Як мастацкая самадзейнасць перавозіла кантрабандныя дыяменты

0
1591
дыяменты

У сярэдзіне дзевяностых жыў у Гомелі адстаўны падпалкоўнік міліцыі — нестары яшчэ барбос з бездакорным паслужным спісам, прадстаўнічай постаццю і тварам, вартым начальніцкага даверу. Удзень былы мент працаваў у рэжымнай частцы завода «Крышталь», дзе пільнаваў, каб несвядомыя элементы не прыўлашчвалі штучныя дыяменты, што на тым «Крышталі» вырабляліся. Увечары падвышаў свой культурны ўзровень партызанскімі мемуарамі з завадской бібліятэкі. А па выходных натхнёна спяваў у самадзейным ветэранскім хоры.

I вось аднойчы рэжымнік заўважае, што на заводзе пачынаюць красці куды больш звычайнага. Паўсюдна панурая і пакорлівая галеча: зарплаты не плацяць, паўпразрыстыя бабулькі ў гастраномах сліняць ірваныя рублі… нават вулічныя гопнікі — і тыя пляскатыя, нібы выпілаваныя з дыкты!.. I толькі «крышталеўскае» начальства балюе, рыхтык д’яблы напярэдадні Страшнага Суда: шыкоўныя мерседэсы, трохпавярховыя катэджы, гламурныя дзеўкі…

Адстаўны падпалкоўнік настальгічна прыгадвае колішнія расстрэльныя артыкулы для раскрадальнікаў сацыялістычнай маёмасці: давялі краіну, Сталіна на вас няма!.. Але ж гнеўнае абурэнне спакваля трансфармуецца ў прафесійную цікаўнасць — а як жа тыя дыяменты раскрадаюць? Пільнуецца «Крышталь», нібы ракетная база: рота мянтоў, унутраная ахова, праца выключна ў казённых спяцоўках, татальнае распрананне супрацоўнікаў да змены і пасля… Дый рэжым па дзесяць разоў адсочвае рух каменьчыкаў нават усярэдзіне цэха!

Былы мент на колькі тыдняў закідвае чытанне і спевы, прафесійна прымае стойку лягавага сабакі. I спрактыкавана вынюхвае арганізаваную злачынную групіроўку абдзіршчыкаў і гранільшчыкаў; калі ўжо начальства такое бессаромнае, то пралетар і пагатоў не будзе спаць у шапку! У які спосаб крадзе начальства, ахоўніку нецікава: з тымі лепш не звязвацца, цалейшы будзеш. А вось гранілынчыкі з абдзіршчыкамі, аказваецца, дбайна ашчаджаюць сыравіну пры апрацоўцы, або замяняюць гатовыя дыяменты таннымі стразамі. Самі ж каменьчыкі рэгулярна выносяць ва ўласных анусах ці ў дуплах карыесных зубоў. Дыяменты на «Крышталі» не большыя за карат, так што цалкам прыдатныя для ўсіх адтулін чалавечага арганізма.

Рэжымнік прыціскае злачынцаў да сценкі, кла­цае зубным пратэзам і пырскае пафаснай слінай: ды я такой свалотай калісь цэлую зону ўкамплектаваў!.. за што вашы дзяды ваявалі?!. адшчапенцы без гонару і сумлення!.. Зараз вы ў мяне…

Ды заткніся ты, стары пёрд, адказваюць адшча­пенцы. Ну, здасі нас у мянтуру, і што наўзамен? Ганаровая грамата да Дня прафсаюзаў і грашовая прэмія, якой нават на блок цыгарэт не хопіць. У нас і на адвакатаў, і на хабары бабла дастаткова, і адкупімся. Калі ж ты, дзядзька, не зусім ідыёт і не хочаш падохнуць сумленным жабраком, то давай лепш дамовімся: ты нам — бяспечны канал з заво­да, будзем дыяменты хоць кілаграмамі выносіць. А мы табе за тэта кожны чацвёрты скрадзены карат. Што скажаш?..

Хапальныя рэфлексы ў мянтоў, нават адстаўных, I увогуле развітыя звыш меры, а тут — бяры не хачу!..

Так складаецца дзіўная крымінальна-гаспадарчая адзінка: дзесяць рабацяг крадуць, рызыкуюць j маюць кожны патроху, а адзін лайдак бавіць час у патрыятычным чытанні і самадзейных спевах, але ж атрымлівае куды больш за астатніх. Па хуткім часе скарумпіраваны рэжымнік разбіраецца ў кош­тах на дыяменты не горш за менеджара «Дэ Бірса». Сумуе караты, пераводзіць іх у долары, долары — у шляхетныя лімузіны, даўганогіх прыгажунь, зліт­ную нерухомасць ды іншыя раскошы, якія ён за сваё панурае саўкова-мянтоўскае жыццё ніколі не каштаваў, і вынікам той няхітрай арыфметыкі становіцца самакрытычнае: «і якім жа дурнем я быў раней!..»

