Легендарны беларускі гурт адсвяткуе на канцэрце ў Гомелі 23 лістапада адразу два юбілеі: 20-годдзе “Старога Ольсы” і круглы Дзень народзінаў бацькі Ольсаў Змітра Сасноўскага. Варта адзначыць, што абодва нарадзіліся ў Гомелі! Тут жа адбыўся і першы сольнік гурта. Таму гэты канцэрт будзе сімвалічны і асаблівы — як для музыкаў, так і для публікі. Зразумела ж найлепшы падарунак — поўная зала і абдымкі.
Канешне ж для старадаўняй музыкі 20 гадоў – імгненне, але ў 21 стагоддзі гэта цэлае жыццё! Ад наіўнага фэнтэзі да рэканструкцыі, ад выступаў ля вогнішча да плошчаў, ад невядомасці да Нацыянальнай музычнай прэміі, гастроляў па Еўропе і Амерыцы.
Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, гукі дзівосных інструментаў, старадаўнія мелодыі і тэксты прывабліваюць і бударажаць музыкаў ужо 20 гадоў. 10 студыйных альбомаў, 3 канцэртных, 1 аўдыёспектакль.
Ці можа стаць папулярным гурт, які не іграе папулярную музыку? Калісьці ніхто не мог прадказаць, што калектыў з дзіўнымі старажытнымі інструментамі і з забытымі незразумелымі творамі, узятымі з глыбінь стагоддзяў, стане вядомым на ўсю Беларусь і пакладзе пачатак новай музычнай модзе. Больш за тое — будзе разрывацца паміж гастролямі па ЗША і Еўропе і прадаваць свае альбомы па ўсім свеце. І ўсё гэта з нашай беларускай спадчынай, нашымі мовай і гісторыяй.
Юбілейны канцэрт гурта пройдзе 23 лістапада ў Гомелі. Менавіта ў лістападзе 20 гадоў таму з’явіўся калектыў з назвай “Стары Ольса”. Яго ўтварыў і да нашых дзён вядзе па жыцці Зміцер Сасноўскі — музыкант, гісторык, музыказнаўца, колішні старшыня гомельскай “Талакі”, пісьменнік і проста чалавек, захоплены і апантаны беларускай мінуўшчынай.
“Стары Ольса” поўны сілаў і, як маладое віно, з гадамі набывае водарную сталасць! Юбілейны канцэрт аб’яднае творы за ўсе 20 гадоў творчасці. Цікавыя гісторыі, адмысловыя госці і шмат музыкі!
Не прапусціце! Вас чакае найлепшае за 20 гадоў!
Калі: 23 лістапада, 18:00
Дзе: ГЦК (Ірынінская, 16)
Квіткі: 10-15 р., студэнтам 6 р.
Тэлефон касы: (0232) 75-07-02.