Язык да ківі дапытае

0
1827

У часе братавага вясельля мне адкрылася вялікая таямніца. На кухні бацькоў толькі-толькі выкупленай нявесты за пару хвілін да ад’езду ў ЗАГС давялося прапусьціць па чароднай (ці ня пятай ад раньня) “маленечкай” ды ўлупіць пару лусьцікаў. Сярод апошніх заўважным быў і гастранамічны шык кулінарнае моды апошніх гадоў: батон з маслам і скрылёчкамі ківі. Дружка маладога зацеміў: “Старажытная беларуская страва”. Усе толькі пасьмяяліся й шчасьліва забыліся на гэты, нібыта, жарт. Я ж дастаў сабе з таго новы “адлом мазгоў”, пастанавіўшы ўсур’ёзку заняцца высьвятленьням старажытнасьці традыцыі ківі ў гісторыі нашай Бацькаўшчыны.

Ужо ў рэштках зарубінецкай керамікі IV-V стст. сярод засохлых зернейкаў злакавых выяўляліся й драбнюткія бубкі прадстаўніка роду актынідыя – ківі. У пластах банцараўскай археалягічай культуры гэтыя знаходкі яшчэ больш частыя. Падобныя факты ніколі не афішаваліся, бо падрывалі міты бальшавіцкіх ідэолягаў пра спрадвечную беднасьць беларускага краю. Чыста палітычнаю крамолаю магло стацца прызнаньне таго, што ў дафэўдальным 7 ст. жыхары Беларусі ўжывалі ківі, тады, як грамадзяне слаўнай БССР не маглі пабачыць у свабодным продажы хаця б апэльсынаў ці бананаў. Нават клясавы падыход не даваў камуністам помачы. Нельга было прыпісаць ужываньне ківі адно вышэйшым пластам зарубінецка-банцараўскага грамадзтва, бо давялося б карэктаваць усю савецкую гістарычную навуку аб тых часох. Галоўным апірышчам гістпартаўскіх поглядаў пра той пэрыяд было паведамленьне Пракопа Кесарыйскага (IV ст.), зь якога вынікала, што тадыташнія славяне (балта-славяне?) не кіраваліся адным чалавекам, але спакон вякоў трывалі ў народапраўстве. Гэта, аднак, не перашкодзіла “кампэтэнтным органам” адчыкрыжыць у таго Пракопа надта важкі мамэнт (аднаўляем у квадратных дужках): “Яны (нашы прашчуры –С.Б.) ушаноўваюць і рэкі, і німфаў, і ўсялякіх дэманаў, прыносяць ім усім ахвяры і з дапамогаю гэных ахвяраў варожаць, [а самі ж вараць сабе сочыва з ківі і ядуць проста з гаршчкоў]”. У поўным “Стартэгіконе” Псэўдамаўрыкія (VІ ст.) чытаем пра славян “верхняга Барысфэна”, то бок Дняпра: “У іх мноства размаітай жывёлы і зерня, якое складаецца ў скірды, а злашча проса й полба. Ядуць, бывае, і ківі. Адкуль бяруць – розуму не дабяру”. Магчыма, ківі было складнікам нейкай язычніцкай стравы, а назва самае ягады табуявалася, назапашвала розныя псэўдонімы, як гэта было з паганскімі багамі. Мо’ акурат таму атрымалася “криви”, а потым і “кривичи” ў вядомых на сёньня “пачатных летапісах” раньняга славянскага сярэднявечча. Меркавана, што памянёнае сочыва з ківі не было простым джэмам ці канфітурам, а своеасабліва згатаванай п’янкой масай, на аснове якой гатаваліся рознага кшталту напоі. Якраз адсюль паходзіць троху састарэлае, прынамсі ў літаратурнай беларускай мове, слова “ківацца”, то бок хістацца, сёрбнуўшы лішку незвычайнага морсу. Пацьверджаньне таму знаходзім у архаічным беларускім фальклёры. Так у часе эратычнай зімовай гульні “Жаніцьба Цярэшкі” сьпявалася такя наруглівая прыпеўка:

Ай, бяда, мая бяда,
Далі мне п’янога дзяда.
Ідзець, дак ківаецца,
Мо’а ў ківі знаецца

