Як трубач гомельскага цыркавога аркестра граў з паднябесся «інтэрнацыянал» для Пятра Машэрава

0
1396
Трубач гомель цырк

Словы «савецкі цырк» патыхаюць прыхаванай і дасціпнай кпінай. Смяшнейшае хіба што «Шоу кракадзілаў, прысвечанае юбілею Вялікага Кастрычніка».

Гомельскі абласны цырк, арганізаваны ў 1972 годзе, быў спрэс савецкім: паветраныя эквілібрысты са сцягамі саюзных рэспублік, конныя гімнасты ў будзёнаўках. Нават клоўны — і тыя выкрывалі нядбайных сантэхнікаў і амерыканскіх імперыялістаў. Як і мае быць, увесь тэты цырк суправаджаўся эстрадна-духавым аркестрам. Праца ў эстрадна-духавым лічылася ў лабухаў прэстыжнай: трохгадзінны працоўны дзень, непаганыя зарплаты і нават ведамасная чарга на кватэру.

З кватэры ўсё і пачалося…

Прыходзіць на гомельскі цырк доўгачаканая разнарадка — жылплошча ў новабудоўлі. Чарга даўно сфармаваная і зацверджаная, і, згодна ёй, кватэру мае атрымаць трубач: саліст, спецыяліст, камуналка, двое дзетак, палітычна пісьменны, ніводнага залёту па п’янках. Дый у кватэрным спісе ён ужо гадоў сем як пад першым нумарам, так што ўсё справядліва.

Трубач на радасцях прастаўляецца ўсяму аркестру. Ягоная жонка закупляе гарэлку на ўваходзіны. Дзеткі гуляюцца з лялькамі ў «пераезд на но­вую кватэру». Суседзі па камуналцы распачынаюць класічную зваду, каму з іх засяляцца на вызваленыя метры.

І тут уся тэта эйфарыя перапыняецца запрашэннем шчасліўца ў месткам. Прафарг, хаваючы вочы, абвяшчае афіцыйна-спагадліва: новую кватэ­ру давядзецца крыху пачакаць. Музыка з разумен­нем удакладняе: што, гарвыканкам яшчэ ордэр не выпісаў? Ды не, кажа прафарг, выпісаў, толькі не табе. Лабух прачышчае пальцам адно вуха, другое, потым сінхранізуе працэс і няўцямліва лыпае вачыма: у сэнсе? А ў тым сэнсе, адказвае прафарг, што наверсе вырашылі перагуляць — знайшлася куды больш годная кандыдатура. Наташу з балетнай трупы ведаеш, цыркавога камсарга? Вось яна ордэр і атрымала. Ды разумею, разумею, што толькі паўтары гады тут працуе. А ведаеш, хто яе харыць? Як тэта «не», калі ўвесь цырк толькі пра тэта і гаворыць?! Вось яе хахаль з абкама і пастараўся.

Трубач паволі асэнсоўвае пачутае і разгублена шчоўкае дзюбай, бы той цыркавы пінгвін, якога здзекліва пацвялілі заслужанай рыбкай. Ягоная крэўная кватэра — і каму? Камсамольскай давалцы, каб яна там перад зажэртым абкамаўскім кныром ногі задзірала!

Музыка паволі спаўзае з фатэля, сарамліва грукае каленямі ў паркет і прамаўляе ўмольным паўшэптам:

— Майце ж сумленне… усё жыццё ў камуналцы! Адзін пакой на чатырох, і той фіранкай перагароджаны! Я ж нават з жонкай памілавацца не магу — то дзеткі ў вайнушку гуляюць, то алкашня за сценкай раве! Мне што — у пятлю цяпер?

Прафарг мітусіцца з валідолам — яшчэ інфаркту ў гэтага пакрыўджанага яму не ставала! Усё наладзіцца, квохча ён, наступная кватэра, што на наш цырк прыйдзе, — дакладна твая. Трубач глынае пякучыя слёзы: дык што, яшчэ цэлых сем гадоў чакаць?! А дзе гарантыя, што тую жылплошчу не аддадуць якому клоўну, вернаму ленінцу і каханку рэферэнткі абкама? Та-ак, суворае прафарг: ты што, хочаш абскардзіць рашэнне партыі? Савецкая ўлада не падабаецца?

