З гісторыі развіцця фестывальнага фальклорнага руху «Берагіня»: 1998-2018 гг.

0
34
З гісторыі развіцця фестывальнага фальклорнага руху

Мэтанакіраванае вывучэнне традыцыйнай спадчыны раёна пачалося ў 80-х гг. ХХ ст. Даследчыя фальклорныя экспедыцыі супрацоўнікаў арганізацыйна-метадычнага аддзела, музея, раённага дома рамёстваў, цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, этнаграфічныя дэсанты ўдзельнікаў краязнаўчых аматарскіх аб’яднанняў і фальклорных калектываў паказалі, што песенная, абрадавая, танцавальная спадчына — жывая з’ява ў нашым раёне.

Вялікая роля ў арганізацыі вывучэння, даследавання і папулярызацыі традыцыйнай мастацкай культуры належыць аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама. Значную дапамогу па грунтоўным вывучэнні традыцыйнай культуры аказаў Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры. Распачалося масштабнае дасканалае вывучэнне народнай спадчыны, да якой далучыліся вядомыя ў краіне навукоўцы: М. А. Козенка, І. В. Мазюк, Т. Б. Варфаламеева, А.М. Боганева, І.Ю. Смірнова, В.А. Лабачэўская, В.І. Басько, Т.І. Кухаронак, а таксама выкладчыкі факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтваў В. В. Калацэй, Т. А. Пладунова, Э. В. Палякова і інш.

Створаны ў 2015 г. арганізацыйна-метадычны аддзел дзяржаўнай установы культуры «Цэнтр культурна-адпачынкавай дзейнасці Акцябрскага раёна» (раней раённы метадычны цэнтр народнай творчасці), з 1990 г. мэтанакіравана вядзе працу па даследаванні традыцыйнай культуры краю, распаўсюджванню рэгіянальнага мастацтва ў розных яго формах, а таксама па павышэнню прафесійнага майстэрства работнікаў культуры ў галіне народнай творчасці.

Падчас рэалізацыі падпраекта «Даследаванне народнай спадчыны» спецыялісты Акцябрскага раённага метадычнага цэнтра за перыяд 2001­2003 гг. працавалі ў 19 фальклорных экспедыцыях, абследавалі 36 населе­ных пунктаў, запісалі больш за 1000 адзінак абрадавых і пазаабрадавых песень, гульняў, танцаў, твораў народнай прозы, звесткі аб народных святах і абрадах, інфармацыю пра 392 носьбіты, якія працуюць у розных відах традыцыйнага мастацтва. Спецыялістамі метадычнага аддзела раённай бібліятэкі распрацавана карта святаў і абрадаў. Выдадзены буклеты, зборнікі па зберажэнню народнай спадчыны: «Гульні Рудабельшчыны», «Традыцыйнае вяселле Рудабельскага краю», «Традыцыйная кухня Рудабель­шчыны», «Купальскі карагод», «Каляды»; зборнікі сцэнарна-метадычных рэкамендацый «Траецкае гулянне, для ўсіх замілаванне». Збор матэрыяла працягваецца і зараз, сабраны матэрыял для зборніка «Народная проза Рудабельскага краю». Створаны і папаўняецца банк даных па традыцыйнай культуры, сістэматызуецца фота-відэа-аўдыёархіў, вядзецца картатэка носьбітаў.

Дзеля таго, каб дзеці і моладзь перанялі мастацкія традыцыі сваёй мясцовасці, неабходна далучаць іх да работы па вывучэнню і захаванню народнай спадчыны. З 1993 г. штогод праводзілася дзіцячае свята фальклору «Бабулін куфэрак», фальклорнае свята «Вытокі», удзельнікамі якіх сталі юныя і дарослыя артысты фальклорных гуртоў клубных устаноў, навучэнцы школ раёна, гурткоўцы Дома дзіцячай творчасці.

Правядзенне фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня» садзейнічала рэалізацыі рэспубліканскага праекта «Танцавальны фальклор і дзеці», першым этапам якога стала адраджэнне старадаўніх танцавальных традыцый і пераемнасць іх ад народных носьбітаў. Пачынаючы з 1994 г. у раёне праводзіліся конкурсы паміж дарослымі танцавальнымі калектывамі, пасля — конкурсы дзіцячых гуртоў. Падчас правядзення першага фестывалю ладзіліся конкурсы танцавальных пар-выканаўцаў народных побытавых танцаў. Фальклорныя калектывы раёна рыхтавалі мастацкія праграмы вясенне-летняга цыклу.

Задачы развіцця народнай творчасці рэалізуюцца праз раённыя семінары, семінары-практыкумы, творчыя лабараторыі, школу фалькларыста, рэпертуарных часоў, майстар-класаў з удзелам носьбітаў мастацкіх традыцый. На семінары-практыкуме «Народныя святы як сродак маральнай выхаванасці і культурна-адпачынкавай дзейнасці насельніцтва» на базе Краснаслабодскага СДНТ прадстаўлена прэзентацыя народных свят. Раённы семінар «Перспектывы дзейнасці ўстаноў культуры раёна па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны» даў магчымасць прааналізаваць дзейнасць устаноў культуры раёна па захаванню народнай спадчыны і абазначыць перспектывы работы ў даным накірунку.

На творчых лабараторыях «Агульныя прынцыпы арганізацыі і асаблівасці работы з фальклорным дарослым калектывам» на базе Пратасаўскага СДНТ, «Агульныя прынцыпы арганізацыі і асаблівасці работы з фальклорным дзіцячым калектывам» на базе Рассветаўскага КСЦ кіраўнікі калектываў набылі неабходныя веды для практычнай дзейнасці.

