«Многоуважаемый Эдуард Романович! В моём шведском письменном столике найдёте забытую мною папку с надписью «Постройка родильного приюта»: вышлите мне эту папку со всеми находящимися в ней бумагами… С совершенным почтением княгиня Ирина Ивановна Паскевич. Декабря 3 дня 1912 года». З гэткаю просьбаю звярталася княгіня Ірына Іванаўна Паскевіч да пісмаводчага свайго гомельскага маёнтка Э.Р. Якімовіча ў пасланні з Пецярбурга ў Гомель1. І гаворка тут ідзе аб будынку гінекалагічнае бальніцы і радзільнага дома, які «предполагается к сооружению светл. княгиней И.И. Паскевич в Гомеле по ул. Кн. Паскевича…» (З заявы галоўнага кіраўнічага маёнткам княгіні Паскевіч М.І. Бачкоўскага ў будаўнічае аддзяленне Магілёўскага губернскага праўлення 29 жніўня 1912 года)2. Памянёная тут вуліца нашымі днямі носіць імя рэвалюцыянера Камісарава, а будынак лячэбнае ўстановы, аб будаўніцтве якой вялася размова, захаваўся на гэтай вуліцы і дасёння, і яшчэ нядаўна ў ім месціўся вайсковы шпіталь.
Будаўніцтва здзяйснялася пад кіраўніцтвам таленавітага гомельскага архітэктара Станіслава Данілавіча Шабунеўскага3, які напоўніцу прыклаў свой адменны густ і высокую прафесійную культуру ў рэалізацыі гэтага праекту. Комплекс узводзіўся на ўчастку, прылеглым да тэрыторыі княжацкае сядзібы на высокім абламістым беразе Сожа, удала гармануючы з прыбярэжнай прыродаю і палацава-паркавым ансамблем, і складаўся з двух карпусоў. Фасадам на вуліцу князя Паскевіча арыентаваны двухпавярховы цагляны аб’ём. Ён гожа і пластычна ўсталяваны на рэльефе, што паніжаецца ад вуліцы ў бок унутранага двара, і таму тыльны фасад яго ўжо мае тры паверхі. За ім, на ніжэйшым узроўні і бліжэй да ракі — цагляны трохпавярховы будынак з высокім цокалем. Заасноўна, ў архітэктуры пабудоваў шпіталю, быў узяты стыль мадэрн з элементамі класіцызму. Строгія, рытмічна арганізаваныя класіцыстычныя дэкаратыўныя формы фасадаў архітэктар быццам бы прапускае праз эстэтыку мадэрна, надзяляючы іх лёгкай стылізацыяй. Ордэры і звязаныя з імі дэталі, пгго вызначаюць вонкавы воблік будынкаў, іхныя інтэр’еры выкарыстаныя з тонкім чуццём стыля. Вулічны корпус выкананы ў «жанры асабняка»4: цокаль, першы паверх з шэрагам вокнаў абапал пад’езда, наяўнасць другога паверха, які нагадвае мезанін з дзвюма парамі вокнаў па два бакі ад цэнтральнага акна з люнэтам і канэліраванымі паўкалонамі пад трыкутным франтонам. Франтон вылучаны раскрэпаваным карнізам, ускрай якога да самага цокаля спускаюцца долу ледзь заўважана разруставаныя ўпоперак пілястры, якія ўгары злучаюцца з карнізам ручнікамі з трыкутнымі кутасамі. Корпус мае цалкам сіметрычную будову. Пераважае гарызантальнае развіццё аб’ёма, якое быццам падкрэслівае яго распляжанасць на значнай прасторы і толькі цэнтральная частка, як стрыжань, сваім вертыкальным рытмам у пэўнае меры супрацьстаіць гэтаму.
Трохпавярховы аб’ём, што размешчаны на ніжэйшым за вулічны ўзроўні, быццам імкнецца ўгару. Вертыкальны рытм ягоны ствараецца выцягнутымі вокнамі, а таксама пілястрамі, дэкарыраванымі аналагічна вулічнай пабудове. На адным фасадзе пілястры вуглавыя, на другім — размешчаныя ў цэнтральнай частцы. I толькі шырокія цыркульныя аркі вокнаў трэцяга паверха імкнуцца скараціць вышыню будынка. Кампазіцыйная будова трохпавярховае спаруды асіметрычная. Яе фасад, звернуты да ракі, вырашаны ў арганічным суладдзі з навакольным ландшафтам і дастойна выглядае з боку Сожа.
