Язэп Шнаркевіч — успаміны з майго жыцьця і працы

0
1374
Иосиф Шнаркевич

Гісторык Мікола Ўлашчык прызнаваўся, што акурат падуплывам Шнаркевіча ў ім зарадзілася беларуская нацыяальная сьвядомасьць. Дарэвалюцыйныя і ўласнарэвалюцыйныя гады добра апісаныя ва ўспамінах, якія друкуюц­ца ніжэй.

Вучыцельская праца ў школах

1. У народнай школе, 1907—1908 гады. Па сканчаньні вучыцельскай сэмінарыі ў 1907 годзе з 1 кастрычніка інспэктарам нар. вучылішча Менскага ўезду я быў назначаны ў аднакамплектную народную школу таго ж павету Рубяжэвіцкае гміны ў Вялікім Сяле. Школа старая, адкрытая нешта ў 80-х гадох XIX веку; мае ўласны стары невялічкі будынак. Дзяцей хадзіла столькі, колькі можна было ўмясьціць — чалавек 70—80. Вёска аграмадная, стаіць на вялікай дарозе, досыць бойкая, радам са школаю стаяў фэльчарскі пункт ды казённая вінная лаўка. Сяляне толькі праваслаўныя, школу любяць і шануюць.

Культура. У культурным сэнсе мясцовасьць глухая: ад бліжэйшага невялічкага захудалага мястэчка Рубяжэвічы — 6 вёрст, ад вялікага ж бойкага м-ка Койданава — 17 вёрст. Сама школа, вярней вучыцелі яе, як і ўсе школы таго часу, была косная, культурнае працы не вяла, апроч выкананьня праграмы.

Знаёмствы. З боку суседзяў і інтэлігенцыі ў той час было якась няўдала. Бліжэйшы сусед, фэльчар Сьцяпан Трацэўскі, — чалавек зусім некультурны, алькаголік да белай гарачкі, нежанаты, быў пад башмаком злой старой фурыі Алесі. Загадчык віннае лаўкі, якісь Нарэйка, — вар’ят, якога дзесь перавялі, а на яго месца прыехаў Кокараў, малады інтэлігентны чалавек, але амаль зусім глухі. У вёсцы было 2-х сялян больш разьвітых, у якіх новы вучыцель заўсягды знаходзіў сабе добрую параду, а часамі й рэальную помач. Гэта былі Ільля Векша і Пётра Коршун.

Местачковая інтэлігенцыя ў Рубяжэвічах таксама была пакрыўджана: поп, малады чалавек, Варанец — форменны вар’ят (хворы), якога дзесь хутка забралі, валасны пісар — п’яніца, аб старшыню й мовы няма; вучыцель, малады, толькі што скончыўшы духоўную сэмінарыю, нехта Дуброўскі, які вёў замкнутае жыцьцё, гатаваўся ў вышэйшую школу, ды начальнік таго аддзелу Пагінскі.

У суседняй вёсцы за 3 вярсты — Старынках — таксама ў вельмі старой школе быў і стары зусім вучыцель Башкевіч безь сям’і.

У Койданаве ўжо было інтэлігенцыі больш, і лепшая была, але дзеля аддаленасьці ня меў магчымасьці за зіму навет пазнаёміцца.

Што датычыць жаноцкага полу, то яго зусім не было, апроч пісаравай швагеркі, якая мела некалькі прэтэндэнтаў спасярод местачковай ды ваколічнай моладзі.

Праца. Працы ў школе было шмат з чатырма групамі, агулам нешта з 80 чал., памоцніка не было. Заняткі вяліся ад 8-й гадзіны да 12-й і ад 1-й да 3-й папаўдні. Адна гадзіна давалася на абед — вучні разыходзіліся па хатах. Я чуў сябе гаспадаром палажэньня, з посьпехам спраўляўся; вучні й бацькі іх былі вельмі задаволеныя, што выражалі «прынашэньнямі», якія там былі заведзены здаўна ды ад якіх я ніяк ня мог вывесьці, так моцна яны ўкараніліся. Увосень прыносілі бараніну, пасьля Каляд — сала, каўбасы, па Вялікадні — яйцы, масла, сыр. Цікавыя вельмі бывалі сцэны з гэтымі прынашэньнямі. Бацька нясе з гонарам, зь вераю ў добрае дзела, а вучань зь дзяцінаю сарамлівасьцю, пачырванеўшы, але таксама з пэўнасьцю, як бы адбывае ўрачысты абрад. Пробы адмаўляцца ад браньня даводзілі да трагізму: дарослыя ўсімі сіламі стараліся не дапусьціць да гэтага, ужывалі фізычную сілу, а дзеці даходзілі да плачу. На жаль, яны бывалі пераможцамі. Але гэта ня зьвязвалася з просьбамі, каб я глядзеў лепш іх дзяцей ці што, проста рабілася як абрад, без усякіх размоваў на гэты рахунак, як прынашэньне нечаму вышшаму. У сутнасьці, гэта й ня кепскі звычай.

Люднасьць звычайная, займаецца земляробствам. Цікава тое, што ў Вялікім Сяле кураць дзяўчаты й жанкі нараўне з мужчынамі, чаго я нідзе больш не сустракаў. Курылі ў мяне й дзяўчаткі ў школе, але хутчэй пакідалі за хлапцоў, як пасарамаціш.

Канікулы. На Каляды, Вялікдзень і Лета я выяжджаў дахаты.