Цяжкасьці з выясьненьнем краіны-экспартэра ківі ў Беларусь тлумачацца, тым што ніякага экспарту не было. Ківі вырошчваліся тут, напрыклад, у полацкіх падзямельлях. Самыя нетры зямлі крыўскай (кіўскай) давалі той неацэнны скарб. Нельга скідаваць з рахункаў імавернасьць таго, што крывічы із сваімі супольнікамі заснавалі горад Кіеў, як экспэрэмэнтальную базу па вырошчваньню ківі. І толькі ў пазьнейшыя часы гэтай базаю авалодалі паляне, а за імі і варагі, якія слаба зналіся ў ківіводзтве і амаль дашчэнту занядбалі гэную галіну сельскай гаспадаркі. Але яшчэ доўга памяць пра даўнейшыя кіеўскія часы жыла ў народзе, бо й дасёньня на ўсходзе Беларусі можна пачуць прымаўку: “Язык да ківі дапытае”. Палачане, памятаючы пра свае колішнія садочкі ў Кіеве, вялі з “маткай гарадоў рускіх” зацятае змаганьне. Варажскай дынастыі, якая ў “стольном градзе” атайбавалася, надта ж карцела паспытаць небывалай у Скандынавіі ягады. “На седьмом веце Трояни връже Всеслав жребий о девицю себе любу… и скочи к грядам киви и дотчеся стружием злата стола киевскаго”, – чытаем у Шырынкоўскім сьпісе “Слова пра паход Ігораў”. Гэта дае падставы цьвердзіць, што згадваны ў летапісах “поруб”, дзе нібыта цягам колькіх месяцаў 1068-1069 гг. быў зьняволены Ўсяслаў Чарадзей, быў насамрэч не турмою, а падземнай дзялянкай ківі. Няўмекі “руськия” князі прымушалі слыннага палачаніна аднавіць сад, які апошні раз даваў ураджай, відаць, яшчэ за часы Рагнеды Рагвалодаўны. Яна ў Кіеве апынулася зь ведамай, але няслушна інтэрпрэтаванай гісторыкамі прычыне. Усяслаў жа, як знана, пры першай-лепшай магчымасьці даў з Кіева драпака (дарэчы на аднарогу), пакінуўшы ўраджай несабраным.

Між тым рознага памеру дзяляначкі ківі разьмяшчаліся ўва многіх куткох Беларусі. На выяўленых нядаўна ў Гомелі рэштках кляновай граматы (з кары клёна) ясна чытаецца: “Оже еси продал черепье, а купи ми, добро творя, киви на шест гривен”. Дакумэнт датуецца ХІІ ст. З таго ж часу паходзіць касьцяны абразок з Магілёва, дзе адлюстрваваныя сьвятыя Барыс і Глеб у вобразе вершнікаў. І той і другі на правай руцэ трымаюць нешта яйкападобнае, пакрытае поўсьцю. Суправодны цяжкачытэльны надпіс тлумачыць: “Св[ят]ыя Б[о]р[и]с [и] Гл[е]б. Киви для П[е]р[у]на”. Лишни раз бачым мы добрае сьведчаньне заблытанасьці рэлігійнае сьведамасьці жыхароў тагачаснае Беларусі: хрысьціянскія сьвятыя ўручаюць ягады паганскаму божышчу. У Заслаўі ў культурным пласьце ХІІІ ст. была знойдзена шахматная фігурка ў выглядзе ківі. Знаходка нідзе не экспануецца, бо першаадкрывальнікі лічаць яе часткай набору жорсткаэратычных шахмат анаімнага заслаўскага вычварэнца. “Мнозии ищуть да не обращуть. Инии жь и искати не пробують”, – можна прывесьці з гэтай нагоды словы невядомага полацкага кніжніка таго часу. Пад Мазыром яшчэ перад апошняй нямецкай вайною ляжаў вялікі камень-камлыга, якую тутэйшы люд называў не інакш як кіў-камень. З адзінага вядомага апісаньня (насьценгазэта Бабчынскага пэдтэхнікума “Чырвоны ахеолёг і краявед” ад 5 кастрычніка 1928 г.) вынікае, што кіў-камень (d=5 м) быў укрыты беспарадкава разьмешчанымі бароздкамі (даўжынёю ў 6-8 см) рукачыннага паходжаньня. Паспрабуйце ўявіць падобных памераў ківі, і уцяміце, што мазырскі камень быў прысьвечаны менавіта гэтаму пладу.

