Як гэта было: гісторыя прысваення Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Францыска Скарыны

0
1565
Як гэта было гісторыя прысваення Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Францыска Скарыны

29 лістапада 2018 г. Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт адзначыў 30-годдзе з дня прысваення яму імя беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, асветніка і вучонага Францыска Скарыны.

21 чэрвеня 1930 г. СНК БССР і Эканамічная нарада пры ім прынялі сумесную пастанову аб стварэнні Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (з 1933 г. педінстытута) з двума аддзяленнямі. У 1935 г. да гэтых аддзяленняў, перайменаваных у факультэты, быў далучаны яшчэ адзін факультэт — літаратурны (па-цяперашняму філалагічны). 5 сакавіка 1939 г. Савет Народных Камісараў БССР па хадайніцтве кіраўніцтва педінстытута прысвоіў гэтай ВНУ імя Героя Савецкага Саюза В.П. Чкалава.

Павелічэнне колькасці насельніцтва, інтэнсіўнае развіццё прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі і адукацыі ў БССР абумовілі неабходнасць стварэння ў рэспубліцы другога класічнага ўніверсітэта. Міністэрства вышэйшай, спецыяльнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі яшчэ ў пачатку 60-х гг. ХХ ст. прымала захады, каб стварыць Палескі дзяржаўны ўніверсітэт у Гомелі, другім па велічыне горадзе ў рэспубліцы. Праз некалькі гадоў гэту ідэю падтрымала навуковая грамадскасць горада. Але толькі ў канцы 1968 г. у Гомельскі абласны камітэт Кампартыі Беларусі прыйшло рашэнне ЦК КПСС аб адкрыцці Гомельскага ўніверсітэта на базе мясцовага педінстытута [1, с. 175].

У адпаведнасці з гэтым рашэннем Пастановай Савета Міністраў СССР № 5 ад 6 студзеня 1969 г. і сумеснай пастановай Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі і Саваета Міністраў БССР № 93 ад 14 сакавіка 1969 г. на базе педінстытута 1 мая быў створаны Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт (без імя В.П. Чкалава). Па сутнасці, ГДУ стаў першым у гісторыі Беларусі ўніверсітэтам, створаным на саюзным узроўні. Такім чынам Гомель стаў універсітэцкім горадам. Новы ўніверсітэт пачаў развівацца паскоранымі тэмпамі. Ператварэнне педінстытута ва ўніверсітэт з‘явілася дадатковым стымулам для прафесарска-выкладчыцкага складу, супрацоўнікаў і студэнтаў. Ужо за першыя 15 гадоў ГДУ дабіўся вялікіх поспехаў у падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў, правядзенні навуковых даследаванняў і ўкараненні іх вынікаў, наладжванні творчага супрацоўніцтва з іншымі ВНУ і навукова-даследчымі інстытутамі.

У лістападзе 1983 г. на базе ГДУ адбыўся семінар прарэктараў па вучэбнай рабоце ВНУ рэспублікі з удзелам Міністра вышэйшай, спецыяльнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі М.М. Мяшкова і начальніка ўпраўлення ВНУ У.Ц. Воднева. Было прынята рашэнне аб укараненні вопыту ГДУ па асваенні новых форм і метадаў навучання ва ўсіх ВНУ рэспублікі. Вопыт работы рэктарата і партыйнага камітэта па ажыццяўленні кадравай палітыкі быў адобраны гарадскім і абласным камітэтамі КПБ і рэкамендаваны для ўкаранення ў ВНУ Гомельскай вобласці. На нарадзе ў ЦК КПБ у снежні 1983 г. было разгледжана пытанне «Аб падрыхтоўцы і павышэнні навукова-педагагічай кваліфікацыі кадраў у Гомельскім універсітэце». Асноўныя дасягненні ў ажыццяўленні кадравай палітыкі ў ГДУ былі прызнаны эфектыўнымі. На тэматычнай выстаўцы ВДНГ СССР «Універсітэты — вядучыя вучэбна-метадычныя і навуковыя цэнтры краіны» ў 1984 г. універсітэт быў узнагароджаны Дыпломам ІІІ ступені, а тры экспанаты былі ўдастоены бронзавых медалёў [1, с. 206-208].

Для ўмацавання кадравага патэнцыялу новага ўніверсітэта сюды пачалі прыязджаць кандыдаты і дактары навук не толькі з Мінска, але і з іншых буйных гарадоў Савецкага Саюза. У 1970 г. адразу пасля абароны дысертацыі і атрымання вучонай ступені доктара філалагічных навук з Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР прыехаў У.В. Анічэнка і ўзначаліў кафедру беларускай і рускай моў. Паступова ў кола яго навуковых інтарэсаў трапіла і творчасць Ф. Скарыны. За 17 гадоў У.В. Анічэнка стаў вядомым скарынаведам. Сведчаннем гэтага з‘явілася тое, што на пасяджэнні вучонага савета ўніверсітэта 24 снежня 1987 г. кандыдатура У.В. Анічэнкі была аднагалосна вылучана на прысуджэнне яму Дзяржаўнай прэміі БССР [2] (прысуджана 29 снежня 1988 г.). Гэта можна лічыць першым мерапрыемствам ГДУ па падрыхтоўцы да будучага 500-гадовага юбілею Ф. Скарыны.