Эфектыўна працуе «Школа фалькларыста», асноўныя мэты і задачы якой: далучэнне кадраў да гістарычнай, культурнай і духоўнай спадчыны краю; метадычная і практычная дапамога ўстановам культуры і адукацыі пераемнасці народных традыцый дзецьмі і моладдзю; навучанне асновам збіральніцкай практыкі, прынцыпам яе арганізацыі і правядзення. Усе заняткі праводзяцца з абавязковым выкарыстаннем мясцовага экспедыцыйнага матэрыялу. У сваю чаргу, работнікі сельскіх устаноў культуры выкарыстоўваюць набытыя веды ў арганізацыі святаў і мерапрыемстваў народнага календара.

Захаванне і развіццё самадзейнай народнай творчасці, адраджэнне народных промыслаў і рамёстваў з’яўляецца прыярытэтным напрамкам у рабоце сельскіх устаноў культуры. Спецялісты ўстаноў імкнуцца захаваць самабытнасць і традыцыйнасць фальклору роднага краю.

У раёне дзейнічае 7 сельскіх дамоў народнай творчасці. Іх работа будуецца па 3 напрамках: адраджэнне абрадаў і свят народнага календара; адра­джэнне рамёстваў раёна; падтрымка, развіццё аўтэнтычных калектываў стварэнне дзіцячых фальклорных калектываў. Прыкладам гэтага з’яўляюцца Валосавіцкі, Пратасаўскі, Ляскавіцкі, Краснаслабодскі, Ламавіцкі дамы народнай творчасці і інш. На базе сельскіх клубных устаноў працуе 14 фальк­лорных гурткоў 97 удзельнікаў і 3 аўтэнтычныя гурты, 49 удзельнікаў.

У сваёй дзейнасці клубныя работнікі надаюць вялікую ўвагу вяртанню народных традыцый у сучасную практыку. Некаторыя з іх ужо сабралі творы каляндарна-абрадавага і сямейна-бытавога цыклаў а таксама песень, якія выкарыстоўваюць у канцэртных праграмах. Такім чынам праводзяцца канцэрты, тэатралізаваныя прадстаўленні, і самае галоўнае — абрады. Пратасаўскі СДНТ з удзелам калектыву «Купалінка» аднавіў абрад «Вяселле», з праграмай выступілі ў 2016 г. на «Берагіні». Валосавіцкі СДНТ правёў інтэрактыўную выставу «Запрашаем на вяселле», дзе ўзорны дзіцячы фальклорны калектыў «Некрашынка» паказаў фрагмент вясельнага абраду, прычым кожны элемент суправаджаўся пэўнай песняй. Сельскімі ўстановамі культуры адноўлены многія абрады і святы зімова-восеньскага цыклу.

Згодна карты прастольных свят у вёсках раёна зафіксавана 17 адзінак. Сумеснымі намаганнямі работнікаў культуры і жыхароў вёскі Слабодка адроджана прастольнае свята «Ушэсце», падчас якога з вялікай пашанай штогод з адной хаты ў другую пераносіцца ікона «Узнясенне» — заступніца вёскі. Калектывам Парэцкага цэнтра вольнага часу адноўлены восеньскі абрад «Багач».

Своеасабліва адзначаецца свята «Троіца» у в. Рассвет. За аснову ўзята традыцыйнае прастольнае свята, але сучаснасць дыктуе свае правілы і народны абрад набыў новае жыццё, стаў больш яскравым, вясёлым, дынамічным.

Шмат адкрылася цудоўных носьбітаў старадаўніх песень і самабытных танцаў. У практыку вернуты старадаўнія танцы «Дзева ў сенях стаяла», «Хадося», полькі «З адбоем», «З камандамі», «Трасуха», «Люлечка» і інш., адкрыты цудоўныя народныя галасы ў вёсках Гаць, Пратасы, Забалацце, Валосавічы, Новая Дуброва, Дзербін, Харомцы і інш.

З 1995 г. па 2000 г. у раёне дзейнічалі праграмы «Жывая памяць Акцябршчыны», «Рамёствы Акцябршчыны». Мэтанакіраванасць праграм садзейнічала выхаванню беражлівых адносін да народнай спадчыны, надала імпульс да вывучэння, адраджэння і развіцця народных рамёстваў. Дзеля гэтага распрацавана карта існуючых рамёстваў.

Сёння вядзецца навучанне дзяцей і моладзі мастацтву ткацтва, вышыўкі, салома- і лозапляцення, іншым напрамкам народнай творчасці, характэрным нашай мясцовасці. У 24 гуртках сельскіх устаноў культуры займаецца 179 удзельнікаў.

У Ляскавіцкім СДНТ працуе «Творчая майстэрня па пашыву нацыянальнага касцюма і вышыўкі крыжыкам». У в. Пратасы жыве і вырабляе лялькі, шые на іх нацыянальнае адзенне. Пры гэтым кашулі вышыты процягам, у свахі на галаве чапец і намітка. Ужо цэлая калекцыя розных па памерах лялек зроблена рукамі майстрыхі Веры Леанідаўны Сілівончык. Сваю калекцыю яна выстаўляла на розных рэспубліканскіх, абласных і раённых мерапрыемствах.

Жыхар в. Майсееўка Іван Пятровіч Вежнавец ад бацькі пераняў майстэрства ігры на гармоніку і пляцення з прыродных матэрыялаў. Сакрэты вырабу кошыкаў, карзін і іншых плеценых рэчаў утылітарнага прызначэння перадае сваім вучням.

Наладжана работа з народным майстрам па лозапляценню Васілём Іванавічам Удовіным (в. Красная Слабада, 1944 г.н.) з удзельнікамі аматарскага аб’яднання «Пошук» (Краснаслабодская бібліятэка).