Экзамэны. У 1908 годзе ў маёй школе была выпускная група 14 чалавек. На экзамэны зьехаліся ў маю школу яшчэ аж тры школы: старынская, рубяжэвіцкая і слабадзкая. Экзамэны прайшлі добра. Мае ўсе 14 вучняў/вучаніц вытрымалі экзамэн і атрымалі пасьведчаньні. На экзамэны Менскай Дырэкцыяй народных вучылішч быў дэлегаваны малады вучыцель 1-га Менскага Вышшага начальнага вучылішча Кузюруба. Абед. Пасьля экзамэну быў абед для ўсіх гасьцей, а пасьля абеду — гульня ў карты. Я як гаспадар яшчэ мусіў і прайграць штось.

Незадавальненьне. Першы год вучыцельскай працы закончыўся для мяне добра. Адчуваў, што шмат папрацаваў ды з добрымі вынікамі. Але з другого боку не задавальняла мяне глуш, адсутнасьць культурных разрыўкаў, коснасьць і апушчанасьць акружаючай інтэлігенцыі, адсутнасьць адпаведных жанчын, якія так украшваюць жыцьцё. У картах я не прымаў удзелу, выпіўка паступова зацягвала. Ні бібліятэк, ні іншых культурных закуткоў, якія б далі і аддых і духовае падмацаваньне, зусім не было.

Небясьпека. Гінулі невялікія сілы культурных працаўнікоў у глушы, карты й алькаголь іх праглытвалі. Выхад. Малы процант зь іх не паддаваўся гэтаму злу, і яны або заставаліся на месцы яркімі сьветачамі сярод цемры, або выбіваліся на іншую дарогу, якая і ў культурным сэнсе, і матэрыяльна іх больш задавальняла.

Культурная праца. Апроч праграмовай працы ў працягу зімы я зладзіў нешта 5 чытаньняў з валшэбнай ліхтарняй на тэмы маральнага характару. Словамі трудна перадаць зацікаўленасьць сялян бяз розьніцы веку й полу і тое ўражаньне, якое яны выносяць ад гэтых чытаньняў. У літаральным сэнсе сьцены трашчалі, ды шмат глядзелі яшчэ знадворку праз вокны, затухала ліхтарня ад сьпёртага паветра. Падзякам канца не было!

Суседка вучыцелька. На другую восень, г. зн. у 1909 годзе, у старынскую школу, што за 3 вярсты ад маёй, назначылі вучыцельку Мар’ю Лісіцкую, маладую яшчэ дзяўчыну з маткаю ды малодшаю сястрою Зінаю. Радасьці маёй не было канца. Я ажыў. Зрабіў візыт, сям’я спадабалася мне, я стаў бываць амаль штонядзелі. Весела праводзілі час. Але, на жаль, сама вучыцелька была хворая на сухоты, якія шыбкім тэмпам як даконвалі. Колькі было радасьці, як яны ўсе ўтраіх прыехалі да мяне ў госьці! Гэта быў сьветлы цёплы дзень на шэрым фоне адзінокага вясковага вучыцеля. Як выпаў сьнег, мы разам і каталіся, і спацыравалі па ваколіцах і лесе, які ляжаў між нашых вёсак паабапал дарогі. Я чуўся вельмі добра, рад быў, што мяне не зацягне алькаголь.

Назначэньне ў Гомель. Але нядоўга давялося мне карыстаць зь мілага суседзтва. У канцы кастрычніка я атрымаў назначэньне ў жалезнадарожнае вучылішча ў Гомелі, дзе ўжо з 1907 году працаваў мой таварыш і зямляк Міша Любецкі, які дапамог мне ў пераводзе. І шкада мне было астаўляць маіх новых знаёмых, але мусіў пераводзіцца.

Звальненьне. Трэ было фармальна звольніцца з пасады, дзеля чаго я й паехаў у Менск. Прытварыўся хворым. Доктар якісь стары ў Рубяжэвічах выдаў пасьведчаньне, што ў мяне нездаровыя лёгкія. Я з заяваю і гэтым пасьведчаньнем — к інспэктару Тавараву і расказваю, у чым справа, што, моў, хворы, кашляю, небясьпечна заставацца, што зусім кідаю вучыцельства і што за год стыпэндыі я ўжо адслужыў год і г. д. Інспэктар мне прапануе адпуск, дапамогу на лячэньне. Нічога не памагло: мусіў выдаць паперу на рукі аб звальненьні. Удалося як найлепей!

Перавод у Гомель. Дастаўшы звальненьне, вяртаюся дахаты, здаю старасьце школу, пакуюся ды 10 лістапада па білеце 2-й клясы, які мне прыслалі з Гомелю разам з назначэньнем, адпраўляюся ў Гомель, разьвітаўшыся й са знаёмымі, і са школаю. Смутны быў ад’езд! Але разам з тым мяне радавала, што еду ў горад, дзе можна будзе карыстаць з культурных выгад.

Праца ў Гомелі (1908—1913 гады)

Школа. Жалезнадарожная школа Лібава-Роменскіх дарог, якая (школа) знаходзілася ў духоўным ведамстве, была 2-клясаваю, але праграма амаль што раўнялася праграме вышэйшых пачатковых школаў.

Склад. Школа была вельмі мнагалюдная: 5 асноўных аддзелаў, 5 раўналежных, 1-шы і 2-гі прыгатаваўчыя аддзелы і 1-шы і 2-гі ім раўналежныя. Вучняў было вельмі шмат — да 500 чалавек, узрост іх ад 7 гадоў да 20 прыблізна. Жэнская школа была асобна.

Вучыцелі. Вучыцялёў таксама было шмат, нешта чалавек 16. Склад іх самы разнастайны: былі й старыя, і маладыя, і вучыцелі, і вучыцелькі, з адукацыяй вучыцельскай сэмінарыі, духоўнай, гімназіяльнай, эпархіяльнай і г. д.