На гісторыю прысваення ўніверсітэту імя Ф. Скарыны звярнуў увагу прарэктар па навуковай рабоце, доктар тэхнічных навук прафесар Д.Р. Лін у сваім прывітальным слове ўдзельнікам ІІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Скарына і наш час» 7 кастрычніка 2004 г. [3, с. 3-6]. Але мы паспрабуем асвятліць гэта пытанне больш дакладна. Для гэтага звернемся да архіўных дакументаў [2], [4], [5].

У самым пачатку 1988 г. У.В. Анічэнка звярнуўся да рэктара ўніверсітэта, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара, акадэміка АН БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (1984 г.) Б.В. Бокуця з прапановай хадайнічаць перад кіруючымі органамі Гомельскай вобласці аб прысваенні ГДУ імя Ф. Скарыны. Рэктар падтрымаў гэту ідэю. 14 студзеня 1988 г. на імя першага сакратара Гомельскага абласнога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі А.С. Камая адпраўлена пісьмо за подпісамі рэктара ўніверсітэта Б.В. Бокуця і сакратара партыйнага камітэта ўніверсітэта цяперашняга дацэнта кафедры гісторыі Беларусі, кандыдата гістарычных навук дацэнта М.І. Старавойтава. У адпаведнасці з практыкай таго часу дакумент за подпісам галоўнага кіраўніка арганізацыі і сакратара партыйнага камітэта або старшыні прафкама не супярэчыў парадку звяртання з такімі пытаннямі асобных грамадзян, кіраўнікоў, працоўных калектываў са сваімі прапановамі ў вышэйстаячыя інстанцыі.

У пісьме, акрамя іншых аргументаў, адзначалася, што ўніверсітэт інтэнсіўна развіваецца і дабіўся вялікіх поспехаў у вучэбнай, выхаваўчай і навуковай галінах; коратка расказваецца аб кнігавыдавецкай і асветніцкай дзейнасці Ф. Скарыны, значэнні яго для беларускай і ўсходнеславянскіх культур; звяртаецца ўвага на актывізацыю падрыхтоўкі да 500-годдзя Ф. Скарыны (адзначалася ў 1986-1990 гг.), у тым ліку на працу гэтага кшталту ў ГДУ. Асобна характарызуецца значэнне двухтомнага «Слоўніка мовы Скарыны», падрыхтаванага У.В. Анічэнкам. У заключэнне аўтары ліста пішуць: «На падставе выкладзенага рэктарат, партыйны камітэт, грамадскія арганізацыі, увесь калектыў універсітэта хадайнічаюць аб прысваенні яму імя Францыска Скарыны ў гонар 500-годдзя з дня нараджэння выдатнага прадстаўніка беларускага народа» [4, л. 96]. 18 студзеня на пісьме з‘явілася рэзалюцыя А.С. Камая: «Бабыру С.П. (сакратару АК КПБ па ідэалагічных пытаннях. — Аўтары): Вывучыць пытанне і ўнесці яго на адабрэнне бюро абкама КПБ да 1 лютага 1988 г.». Трохі больш чым за тыдзень пытанне было вывучана і 27 студзеня інструктар аддзела навукі і навучальных устаноў Гомельскага АК КПБ В.М. Коршыкаў ад імя свайго аддзела напісаў і завізіраваў у сакратара абкама па ідэалогіі запіску «Аб пісьме рэктара ГДУ Б.В. Бокуця і сакратара парткама М.І. Старавойтава» наступнага зместу: «У ходзе вывучэння дадзенага пытання высветлілася, што сцвярджэнне рэктара і сакратара парткама аб поўнай падтрымцы гэтай прапановы з боку грамадскіх арганізацый, прафесарска-выкладчыцкага складу не адпавядае сапраўднасці. Гэта пытанне не абмяркоўвалася на пасяджэннях партыйнага камітэта, вучоным савеце, саветах факультэтаў, кафедрах. У гутарках з выкладчыкамі і кіраўнікамі структурных падраздзяленняў высветлілася, што адназначны пункт погляду па дадзеным пытанні адсутнічае”.

Далей пералічваюцца кафедры, якія падтрымалі ідэю прысваення: гісторыі СССР і БССР; рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства; беларускай літаратуры; беларускай мовы. Прыведзены і такі аргумент: ГДУ не з‘яўляецца ў рэспубліцы цэнтрам па вывучэнні Скарыніяны.

«Лічым, — указана ў запісцы, — што пытанне аб прысваенні ўніверсітэту імя Ф. Скарыны рэктарам і парткамам не праработаны…» [4, л. 92].