Вылучылася новая пляяда майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастац­тва. Кіруюць майстэрнямі РДР і яго філіялаў вопытныя метадысты-майстры: Марыя Іванаўна Сарнаўская, майстар па ткацтву і пляценню паясоў, у 2017 г. ёй прысвоена званне «Народны майстар Рэспублікі Беларусь»; Тамара Іванаўна Станіслаўчык, метадыст-майстар па пашыву традыцый­най вопраткі і вырабу абрадавых лялек (член Саюза майстроў Беларусі); Наталля Уладзіміраўна Малаковіч (вышыўка), Таццяна Мікалаеўна Кавалёва (кераміка), Дабранская Ірына Уладзіміраўна (ганчарства), Жанна Іванаўна Серык (вышыўка), Іна Іванаўна Яцкевіч (саломапляценне), Кацярына Уладзіміраўна Пась (розныя віды), Юлія Аляксандраўна Кісялёва (інкрустацыя саломкай, роспіс) і інш. Творча адораныя людзі, майстры сваёй справы, носьбіты народных традыцый, таленавітыя спецыялісты ДУК «Акцябрскі раённы дом рамёстваў», перадаюць сакрэты рамёстваў дзецям і падлеткам, любоў і павагу да культурнай спадчыны свайго народа.

У культурным жыцці раёна значная роля належыць бібліятэкам (дырэктар А. І. Мартыненка). Яны з’яўляюцца не толькі захавальнікамі, але і папулярызатарамі крыніц па традыцыйнай культуры, актыўна вядуць краязнаўчую дзейнасць, арганізуюць розныя выставы па традыцыйнаму мастацтву, вядуць працу па захаванні і развіцці культурнай спадчыны, садзейнічаюць фарміраванню нацыянальнага гонару і патрыятызму.

Дзейнасць бібліятэк у гэтым напрамку ажыццяўляецца праз даследчую дзейнасць і сувязь з мясцовымі носьбітамі. Шэраг этнаграфічных экспедыцый «Сцяжынкамі рудабельскіх традыцый» праведзены бібліятэкарам Любанскай сельскай бібліятэкі Людмілай Сцяпанаўнай Гардзей. Папоўніўся фонд запісаў краязнаўчых матэрыялаў аб знікаючым у в. Падветка ўнікальным свяце «Іван-Галавасек». У выніку экспедыцый ў в. Любань, Дзербін, Мікуль-Гарадок сабраны каштоўны этнаграфічны матэрыял, які лёг у аснову даследчай работы «Ткацтва Рудабельскага краю». У выніку сустрэч з мясцовымі носьбітамі назапашваюцца матэрыялы вуснай народ­най творчасці, афармляюцца ў краязнаўчых папках («Песенная спадчына краю», «Носьбіты духоўнасці», «Ад прадзедаў спакон вякоў…», «Народныя святы і абрады», «Моўныя самацветы» і інш.), а таксама выкарыстоўваюцца ў практыцы ўстаноў, калектываў.

Цікавы вопыт работы па адраджэнні народнай культуры маецца ў Лаўстыцкай сельскай бібліятэцы. Бібліятэкар Раіса Канстанцінаўна Вайцяхоўская праводзіць серыю ўрокаў-даследаванняў «Сімволіка беларускага арнаменту». Тэарэтычны матэрыял лёг у аснову тэматычнай папкі «Азбука беларускага арнаменту», а работы юных майстрыц — лялькі-абярэгі — прадстаўлены на бібліятэчнай выставе «Цуды сваімі рукамі». Наладжана добрая сувязь з мясцовай захавальніцай бацькоўскай спадчыны Марыяй Мікалаеўнай Мухінай (1948 г.н., в. Кавалі), якая ў хаце бацькоў арганізавала хату-музей.

На базе Забалацкай сельскай бібліятэкі больш за 10 гадоў дзейнічае «Музей сельскай жанчыны», мэтай якога з’яўляецца захаванне самабытнай культурнай спадчыны рэгіёна, перадача наступным пакаленням традыцый і звычаяў, сямейных каштоўнасцей, быту сельскай жанчыны, умацаванне аўтарытэту жанчыны-маці ў сям’і і грамадстве.

У апошні час бібліятэкары раёна праводзяць работу па збору матэрыялаў для інфармацыйных зборнікаў Х Рэспубліканскага фестывалю фальклор­нага мастацтва «Берагіня» і рыхтуюць ўдзельнікаў да конкурсу апавядальнікаў фестывалю.

Адметная роля ў працэсе захавання традыцыйнай культуры належыць ДУК «Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна» (дырэктар К. А. Курсевіч). Свае асветніцкія, навукова-прапагандысцкія задачы музей ажыццяўляе праз экспазіцыю адпаведных рэчыўных, дакументальных, ілюстрацыйных і іншых матэрыялаў, якія падаюцца ў пэўным узаемадзеянні, а гэта можна здейсніць толькі на базе навуковай працы як па зборы і вывучэнню матэрыялаў для экспазіцый, так і па арганізацыі самой экспазіцыі.

Музейнымі работнікамі сабраны ўсе элементы традыцыйнага касцюма жаночага строю. Складзены асобныя калекцыі спадніц, кашуль, фартухоў, сабраны цікавыя калекцыі ручнікоў і посцілак.

Але ж справа музея заключаецца ў тым, каб аднавіць раней існаваўшыя прадметы традыцыйнай культуры, выкарыстоўваючы старажытныя тэхналогіі. Гэты адноўлены прадмет, які мае поўнае права звацца экспанатам мае таксама і сваю назву — «новадзел», і такі экспанат падчас займае зусім не апошняе месца ў экспазіцыі музея.

З 2001 г. ДУК «Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна» працуе па музейна-педагагічнай праграме «Музей і дзеці», задача якой — адраджэнне нацыянальнай аўтэнтычнай культуры і традыцый, абудзіць у дзяцей цікавасць да беларускай традыцыйнай культуры. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя формы работы:

— дыдактычныя гульні («Сялянская хата», «Народны касцюм» — дзеці з асобных элементаў павінны скласці поўную карцінку);

— ролевыя гульні (дзеці праігрываюць ролі ўсіх членаў сялянскай сям’і, ужываюцца ў ролі моладзі, якія варожаць у калядныя святы, ладзяць абрад нараджэння і выкупу нявесты ў «Сялянскай хаце» і г.д.). Менавіта гульні дапамагаюць прабудзіць творчую энэргію старшакласнікаў;

— занятак-пошук (знайсці прадмет, не толькі ўказаць на яго, але разгледзець, выказаць сваю асабістую думку);

— занятак-тэатралізацыя, драматызацыя (напрыклад, дзеці перапранаюцца ў калядных персанажаў і ладзяць калядаванне, валачобніцтва);

— занятак-рэканструкцыя.