Загадчык. Загадчыкам школы быў пажылы вучыцель, дзядзька майго калегі, Канстанцін Любецкі, з адукацыяй вучыцельскай сэмінарыі, чалавек разумны, дэспатычны, хітры, лоўкі. Загадваць такой мнагалюднай школай было вельмі трудна, але ён усяго сябе аддаў гэтай школе ды нажыў сухоты, ад якіх рана й памёр. Гэта быў чалавек з вопытам, тактам, уменьнем, ад якога шмат чаму можна было навучыцца маладым вучыцелям. Гэта быў чалавек у поўным сэнсе слова дасьпелы.

Адносіны паміж вучыцялёў. Пры такім мнагалюдным і пярэстым складзе калектыву, зразумела, не маглі быць добрымі й аднадушнымі адносіны паміж саміх вучыцялёў і кіраўніцтвам. Заўсягды ўсё якіясь інтрыгі, спрэчкі, незадавальненьне, якіясь асобныя групы спораць між сабою. Шмат прычын гэтай калатні: пачынаючы ад характару й поглядаў асобных адзінак і канчаючы двайным начальствам школы — і жалезнадарожным, і духоўным, — усё разам узятае складала грунт для пастаяннага бражэньня ў школе. Былі й нэўтральныя асобы, якія па сваіх перакананьнях не далучаліся да вадных групаў, а трымаліся незалежна. Да гэтакіх належаў і я. Роля іх была лагодзіць, ураўнаважваць настроі і страсьці.

Начальства. Начальства было шмат: ад царкоўнага ведамства — уезны наблюдацель царк.-прыходзкіх школаў поп Курневіч, ён жа і старшыня пэдагагічнае рады, які, праўда, мала ўмешваўся ды ўнікаў у жыцьцё школы: губэрнскі наблюдацель ц.-прых. школаў нехта Строганаў, які візытаваў школу штогод. Рэвізор. Рэвізор абразавацельных установаў Лібава-Роменскіх ж. дарог Інакенці Дзьмітрыеўскі. Гэта сьмехатворны тып. Ён, інжынэр-хімік, хацеў быць добрым пэдагогам. Але выходзіла карыкатурна ды навет для яго самога трагічна дзякуючы яго страпцівасьці, нявытрыманасьці. Як пэдагог ён ня толькі ня меў адпаведнае падгатоўкі й такту, але навет і здольнасьці. Мусіў ён вучыцца ў больш вопытных вучыцялёў у часе рэвізіі, ды схопленае павярхоўнае ў аднэй школе пераносіў як параду ды ўказаньні ў іншую, ня лічачыся зь іншымі варункамі. Зразумела, што больш вопытныя вучыцелі не лічыліся зь яго штучнымі прыёмамі ды часта на гэтым грунце выходзілі непаразуменьні. Так ён аскандаліўся перад адным вопытным вучыцелем Іванам Бакітам у Менскай ж. д. школе. Ды наагул ён сваёй рэвізіяй толькі псаваў справу, настрой ды адносіны да сябе з боку школаў. Вось які быў рэвізор, які два разы ў год адведваў каждую школу ад Лібавы да Рамён. Быў яшчэ папячыцель ж. д. школаў, начальнік дыстанцыі, — інжынэр, які апекаваўся матэрыяльным і маральным станам школ, а ў заняткі зусім ня ўмешваўся.

Мая праца ў школе. Я быў назначан вучыцелем расейскае мовы й геамэтрыі ў 4-м і 5-м аддзелах раўналетных. Меў 19 лекцыяў у тыдзень. З расейскае мовы трэба было закончыць этымалёгію й сынтаксіс, прайсьці тэорыю славеснасьці й скарочаную гісторыю літаратуры; з геамэтрыі курс вышэйшых пачатковых школаў. Працы было шмат. Я хоць і ведаў гэтыя прадметы, але зусім ня быў падгатаваны іх выкладаць. Дзеля гэтага даводзілася самому шмат працаваць. Але досыць пасьпяхова спраўляўся.

Вучні. Трудней мне было спраўляцца з вучнямі, сярод якіх былі ўжо і з вусамі. Трэба сказаць, што маса вучнёўская жалезнадарожных школ ва ўзгадаваўчым сэнсе вельмі сапсаваная. Іх паходжаньне пераважна з рабочых ды ніжшых агентаў службы, уплыў гарадзкой вуліцы — даволі дзяцей ужо з дурнымі нахіламі. Школа ня ў сілах была ўсіх пераўзгадаваць: пэўны працэнт зь іх выходзілі проста маральнымі ўродамі. Вось і мне прыйшлося мець дачыненьне з падобнымі тыпамі. Спачатку было непрыемна, пасьля неяк прывык.

Нравы. Як карцінку, характарызуючую нравы масы, што мела дачыненьне да школы, прывяду гэтакае здарэньне. У адзін прыгожы дзень бацька Голуб раніцою прыводзіць у школу свайго сына на вяроўцы, завязанай за шыю хлапца.

Зразумела, што дзецям шмат шкодзілі нахілы бацькоў розных дрэнных якасьцяў, якія пераймаліся іх дзяцьмі.

Вечарыны. Школа разам з жэнскаю ладзіла вечарыны. Ставілі п’есы, дэклямацыі, харавое пяяньне. Дзеля таго, што выбар быў вялікі, учасьнікі вечарыны добра выконвалі праграму, і нашы вечары ў горадзе, дзе шмат усякіх школаў і сярэдніх, былі вядомыя сярод публікі як добра ладжаныя ды праходзілі зь вялікім посьпехам. Пасьля выкананьня праграмы вечары праходзілі весела, у аднэй гармоніі зьліваліся дзьве школы: мужская й жэнская, вучыцелі й вучыцелькі, забыўшы розныя штодзённыя спрэчкі. Такіх вечарын ладзілася ў год дзьве: перад Калядамі й на масьленіцу.