Лабух у абсалютна разбітым стане вяртаецца дахаты. На ранішнюю рэпетыцыю не ідзе, купляе ў знаёмага тэрапеўта бюлетэнь райпаліклінікі, сядае за фіранкай і мэтанакіравана жлукціць скрыню гарэлкі, купленую на ўваходзіны. Жонка трагічна скардзіцца на несправядлівасць суседзям і сустракае суцэльнае іх спачуванне. Дзеткі гуляюць у гестапа, папярэдне навесіўшы на лялек шыльдачкі з надпісамі «прафарг» і «камсарг».

Гарэлка канчаецца, сіняча-чорны музыка праблёўваецца, бярэ душ і спакваля вяртаецца да рэчаіснасці. Арэчаіснасць такая, што хочацца зноўкі запіць, ды ўжо здароўе не дазваляе. Хаблы-суседзі, дэбілы-начальнікі, суботнікі і палітінфармацыі, цырк на дроце і бег па коле, і так — усё жыццё! А ў перспектыве — інфаркт у роднай камуналцы і смерць у бальнічным бараку.

Іншы б злякана падціснуў звыклыя да падсрачнікаў клубы і змірыўся. Не ён першы, не ён апошні, за маё жыта мяне і біта, а праўды ўсё адно не дамагчыся! Але лабух вырашае ісці да канца: савецкі чалавек, пазбаўлены законнай халявы, імгненна ператвараецца ў крыважэрнага хіжака, і ніякія бра­тві Запашныя такога не ўтаймуюць!

Наступным днём трубач запісваецца на прыём у гарвыканкам і ў абкам, піша абураны ліст у «Гомель­скую праўду». Прытым у лісце неабачліва называе прозвішча і камсамольскай давалкі, і абкамаўскага кныра. У гарвыканкаме яму нагадваюць пра распараджэнне абкама, у абкаме чытаюць лекцыю пра ідэйную тоеснасць партыі і камсамола, а ліст з «Гомельскай праўды» адфутбольваецца ў цырк.

Заканчваецца гэта ўсё таварыскім судом, туч­ным і пафасным, як «Parade allez» на адкрыцці сезо­на. Манежныя падхалімы скачуць вакол начальства дрэсіраванымі пудзелямі і імпэтна брэшуць на падсуднага: на ленінскі камсамол плявузгаць?.. сумленных камуністаў брудам абліваць?.. у савецкім цырку такім не месца!..

У выніку праўдашукальніка выганяюць з працы, прытым з такой характарыстыкай, па каторай не возьмуць нават у лагерны аркестр. Банальная камсамольска-партыйная разбэшчанасць і такое ж банальнае махлярства з дармовай жылплошчай пакрысе спрычыняюцца да класічнай сацыяльнай драмы.

Колькі дзён былы цыркавы музыка засяроджана паліць на агульным калідоры і пад вуркатанне камунальнага ўнітаза прыкідае інстанцыі, куды яшчэ можна аднесці сваю крыўду: ЦК КПСС, газета «Правда», «Саюздзяржцырк»… Але ж хто там з ім, антысаветчыкам і паклёпнікам, стане размаўляць?!

I тут сусед па камуналцы, дворнік у Парку культу­ры і адпачынку, выдае службовую таямніцу: заўтра ў Гомелі чакаюць на нейкае высокае начальства з Мінска, можа і на самога таварыша Машэрава. Адкуль вядома? А дырэкцыя загадала транспаранты навесіць, смецце з клумбаў папрыбіраць ды дрэвы белай алейнай фарбай абшмараваць, каб ажно блішчэлі. Вось бы табе, сусед, са сваімі праблемамі да нашага роднага бацькі з беларускага цэ-ка!

Лабух і сам разумее, што тэта шанц. Савецкая ўлада яму не падабаецца, свалоту-начальства ён ненавідзіць люта, і толькі да таварыша Машэрава, найгалаўнейшага кіраўніка ўсёй гэтай свалоты, у пакрыўджанага невытлумачальны сантымент. Прычыны гэтага сантыменту знаходзяцца па-за межамі здаровай чалавечай логікі і сягаюць у плоскасць калектыўнага неўсвядомленага.

Але як патрапіць да Пятра Міронавіча на вочы? Ездзіць родны бацька з цэ-ка на спецлімузіне, вячэрае ў спецрэстаране, спіць у спецгатэлі, і ад родных сыноў ён аддзелены тлустай праслойкай спецахоўнікаў, спецлёкаяў, спецкухараў і спецхалуёў. Гнанага музыку да яго і на гарматны стрэл не падпусцяць!