У малодшых падгрупах пераважна гульнёвы пачатак. Гульня — адзін з найважнешых шляхоў навучання і выхавання. Для дзяцей распрацавана гульня «Ці ведаеш ты рамёствы продкаў?» У сярэдніх падгрупах заняткі даследчага характару. Такія тэмы, як «Цікавыя і невядомыя рэчы ў сялян­скай хаце», «Адкуль узялася кашуля?» і інш. дазваляюць сістэматызаваць веды, якія атрыманы на ўроках, навучыць прымяняць іх у жыцці, знаёміць з рознымі формамі народнай творчасці.

На працягу многіх гадоў працуе этна-студыя «Батлейка». Наведвальнікі музейнай установы спачатку знаёмяцца з гісторыяй узнікнення «Батлейкі», затым удзельнічаюць у майстар-класе па вырабу лялек, а пасля самі з’яўляюцца артыстамі падчас паказу батлеечных прадстаўленняў: «Траецкі кірмаш», «Пшанічны каласок», «Бабка-шаптуха», « «Калядная зорка» і інш. Батлейка — жывая сувязь адзінства культур, традыцый, вераванняў славянскіх народаў, якія звязаныя з асаблівасцямі мовы, побыту, гісторыі і культуры.

Значнае месца адводзіцца выставачнай дзейнасці. Падчас правядзення Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня» былі прадстаўлены выставы: народных касцюмаў з розных мікрарэгіёнаў нашага раёна, творчых работ супрацоўнікаў музея «Скарбы Рудабельскага краю», «Беларускія народныя музычныя інстументы», «Вясельныя строі Рудабельшчыны і ваколіц», «Рудабельская «Берагіня» ў дваццацігадовай прасторы»; філіялам «Карцінная галерэя імя Л. М. Дробава» падрыхтаваны фотавыставы «Спадчына» (2016), «Берагіня ў прасторы і часе» (2012), «Берагіня ў фотааб’ектыве ўдзельнікаў і гасцей фестывалю», «Берагіневы раскрэсы», «Асоба ў народнай культуры беларусаў».

Вялікая ўвага надаецца даследаванням, пошукам аўтэнтычных твораў традыцыйнага мастацтва метадыстамі-майстрамі ДУК «Акцябрскі раённы дом рамёстваў» (дырэктар Т. В. Халадок).

Ажыццяўляліся даследаванні, вёўся пошук і збор узораў старадаўняга адзення, ткацтва, вышыўкі, прадметаў хатняга ўжытку: вывучаны і апрабіраваны спосаб выканання зборкі на аснове шва «ўперад іголку» ў элеменце традыцыйнай жаночай кашулі в. Пружынішчы, распрацаваны апытальнік па традыцыйнай ляльцы Акцябрскага раёна «Лялька ў народнай культуры», завершана праца па збору матэрыялаў аб саламяных птушках веснавога абраду «Гуканне вясны», знойдзены і зафіксаваны старажытны жаночы касцюм — Калінкавіцкі строй другой паловы ХІХ ст., які знаходзіцца ў прыватнай калекцыі жыхара г.п. Акцябрскі.

На базе творчых майстэрняў адноўлены і створаны калекцыі тканых і вышываных ручнікоў, браных паясоў на «дошчачках», бердзечку, лялек-абярэгаў, лялек у традыцыйным адзенні, малыя архітэктурныя формы з гліны, апрабаваны і праведзены ў сучасным вяселлі традыцыйны звычай «Перапын». Адноўлены і створаны вясельны ручнік з сімваламі «ключа сямейнага шчасця» в. Чорныя Брады, асвоена тэхніка пляцення пояса «на шнурах», папоўнена міні-калекцыя лялек у традыцыйным адзенні, распачата праца па вырабу саламяных лялек, стылізаваных касцюмаў з ужываннем элементаў этнічна-народнага характару, серыя керамічных пано з сюжэтамі сялянскага быту.

Калектыўнай працай стала стварэнне 5 калекцый традыцыйных касцюмаў Акцябрскага раёна, што дапамагло фальклорным калектывам Акцябршчыны вырашыць праблему набыцця касцюмаў для выступленняў у дні заключных мерапрыемстваў фестывалю «Берагіня».

Па выніках даследчых экспедыцый створаны рэкламныя выданні, буклеты, наглядныя папкі, альбомы-дапаможнікі, стэнды з фотаздымкамі, замалёўкамі, ілюстрацыйнымі матэрыяламі. Пры Забалацкім філіяле створаны музейны куток «Скарбы Забалацкай зямлі», а ў выставачнай зале дома рамёстваў распачата праца над экспазіцыяй «Традыцыйныя строі ў святах і абрадах Рудабельшчыны».

На базе раённага дома рамёстваў дзейнічае 10 творчых майстэрняў: ткацтва і пляценне паясоў, саломапляценне, вырабы з саломкі, традыцыйная вышыўка, пашыў нацыянальнага традыцыйнага касцюма, ганчарства, керамікі, разьба па дрэве, роспіс па дрэве, выцінанкі, бісерапляценне, а таксама крама сувенірнай прадукцыі. У майстэрнях установы і яго 5 сельскіх філіялах (н.п. Красная Слабада, н.п. Парэчча, н.п. Рассвет, н.п. Забалацце, н.п. Гаць) займаюцца і набываюць практычныя навыкі майстэрства дэкаратыўна-прыкладной творчасці 88 чалавек дзяцей і моладзі, працуе дарослае аматарскае аб’яднанне, майстэрня па прапагандзе народнай спадчыны (8 чалавек).