Абавязкі рэлігійныя. Раз школа знаходзіцца ў ц., чарнасоценец сьлядзіў за гэтым ды выгаворываў публічна, калі заўважаў хібы з боку школы.

Скандал. Адзін раз у табэльны дзень 9 траўня (дзень імянін гасудара) ад мужской школы прыйшоў толькі адзін зусім малы хлапец ды толькі два вучыцелі; ад жэнскай таксама мала было й вучаніц, і вучыцелек. Гэта яго, папа, удахнавіла на патрыятычную пропаведзь. Зьвярнуўся да гэтага хлапца са словамі: «О ты, жалкае ісключэніе! Скажы сваім таварышам вучням і вучыцялём сваім, што яны сугуба (удвайне) не ісполнілі доўгу: не прыйшлі памаліцца Мікалаю Ўгодніку і за цара-бацюшку» і г. д. Доўга ён граміў адсутных. А гэта чулі другія чарнасоценцы з ахранкі. Выйшаў скандал, які доўга трэ было замазваць ды зносіць.

Музыка. З матэрыяльнага боку школа была добра абстаўлена, дзеля чаго мела вучыцеля музыкі, аркестар, клясы ручное працы. Музыкаю займалася невялікая група хлапцоў на духавым струманце й скрыпках. Вучыцель музыкі Ўладзімер Кац.

Ручная праца. Клясы ручное працы былі добра абстаўлены, складаліся з аддзелаў: сталярнага, па мэталу, па кардону. За выключэньнем малодшых аддзелаў, усе вучні абавязкова мусілі працаваць у пэўныя гадзіны па сваім абедзе ў тым ці іншым аддзеле, залежна ад узросту. Вучыцялёў ручное працы было двух: па мэталу — Валерыян Вайцяхоўскі, ён жа й пісар школы, скончыўшы Тэхнічнае жалезнадарожнае вучылішча, па дрэву й кардону — Аляксандар Грышчанка, скончыўшы Гарадзенскае вучылішча, Пэдагагічныя курсы й курсы «Ручной працы».

Ваенны строй. «Пацешныя». Здаецца, у 1912 годзе па ўсёй Расеі ў школы сталі ўводзіць «ваенны строй» — «пацешныя», як прадчуваючы неўнікнёную наступаючую вайну. Жалезнадарожныя школы, у тым ліку й нашая, дзе не было ніякіх перашкод з боку матэрыяльнага, чуць ня ў першай лініі ішлі ў гэтым сэнсе. Былі ўзяты інструктары ў нашу школу аж два з адпаведнай падгатоўкаю, больш выдзелена гадзін на заняткі строем, уведзены некаторыя цырымоніі ў самой школе, як, прыкладам, каманда дзяжурнага «ўстаць», як уваходзіць у клясу вучыцель, даклад вучыцелю аб колькасьці вучняў ды што магло прыключыцца ў часе перамены. У табэльныя дні ды іншыя афіцыяльныя сьвяты адбываліся парады на гарадзкой плошчы пацешнымі з розных школаў. Для ўсіх былі мадэлі драўляных вінтовак. На лета пацешныя зь Лібава-Роменскіх школаў зьяжджаліся ў Менск у лягеры на некалькі тыдняў. Адным словам, ваеннаму строю й пацешным шмат удзялялася й часу, і ўвагі, і сродкаў. Хлапцом гэта, зразумела, падабалася, яны стараліся, і агульнае ўражаньне, прынамсі, унешняе, было ня згоршае.

Інструктар пацешных. Інструктарам пацешных на ўсю Лібава-Роменскую дарогу быў назначаны якісь ахвіцэр зь якойсь вайсковай часьці, кватэраваўшай у Менску.

Калегі мае. Шмат было калегаў з мужской і жэнскай школ. Дзякуючы маёй даверчывасьці, ужыўчывасьці, агульнай веры ў чалавека ад самага пачатку аж да выезду з Гомелю ў мяне з усімі захаваліся прыяцельскія адносіны. Найбліжэйшым быў для мяне калега Міша Любецкі, які разам са мною вучыўся і ў пачаткавай школе, і ў сэмінарыі. Гэта як выключэньне з усіх калегаў. Затым быў блізкі яго дзядзька Канстанцін Любецкі, затым у вельмі добрых таварыскіх адносінах былі пажылы вучыцель Іван Бакіш — сымпатыя Мішы Любецкага, Алёна Каўроўская (пазьней Піянткоўская) мне вельмі падабалася як жанчына, зь ёю мы дружылі, нягледзячы на тое, што ў яе быў жаніх, які ведаў аб гэтай дружбе. Яна была маладая прыгожая жанчына, я ёй шмат памагаў у працы. Яна цаніла мае адносіны ды таксама шчыра да мяне адносілася.

Падабалася яшчэ вучыцелька Алёна Шкеціна, але была нейкая нелюдзімая, што шкодзіла збліжэньню. Рэшта для мяне былі больш-менш безразьлічныя, але зусім добрыя адносіны.

Провады. Насколькі былі шчырыя і таварыскія адносіны ўсіх калегаў, сьведчыць той факт, што калі я вырашыў вучыцца далей у вучыцельскім інстытуце пасьля пяцігадовай працы, то яны — калегі — наладзілі малебен у вучыцельскай ды прэзэнтавалі мне шыкарны мрамарны пісьменны прыбор, каштаваўшы тады 25 рублёў. Гэта была для мяне дарагая штука, як памятка аб спаўпрацы й таварыскіх адносінах маіх калегаў.

Вячэра. У падзяку й на разьвітаньне я частаваў дарагіх калегаў вячэраю, якая працягнулася далёка за поўнач у сымпатычным каляжанскім настроі.