А сусед-дворнік гундосіць добразычліва: табе ўсё адно няма чаго губляць, так што паспрабуй да Міроныча неяк прарвацца! Ён жа наш, з народа, і за просты люд у яго ажно сэрца шчэміць! Напэўна, і па нашым парку прайсціся захоча, як самы звычайны савецкі чалавек, таму там і марафет наводзяць. Толькі глядзі — усіх наведвальнікаў адтуль загадзя выганяюць, а па перыметры стаўляюць заградатрады мянтоў!..

…Наступным днём двое мудзіл з невыразнымі пысамі дбайна аглядаюць гомельскі Парк культуры і адпачынку. Фармальна рэвізія на прадмет асабістай бяспекі высокага госця, але ж ані амерыканскіх рэйнджараў у гурбах апалага лісця, ані цэрэвушных мікрафонаў на клумбах тут быць не можа. Так што ўся ўвага на пустых пляшках пад лаўкамі і валацужных сабаках у хмызах.

Сонечныя прамяні наскрозь працінаюць напаўабляцелыя алейкі. Бліскучае павуцінне раскрэслівае празрыстыя краявіды. Мудзілы, уздымаючы нагамі лісце колераў сусветнага пажару, мэтанакіравана сунуцца сцежкамі, прыдзірліва заглядаюць у самыя аддаленыя паркавыя куткі. Па хуткім часе абодва ўлоўліваюць дзіўную акустычную вібрацыю з боку Сожа, і гэта вібрацыя імгненна афармляецца ў гус­ты сакавіты гук, які крыху нагадвае параходную сірэну. Мудзілы перазіраюцца, імкліва кідаюцца ў бок набярэжнай і недаверліва ўтаропліваюцца ў прастору, праціраючы вочкі.

Сіняе неба, шэрая рака. Ім паралеліць даўжэзны пешаходны мост з высачэзнымі карункавымі фер­мамі. На версе бліжэйшай — самотны мужчынскі сілуэт, прытым нават здалёк відно, што ў руках верхалаза блішчыць нешта залатое і мудрагелістае. Да снайперскай стрэльбы не падобнае, але ж карцінка абсалютна не ўпісваецца ў краявід, пратакол і свядомасць.

Мудзілы навыперадкі імчаць праз увесь парк да моста, задзіраюць падбароддзі. На самай верхатуры — невядомы мужык з трубой. Пэўна, калі парк напярэдадні машэраўскага візіту перакрывалі, ён на бязлюдным пляжы па той бок ракі хаваўся ў распранальнай кабінцы, таму і не ўгледзелі. Ат жа і пасыплюцца сёння ў некага зоркі з пагонаў!

Першы мудзіла спрактыкавана хапаецца за кабуру. Другі істэрычна цісне кнопку партатыўнай рацыі, дакладае начальству пра гнюсную антысавецкую правакацыю.

І тут з паднябесся знянацку гучыць шляхотны і пругкі гук трубы, і ўжо першыя ноты прымушаюць мудзіл схамянуцца і рэфлекторна выцягнуцца струмка…

Трубач грае «Інтэрнацыянал»!

Слухачы, аднак, нядоўга камянеюць у рытуальных паставах. Па хуткім часе абодва ачомваюцца, тым больш што на мост збягаецца ўсё іх наяўнае ў парку начальства ў цывільным. Нехта працірае оптыку бінокля, нехта спрабуе залезці на ферму, нехта ліхаманкава высвятляе асобу парушальніка.

Пачынаюцца перамовы.

Высокі начальнік складае далонькі рупарам, раве злякана: алё, мужык з дудкай, хто ты такі і халера там робіш? Трубач надзіва роўна дайграе куплет, пасля чаго адрэпетавана адказвае: такі і такі, бязвінна пацярпеў, прашу сустрэчы з першым сакратаром цэ-ка кампартыі Беларусі таварышам Машэравым Пятром Міронавічам. Начальнік абяцае музыку сустрэчу з расстрэльным узводам. Тру­бач са сваёй верхатуры абурана перапыняе: як, за публічнае выкананне «Інтэрнацыянала» расстрэлам палохаць? А калі пра тэта варожыя «галасы» дазнаюцца? Дый не толькі варожыя, але і з краін сацыялістычнай садружнасці… што скажуць пра гомельскі абкам?!