Вялікая творчая праца праводзілася метадыстамі-майстрамі дома рамёстваў па падрыхтоўцы ўдзельнікаў адкрытага конкурсу праграмы «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» на працягу ўсіх гадоў існавання Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня». Па-майстэрску вырабленыя творы, прадстаўленыя на конкурс, адзначаны членамі экспертнага савета, што паспрыяла на станоўчыя вынікі ў агульным заліку пры вызначэнні прызавых месцаў. Арыгінальныя вырабы метадыстаў-майстроў і ўдзельнікаў творчых майстэрняў сталі своеасаблівай візітоўкай Акцябрскага раёна.

Дасягненні кіраўнікоў творчых майстэрняў і іх выхаванцаў дэманстраваліся на прэзентацыі Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня» (г. Мінск), Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы «Вясновы букет» (г. Мінск), Міжнародным навуковым форуме «Традыцыйны беларускі касцюм у Еўрапейскай культурнай прасторы» і інш. Калектыў у студзені 2018 г. стаў лаўрэатам спецыяльнай Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

Дзеці і моладзь — самая дынамічная частка любога грамадства. Развіццё народных традыцый, лёс матэрыяльнай, духоўнай спадчыны ў многім залежыць ад маладога пакалення, таму настаўнікі ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г.п. Акцябрскі» (дырэктар Т. А. Беразоўская) надаюць вялікую ўвагу далучэнню дзяцей да пераемнасці, захавання, развіцця традыцыйнай спадчыны.

Авалодваючы музычнымі навыкамі, дзеці адначасова прыцягваліся да даследвання свайго радаводу, гісторыі вёсак. Вывучалі мясцовыя танцы, спевы і іншыя мастацкія традыцыі. Ладзіліся фальклорныя вандроўкі, ішоў актыўны працэс узаемаадносін з носьбітамі народных традыцый і навучэнцамі дзіцячай школы мастацтваў. Многа матэрыялаў выкарыстоўвалася з фондаў метадычнага аддзела. Усе гэта паспрыяла ўтварэнню дзіцячага фальклорнага калектыву «Праменьчыкі».

Адначасова з хлопчыкамі і дзяўчынкамі ўключаліся ў педагагічны пра­цэс бацькі і бабулі. Дапамагалі ў стварэнні касцюмаў, вырашалі арганізацыйныя пытанні. Многія бацькі разам з настаўнікамі школы мастацтваў вышывалі касцюмы пад кіраўніцтвам майстроў дома рамёстваў. Агульнымі намаганнямі пры дапамозе аддзела культуры ў хуткім часе кожны ўдзельнік калектыву меў касцюм мясцовага строю.

Вучэбна-выхаваўчы працэс у калектыве арганізаваны такім чынам, што кожны яго ўдзельнік у залежнасці ад сітуацыі можа быць вучнем, ці настаўнікам, носьбітам ці даследчыкам народных традыцый. Вялікая радасць для кіраўніка, калі дзіця ганарыцца тым, што ўмее танцаваць, спяваць, іграць на музычных інструментах.

Вялікая работа ў папулярызацыі народнай спадчыны, у падрыхтоўцы і арганізацыі заключных мерапрыемстваў фестывалю «Берагіня» належыць ДУК «Акцябрскі цэнтр вольнага часу» (дырэктар А. А. Філіпшанава). На працягу многіх гадоў на базе ўстановы праходзяць конкурсы-агляды танцавальных, дарослых і дзіцячых фальклорных калектываў, танцавальных пар.

У час правядзення заключных мерапрыемстваў фестывалю ва ўстанове праходзяць намінацыі: адкрыццё фестывалю, конкурс тацавальных пар і салістаў, майстар-классы, навукова-практычныя канферэнцыі і круглыя сталы. Вялікую работу праводзяць спецыялісты ўстановы пры падрыхтоўцы конкурсаў.

Акцябрскі цэнтр вольнага часу з’яўляецца культурным цэнтрам творчага жыцця «Берагіні».

На тэрыторыі Акцябрскага раёна створана вялікая колькасць твор­чых фарміраванняў. На базе ўстаноў культуры раёна працуе 22 фальклор­ныя гурткі, 234 удзельнікі, з іх 8 калектываў са званнем «народны», «узорны», 122 удзельнікі: народны ансамбль народных інструментаў «Элегія» (кіраўнік А. Л. Савіч) ДУК «Дзіцячая школа мастацтваў г.п. Акцябрскі», народны ансамбль танца «Весніца» (кіраўнік А. Я. Сарнаўскі), народны вакальна-харэаграфічны ансамбль «Рудабельская пацеха» (кіраўнік В. У Беняк), узорны ансамбль танца «Верасок» ДУК «Акцябрскі цэнтр вольнага часу».

Вядомы і аўтэнтычныя гурты: «Перазвоны» (кіраўнік А. І. Агейчык) ДУК «Цэнтр культурна-адпачынкавай дзейнасці Акцябрскага раёна» в. Гаць; «Купалінка» (кіраўнік С. М. Катлярова, у 2017 г. калектыў адзначыў свій 30-ці гадовы юбілей) Пратасаўскага сельскага дома народнай творчасці; калектыў «Шчадрухі» (кіраўнік Г. І. Тукач) Забалацкага сельскага клуба.

Па выніках удзелу ў фестывалі «Берагіня» атрымалі званне «ўзорны» фальклорныя калектывы: «Рудабельскія зорачкі» (2000 г., кіраўнік В. Г. Дульская, у 2018 г. калектыў адзначае свой 20-ці гадовы юбілей), «Некрашынка» (2005 г., кіраўнік А. М. Бялько), «Цярэшкавы Шчодрыкі» (2005 г., кіраўнік С. М. Галавачэнка), «Праменьчыкі» (2013 г., кіраўнікі Т. Э. Сайкоўская, І. В. Семілет). Гэтыя калектывы імкнуцца захаваць самабытнасць і традыцыйнасць фальклору роднага краю, выкарыстоўваюць мясцовыя народныя гульні, абрады, танцы, песні. Некаторыя з іх ужо сабралі творы каляндарна-абрадавага і сямейна-бытавога цыклаў, а таксама песень, якія выконваюцца ў любы час.

