«Як многа гавораць мне родныя назвы…» (даследчая работа пра назвы населеных пунктаў Лоеўскага раёна)

0
1788
Як многа гавораць мне родныя назвы... назвы населеных пунктаў

Уласныя назвы населеных пуктаў нашай краіны — вельмі цікавая тэма. У Беларусі ёсць шмат гарадоў, вёсак, вуліц з незвычайнымі назвамі, кожная з якіх мае сваю цікавую гісторыю ўзнікнення. Але мяне ўразіла тое, што большасць маладых людзей не ведае нават, адкуль пайшла назва іх роднага паселішча. Вынікі апытання навучэнцаў нашага каледжа паказалі, што гісторыю ўзнікнення назвы нашага пасёлка і навакольных вёсак ведае меншасць з навучэнцаў. Таму ў наш час праблема беларускай тапанімікі вельмі актуальная. Уласныя назвы з’яўляюцца неад’емнай часткай гісторыка-культурнай спадчыны любога народа: яны ствараліся на працягу многіх стагоддзяў, а таму змяшчаюць надзвычай багатую інфармацыю пра матэрыяльную і духоўную культуру народа. А калі знікаюць нейкія геаграфічныя найменні, знікае і частка гістарычнай інфармацыі, культурных каштоўнасцяў беларускага народа.

Менавіта па гэтай прычыне прадметам даследавання выбраны назвы населеных пунктаў Лоеўскага раёна.

Мы намагаліся з дапамогай цэласнага аналізу назваў населеных пунктаў даследаваць працэс іх узнікнення і фарміравання, паказаць сувязь тапонімаў з гістарычным мінулым Беларусі, з гаспадарчай і духоўнай дзейнасцю нашага народа, з яго самабытнай мовай і культурай.

Гісторыя ўзнікнення і развіцця Лоеўскага раёна складаная. Ён быў утвораны ў 1926 г. Але ў 1962 г. раён быў рэарганізаваны, яго тэрыторыя перададзена Брагінскаму і Рэчыцкаму раёнам. 1 жніўня 1966 г. Лоеўскі раён быў узноўлены [7].

На сённяшні дзень у склад Лоеўскага раёна ўваходзяць 70 населеных пунктаў.

Дзеля ўстанаўлення паходжання іх назваў мы звярнуліся да шматлікіх і разнастайных крыніц: лінгвістычных, геаграфічных, гістарычных, фальклорных, энцыклапедычных, сучаснай перыёдыкі, вусных сведчанняў мясцовых старажылаў і ўласных назіранняў. У выніку мы прыйшлі да некаторых высноў:

Айконімы (уласныя назвы населеных пунктаў) можна класіфікаваць паводле паходжання:

  1. Назвы, якія характарызуюць асаблівасці навакольнай мясцовасці або яе знешні выгляд, канкрэтныя прыродныя аб’екты: Ліпнякі (навокал расло шмат ліп), Малінаўка (вакол вёскі густой сцяной стаяў лес, у якім было шмат маліны), Страдубка (вакол стаялі высокія старыя дубы), Шчытцы (вёска хнаходзілася на ўзвышаным шчыце), Уборак (каля сасновага бора), Мохаў (знаходзіўся каля балота, на якім расло шмат моху), Ручаёўка (сярод непраходнага лесу быў вялікі ручай, на беразе якога і пачалі будаваць дамы) і інш.
  2. Назвы ўрочышчаў, на месцы якіх ўзніклі вёскі: Астравы, Вулкан, Вышкаў, Добры Рог, Пустая Града, Свірэжа, Тучкі.
  3. Назвы паводле характару забудовы: Дамамеркі (дамы пад мерку), Цясны (цесная забудова).
  4. Утвораныя ад імён заснавальнікаў: Абакумы, Карпаўка, Хамінка (тры браты, якіх звалі Абакум, Карп і Хама, выбралі сабе месца для пасялення), Аўрамаўка, Грамыкі, Грохаў (ад імя памешчыка Гроха, які валодаў гэтай вёскай), Міхалёўка (ад імя лесніка Міхася, які даглядаў за лесам, што рос на месцы вёскі), Лоеў [6, с. 6 — 7], Новая Баршчоўка (надзелы на месцы вёскі куплялі жыхары вёскі Баршчоўка Рэчыцкага раёна), Ястрабка (заснавальнікам вёскі быў беглы салдат-разбойнік па прозвішчы Ястраб), Іванькаў, Ісакавічы, Казіміраўка, Мікалаеўка.
  5. Назвы, якія адлюстроўваюць характар паводзін іх першажыхароў: Арол, Бывалькі (бывалыя людзі), Бодры, Смелы, Удалёўка [8].
  6. Утвораныя ад найменняў відаў гаспадарчай дзейнасці і промыслаў: Дзяражычы (навза ўтварылася ад слоў «дзяржаць» і «жыць»; тут жылі малодшыя дружыннікі Чарнігаўскага князя, быў пост ад набегаў варагаў), Кашовае, Новакузнечная, Рудня-Каменева (жыхары займаліся дабычай руды, залежы якой знаходзіліся ў гэтым месцы), Рудня-Бурыцкая (жыхары займаліся выплаўкай жалеза з балотных руд) і інш.
  7. Звязаныя з рэлігіяй: Папоўка, Райск.
  8. Утвораныя ў перыяд рассялення хутароў і калектывізацыі: Васход, Майск, Марс, Новая Дзярэўня, Пабядзіцель, Прагрэс, Рэкорд, Слава, Пярэдзелка.

Але больш за ўсё мяне зацікавіла гісторыя ўзнікнення паселішча Сяўкі і пахожданне яго назвы. Бо гэта месца, дзе я нарадзілася.

Вёска Сяўкі размешчана на адлегласці 35 кіламетраў на паўднёвы захад ад Лоева на рэчцы Песачанка, якая ўпадае ў пойме Дняпра ў возера Лутаўскае. Мясцовае паданне сведчыць, што заснаваў вёску пан Сева, які пабудаваў на востраве сярод балот хутар і жыў на ім са сваёй сям’ёй. Паступова вакол «хутара Сяўкі» пасяліліся іншыя сяляне, ўтварылася вёска Сяўкі.

Па сведчанню Яўсея Сцяпанавіча Канчара, вёска Сяўкі была ўтворана вольнымі і беглымі сялянамі ў другой палове XV ст. на ўзвышаным Сяўкоўскім востраве сярод плёсавых балот і непралазных лясоў і хмызнякоў. Гэты востраў здаўна быў пад пасевамі. Ад назвы вострава і паходзіць назва вёскі. Па паданні, запісаным Яўсеем Сцяпанавічам, засейваў вёску і доўгі час быў кіраўніком яе абшчыны Ціт Ільічоў. Яшчэ адно паданне сведчыць, што шмат зрабіў у гэтай мясцовасці для ўкаранення хрысціянскай веры, ідэй братэрства і чалавекалюбства хрысціянскі прапаведнік з Візантыі Аляксей Панамарчук, ад якога затым пайшоў пашыраны тут род Панамарчукоў.

Пасля Люблінскай уніі вёска знаходзілася ва ўласнасці князя Збароўскага, затым князя Януша Радзівіла. Ёсць падставы меркаваць, што гэтыя магнаты валодалі Лоеўскім староствам, а Сяўкі былі прыпісаны да яго.

У выніку даследавання мы даведаліся, што на працягу шматлікіх стагоддзяў вёска Сяўкі была ўласнасцю графа Міхаіла Станіслава Юдзіцкага, войта рэчыцкага, потым — князя Прозара, а пасля належала памешчыку Забэле.

На працягу свайго існавання вёска дынамічна развівалася: у ёй павялічвалася колькасць гаспадарак і жыхароў (1816 г. — 21 двор, 1850 г. — 28 двароў, 1897 г. — 62 гаспадаркі, 381 жыхар). Ужо ў XIX ст. ў вёсцы дзейнічала школа граматы, на мяжы XIX і XX ст. было арганізавана асушэнне балот і створаны абшчынны хлебазапасны магазін і сельскагаспадарчая кааперацыя [7].