Абяцаньне. Такія цёплыя адносіны калегаў змусілі мяне рашыць загадзя і даць слова вярнуцца па сканчэньні інстытуту, што я й прабаваў рабіць у 1917 годзе, але рэвалюцыйныя разрухі ды пасьля нямецкая акупацыя перашкодзіла гэтаму.

Знаёмыя. Хоць агулам знаёмых было і шмат, але на асаблівую ўвагу заслугуюць нямногія. У той час вучыцельства пачатковых школаў не залічалася да вышшага грамадзянства ў павятовым ці губэрнскім горадзе. Так што ў нас было сваё грамадзянства, амаль цалкам складаўшаеся з вучыцялёў і вучыцелек ды іх сямействаў. Прыемныя для мяне сямействы, дзе я часта бываў ды чуўся як належыць, наступныя.

Каўроўскія. Сям’я каляжанкі Алёны Каўроўскай — яе сымпатычная, хоць бедная хворая матка Лідзія Афанасьеўна ды прыгожая сястра Маруся. У іх я з год быў на кватэры. Вельмі добра чуўся ў маральным сэнсе ў гэтым сымпатычным сямействе. Маруся часта дастаўляла мне прыемнае, надзяваючы на сябе «матылэ». Ёй, стройнай дзяўчыне, вельмі ішло. Амаль заўсёды ў іх бываў, як жаніх Алёны, студэнт сымпатычны Аляксандар Піянткоўскі. Пасьля ён жаніўся зь ёю, ды жылі ўжо ў ягоным доме. У іх быў брат мастак, які ўсю кватэру ўвешаў сваімі малюнкамі. Але ён няўдачнік, якісь алькаголік ды фізычна нядошлы.

Маскавенкі. Другое найсымпатычнейшае сямейства, дзе я таксама быў на кватэры нешта 2,5 гады — гэта ўдава-генэральша мадам Маскавенка з дочкамі Вераю, Кацяю ды ўнучкамі Лідаю й Наталі. Вера была вучыцелькаю 2-х клясавай царк.-прыходзкае школы, вельмі любіла музыку, на раялі часта грала, скончыла музыкальную школу. Жылі яны заможна, мелі шыкарную кватэру зь вялікаю заляю, адлічаліся гасьцепрыемствам і хлебасольствам. Гэта сапраўды быў дом, дзе можна было маральна аддыхнуць. Матка іх трымалася якась абасаблена. Верачка. Верачка, як яе называлі ўсе па сымпатыі да яе, была маладзец, хоць пакрыўджана нашчот хараства прыродаю. Але яе духоўныя якасьці проста зьзялі, як вясеньняе сонца. Яна выкладала матэматыку й любіла гэты прадмет. Вельмі любіла Вера тэатар і канцэрты. Я ёй складаў кампанію на гэтыя забавы. Пасьля майго ад’езду яна выйшла замуж за нейкага студэнта Гюнтэра. Ня ведаю, ці яна шчасьліва ад гэтага замужаства, ці не. У каждым разе гэта сьветлая асоба заслугуе на лёсе добрае, ды ад душы ёй жадаю посьпеха ў далейшым жыцьці.

Каця. Каця — старэйшая за Веру, прадстаўляе процілежнасьць Веры ў некаторых адносінах. Перш за ўсё яе характар быў жорсткі, страпцівы; яна была прыгажэйшая за Веру; да раяля навет і не падыходзіла — ніколі на ім навет і ня дрэнкала; таксама любіла тэатар; была добрая гаспадыня: яе фабрыкацыі пірагі з рысам, яблыкамі ды мясам усім знаёмым былі добра ведамы. Бедная Каця захварэла ды ад нейкага кашлю раптоўна й памерла. Вечная ёй памяць! Гэта была, як кажуць, дзяўчына «бой».

Ліда й Ната Касуновіч. Лідачка й Ната — іх пляменьніцы-гімназісткі, тады ў старэйшых клясах гімназіі, у характары падзяліліся: Лідачка — копія Веры, а Ната — копія Каці. У годзе майго выезду Лідачка ўжо скончыла гімназію ды выйшла замуж за майго калегу вучыцеля Грышчанку. У 1916 годзе яны ўжо мелі сына Бору.

Беневаленскія. З жэнскай жалезнадарожнай школы добрыя знаёмыя былі пажылая дама ўдава Кацярына Фірсаўна Беневаленская і яе дачка, тады быўшая курсістка Бястужэўскіх матэматычных курсаў у Петраградзе. Гэта быў сапраўды інтэлігентны й сымпатычны куточак, дзе я таксама адпачываў маральна й свабодна дыхаў. Прыгожая разьвітая дзяўчына Вера ў адзін час навет моцна падабалася, ды мы адзін год вельмі рана зь ёю страчалі вясну, нешта аж зь лютага месяца, амаль штодзень у сумеркі хадзілі на прагулку па высокім месцы ўздоўж жалезнадарожнай лініі да самага маста праз раку Сож. Памятаюцца гэтыя месячныя вечары зь лёгкім туманам ад выпарэньняў. Кажды раз застанаўляліся на мосьціку аднымі пад гучыстымі вербамі. У доме іх быў раяль, ды Вера грала на ім, але ня так, як Вера Маскавенка. Вера была абшчыцельная, любіла прагулкі й пікнікі, зьбірала цяжкую на паймо публіку. Маёўка. Адзін раз яна мяне падвяла. Запрасіла на прагулку на лодцы па Сажы дзьвёх сваіх знаёмых дам, матку, а з мужчын толькі мяне аднаго. Дзень быў сонечны, жаркі. Трэ было проціў цячэньня падняцца нешта ад 3 вярсты да адложыстага берагу, дзе ў Сож уліваецца яе прыток Іпуць. Вёсламі працавалі толькі яна ды я: калі яна кіравала, то я пхаў лодку, і наадварот. Мы зь ёю страшна замучыліся, усе далоні былі ў мазалёх. Колькі з нас вылілася поту?! Мы былі чырвоныя як ракі. Доўга нам памяталася гэтая прагулка! Наагул Вера была энэргічная дзяўчына. Па сканчэньні курсаў яна выйшла замуж за прысяжнага Максімава, які штось адзін год працаваў у нашай школе ды выехаў аж у Данскую ці Кубанскую вобласьць у Армавір. Вера з маткаю любілі поўдзень, штолета выяжджалі ў Сочы на Закаўказьзе на самым беразе Чорнага мора.

