Яўсей Майсеенка. Чарэшня

0
350
Яўсей Майсеенка — Чарэшня / Евсей Моисеенко
Яўсей Майсеенка — Чарэшня

Пасярод XX ст., калі за плячыма засталіся рэвалюцыі і войны, калі жыццё ўвабралася ў сваю будзённую каляіну, калі вырасла новае пакаленне, што ўжо не зведала таго, што выпала на долю старэйшых, калі на несувымерных абсягах шостай часткі свету кіпелі гіганцкія будоўлі, калі здавалася, што перамога ладу ўсеагульнай роўнасці дабрабыту ўжо амаль настала, у паветры адчулася вострая туга па… рамантыцы. Сярод лапідарных мікрараёнаў, узведзеных індустрыяльным метадам, сярод мінімалізму тагачаснага дызайну і “суровага стылю” ў мастацтве людзям хацелася нечага ўзвышанага, рамантычнага, ізноў …рэвалюцыйнага. Гэтая тэма, цалкам легальная, афіцыйна запатрабаваная, давала магчымасць стварыць у яе нетрах выключна мажорныя, дэкаратыўныя кампазіцыі, Узнёслая ідэалізацыя далёкіх падзей Грамадзянскай вайны не вымагала абцяжарання грувасткім дакументальным наратывам, як гэта было з тэмамі пра Другую сусветную вайну. I гэта было адхланнем для многіх творцаў: выяўляць скачучых коней, вершнікаў-маладзёнаў у папахах. Нароўні са спартыўна-эратычнымі творамі, рэвалюцыйная рамантыка была надзвычай папулярнаю ў савецкім тагачасным мастацтве.

Гэтую тугу па ўжо далёкаму, ідэалізаванаму мінуламу часоў Грамадзянскай вайны, як ніхто, адчуў мастак-беларус Яўсей Майсеенка. Для гэтага надалася адметная манера мастака. Для творчасці Майсеенкі характэрная выразная экспрэсіўная графічнасць, вольны шырокі жывапіс, выключнае кампазіцыйнае майстэрства, дзвонкія, ззяючай чысціні колеры.

Яўсей Майсеенка нарадзіўся не ў малюткім і не ў вялікім, а ў класічным беларускім мястэчку Уваравічы, што ў Пасожжы на Гомелыычыне. Тут, сярод сваёй шматлікай вясковай радні, і выгадаваўся, пасталеў, сюды вяртаўся пасля штогод. Родным краям ён прысвяціў нямала сваіх палотнаў і велізарную колькасць графічных твораў. Нешта пэўна ёсць у тых Уваравічах, калі, нарадзіўшыся тут, можна стаць такім мастаком, які насуперак часу, эпосе, абставінам захавае дзіцячую чысціню ў сваім бачанні свету. Ці вялікім візіянёрам, захопленым сваімі фантазіямі апавядалынчыкам. “Я не памятаю, калі пачаў маляваць. Больш памятаю дзяцінства, ноч; мы, хлапчукі, зусім адны, зухава гайсаем на конях. Раптам маланкі — першая навальніца… Спалохана спяшаемся, накрываемся старымі кажухамі… Прайшоў дождж, і адкрылася бяздоннае зорнае неба дзівоснай прыгажосці” [1, с. 4-6], — надыктоўваў свае ўспаміны Майсеенка. Але самыя яркія, паводле самога мастака, ягоныя ўспаміны былі звязаныя з любімым дзедам — старым селянінам- беларусам Парфірыем, які яму ўсё чыста распавядаў, што робіцца ў свеце… Свет, што бачыць мастак, складаецца часам з самых ранніх, самых яркіх жыццёвых уражанняў. I пакідаюць такі глыбокі, хвалюючы след у свядомасці, што надоўга становяцца крыніцай натхнення. Бадай, гэта ад дзеда Парфірыя Навумавіча слынны жывапісец атрымаў у спадчыну буйную фантазію. Яўсей Майсеенка нібы ўзгадваў, што нават бачыў сам на ўласныя вочы і нейкіх чырвоных кавалерыстаў у будзёнаўках, і кумачовы іхні сцяг: “Быццам прамень з нязнанага вольнага свету, уварваліся яны ў нашыя даволі глухія мясціны, вястуючы пра пачатак новага жыцця”. [1, с. 4-6] Немаведама, якія кавалерысты ўрываліся ва Уваравічы і калі, але сам мастак нарадзіўся толькі за год да падзеяў 1917 г. Гэтая магутная сіла фантазіі завяла яго ў свет рамантыкі і пафасу.