Цяністы бальнічны падворак, павольны дэкор будынкаў і ўтульныя абшырныя памяшканні для пацыентаў былі добра прадуманыя праектантамі. Дэкарацыйную аздобу будынкаў напрыканцы 1913 года тварыла мастацка-манумэнтальная майстэрня скульптара П.Г. Яцыны з Магілёва5. Напачатку 1914 года тут ужо вяліся аздабленчыя работы, а ў траўні была заключаная дамова з Акцыянерным таварыствам будовы машынаў і санітарных спарудаў «Држарвецкі і Эзіаранскі ў Варшаве», у якім выканаўцы абавязуюцца: «…мы принимаем на себя работы по установлению оборудования прачечной, установлению отопления, вентиляции, водопровода, канализации и приготовлению горячей воды в здании прачечной и амбулатории при гинекологической больнице кн. Паскевич в Гомеле»6. Восенню бальніца насычаецца медыцынскім абсталяваннем і мэбляю, шмат што пераправодзілася праз С.-Пецярбургскую кантору кн. Паскевіч на вуліцы Галернай. Мэбля пастаўлялася шведска-амерыканскай фірмай, а таксама Акцыянерным таварыствам заводаў металёвых вырабаў «Конрад, Ярнушкевіч і Ко»7, якое абстаўляла мэбляю знакаміты гатэль «Метраполь» у Маскве8. Вераемна, напрыканцы 1914 года бальнічны комплекс меўся быць зданым у эксплуатацыю. Унутры будынка была ўсталяваная закладная шыльда з пазначэннем імені Ірыны Іванаўны Паскевіч, што пабудавала яго на свае сродкі для горада. Перабыццё ў бальніцы было бясплатным, таксама на ўтрыманні княгіні.
Заканчэнне будаўніцтва прыпала на суворыя падзеі: ішла I Сусветная вайна. У маентку Паскевічаў чынілі актыўную дапамогу фронту: шылі рэспіратары, паставілі два аўтамабілі на вайсковыя патрэбы, адкрылі лазарэты ў Гомелі і Добрушы. Ложкі для параненых прызначылі ў медыцынскіх установах, узведзеных княгіняй: у лякарні хваробаў вока, у земскае бальніцы, пад лазарэт выкарыстоўваўся будынак сіроцкага прытулку. Спешна прыйшлося перапрафіліраваць і новы раддом у шпіталь на 100 ложкаў. Сфармаваныя лазарэты былі ўзятыя пад сцяг Чырвонага крыжа, а расходы на іх утрыманне ўзяла на свае сродкі Ірына Іванаўна.
З тае пары будынак раддома так і застаўся шпіталем, што прыймаў параненых і хворых ваяроў у 1918 годзе, калі Гомель быў акупаваны кайзераўскай Германіяй, у гады Вялікай Айчыннай вайны і нават пасля яе заканчэння, як «ваеннаабавязаны», служыў гарнізонным шпіталем. А зараз і сам запрасіў дапамогі ў лячэнні сваіх асабістых ранаў. У шпіталі праводзяцца рамонтныя работы, пасля якіх ён зноў стане ў шыхт і працягне выконваць абавязкі лякарні.
Фрагмент дэкорнага аздаблення вуглавой часткі галоўнага корпуса.
Галоўны корпус шпіталя. Выгляд з боку ракі.
Правае крыло галоўнага корпуса. Выгляд з двара.
Цэнтральная частка галоўнага корпуса.
Галоўны фасад «вулічнага корпуса шпіталя.
Спасылкі:
1. Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь (НГА РБ) Ф. 3013, воп. 1, спр. 1999, арк. 79.
2. НГА РБ. Ф. 3013, воп. 1, спр. 2367, арк. 4.
3. Літвінава Т.Ф. Лёс мастака. Гомельскі архітэктар СД. Шабунеўскі. (1868-1937) // Гомель. Старонкі мінулага. II выпуск. Гомель, 1996, с. 52.
4. Сарабьянов Д.В, Стиль модерн. М., 1989.
5. НГА РБ. Ф. 3013, воп. 1, спр. 2369, арк. 23а.
6. Там жа, арк. 30-31.
7. Там жа, арк. 33-34.
8. Чекмарев В.М. Мир художественных образов гостиницы «Метрополь». // Музей 10. М., 1989, с. 47.
9. НГА РБ. Ф. 3013, воп. 1, спр. 2369, арк. 6, 103; спр. 2153, арк. 59.
Аўтар: Таццяна Ліцьвінава. Загадчык мастацкім аддзелам Гомельскага абласнога краязнаўчага музея.
Крыніца: гісторыка-краязнаўчы навукова-папулярны часопіс Гомельскага рэгіёна “Інвентар” № 1/2002