Калектывы атрымалі папулярнасць не толькі ў сваім рэгіёне, але і далёка за яго межамі, у кожнага ансамбля свой адметны і вельмі багаты рэпертуар песень, танцаў, інструментальных найгрышаў і гульняў.

У 1995 г. Вольга Гаўрылаўна разам з дырэктарам школы № 3 Л. С. Шэйка і настаўнікамі (цяпер раённая гімназія) стварылі фальклорны гурток, які затым атрымаў назву ансамбль «Рудабельскія зорачкі». Была праведзена вялікая работа з удзельнікамі ансамбля, іх бацькамі па збору фальклорных песень, танцаў, гульняў, паданняў у раёне ад носьбітаў: А. І. Яфрэмавай (в. Новая Дуброва), А. А. Юрчак (аг. Валосавічы), В. Д. Верас (в. Граб’ё), С. Д. Селіванава (г.п. Акцябрскі), А. Ф. Куляя (г.п. Акцябрскі). Некаторы час Аляксей Фёдаравіч Куляй, Варвара Данілаўна Верас не толькі перадавалі свае музычныя навыкі, але і з’яўляліся ўдзельнікамі і выступалі на канцэртах з калектывам. У праграме калектыва каляндарна-абрадавыя святы «Каляды», «Гуканне вясны», «Лявоніха па-Граб’ёўску», «Пікантная полька», «Кадрыля» — на 12 каленаў, «Нарэчанька» — танец тройкамі, «Прыпеўкі», беларускія народныя песні «З-пад дуба, з-пад бярозы», «Пайду ў лясочак» і інш. Вольга Гаўрылаўна актыўна ўкараняе ў практыку сваёй работы з калектывам усё здабытае, праводзіць мэтанакіраваную дзейнасць па аднаўленню, захаванню і папулярызацыі народнай спадчыны сярод школьнікаў.

Узорны фальклорны калектыў «Цярэшкавы Шчодрыкі» створаныў 1998 г. на базе Рассветаўскага культурна-спартыўнага цэнтра. Удзельнікі валодаюць гармонікамі, шумавымі інструментамі. Вывучаюць народныя рамёствы, а менавіта вышыўку, тканне паясоў, выразанне выцінанак, пляценне з саломкі. Маюць вялікую цікавасць да вывучэння народна-побытавых танцаў. У рэпертуары калектыву веснавыя, летнія, карагодныя песні. Сярод іх «А мы проса сеялі», «Таўкачыкі», «Камар лазню тапіў», «У карагодзе мы былі», гульня «Журавель», абрадавая вясельная «Малады ды памочнічак», каляндарна-абрадавыя песні «Як на нашай ніўцы», «Граюць скачуць на двары», «Ой, каля сяла грушка стаяла»; танцы: «Лысы», «Каваль».

Узорны фальклорны ансамбль «Некрашынка» створаны ў 1998 г. на базе Валосавіцкага сельскага дома народнай творчасці, праводзіць вялікую працу па аднаўленню мясцовых народных свят, песень, танцаў. Удзельнікі гурту імкнуцца захаваць мясцовы стыль, манеру выканання абрадавых песень, якія выконвае народны майстар Настасся Астапаўна Юрчак (в. Валосавічы).

Узорны фальклорны ансамбль «Праменьчыкі» створаны ў 2006 г. на базе ДУК «Дзіцячая школа мастацтваў г.п. Акцябрскі», вывучае песенныя традыцыі сваёй мясцовасці, прымае актыўны ўдзел у святочных мерапрыемствах, вядзе канцэртную дзейнасць. Рэпертуар гурта адлюстроўвае багацце і разнастайнасць танцавальнага, гульнявога і музычнага фальклору Акцябрскага раёна. Калектыў выконвае каляндарныя сямейна-абрадавыя песні, выкарыстоўваючы матэрыял сабраны спецыялістамі метадычнага цэнтра. У рэпертуары народныя танцы «Кракавяк», «Падыспань», «Сербіянка», гульні «Апанас», «Явар», «Квактуха», карагоды «Вяснянка», «У карагодзе мы былі». Удзельнікі калектыву вучацца вышываць, плясці, ткаць паясы. Таму ўсе яны апрануты ў адноўленыя па мясцовых традыцыях строі, зробленыя сваімі рукамі і з дапамогай бацькоў.

Фальклор дыктуе асобыя падыходы да работы з дзецьмі, нават у дзіцячых садках. Так, у Акцябрскім раёне існуе 18 устаноў адукацыі, з іх 1 раённая гімназія, 3 сярэднія школы, 1 пачатковая школа-дзіцячы сад, 4 дзіцячыя сады-сярэднія школы, 5 базавых школ-садкоў і 4 дзіцячыя садкі.

З 2001 г. дзейнічае праграма «Традыцыйная культура і дзеці», у ходзе рэалізацыі якой прадугледжана стварэнне сістэмы выхавання дзяцей і моладзі на традыцыйнай культуры, стварэнне ўмоў для трансляцыі мастацкіх традыцый вусным шляхам і ўключэнне ў выхаваўчы працэс агульнаадукацыйных школ заняткаў па знаёмству з мастацкімі традыцыямі.

Да вывучэння народнай спадчыны актыўна далучыліся настаўнікі, дзеці. Вандроўкі па родным краі падчас школьных канікул паказалі, што песен­ная, танцавальная, абрадавая спадчына нашых бабуль — жывая з’ява ў нашым раёне, і толькі агульнымі намаганнямі можна «падняць» гэты пласт традыцыйнай культуры. Матэрыялы экспедыцый становяцца дапаможнікамі ў працэсе навучання і далучэння дзяцей і падлеткаў да народнай спадчыны.