Але ж дыяменты трэба неяк канверціраваць у наяўныя. Прадаваць каменьчыкі ў Беларусі адстаўны падпалкоўнік баіцца, бо надта добра ведае, як працуе тутэйшая міліцэйская агентура. Намысліваецца, напружваецца, падымае старыя мянтоўскія сувязі і, нарэшце, знаходзіць вельмі сімпатычнага скупшчыка ў Адэсе. Кандыдатура па тых жа сувязях асцярожна прасвечваецца на прадмет супрацоўніцтва з «органамі», і праз пэўны час высокія дамоўныя бакі дасягаюць кансэнсусу: сустрэцца ў Кіеве. Адэсіт згодны купіць «на спробу» тры дыяменты па адным караце кожны, прытым прапанаваныя кошты цалкам задавальняюць былога мянта.

Застаецца перавезці каменьчыкі праз беларуска-ўкраінскую мяжу. Калючыя драты, паласатыя шлаг­баумы, зялёныя пагоны… развалілі краіну, панаставілі меж паміж народамі!

Звычайны кантрабандыст напэўна бы пайшоў найпрасцейшым шляхам: дыяменты ў кішэню, кві­ток у зубы і цягніком у Кіеў. Але ж наш адстаўнік— беларус, а, значыцца, прыхаваны партызан. А партызаны выдатна ведаюць, што шлях па прамой не заўсёды бывае самым кароткім. Трэба прыдумаць нешта іншае і, пажадана, мудрагелістае…

І тут у ветэранскім хоры абвяшчаюць: праз колькі тыдняў акурат ва Україну выпраўляецца прадстаўнічая дэлегацыя самадзейных калектываў ромельскай вобласці — дэманстраваць дасягненні і дзяліцца досведам. Што вельмі дарэчна, бо на мяжы артыстаў-аматараў напэўна будуць шманаць не так пільна, як звычайных пасажыраў.

Пачынаюцца шчыльныя рэпетыцыі зводнага канцэрта. Вытанчаны эстэт ад той самадзейнасці неадкладна атрымаў бы інсульт. Спрытны дакументаліст кінуўся б здымаць фільм пра этнаграфію цэнтральнаеўрапейскіх плямёнаў. Але ж артысты-аматары рэпетуюць са шчырым імпэтам і натхнёным энтузіязмам: замежныя гастролі, духоўныя здабыткі… не зганьбім нашу Сінявокую!

Калектыў вясковых цётак у псеўданародных строях сувора спявае «Баладу пра Хатынь», прытым у самы драматычны момант залу ахутвае ядучы сцэнічны дым. Артыст «народнага цырка» дэманструе дрэсіраваных пацукоў, адгадаваных да памераў чаў-чаў; запрэжаныя цугам грызуны паслухмяна цягнуць маштабаваны макет бульбакапалкі з дзяржаўным сцяжком. Дзяўчаты ў стройчыках памідораў і цыбулі танчаць харэаграфічную сюіту «Свята Дажынак», дзе падчас кульмінацыі апырскваюць апранутых пустазеллем хлопцаў уяўнымі пестыцыдамі. Не стае толькі «Полечкі-трасухі» пад акампанемент пральнай дошкі і пілы-двуручкі, але ж выдаткі на культуру лімітаваныя, дый аўтобус, каторым пасланцоў культуры павязуць ва Украіну, не гумовы…

I вось — гомельскі вакзал, «Ікарус» з шыльдачкай «заказны». Пашпарты ва ўсіх ёсць? Рэквізіт і касцюмы не забыліся? А што гэта ў вас, мужчыны, У валізах бомкае? Проста зараз «за ад’езд», пакуль астатнія падцягнуцца? Ну, добра, толькі адразу не напівайцеся, нам яшчэ дзяржаўную мяжу пераязджаць!..

Мужчыны атабарваюцца ў канцы аўтобуса і з энтузіязмам разліваюць на ўсіх. Жанчыны спагадліва шаргацяць газетамі з салёным салам і свойскімі каўбасамі, але падтрымаць мужчынскую ініцыятыву пакуль адмаўляюцца. Наш мент, натураль­на, выпівае, але з кожным каўтком на душы ў яго становіцца ўсё трывожней.

Кантрабандныя дыяменты замаскіраваныя ў карэньчыку партызанскіх мемуараў — схованка ідэалагічна вытрыманая і ўвесь час на каленях. Але ж хто тых памежнікаў ведае, асабліва ўкраінскіх!.. Можа, рэнтгенам якім тыя транты прасвятляюць, можа, з аўчаркамі пойдуць па аўтобусе, можа, яшчэ як унюхаюць…

Трэба перахаваць панадзейней!