Сакрэты ківіводзтва не дасталіся забыцьцю і ў эпоху Вялікага княства літоўскага. Ягада па-ранейшаму значным чынам уплывала на грамадзкую сьвядомасьць. Нездарма сярод зафіксаваных у пісьмовых крыніцах ХIII– пачатку XVI ст. імёнаў старадаўных ліцьвіноў з зайздроснай рэгулярнасьцю сустракаюцца й вельмі выразныя: Ківімонт, Ківігайла, Ківейка. “Тайны летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, паведамляе, што князь Міндоўг “завсюды по лазни не толко медок до споживы брал”, але яшчэ захапляўся і “варивцем з киви и зиолак, бо то велми ку силе мужеской надобне было”. Чаму ж тады мы дзівімся з таго, што сямідзесяцігадоваму вялікаму князю спатрэбілася “умыкати” чужую жонку?!

Згодна з тым жа гістарычным дакумэнтам вялікі князь Альгерд у адказ на маскавіцкую дыпляматычную правакацыю (праз пасла перадалі агонь ды шаблю, грозячыся такім чынам вайною) прыбыў разам з войскам на Вялікдзень пад Маскву. Прыбыцьцё гэнае ўрынула Дзьмітрыя Іванавіча ў жахоты. Калі іншыя кронікі цьвердзяць, што гаспадар ліцьвінаў і русінаў падараваў свайму калегу й апанэнту вялікоднае яйка, то “Тайны летапісец” адзначае інакшае: “И уручил Олкгирд Деметрию не яйце пасхальное, але киви литовское, чим оного князя злякал, бо николи того яблока не бачил а мнемал, иже речь с чаровництвом вязаная”. Ясна, што ніякага чараўніцтва там не было.

Прысутнічала ківі й на стале вялікага князя Вітаўта, што надта ўражвала іншаземных гасьцей. Адзін з такіх, “влох” (італіец) Джакама Абламіні, згадваў у сваіх мэмуарах (1450 г.): “У рутэнскага князя Віторыё, што тады валадарыў Літваніяй, на сталах еміны было покатам, асабліва мяснога. Адылі подзіў усіхны спаклікалі вялізманыя судзіны з ківі – той ягады, каторую нават папеж гады ў рады смакуе. Відовішча усіх узрушыла й падкрэсьліла годнасьць Віторыё як валадара вартага быць каралём”.

Што да спамянутых на пачатку гэтага артыкула бутэрбродаў, дык кволая намінка на іх адносіцца да канца ХV–пачатку ХVІ ст. Гетман Канстанцін Астрожскі, характарызуючы тагачасную палітыку Масковіі ў дачыненьні да ВКЛ, трапна адцеміў: “Хочуть киви а булку изъести, масла не улизнувши”. Беспасярэдні ж рэцэпт гэтае закускі прысутнічае ў рукапісным зборніку “Потравы вшеляки ку беседам панским” (1596 г.): “Бери ломоть хлеба бялэго, умасти оный маслом коровим, а по версе кронжки от киви положь. Будешь ядати, нихто за ушшу не отволочит, а звлаще после горилки”.

Нельга, аднак, думаць, што ківі ўжывалаліся толькі асобнымі сацыяльнымі групамі. У той ці іншай ступені гэта ягада была даступная ўсім. У старабеларускай студэнцкай песьні (не пазьней канца ХVІІ ст.)  ёсьць такія характэрныя радкі:

Вусы ў піве,
Вусны ў ківі.
Каб шчэ й дзеўку
На пасьцельку.

У гарадзкім рамансе сярэдзіны ХVІІІ ст. з т.зв. “Курніцкага сшытку” лірычная гераіня ўздыхае аб страчанай прыхільнасьці да яе з боку былога каханка:

Мілы быў ігрывы
І дарыў мне ківі.
А прайшло каханьне –
Не дае й бульбяньнік.

