў Шуйскіх і была ў заставе і арэндзе. Каб разабрацца з арэнднымі правамі часовых уладальнікаў, рэчыцкаму земскаму спраўніку было загадана запатрабаваць ад пасэсараў маёнтка арэндныя і закладныя дакументы, спісаць з іх справачныя копіі і падаць у губернскае праўленне15. Па маніфесту 13 лістапада 1814 г. усе маёнткі былі вызвалены ад канфіскацыі і забароны.

Вайна 1812 г. прынесла значныя матэрыяльныя страты Рэчыцкаму павету, якія ва ўмовах панавання феадальна-прыгонніцкай сістэмы кампенсаваліся доўгі час. Аднак чалавечых ахвяр было няшмат. 3 заканчэннем вайны жыхары вярталіся да родных мясцін. Гэтымі абставінамі, а таксама адсутнасцю дакладнага ўліку тлумачацца статыстычныя паказчыкі [гл. табліцы 1 і 2].

Табліца 1

Колькасць і саслоўны склад рэвізскага насельніцтва Рэчыцкага павета 1811-1815 гг. (па акладных кнігах)16

Катэгорыі насельніцтва 1811  1813  1814  1815 (раскладачная ведамасць люстрацыйнай камісіі)
Мяшчане-хрысціяне 605  576  576  442
Мяшчане-яўрэі  1213  1219  1221 
Попісныя сяляне 3077  3393  3380  3673 
Старосцінскія сяляне  1536  1441  1437   
Духоўныя сяляне 864 969 970 675
паезуіцкія сяляне 765 1633 1032
Памешчыцкія сяляне, дваровыя людзі, цыгане 30 890 32 274 32 339 25 950

Разам 

38 950  41 505  40 955    


Табліца 2

Людскія страты рэвізскага населыніцтва Рэчыцкага павета (па матэрыялах, дасланых павятовым казначэйствам)17

Разрады рэвізскага насельніцтва Па 6 рэвізіі (1811) Засталося ў 1814
Купцы  26  21 
Мяшчане-хрысціяне  578  433 
Мяшчане-яўрэі ў горадзе  276  245 
Мяшчане-яўрэі ў мястэчках 945  769
Вольныя хлебаробы  54  43 
Казённыя сяляне  3377  2277 
Старосцінскія сяляне  1436  1101 
Духоўныя сяляне  964  740 
Паезуіцкія сяляне  1030  780 
Памешчыцкія сяляне, дваровыя людзі, цыгане  32 294  25 031 

Разам

40 980 (100%)  31 440 (76,72%)

 

  1. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску (далей – НГАБ.  Ф.295.  Воп.1. Спр. 74. д. 7, 45 адв-47, Ф. 333. Воп.1. Спр. 48. Л. 383-388.
  2. Там жа. С., Воп. 1.  Спр. 94. Л. 441.
  3. Там жа. Ф. 299. Воп. 1. Спр. 146. Л.51.
  4. Там жа. Ф. 319.  Воп. 1. Спр.63. Л.65 адв-66 адв.; Ф.320. Воп.2. Спр. 10. Л.361.
  5. Міцкевіч А. Пан Тадэвуш, або апошні наезд у Літве. Мн., 1998. С.289.
  6. Отечественная война 1812 года: Материалы Военно-ученого архива Главного штаба. Отд. 1. Т. 13. СПб., 1910. С. 340-342, 375; Краснянскнй В. Г. Минский департамент Великого княжества Литовского (эпизод из истории войны 1812 года). СПб., 1902. С. 3-5; Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древннх актов. Т. 37: Документы н материалы, относящиеся к истории Отечественной войны 1812 года / сост. А. Вруцевич и др., Вильна, 1912. С. XII.
  7. НГАБ Ф. 333. Воп.4.  Спр. 598. Л. 3-4.
  8. Краснянскнй В.Г. Указ. твор. С 4-5.
  9. Двенадцатый год: Исторические документы собственной канцелярии главнокомандующего 3 западной армией генерала от кавалерии А. П. Тормасова. СПб., 1912. С. 208-213, 222, 224-226; Отечествснная война 1812 года: Материалы Воснно-учёного архива Главного штаба. Отд. 1. Т. 14. СПб., 1910. С. 210, 273-275; Т. 16. СПб., 1911.  С 247, 255.
  10. Отечественная война 1812 года: Материалы Военно-учёного архива Главного штаба. Отд. 1. Т. 16. СПб., 1911. С. 243-244.
  11. НГАБ. Ф. 319.  Воп. 1. Спр.63, Л.65 адв-85 адв; Спр.820. Л. 41. 139-140, 188-189, 206 адв-207; Спр. 822. Л. 459-508, 600; Спр 866. Л. 29-31, 51 адв.; Ф. 1537.  Воп. 1.  Спр. 4. Л. 75-80; Ф.1587. Воп. I. Спр.3. Л. 1адв, 2; Двенадцатый год: исторические документы собственной канцелярии главнокомандующего 3 западной армией генерала от кавалерии А.П.Тормасова. СПб., 1912. С. 254, 532; Ф. 319. Воп. I. Спр. 56. Л. 10-ІІ; Спр.100. Л. 94-95.
  12. Краснянскнй В. Г.  Указ. твор. С. 58.
  13. Народное ополчение в Отечественной войне 1812 года: Сборник документов. М., 1962. С. 23,26, 136, 440-441
  14. НГАБ. Ф. 295. Воп. 1. Спр. 623. Л. 31 адв-32 адв; Ф. 636. Воп. 1. Спр. 72. Л. 26 адв.; Спр. 74. Л. 418; Ф. 637. Воп.1. Спр. 89. Л.49-49 адв; Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі ў Маскве. Ф. 1165. Воп.1. Спр. 157. Л. 105-106.
  15. АСAD. Аrchiwum Рrozorow і Jelskih. sign 14. str., 2-9, 15, 26, 28-29 адв.; НГАБ. Ф. 636. Воп.1. Спр. 72. Л.133.
  16. НГАБ. Ф. 333. Воп.1. Спр. 55, 61, 63; Ф. 320. Воп. 1. Спр. 28.
  17. НГАБ. Ф. 1537. Воп. 1. Спр. 27. Л.16-19.


Аўтар:
Аляксандр Ерашэвіч
Крыніца: Трэція Міжнародныя Доўнараўскія чытанні (г. Рэчыца,14-15 верасня 2001 г.) / Гомел. дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны, Рэчыц. раен. выкан. кам.; Рэдкал.: Лебедзева В. М.(адк. рэд.) і інш.