Самадзейны артыст асцярожна вытрасае каменьчыкі ў спатнелую далонь, совае іх пад сцельку ў чаравік і асцярожна зацвярджае нагу пад сядзеннем… Зусім пагана: нагу муліць неверагодна, так што памежнікі з мытнікамі па кульганні адразу ўсё і скемяць! З пантофлі дыяменты перахоўваюцца ў футляр для акуляраў, з футляра — у майткі, з майтак — у зашмальцаваную насоўку, якую кантрабандыст камечыць дрыготкімі пальцамі…

Аўтобус ад’язджае. Мужчыны адкаркоўваюць наступную пляшку. Жанчыны нарэшце пагаджаюцца крыху выпіць. У «ікарусе» — атмасфера карпаратыўнай добразычлівасці, якая незаўважна пераходзіць ва ўсеагульнае братанне: пластыкоўкі бязладна пераходзяць з рук у рукі, мужчыны шля­хетна сцішаюць мацюгі, вясковыя цёткі маркотна зацягваюць «Бывайце здаровы, жывіце багата!..»

І тут да мянта падсаджваецца падвесялёны дрэсіроўшчык пацукоў з «народнага цырка». Нейкі ты, кажа, зямеля, кіслы: можа, па родных ужо сумуеш, можа, пакрыўдзіў хто… А хочаш, я табе для настрою дрэсіраванага пацучка спрэзентую? Я на гастролі заўсёды запасных бяру! Выцягвае з клеткі шэрага грызуна з доўгім голым хвастом, сантыментальна цалуе яго ў вусатую мыску і шчодрым жэстам працягвае суразмоўцу. Той ачмурэла глядзіць на падарунак, крыху вагаецца, але ж бярэ жывёліну ў рукі. Пацук энергічна пратэстуе, пішчыць пранізліва і жвава шкрабае лапкамі шырокія мянтоўскія далоні. А дрэсіроўшчык добразычліва разлівае гарэлку і распачынае разважлівы прафесійны маналог: маўляў, я ў каўбасным цэху працую, у нас тых пацукоў — процьма, можна хоць сотню адлавіць і выдрэсіраваць!

Тым часам аўтобус набліжаецца да ўкраінскай мяжы. Дрэсіроўшчык перасаджваецца да жанчын наперадзе. Адстаўны падпалкоўнік сутаргава сціскае правай рукой памыйнага грызуна, а левай — насоўку з дыяментамі.

Што рабіць, дзе прыхаваць?!.

Вочы ліхаманкава мацаюць прастору на адлегласці выцягнутай рукі: шкло злева, спінкі крэслаў наперадзе, палічка для багажу зверху… а яшчэ зу­бастая поскудзь у кулаку і кніжка пра народных мсціўцаў на каленях.

У галаве былога міліцыянта — абсалютная стэрыльнасць, бы ў вагавым пакойчыку «Крышталя»: мозг нібы абкладзены бялюткай кафельнай пліткай, нават ніводнай парушынкі не відно! Тупа паглядае то на пацука, то на кніжку… і тут кафля на звілінах Нячутна шпокае, і скрозь танюткую расколіну нясмела прарастае даволі крэатыўная думка…

А чаму б і не паспрабаваць? Партызаны так немцаў дурылі, а тут — нейкія памежнікі з мытнікамі!..

Кантрабандыст засяроджана адкройвае танюткі скрыгалік сала, пальцам уціскае ў тлушч усе тры дыяменты і з фальшывай ласкавасцю прапануе пачастунак грызуну. Той хрумкае, дробна тапоршчыць вусікі і ўдзячна папісквае. Акурат перад самай мяжой нагадаваны пацук выпраўляецца адпачываць у валізу, якая прадбачліва зашпільваецца на маланку.

Праблема, здаецца, вырашаная. У разе паглыбленай мытнай праверкі версія пра самадзейна-мастацкі рэквізіт прагучыць абсалютна пераканаўча. А пацука ў тым жа Кіеве можна па-ціхаму прыдушыць і прэпарыраваць сцізорыкам…

Беларускіх памежнікаў з мытнікамі самадзейныя артысты праходзяць без усялякіх праблем. А вось на ўкраінскім баку даводзіцца чакаць: наперадзе два рэйсавыя аўтобусы. Рэжымнік «Крышталя» амаль супакоіўся: твар ільсніцца, вочы блішчаць, пластыкоўка спраўна падстаўляецца пад бутэлечнае рыльца.