Толькі прыемныя ўспаміны асталіся ад слаўных Беневаленскіх.

Сымпатычная Груня. У апошні год перад выездам з Гомелю, гэта значыць у 1912-ты, я пазнаёміўся тады яшчэ з гімназісткаю 8-й клясы Груняю Кашура. Гэта прыгожая дзяўчына з аграмаднымі блакітнымі вачыма зьвярнула на сябе маю ўвагу. Яна была падругаю Ліды Касуновіч, якая мяне й пазнаёміла зь ёю. Мне ў Груні яшчэ падабалася дзявочая скромнасьць як гімназісткі. Здалёк пачаліся ўхажваньні. Я бываў у іх доме. Сямейства іх вялікае: браты й сёстры вучыліся яшчэ таксама ў сярэдніх школах.

Рожы. У 1913 годзе яна канчала гімназію, вельмі баялася, а я яе супакойваў, насіў ёй букеты рожаў, якія ў сваю чаргу дарыла мне ўжо будучы дамаю Алёна Піянткоўская (з Каўроўскіх). Рожы падтрымлівалі яе настрой. Гэта была вельмі прыемная для мяне вясна. Мне яна падабалася штораз больш.

Перапіска. Па сканчэньні гімназіі яна дастала месца вучыцелькі ў Рачыцкіне ў в. Рудня. Я ў гэтым жа 1913 годзе выехаў з Гомелю ў Магілёўскі інстытут. Цэлы год ішла ажыўленая перапіска між намі. Я зь ёй адной з гомельскіх знаёмых перапісваўся. На другі год працы яе ў школе бацькі яе «выдалі амаль насільна замуж» за якогась пажылога, але багатага, з хутарам, суседа яе бацькоў, таксама жывучых на хутары. Перапіска абарвалася. Пазьней я чуў, што яна вельмі незадаволена сваім замуствам. Так бедная маладая дзяўчына, не пабачыўшы сьвету й жыцьця, упрэглася ў сужыцьце з пажылым, неадпаведным ёй чалавекам. Я яе вельмі шкадаваў, што зь ёю так сталася. На жаль, пасьля яе замуства не давялося й пабачыцца.

Таварыства. Таварыства было аграмаднае. Яно складалася пераважна з вучыцялёў і вучыцелек жалезнадарожных школаў мужской і жэнскай Лібава-Ром. дарогі, з школы жалезнадарожнай Палескай дарогі і 2-кляснай жэнскай Праабражэнскай царк.-прых. школы. Але агулам неяк яно ня клеілася. Ні сходаў дзелавых, ні агульных прагулак не рабілася.

Маёўкі. У працягу майго пабыту ў Гомелі толькі лічаныя разы ўдалося невялічкаю групаю выехаць на маёўку на Мельнікаў Луг уверх па Сажы на лодках на 3 вярсты.

Ініцыятарам падобных прагулак была група з Аляксандра Грышчанкі, Канстанціна Разяновіча, Івана Баніта, мяне, Ганны Знаменскай, Алены Каўроўскай. Ды фактычных вучасьнікаў да гэтае групы далучалася яшчэ нямнога.

Настроі. Трэба наагул адзначыць, што тагачаснае вучыцельства пачатковых школ насіла цяжкую пячатку апатыі, недавольства сваім палажэньнем грамадзкім, матэрыяльным, кажды прыглядаўся куды б толькі ўцячы, каб больш атрымоўваць пэнсіі. Ды сапраўды, палажэньне іх было жалкае, прыніжанае, заядала нястача; сямейным проста жыцьця не было: трэ было дарабляць яшчэ прыватнымі «грашовымі» лекцыямі пасьля сваёй цяжкае працы.

Частыя зьмены. Гэтае незадавольства было прычынаю таго, што вучыцелі мяняліся, як у калейдаскопе: пабудзе год, два, тры ды выходзіць; толькі нямногія падоўгу заседжваліся на адным месцы. Штогод мяняліся вучыцелі ў нашай школе. Зразумела, што гэта дрэнна адбівалася на справе школьнай.

Плата. Пэнсіі ў месяц атрымлівалі прыблізна 40 рублёў. Эмэрытурай не былі забясьпечаны. Вось кажды й стараўся знайсьці сабе лепшы выхад.

Прывілеі. Адно, што вабіла вучыцялёў да жалезнадарожных школаў — гэта дармавыя білеты на праезд па казённых жал. дарогах хоць па ўсёй Расеі: чатыры білеты ў год па сваёй дарозе туды й абратна і па чужых дарогах. Даваліся білеты й сям’і.

Невыкарыстаньне. Але й гэтыя білеты не выкарыстоўваліся вучыцелямі дзеля браку грошай і неарганізаванасьці. Ня ладзіліся навет навуковыя экскурсіі. Так і марнаваліся дармавыя білеты. А можна было б шырока іх выкарыстоўваць.