Знізу гучыць няўпэўненае: зараз псіхбрыгаду выклічам! Вільготная ўкрутка, дручком па галаве, аміназінам у сраку — і ніякіх праблем! А хрэн вам у вочы, парыруе трубач з паднябесся. Акурат учора быў у псіхдыспансеры, узяў даведку, што абсалютна здаровы.

Высокі начальнік нервова грызе пазногці і тужліва мацюгаецца: усё, падла дысідэнцкая, наперад пралічыў!

Трубач трубіць з паднябесся натхнёна і з выклікам, бы архістратыг Міхаіл перад Вечным судом. Сожаўскі ветрык рашпілем шкрабае распаленыя твары слухачоў, дзьме за каршэні індпашываўскіх пінжакоў восеньскай вільгаццю. Тым часам асоба парушальніка прасвечваецца ідэалагічнымі флюараграфіямі ва ўсіх падрабязнасцях і фарматах: трыццаць восем гадоў, беспартыйны, раней не судзімы, вайсковаабавязаны, адукацыя няскончаная вышэйшая, на акупаванай тэрыторыі не заставаўся, сваякоў за мяжой няма, выгнаны з цыркавога аркестра з воўчым білетам за пасквіль на партыю і камсамол…

Неўзабаве хтось прапануе: а што калі сапраўды даць гэтаму паўдурку кватэру, каб заткнуўся? На дабрадзея шыкаюць з усіх бакоў: ну, зусім з глузду з’ехаў! Ведаеш, якая ў гарвыканкаме чарга на жылплошчу? Назаўтра ўсе гомельскія маеты будуць гронкамі безкватэрных аблепленыя!

Вось і атрымліваецца, што сагнаць парушальніка з верхатуры проста немажліва. А запрасіць таварыша Машэрава для перамоў з ім — і пагатоў!

Высокі начальнік трагічна абхоплівае голаў рукамі і, спатыкаючыся, ідзе прэч. Мудзілы змрочна паляць каля парэнчаў, адбудоўваючы форсмажорныя варыянты пра снайпера і дэсантнікаў.

А трубач зноўку грае «Інтэрнацыянал». Велічныя сакавітыя гукі працінаюць прысутных ажно да дрыжыкаў, міжволі нагадваючы пра светлыя ідэалы рэвалюцыі і сацыяльную справядлівасць… Як не круці, план у гнанага музыкі наіўны і прыўкрасны: не можа быць, каб таварыш Машэраў яго не пачуў, не падышоў і не пацікавіўся!..

А тым часам таварыш Машэраў разам з адказным таварышам драбнейшага калібру нетаропка шпацыруюць восеньскім паркам. Падыходзіць Пётр Міронавіч да аглядальнай пляцоўкі на рачным адхоне, і ў ягоных вачах выяўляецца паблажлівая зацікаўленасць:

— Што там робіць гэты клоўн?

— Выконвае гімн Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, — драўляным языком тлумачыць адказны таварыш з гомельскага абкама.

— А чаму так высока?

— Ён з цырка. Вось і прапагандуе партыйную музыку сродкамі савецкага цыркавога мастацтва! Усё ўзгоднена, Пётр Міронавіч, тамака на нізе ўжо і слухачы сабраліся!

Карацей, у гомельскім абкаме вырашылі скарыстаць прыкрую неспадзяванку на ўласную карысць: маўляў, іхні ноў-хаў, атмасфера кіпучага энтузіязму, з роднай партыяй да новых вышынь, так усё і было задумана!

Галоўны беларускі камуніст намысліваецца, прыдзірліва глядзіць на трубача, адступае на які крок, зноў глядзіць.

— Толькі краявід тут псуе, — гучыць грэблівы начальніцкі вердыкт, і ужо праз якую хвіліну та­варыш Машэраў забываецца і на пачутае, і на пабачанае…

…Чым скончылася тая гісторыя, дакладна невядома. Можа, адважнага музыку падстрэлілі знізу, можа, зваліўся ў раку, можа, змерз на верхатуры і здаўся сам.

Але, хутчэй за ўсё, яго забралі на нябёсы анёлы.

З музамі, якія паўстаюць супраць уладарства свінняў, такое іншым разам здараецца.


Аўтар:
У.I. Ахроменка
Крыніца: Музы і свінні / Уладзіслаў Ахроменка. — Мінск: Ковчег, 2014. — 218 с. Ст. 207-214.