Дзеці і моладзь у выніку даследавання матэрыялаў аб носьбітах, май­страх, аб сваім краі, пішуць даклады для ўдзелу ў навукова-практычнай канферэнцыі «Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання», удзельнічаюць у конкурсе на лепшую даследчую работу пад дэвізам «Адвечнае».

Да ўрокаў гісторыі вучні рыхтуюць рэфераты, паведамленні, даклады аб народных святах, абрадах, звычаях, носьбітах, аб сваіх радаводах, якія грунтуюцца на ўспамінах бабуль і дзядуль.

З мясцовымі традыцыямі, з гісторыяй сваіх вёсак, гульнямі, легендамі вучні знаёмяцца на факультатыве «Гісторыя роднага краю». На базе школ працуюць аматарскія аб’яднанні «Спадчына» (Рассветаўская СШ, Парэцкая сярэдняя школа-сад, СШ № 1 г.п. Акцябрскі).

Пры школах дзейнічаюць музеі (Краснаслабодская, Рассветаўская сярэднія школы, Парэцкая сярэдняя школа-сад, сярэднія школы № 1, раённая гімназія г.п. Акцябрскі і інш.), пакоі сялянскага побыту (Гацкая, Гарохавіцкая базавыя школы). Працуюць гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці і традыцыйных рамёстваў (Рассветаўская СШ, СШ № 1, 2, раённая гімназія г.п. Акцябрскі і інш.).

Што тычыцца танцаў, дык да навучання далучаюцца выхаванцы не толькі малодшага і старэйшага школьнага ўзросту, але і дзіцячых садкоў. Ужо ў малым узросце яны ведаюць такія побытавыя танцы як «Какетка», «Лысы», «Падэспань», «Полька-бабачка», «Лысы», «Кракавяк», «Месяц», «Каханачка», «Ночка» і шмат інш.

У раёне склалася пэўная сістэма правядзення раённых фестываляў, конкурсаў, канцэртаў, якія садзейнічаюць падтрымцы народных майстроў, выканаўцаў народных песень, музыкі, танцавальнага фальклору; пошуку новых талентаў, а таксама стварэнню спрыяльных умоў для развіцця творчай дзейнасці жыхароў.

Метадычны цэнтр арганізуе правядзенне традыцыйных мерапрыемстваў: заключных мерапрыемстваў Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня», адкрытага фестывалю-конкурсу маладзёжных творчых работ «Крокі» (уваходзяць намінацыі «народны танец», «народны вакал», а таксама спецыяльны прыз і дыплом «за любоў да народных традыцый і «за вернасць нацыянальным традыцыям»), раённага конкурсу дзіцячай творчасці «Вясновая карусель», аглядаў-конкурсаў фальклорнага мастацтва, танцавальных пар-выканаўцаў народных бытавых танцаў, мерапрыемстваў фестывальнага праекта вясковых свят «Аграфэст», які праводзіцца ў маштабе аграгарадкоў і вёсак раёна. Фестываль задуманы як шырокі грамадскі агляд культурных вясковых традыцый з паказам цыкла святочных мерапрыемстваў, аб’яднаных галоўнай ідэяй — фарміраваннем вясковых «святочных брэндаў».

Да спадчыны сваіх продкаў дзеці, падлеткі, моладзь далучаюцца, прымаючы ўдзел у днях майстра, гадзінах дзіцячага фальклору, конкурсах юных майстроў, Днях спадчыны і інш. Экскурсіі, урокі пазнання, урокі майстэрства, фальклорныя гадзіны адкрываюць падрастаючаму пакаленню свет, у якім жылі продкі, чым карысталіся ў быту і ў сваёй паўсядзённай працы.

Знаёмствы, сустрэчы з носьбітамі народных традыцый заўжды выклікаюць зацікаўленасць, даюць магчымасць пры непасрэдным кантакце вусным шляхам пераймаць сакрэты рамёстваў, манеру выканання песень, танцаў «з голасу ўголас», танцы «з нагі ў нагу» і музыку — «з рукі ў руку»; вывучаць не ў падручніках, а з успамінаў сталых людзей традыцыі і гісторыю сваіх мясцін і вёсак.

Шырокае распаўсюджванне атрымала правядзенне мерапрыемстваў у «Беларускай хаце» (у раённым музеі) у рамках абласной акцыі «Ноч музеяў». Тут ладзяцца тэатралізаваныя прадстаўленні з удзелам вядомых у раёне ўзорных фальклорных калектываў: «Рудабельскія зорачкі», «Некрашынка», «Цярэшкавы Шчодрыкі», «Брачынскія музыкі» раённай гімназіі. Яны прадставілі праграмы: «Рудабельскі фэст», «Вясельны абрад», «Запрашаем на вячоркі», «Прамень гісторыі». Праграмы ўключалі ў сябе не толькі пазнавальныя мерапрыемствы, але і дэгустацыю страў нацыянальнай кухні, майстар-класы па выкананню беларускіх народных танцаў, па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, традыцый адраджэння фальклорных свят.

Развіццё лакальных культурных традыцый ажыццяўляецца з дапамогай брэндаў раённага дома рамёстваў, якія пабудаваныя на самабытным матэрыяле з элементамі традыцыйнай культуры: IV раённы фестываль-конкурс «Вянок рудабельскіх талентаў» (2016), раённая выстава-конкурс творчых работ «Мой край, зямля майго натхнення» (2016), раённая выстава жаночай вопраткі з падручных і прыродных матэрыялаў «У свеце жаночай прыгажосці» (2017), раённая выстава-прэзентацыя традыцыйнага касцюма «Восеньскі калаварот» (2017).