Па сканчэнні Уваравіцкай школы Майсеенка выправіўся ў Маскву, дзе скончыў Мастацка-прамысловае вучылішча, аддзяленне роспісу па метале і пап’е-машэ. Вялікі ўплыў на ягоную творчасць здзейсніла грунтоўнае вывучэнне кампазіцыі, што лічылася ў тым вучылішчы адным з вядучых прадметаў. Прытым ужо ў ранніх працах маладога мастака былі відавочнымі лаканічнасць сродкаў мастацкага выяўлення, смелы жывапісны пошук ды моцныя, цэласныя кампаноўкі аб’ектаў. У эскізах роспісаў на пап’е-машэ Майсеенка ўжо тады распрацоўваў сюжэты з гісторыі рэвалюцыі руху, імпэтныя кампазіцыі з коньмі, вясковыя пейзажы. Ён з захапленнем маляваў падчас вучобы конныя статуі Верокіа і Данатэла, Мікеланджэлаўскага Давіда. Тады ж ён прасякнуўся жывапісам Тыцыяна, Рэмбранта, Веранезэ. I гэта наклала адбітак на ўсю ягоную творчасць. Далей Майсеенка скончыў Інстытут пры Акадэміі ў Ленінградзе. Адчуваючы неадольную прагу імкнення да жывапісу, ён сам парабіў копіі з палотнаў Тынтарэта, Хальса, Гварды. Адметны стыль, Майсеенкаў стыль, быў бачны яшчэ да вайны [2, с. 3-8].

Навучанне Яўсея Майсеенкі перапыніла вайна. Ён добраахвотнікам сышоў у апалчэнне, трапіў у палон, дзе да 1945 г. быў у канцлагеры. Пасля вызвалення саюзнымі войскамі сам вярнуўся ў Беларусь. Ізноў папрасіўся ваяваць кавалерыстам. А ў 1947 г. выдатна скончыў навучанне ў Акадэміі, прадставіўшы карціну “Генерал Даватар”, што адразу стала класікай. На дзіва, тэма сапраўднай той вайны, што ён прайшоў сам, яго мала займала ў далейшым. Нават такое славутае ягонае палатно, як “9 мая”, не мае і каліва таго пафасу, гераічнай эпічнасці, што ўласціва ягоным іншым палотнам. Тут мы бачым хутчэй унутраны, беларускі, рэальны, амаль бытавы позірк… Ён шмат піша на вайне палотнау, прысвечаных Беларусі.

Нізка дзіцячых тыпажоў, хлапчукоў, якія ідуць у начное, напісаныя звонкімі, радаснымі фарбамі. Гэта яго сялянскае дзяцінства, распаведзенае трапна і жыццёва. Хоць Яўсея Майсеенку адразу пасля Інстытута прынялі ў Саюз мастакоў, далейшае афіцыйнае прызнанне для колішняга вязня канцлагера было немагчымым. Ягонае становішча рэзка змянілася ў 1950-х гг., пасля смерці Сталіна. З 1956 г., калі Майсеенку ўпершыню абралі ў кіраўніцтва Ленінградскага аддзялення Саюза мастакоў, пачалося яго імклівае ўзыходжанне…

Многія тэматычныя карціны Майсеенкі, напісананыя ў пяцідзясятыя гады, сталі падрыхтоўкаю да яго эпічнага палатна “Першая Конная” (1957 г.), што ў свой час багата рэпрадукавалі. Але там яшчэ не ўсё высветлена, у жывапісным сэнсе. Затое ў 1960-я гг., у гэтак званую “адлігу”, мастак з усім сваім імпэтам, з усім нястрачаным аптымізмам вяртаецца да сваіх рэвалюцыйных юначых фантазіяў. Штогод, і ўжо сталым творцам, вядомым майстрам, Майсеенка наведвае Бацькаўшчыну, перадусім, свае Уваравічы. Беларусь дорыць яму шчодры матэрыял для карцінаў. Гутаркі са сваякамі, землякамі адкрываюць мастаку наноў бакі жыцця, блізкія ягонай творчасці. Ды i сама прырода, зялёны ліст, чырвоны колер далі яму тую палітру, якой ён скарыстаўся напоўніцу. Урэшце, адносна горада над Нявою, беларускае Пасожжа — далёкі Поўдзень! Тут, у Беларусі, нарадзілася і задума аднаго з лепшых твораў Яўсея Майсеенкі — “Чырвоныя прыйшлі” (1961 г.). Гэты твор стаў тагачасным мастакоўскім маніфестам, спадзевам на ачышчэнне, прасвятленне грамадства пасля цемрадзі сталіншчыны. Атрымалася вельмі дэкаратыўная, пазбаўленая штучнага пафасу і рамантычнай прыўзнятасці дынамічная кампазіцыя. Наколькі своечасовым атрымаўся гэты трывожна-дэкаратыўны твор! Гэтае па­латно вазілі па свеце, яно пабывала ў Беларусі, Бразіліі, Польшчы, Нямеччыне, Даніі, Мексіцы. Рэната Гутуза, які наведаў майстэрню Майсеенкі, сказаў аб ім дзіўна дакладную фразу: “Гэта майстар, які заўсёды ведае, як зрабіць тое, чаго ён хоча” [3, с. 10-20].