Да «ікаруса» набліжаецца ўкраінскі памежнік. Дзверы з гідраўлічным усхліпам адыходзяць вонкі. Нага ў боце з рыфлёнай падэшвай завісае па-над прыступкай…

І тут замкнёную прастору аўтобуса працінае шалёны бабскі зойк! Мажная цётка наперадзе зляка­на вымахвае рукамі і вішчыць, бы пад спадніцай у яе аб’явіўся рой раз’юшаных вос! Лямант імгненна падхоплівае суседка, толькі ў трагічнейшай інтанацыі і на паўтары тоны ніжэй. Істэрыка разыходзіцца па салоне нястрымным цунамі, і праз якую секунду амаль усе прысутныя выдаюць та­кое сакавітае скавытанне, у параўнанні з каторым супрацьпаветраная сірэна — проста пяшчотная калыханка! Вясковыя цёткі з вакальнага ансамбля, гарадскія маладзіцы з харэаграфічнай студыі і нават мужчыны з ветэранскага хору панічна адсоўваюцца ад прахода, па якім з пранізлівым ігольчастым піскам гойсае пацучок — той самы…

Украінскі памежнік ачмурэла хаўкае на гэты масавы псіхоз і, нарэшце, фіксуе вачыма грызу­на. Прафесійна арыентуецца, загадвае зачыніць зўтобусныя дзверы і выклікае па рацыі дапамогу. Падаспелы нарад бязладна ганяе ашалелага пацука па салоне, нарэшце ловіць і выклікае з Чарнігава санэпідэмстанцыю.

Так што аўтобусу з самадзейнымі артыстамі давядзецца пачакаць у адмысловым адстойніку…

Што значыцца «у нас гастролі»? А калі той па­цук — шалёны? А калі ён вас пагрызці паспеў, а вы ў нас усіх пакусаеце? Мала ў нас ва Украіне сваіх негараздаў, дык яшчэ з Беларусі розную пошасць імпартаваць…

Атмасфера ў «ікарусе» — бы на хаўтурах: знясіленае маўчанне. Ядучы гарэлачны перагар праслойваецца саладкавым водарам карвалолу. Вясковыя цёткі танютка ўсхліпваюць. Гарадскія маладзіцы неўпрыкмет падпраўляюць касметыку. Адстаўны мент асцярожна мацае грудзіну. Сэрца шчэміць, з носа цячэ, у гландах — пякучка, якая ў кожны момант можа перайсці ў інфаркт… Ну чаму гэтай падлюцы на месцы не сядзелася?.. Якога ражна яго на шпацыр па аўтобусе панесла?.. Чаму такое ўвогуле надарылася?!.

А надарылася вось што…

Шэры грызун, нагадаваны салам з дыяментамі, ціхамірна спачываў у валізе. Калі свіны тлушч для пацучыных арганізмаў прыемны і карысны, то з найцвярдзейшым у прыродзе вугляродам узніклі праблемы: арганізм катэгарычна адмовіўся тыя дыяменты страваваць. Пасля беларускай мяжы пацучок адчуў шчымлівы боль у жываце, запсіхаваў, імгненна прагрыз у валізе дзіру і вышмыгнуў у салон…

Праз колькі гадзін хвастаты ўцякач прыдушаны, прэпарыраваны і даследаваны экспертам, ляжыць у шкляной колбе. На знойдзеныя дыяменты збягаюцца паглядзець усе памежнікі і мытнікі перахода «Новыя Ярылавічы». На ўсялякі выпадак эксперт санэпідэмстанцыі кроіць і дрэсіраваных пацукоў з «народнага цырка», але ў страўніках тых небаракаў нічога каштоўнага, на жаль, не знаходзіць.

Пакрыўджаны ў найлепшых пачуццях дрэсіроўшчык здае былога мянта імгненна: маўляў, крадзенай з мясакамбіната каўбасой тых зубас­тых істот іншым разам частую, ёсць такі грэх… але ж не крадзенымі дыяментамі, як тэты мужык з «Крышталя»!..

Па хуткім часе самадзейнага кантрабандыста прывозяць у чарнігаўскую мянтуру. Адстаўнога падпалкоўніка МУС нават не б’юць, а даюць выбар: ці сумленна пра ўсё расказваеш, ці ідзеш у камеру да рэцыдывістаў.

— А чаму ж ты, стары пёрд, не паклаў тыя дыя­менты проста ў кішэню? — шчыра здзіўляецца следчы напрыканцы допыту. — Нашто ўвесь тэты цырк з пацуком і салам?!

Затрыманы замыкаецца з твару, прастуе спіну і выдае з прыхаваным пафасам:

— Нашы партызаны ў Вялікую айчынную таксама з пацукамі супрацоўнічалі. Калі не маглі падпаліць фашысцкі склад — навязвалі да пацучыных хвастоў анучкі з распаленымі вугольчыкамі, ды так за платы і закідвалі!..


Аўтар:
У.I. Ахроменка
Крыніца: Музы і свінні / Уладзіслаў Ахроменка. — Мінск: Ковчег, 2014. — 218 с. Ст. 136-144.