Мая грамадзкая праца. Наагул, грамадзянства таго часу не магло пахваліцца грамадзкаю працаю навет дзеля незалежных ад яго самога прычын. Грамадзкая праца й арганізацыі абыходзіліся з боязьні, каб не распаўсюджвалася «крамола», якой улада вельмі баялася ды ў кожнай арганізацыі грамадзкай нахілена была бачыць праявы гэтай крамолы, небясьпечнай для ўлады. Грамадзкая праца агранічвалася часовымі патрэбамі, як, прыкладам, збор ахвяраў на галадаючыя губэрні.

Дабрадзейная. Я заўсягды, як і наагул вучыцельства, браў жывы ўдзел у зборы на галадаючых ды штогод на змаганьне з тубэркулёзам; гэтыя зборы тады былі навіною, так што абстаўляліся вельмі дэкаратыўна і ўрачыста.

Культурна-навуковая. У гады маёй бытнасьці ў Гомелі залажылася «Пэдагагічнае вобчаства», якое досыць энэргічна распачынала сваю працу. Я быў сябрам гэтага культурна-навуковага вобчаства. Удзел у ім для вучыцялёў вельмі быў карысны ды я выкарыстоўваў зь яго. Вобчаства складалася зь некалькіх сэкцыяў, так што кожны пэдагог мог заўсягды знайсьці сабе адпаведную працу.

Самаадукацыя. Мая адукацыя вучыцельскай сэмінарыі і палажэньне вучыцеля пачатковай школы мяне не задавальнялі.Незадаволенасьць. Гэтая «адшыбленасьць» вучыцеля пачатковай школы асабліва адчувалася ў горадзе, дзе ёсьць сярэднія школы. Вучыцелі пачатковых школаў былі як бы ніжшае пароды. Ад іх адхрышчваліся й вучыцелі сярэдніх школаў, і «вышшае грамадзянства». Сваёй вучыцельскай арганізацыі мы ня мелі, маральнай падмогі і імпульсу да крытычных адносінаў ніадкуль не было. Шуканьне выхаду. Вось гэтыя акалічнасьці й сталі мяне варушыць з коснасьці, будзіць да шуканьня выхаду. Шырокага размаху, зразумела, не магло быць дзеля браку сродкаў ды, апроч таго, я мусіў даваць адукацыю малодшых братам і сястры. На мне ляжаў гэты абавязак. Дзеля гэтага й выбіралася найбольш адпавядаючая гэтым акалічнасьцям дарога. Трэ было й вучыць, зарабляючы грошы, і самаму гатавацца да перамены на лепшае. Найкарацейшы шлях да гэтае мэты — гэта здаць экзамэн на «дамашняга вучыцеля», права якога давала магчымасьць працаваць у тагачасных «гарадзкіх вучылішчах», дзе вучыцелі ўжо былі забясьпечаны добра матэрыяльна, эмэрытурай і «чынамі».

Экзамэны. Для скончыўшых сэмінарыі экзамэн на гэтае званьне быў скарочаны: толькі з таго прадмету, які выбіраеш спэцыяльнасьцяю, экзамэн пісьменны, «калёквіюм» і даць практычныя лекцыі. Я выбраў прадметы — рускую мову і геаграфію; рускую мову — таму што лепш яе ведаў, бо выкладаў у школе, а геаграфію — таму што гэты прадмет мне больш падабаецца.

Тэмы. Напрадвесьні ў 1912 годзе трымаў экзамэны пры гомельскай гімназіі. З гісторыі расейскай літаратуры была тэма «Отличие элегий Лермонтова от элегий Пушкина»; з мовы «Сынтаксычнае значэньне местаіменіяў». З геаграфіі агульнай — «Происхождение островов» і з геаграфіі Расеі «Значение русских рек».

Непаразуменьне. З тэмай з расейскае літаратуры выйшла непаразуменьне. Я памыліўся ды ўзяў тэму шырэйшую: «Отличие лирики Лермонтова от лирики Пушкина». Але гэтая памылка добрым экзамэнатарам вучыцелем Язэпам Бабарыніным не была кепска істалкована ды не пацягнула для мяне непрыемнасьці, бо гэта тэма труднейшая.

Практычныя лекцыі. Пісьменныя экзамэны былі зданы, «калёквіюмы» таксама, Zтрэ было даць практычныя лекцыі ў гімназіі. З расейскае мовы даваў лекцыі ў 2-й клясе на тэму — «сложносочинённые предложения», а з геаграфіі ў 4-й клясе на тэму аб Бэльгіі. Лекцыі прайшлі ўдала. Такім чынам я вытрымаў усе задуманыя экзамэны.

Шуканьне месца-пасады. Пасьля экзамэну я стаў шукаць ужо пасады ў Вышэйшых пачатковых школах. Дзеля гэтага езьдзіў і ў Віленскі Округ Навуковы, і ў Менскую Дырэкцыю народных вучылішч, таксама паслаў заявы ў Рыскі і Варшаўскі Навуковы округ. Але месца нідзе не дастаў.

Агранічэньне правоў. Акурат у той час рэфармаваліся гарадзкія вучылішчы ў вышэйшыя пачатковыя школы, у якіх перавагу давалі сконшчыўшым Вучыцельскія інстытуты ды навет рэдукавалі вучыцялёў зь іншымі меншымі правамі, у тым ліку й «дамашніх вучыцялёў», званьне якога я здабыў. Адначасна ўводзіліся новыя штаты, у якіх вучыцелі Выш. пач. шк. матэрыяльна добра забясьпечваліся.

Новы плян. Такім чынам, дзякуючы апошнім зьменам у вышэйшых пач. школах мой плян рухнуў. Трэ было шукаць іншай дарогі для паляпшэньня свайго быту.

