Ястрэбскі (Ястржэмбскі) Мікалай Фёдаравіч (10.7.1808—74) – інжынер, педагог, гісторык навукі і тэхнікі. Нарадзіўся ў Рэчыцкім павеце ў сям’і межавога суддзі. Пачатковае выхаванне і адукацыю атрымаў дома. У 1830 скончыў матэматычны факультэт Віленскага універсітэта. Вырашыўшы прысвяціць сваё жыццё інжынернай дзейнасці, ён паступіў у Пецярбургскі інстытут корпуса інжынераў шляхоў зносін. Па заканчэнні ў 1832 інстытута Я. пакінуты ў ім у якасці рэпетытара, а ў 1837 прызначаны памочнікам прафесара на кафедры будаўніцтва і практычнай механікі. Адначасова ён выкладаў практычную механіку ў Тэхналагічным інстытуце і механіку ў 2-м кадэцкім корпусе, быў актыўным супрацоўнікам «Журнала Главного управления путей сообщения и публичных зданий», у якім змясціў шэраг навуковых артыкулаў і перакладаў. Апублікаваў укладзены ім «Курс практычнай механікі» (т. 1—2, 1837—38), за які быў адзначаны Дзямідаўскай прэміяй. У 1843 Я. прызначаны сакратаром канферэнцыі інстытута шляхоў зносін, памочнікам рэдактара «Журнала… путей сообщения…», а ў 1844 — прафесарам механікі і складання заводскіх праектаў. Пасля 15-гадовай служ-бы пры інстытуце шляхоў зносін Я. прызначаны начальнікам Магілёўскай акругі шляхоў зносін, дзе праслужыў 14 гадоў. За гэты час пад яго кіраўніцтвам была добраўпарадкавана Кіеўская шаша да Магілёва і ад Магілёва да Бабруйска, праведзена шаша ад Магілёва да Доўска, перабудавана Бабруйская плаціна, распрацаваны праекты мастоў цераз Заходнюю Дзвіну ў Віцебску і цераз Дняпро ў Магілёве, у Магілёве пабудаваны паравы млын. Пасяліўшыся канчаткова ў Магілёве, Я. загадваў гэтым млыном. Незадоўга да смерці выдаў новую працу «Галоўныя асновы падвоенай бухгалтэрыі». Быў вялікім аматарам мастацкай літаратуры і гарачым прыхільнікам літаратурнага таленту М.В.Гогаля. Памёр і пахаваны ў Магілёве.
Літаратура
Гусак А.А. Практычная механіка і «Мёртвыя душы»: Мікалай Ястрэбскі. Мн., 1992.
Крыніца: Асветнікі зямлі беларускай: Х — пачатак ХХ ст., Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2001., ст. 490.