У 1915 г. ў Сяўках было адкрыта народнае вучылішча, якое ў 1917 — 1918 навучальным годзе наведвалі 75 вучняў.

У 1924 г. вёска ўвайшла ў склад Лоеўскай воласці, тут працавалі 3 кузні, воўначоска, ветраны млын, існавалі шавецкі і кравецкі промыслы.

У 1930 г. ў Сяўках быў створаны калгас «Кастрычніцкі».

Жыхары вёскі Сяўкі прымалі актыўны ўдзел у барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі, 69 з іх загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. 24 кастрычніка 1943 г. падчас баёў за вызваленне вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вёска была цалкам спалена.

Пасля вайны вёска Сяўкі была занава адбудавана. Калі Лоеўскі раён на працягу 1962-1966 гг. быў расфарміраваны, мая вёска апынулася ў складзе Брагінскага раёна. У ліпені 1967 г. вёска Сяўкі стала цэнтрам адноўленага Сяўкоўскага сельскага савета Лоеўскага раёна.

Па перапісе 1999 г. ў Сяўках налічвалася 345 жыхароў, існавалі будынкі сельсавета і адміністрацыі калгаса «Дняпровец», базавая школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, магазін, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання.

У заключэнні хочацца адзначыць, што ўсе геаграфічныя назвы маюць свой сэнс, і паходжанне кожнай з іх можна растлумачыць, нават калі на першы погляд гэта здаецца вельмі цяжкім.

У дадзеным даследаванні мы пастараліся даць агульнае ўяўленне пра паходжанне назваў населеных пунктаў Лоеўскага раёна, каб прабудзіць цікавасць моладзі да родных мясцін.

Мы вывучылі літаратуру пра тапаніміку як навуку, высветлілі значэнне і паходжанне геаграфічных назваў Лоеўскага раёна, прасачылі іх сувязь з жыццём насельніцтва, са светапоглядам і вераваннямі людзей, прыродай, сістэматызавалі назвы населеных пунктаў у адпаведнасці з этымалогіяй па розных прыкметах.

Такім чынам, у выніку праведзенага даследвання мы прыйшлі да наступных вывадаў:

  1. Пераважаюць тапонімы, утвораныя ад прозвішчаў і імёнаў насельнікаў або заснавальнікаў, асаблівасцей геаграфічнага месцазнаходжання, гаспадарчай і прамысловай дзейнасці жыхароў.
  2. У назвах населеных пунктаў Лоеўскага раёна адлюстравалася самабытная, складаная гісторыя.

У той жа час далейшае вывучэнне ўтварэння назваў населеных пунктаў Лоеўскага раёна патрабуе больш глыбокага аналізу архіўных крыніц, што вызначае магчымыя шляхі працягвання даследчай працы.

Літаратура:

  1. Багамольнікава Н. Я тут жыву: лексіка-семантычная характарыстыка гелонімаў гомельшчыны // Роднае слова. — 2013. — № 2 — с. 41-43.
  2. Бардовіч А.М. Школьны словаўтваральны слоўнік беларускай мовы. — Мн.: Аверсэв, 2006. — 512 с.
  3. Ненадавец А.М. Гомельшчына ў легендах і паданнях. — Мн.: Беларусь, 2001. — 416 с.
  4. Новак В.С. Лоеўшчына… Бэзавы рай, песенны край: сучасны стан традыцыйнай культуры Лоеўшчыны / Гомель: Сож, 2007. — 472с.
  5. Рогалеў А. Назвы роднай зямлі. Мір // Роднае слова. — 2011. — № 6 — с. 54-59.
  6. Рудчанка А.А. Лоеў: пяць стагоддзяў. — Гомель: АРТІС, 2005. — 96 с.
  7. Википедия. Свободная Энциклопедия [Электронный ресурс] / 1. http://wikipedia.ru
  8. Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны. Духоўная культура. Міфалогія [Электронны рэсурс] / Nashkraj.info

Аўтар: І. Хохун
Крыніца: Днепровский паром. 2017 г. Международных историко-краеведческих чтений «Днепровский паром» (8-9 августа 2017 г., г. Лоев). Ст. 48-51.