Вастрогаўскія курсы. Яшчэ ў 1910 годзе ў мяне была думка, ці не пайсьці ў папы, якія матэрыяльна добра былі забясьпечаны. Тады гэтага званьня навет лёгка можна было дабіцца. У Маскве былі адкрыты спэцыяльныя багаслоўскія курсы пад кіраўніцтвам якогась Макара Вастрогава. Адно толькі мяне ўтрымала ад гэтых курсаў, што па сканчэньні перасылалі ў Сібір, куды я не хацеў тады ехаць.

Уплыў старшага Любецкага. Старшы вучыцель гомельскай школы К. Любецкі не даваў пакою і свайму пляменьніку, і яго таварышу — мне. Ён усё пілаваў нас, каб мы паступалі ў вучыцельскі інстытут. У 1912 годзе яго пляменьнік Міша Любецкі такі паступіў у Віленскі Інстытут.

Падгатоўка ў інстытут. Пасьля ўсяго гэтага заставалася і мне ісьці ў інстытут. У працягу школьнага году 1912—1913 я заняўся падгатоўкай.

Паступленьне ў інстытут маскоўскі. Правінцыяльныя інстытуты мяне ня вабілі, цягнула мяне ў сталічныя гарады. Лепш тады была пастаўлена справа ў Маскоўскім інстытуце. Туды я й паехаў на экзамэны ўвосень 1913 году. Конкурс быў калясальны: зьяжджаліся вучыцелі з усей Расеі.

Трудныя экзамэны. Экзамэны былі вельмі цяжкія, асабліва з матэматыкі. Пісьменная задача была вельмі замыславатая, шмат дзеяньняў з самымі невялікімі чысламі, так што калі знаць плян задачы, то можна яе рашыць вусна. Правал. Час на экзамэны быў агранічаны. Я задачы ня кончыў ды атрымаў незадавальняючую адзнаку. Але да далейшых экзамэнаў быў дапушчаны. У выніку ў конкурс я не папаў ды благапалучна вярнуўся дахаты.

Паступленьне ў Магілёўскі інстытут. У верасьні таго ж 1913-га адкрываўся Вучыцельскі Інстытут у Магілёве. Я паехаў туды, вытрымаў экзамэн ды быў прыняты як стыпэндыянт. А 1 кастрычніка разьвітаўся з Гомелем ды пераехаў у Магілёў, дзе правучыўся тры гады — аж да 1916 году.

Новая дарога. Пакуль што ступіў на дарогу для дасягненьня лепшага будучага. Гэты момант задавольваў яшчэ й тым, ды ашчаднасьці ў жалезнадарожнай касе давалі магчымасьць плаціць за навуку брата Вінціка.

Заключэньне аб гомельскім пэрыядзе. Ітак, гомельскі пэрыяд майго жыцьця і працы пачаўся 12 лістапада 1908 году, а закончыўся 1 кастрычніка 1913 году, значыць, цягнуўся аж 5 гадоў. Гэты пэрыяд служыў для мяне пераходным пунктам, хоць і цягнуўся досыць доўга. У гэты час я шукаў сабе дарогі; прабаваў ісьці па аднэй — не ўдалося, пайшоў па другой. У навучальным сэнсе ён мне мала даў, затое ў маральным даў шмат. Я пазнаёміўся з гарадзкім жыцьцём, яго грамадзянствам, з харошымі калегамі, тут я пачаў грамадзкую працу ды пачуў і пазнаў яе смак. Гэты пэрыяд даў мне такіх знаёмых, аб якіх добрыя ўспаміны засталіся глыбока ў маёй душы, якімі пасьля аж да апошніх дзён я падмацоўваўся ў цяжкія мінуты неспакойнага жыцьця. Дзякуючы гэтаму пэрыяду я не завяў у глухой вёсцы, як гэта здараецца з нашым братам, а наадварот, я папоўніў свае веды, расшырыў кругазор сьветагляду, ды сфармаваліся асноўныя рысы майго характару.

Прыкрасьцяў, вялікіх няўдачаў, промахаў, цяжкіх перажываньняў у гэты пэрыяд я ня меў, што мо ў значнай меры паспрыяла ва ўзгадаваньні майго аптымістычнага пагляду, веры ў людзей.

З найвялікшаю ахвотаю вярнуўся б у Гомель на працу, але, на жаль, па-першае, аддзяляюць мяне ад яго краты жалезныя, па-другое, няшчасная граніца.

Ды сам па сабе горад Гомель, насколькі я ведаю гарады нашага краю, ёсьць адзін зь лепшых гарадоў і бальшых. Яго палажэньне на высокім берагу параходнай ракі Сажа і на скрыжаваньні дзьвёх дарог гавора само за сябе. А яго ўнешні выгляд з жывым кіпучым жыцьцём каля 100-тысячнага (ці цяпер мо больш) насяленьня цягне сільна таго, хто яго ўжо ведае.

Няхай жыве Гомель!

Няхай жывуць слаўныя гамяльчане. Цяпер ён на палажэньні губэрнскага гораду. Не магу яшчэ не дадаць аб тым, чым ня ўсякі губэрнскі горад можа пахваліцца: 1) мае добра расплянаваны і збудаваны трэк з адкрытаю сцэнаю і летнім тэатрам; 2) у сяродку гораду пры галоўнай вуліцы агромністы парк зь цяністымі дрэвамі, фантанамі, рэстарацыяй і інш.; 3) хоць невялікі сквэрык на высокім выступе над ракою зь летнім тэатрам; цудоўны, устроены на манер сталічных парк пры замку князя Паскевіча-Эрыванскага. Брак толькі тады было зімняга тэатру, а летніх аж два тэатры.

 

Аўтар: Язэп Шнаркевіч – пэдагог, палітычны дзяяч.