У 1969 г., у зеніце сваёй славы, Яўсей Майсеенка піша свой сапраўдны шэдэўр — “Чарэшню”. Гэтае палатно стала прыпавесцю пра не адно пакаленне юнацтва, што былі пакладзеныя на алтар ідэяў у XX ст. Гэта вельмі шчыры і хвалюючы аповед пра трывожную маладосць. Аповед пра кароткае імгненне шчасця, што гэткімі калівамі выпадала самому мастаку. Між трывог i стратаў. Паміж баямі сапраўднымі ці ўяўнымі. У суровы мілітарны аповед урываецца пяшчотнае пачуцце. Неспадзявана. Нечакана. Аднекуль узяліся спелыя ласкавыя ягады, нібы з Раю. Маладыя салдаты вольна і лагодна ляглі ў аксамітнай смарагдава-зялёнай траве, між бесклапотных дзьмухаўцоў. З іхняга пагорка відаць мястэчка, мо тое самае, роднае для мастака, што прысела на пагорку. Па-над мястэчкам узышло зыркае сонца, заззяла сваім незямным святлом. А на ўзгорку ўжо чакае баявая тачанка, запрэжаная чацвёркай коней. Яе кулямёт накіраваны ў бок таго шляху, па якім пойдуць зараз салдаты. У нікуды… Кожны з іх заняты сваімі думкамі-летуценнямі. Трывожнае і лірычнае, урачыстае i журботнае знітаваны ў адно тонка і шчыра. Прасторавае рашэнне гэтай карціны ўжо было вынайдзена ў папярэдніх палотнах Майсеенкі. Сілуэты, аб’ёмы, суадносіны аб’ёмаў вельмі дакладныя. Ма­стак супаставіў вялікія і малыя маштабы, знайшоў у іх кантрасты, насыціў дадатковымі сэнсамі, і кампазіцыя прыняла выгляд цэлай планеты. Атрымалася цэлая прыпавесць пра сяброўства, адзінства ваяроў і іх духоўную прыгажосць, пра страшныя эпохі і пяшчоту спраўдзічнага зямнога быцця. Дэталь, чарэшня, сталася сэнсавым ядром усяго расповеду. Чарэшня неспадзеўкі нечаканае з’явілася пластычным стрыжнем, што працінае паасобныя шматлікія выяўленчыя элементы палатна. Жывапісец засяродзіў увагу на першым плане, на зіхотка-зялёным кіліме.

Мастак напісаў некалькі варыянтаў карціны. Над канчатковым працаваў роўна год. А затым у 1970 г. Майсеенку далі званне народнага мастака СССР; у 1974 г. за нізку палотнаў “Гады баявыя” — Ленінскую прэмію; у 1976 г. — ордэн Дружбы народаў.

Біёграф Майсеенкі Галіна Кекушава, выдатная даследчыца ягонай творчасці, гэтак ахарактарызавала ягоны рамантызм: “Рамантычны, узвышаны пачатак, відавочна праглядаецца ў працах Майсеенкі невыпадкова. У іх, вядома ж, знайшла адлюстраванне асоба самога мастака, але ў не меншай ступені — і атмасфера часу, акрыяных, поўных надзей 1960-х гг. з іх высока паднятай паэтычнай хваляю і песеннымі рытмамі. I што б у далейшым ні пісаў мастак — сонечную Эладу, інтэлектуальны Парыж ці блізкую ягонаму сэрцу Іспанію, песенны пачатак прысутнічае ў яго жывапісе якрытм, паэзія — як атмасфера” [1; с. 48]. Вельмі трапна, дадаць няма чаго. Хіба што тое, што напрыканцы жыцця Яўсей Май­сеенка прасякнуўся евангельскім духам і маляваў… Хрыста.

***

Яўсей Майсеенка (28.08.1916 Уваравічы, Буда-Кашалёўскі раён, Беларусь — 29.11.1988, Ленінград) — жывапісец і графік, пе­дагог. Народны мастак СССР (1970), Герой Сацыялістычнай Працы (1986), акадэмік Акадэміі мастацтваў СССР, лаўрэат Ленінскай прэміі (1974), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1983). Скончыў Мастацка-прамысловае вучылішча імя Калініна (1935), Акадэмію мастацтваў у Ленінградзе (1947). Кіруючы майстэрняю ў акадэмічным інстытуце імя Рэпіна, выхаваў некалькі генерацый мастакоў. У Гомелі адкрыта карцінная галерэя імя Я. Майсеенкі.

Крыніцы

  1. Кекушева, Г. Евсей Моисеенко. Живопись / Г. Кекушева. — Москва: Советский художник, 1981.
  2. Кривенко, И. Е.Е. Моисеенко / И. Кривенко. — Ленинград: Ис­кусство, 1960.
  3. Леонова, Н. Евсей Моисеенко / Н. Леонова. — Ленинград: ЛЕ- НИЗДАТ, 1989.


Аўтар: 
Сяргей Харэўскі
Крыніца: Харэўскі С. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі, Рэд. Баразна М. — Вільня: ЕГУ, 2011. Ст. 232-236.