Спецыялістамі дома рамёстваў апрабаваны новыя формы працы: фестываль-конкурс «Вянок Рудабельскіх талентаў», «Край майстроў і творцаў», «Рудабельсю сувенір», майстар-клас «Майстар года», выстава-прэзентацыя традыцыйнай народнай вопраткі «Водгукі далёкай старажытнасці», тэатралізаваныя выставы, раённыя конкурсы па традыцыйных відах рамёстваў (вышыўцы, пляценні паясоў, вырабе выцінанкі), дзіцячыя пленэры.

Штогод праходзяць цыклы мерапрыемстваў па папулярызацыі народнай культуры ў бібліятэках раёна. Праводзяцца віншавальныя акцыі са святамі народнага календара, на мясцовым матэрыяле арганізоўваюцца прастольныя святы, праходзяць краязнаўчыя гадзіны, наладжваюцца майстар-класы, выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і інш. Клубам аматараў казкі «Церамок» (дзіцячы аддзел раённай бібліятэкі) арганізаваны паказ лялечных пастановак казак «Коцік і пеўнік», «Каза-дзераза», тэкст якіх запісаны ад мясцовых носьбітаў. У працэсе экскурсій у «Музеі сельскай жанчыны» в. Забалацце дзеці даведваюцца аб мясцовых традыцыях, аб прымяненні прадметаў народнага быту, тут ладзяцца мерапрыемствы: «Свята бабулінага ручніка», урокі радзімазнаўства, традыцыйнай культуры і інш.

Папулярнасцю карыстаюцца вясковыя падворкі ў рамках свята горада, свята «Дажынкі» (выставы па народных абрадах «Беларускі каларыт», «Вясковыя пачастункі» і інш.).

Значную ролю ў развіцці традыцыйнай культуры маюць інавацыйныя формы.

Семінар-практыкум «Этнатурызм — як рэсурс культурнай ідэнтыфікацыі раёна» паказаў ролю этнатурызму ў фарміраванні духоўна-маральнага свету падрастаючага пакалення, стварэнне ўмоў для далучэння да гісторыка-культурнай спадчыны свайго краю. Распрацавана этнаграфічная карта «Культурна-гістарычная спадчына Акцябрскага раёна» з пазначэннем асноўных культурных брэндаў, мясцін і ўстаноў для наведвання іх турыстамі.

Пазнаёміцца з традыцыйнай культурай Акцябрскага раёна мела магчымасць і больш шырокая аўдыторыя. Так калектыў Белтэлерадыёкампаніі запісаў цыкл перадач праграмы «Наперад у мінулае», прысвечанай спрадвечнай песеннай культуры Беларусі. Кожны выпуск — штотыднёвая справаздача экспедыцыі ў глыбінку, дзе яшчэ захавалася фальклорная беларуская спадчына і самабытныя абрады, пабываў і ў нашым раёне.

Запісана і выпушчана серыя перадач аб творчай дзейнасці калектываў «Цярэшкавы Шчодрыкі» Рассветаўскага культурна-спартыўнага цэнтра, «Перазвоны» ДУК «Цэнтр культурна-адпачынкавай дзейнасці Акцябрскага раёна» в. Гаць, «Купалінка» Пратасаўскага сельскага дома народнай творчасці, а таксама носьбіта традыцыйнай культуры Марыі Ігнатаўны Ягур з в. Валосавічы.

Аўтэнтычныя калектывы таксама прынялі ўдзел у запісу радыёпраграмы «Беларуская этнафонія» канала «Культура» (г. Мінск), у Міжнароднай турыстычнай выставе «Тур-бізнес-2017» (аўтэнтычны гурт «Купалінка» Пратасаўскага СДНТ).

Многія жыхары і госці Акцябрскага раёна маюць магчымасць пазнаёміцца з традыцыйнай культурай і калектывамі на старонках мясцовай газеты «Чырвоны кастрычнік», дзе знаходзяць адлюстраванне пытанні адраджэння і развіцця народнай культуры; перадачы майстрамі сакрэтаў рамёстваў, песеннага, танцавальнага мастацтва дзецям і падлеткам.

Аўтары артыкулаў — спецыялісты арганізацыйна-метадычнага аддзела, метадысты-майстры РДР, спецыялісты музея, бібліятэкары, клубныя работнікі, настаўнікі школьных устаноў. За 20 гадоў у газеце надрукавана больш за 120 артыкулаў разнастайных па тэматыцы, але аднолькавых па сваіх задачах — знаёмства жыхароў і гасцей раёна са спадчынай нашых продкаў, з тым, як агульнымі намаганнямі ўстаноў аддзела культуры і адукацыі адраджаюцца і развіваюцца традыцыі народа.

У лістападзе 2017 г. наш раён наведалі ўдзельнікі творчай стажыроўкі беларусаў замежжа з 9 краін, якую праводзіў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. З вялікім захапленнем і энтузіязмам госці навучаліся беларускім рамёствам, народным песням, танцам. Удзельнікі творчай дэлегацыі былі здзіўлены ўмовамі, якія складзены ў нас на Рудабельшчыне для развіцця народнай культуры.

Развіццё народных традыцый, лёс матэрыяльнай, духоўнай спадчыны ў многім залежыць ад маладога пакалення. Таму работнікі клубных, бібліятэчных, школьных, пазашкольных устаноў надаюць вялікую ўвагу далучэнню дзяцей і моладзі да працэсу пераемнасці, захавання, развіцця традыцыйнай спадчыны.

Традыцыйная народная культура Акцябрскага раёна з’яўляецца арганічнай часткай сучаснага культурнага жыцця. Стратэгічнымі накірункамі дзейнасці ў галіне традыцыйнай культуры стала менавіта вывучэнне, ахова, захаванне, пераемнасць, папулярызацыя (трансляцыя), якой спрыяе правядзенне Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня».


Аўтар:
Тамара Маскалёва
Крыніца: Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання: матэрыялы V Рэспубліканскай навук.-практ. канф. (г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл., 20 чэрвеня 2018 г.) / укл. А. Ю. Лозка; рэдкал.: В.М. Грышкевіч [і інш.]. — Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2018. — С. 58-72.