У інвэнтары вёскі Шарсьцін (сучасны Веткаўскі раён) 1609 г. адзначаецца, што сяляне выконвалі для пана Ленскага ня толькі традыцыйныя павіннасьці, але яшчэ і “кивийное”. Паводле дакумэнта прыгонныя мусілі “з дыму кождого в осень по 25 киви побритых сплатити”. Пан Ленскі або быў задужа далікатным і грэбваў першасным выглядам сьпелае ягады, або ўяўляў зь сябе зацятага прыгоньніка, якому – хлебам не кармі! – дай толькі памучаць сацыяльныя нізы. У попісах маёмасьці астравецкага кляштара дамініканаў (1639) сярод іншага наяўнага на той час за ягонымі мурамі правіянта згадваюцца “дзесят фасок – з бочку виленскую кожная – з варивом киви”. Праваслаўны сьвятар Нікадзім, зьвяртаючыся з казаню да магілёўцаў (блізу 1683 г.), выславіўся: “Аще горелицы крякнеш, буде безплоден ден. Аще же киви снедеш – получный, лепый и много для здравия приятный”. Пра карыснасьць ягады для здароўя айцец не падманваў, хоць пэўна і ведаў пра якое здароўе вядзецца. І ў “Лякарствах дамовых” (1619), і ў “Доме лячэньня” (1625), якія амаль цалкам парывалі зь сярэднявечнымі псэўдамэдычнымі вычудамі, фігуруе рэцэптура шматлікіх узвараў з ківі ў спалучэньні зь іншымі інгрыдыентамі (арэхамі, сьмятанай, яечным бялком). Рэкамэндавалася таксама наўпростае ўжываньне ягады, бо “дапамагае барза канец дзяржаць на пагатове”. Лексыка сьведчыць, што аўтар “Дома лячэньня” быў знаёмы з паўлегальнымі “Арыстотелевыми вратами”. Сімяон Полацкі досыць стрымана азываўся аб ахвотніках спажываць ківі, папераджаючы таковых:

Похоть киви не грех есть, но в ней ся сладити
И слабосилье воли – грех есть приложити.

Але не царква і яе паасобныя дзеячы прычыніліся да поўнага занядбаньня ў нас ківіводзтва. Так ужо сталася ў гісторыі беларускай, што многае добрае, пазытыўнае скончылася пры канцы ХVІІІ ст. пасьля “воссоединения” з Расеяй. Падобна адбылося і з ківі. Яшчэ за доўга да разбораў Рэчы Паспалітай лёс ківі быў вырашаны ў Полацку. Ліпеньскім вечарам 1705 г. пасьля вядомага інцэдэнту ў Сафійскім Саборы расейскі манарх Пётра І ласаваўся тутэйшымі прысмакамі. Зьеў і пару бутэрбродаў з ківі, а маленькае зернейка ад ягады прыліпла дзесьці ў царскім горле. “Зачали его императорское величество кашлять зело, – распавядае ў сваім дзёньніку адзін з тагачасных целаахоўнікаў цара  Мікіта Павелін, – вплоть до того страшен был кашель оный, иже пришлося Петра Алексеича скамеечкой дубовой по спине звездошити”. Угневаны імпэратар зараз жа загадаў зьніштажаць, дзе патрапяцца, агародчыкі ківі. А потым наагул запавеціў рабіць гэта ж сваім наступнікам. Пераемнікі Пятра старанна выконвалі ягоны наказ, змагаючыся з “чертовой ягодой подземной, коя из литвина богатыря лихого творит”. Таму пасьля разбораў Рэчы Паспалітай на беларускіх абшарах разам з руйнаваньнем замкаў ды земляных умацаваньняў адбывалася разбурэньня ўсяго, што толькі магло расейцам пра тую ягаду нагадаць. Калі за часы Аляксандра І апамяталіся, захацеўшы частавацца таннымі беларускімі пладамі ківі, было ўжо надта позна ратаваць справу. Даўняя галіна беларускае гаспадаркі спыніла сваё існаваньне. І толькі спарадычна народная памяць давала знаць пра ківі. У адным ізь сьпісаў “Энэіды навыварат”, напрыклад,  упамінаюцца “мязгі і ківі рашаты”. У 1857 г. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у лісьце да Ўладзіслава Сыракомлі хваліўся, што сканчае новую вершаваную аповесьць “Век з ківі векаваць”. Лёс гэтага твора невядомы. Пэўную інфармацыю ўжо за савецкім часам меў Вацлаў Ластоўскі. У 1927 г. ён прапанаваў увесьці ў кампазыцыю новага герба БССР  заміж канюшыны ягады ківі. Але нават такая памяркоўная прапанова, бо рэальна Ластоўскі хацеў бачыць гербам Беларусі “Пагоню”, была адхілена  як контррэвалюцыйная і нацыяналістычная. Гісторыя з ківі на Беларусі і сягоньня замоўчваецца. Толькі “NRM” у 1996 г. голасам Лявона Вольскага з горыччу адцеміў: “У нашай краіне няма бананаў і ківі” (слухай “Песьню падземных жыхароў”). Дык давайце ж, спажываючы ківі, шторазу нагадваць сабе й сваім субяседнікам пра беларускую традыцыю гэтай уежнай ягадкі.

Гомель, 2003 г.