Другі семестр 1987/1988 вучэбнага года і пачатак першага семестра 1988/1999 г. кіраўніцтва ўніверсітэта выкарыстала на ліквідацыю адзначаных арганізацыйных недахопаў і больш грунтоўную падрыхтоўку ўніверсітэта для дасягнення пастаўленай мэты.

Важна адзначыць разгляд гэтага пытання на пашыраным савеце ГДУ 30 жніўня 1988 г. У парадку дня стаяла пытанне «Аб мерапрыемствах Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта па падрыхтоўцы да святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны». З дакладам выступіў загадчык кафедры беларускай мовы, доктар філалагічных навук прафесар У.В. Анічэнка. Ён азнаёміў прысутных з жыццём і творчасцю Ф. Скарыны, значэннем яго дзейнасці для развіцця беларускай і ўсходнеславянскай культур; зачытаў план мерапрыемстваў ГДУ па падрыхтоўцы да святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны і падтрымаў іх ад імя Гомельскага абласнога аддзялення Савецкага фонду культуры як яго старшыня. У заключэнне адобрыў ініцыятыву рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы да Скарынавага юбілею аб прысваенні імя Ф. Скарыны адной з ВНУ БССР. Прапанаваў прысвоіць гэта імя Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту па наступных прычынах: 1. ГДУ з‘яўляецца рэспубліканскім навуковым цэнтрам па вывучэнні скарынаўскай спадчыны. 2. У ГДУ прадугледжана адкрыццё медыцынскага факультэта (як вядома, адкрыцця не адбылося). 3. Аб жыцці, дзейнасці і творчасці Скарыны будуць зроблены даклады на Х Міжнародным з‘ездзе славістаў у Сафіі (на з‘езд па гэтым пытанні быў камандзіраваны толькі У.В. Анічэнка).

У першым пункце дапушчана пэўнае перабольшанне. На самой справе галоўнымі цэнтрамі была АН БССР (Інстытуты: мовазнаўства імя Я. Коласа, літаратуры імя Я. Купалы, гісторыі, філасофіі), а таксама БДУ імя У.І. Леніна. ГДУ тады быў адным з такіх цэнтраў, які супрацоўнічаў з акадэмічнымі інстытутамі.

У спрэчках па дакладзе У.В. Анічэнкі на пасяджэнні вучонага савета 30 жніўня 1988 г. выступілі 4 чалавекі. Загадчык кафедры палітэканоміі, кандыдат эканамічных навук дацэнт В.Ф. Бондараў падтрымаў ідэю прысваення імя Ф. Скрыны ўніверсітэту і добра абгрунтаваў яе. Загадчык кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства, доктар філалагічных навук дацэнт П.У. Сцяцко таксама падтрымаў ідэю і па-свойму абгрунтаваў яе. Дэкан філалагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук дацэнт М.Ф. Гуліцкі пасля падтрымкі ідэі прывёў прыклады ўшанавання першадрукароў, асветнікаў і буйных культурных дзеячаў у іншых краінах, як там ганарацца гэтымі славутасцямі. Улічваючы еўрапейскі маштаб дзейнасці Ф. Скарыны, сказаў дэкан, прысваенне яго імя ўніверсітэту ўздыме яго прэстыж у Еўропе. Апошнім выступіў рэктар Б.В. Бокуць. Ён таксама падтрымаў ідэю, высока ацаніў дзейнасць Ф. Скарыны, сказаў, што ва ўніверсітэце вядзецца навучанне па некалькіх скарынаўскіх спецыяльнасцях: педагогіцы, мове і літаратуры, гісторыі, біялогіі.

Пасля гэтых выступленняў вучоны савет у пашыраным складзе пастанавіў: 1. Зацвердзіць мерапрыемствы па падрыхтоўцы і святкаванні 500-гадовага юбілею Ф. Скарыны. 2. Хадайнічаць перад дырэктыўнымі органамі аб прысваенні Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Ф. Скарыны. 3. Узнагародзіць У.В. Анічэнку грашовай прэміяй «за значны ўклад у распрацоўку Скарыніяны і актыўную навуковую дзейнасць» [5].

У перыяд паміж 30 чэрвеня 1988 г. і пачаткам кастрычніка таго ж года да першай запіскі «Аб пісьме рэктара ГДУ Б.В. Бокуця і сакратара парткама М.І. Старавойтава » ад 27 студзеня 1988 г. далучылася трэцяя гістарычная запіска (без даты) — «Запіска аб прысваенні Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Францыска Скарыны». Ад імя аддзела навукі і вучэбных устаноў Гомельскага абласнога камітэта КПБ запіску напісаў і падпісаў яго новы загадчык, выпускнік нашага ўніверсітэта, будучы яго прарэктар па вучэбнай рабоце, кандыдат філалагічных навук дацэнт М.М. Воінаў. Падмацаваў яго подпіс усё той жа сакратар па ідэалогіі С.П. Бабыр.

Па меры разглядання ў партыйных інстанцыях рабочых пытанняў, звязаных з абмеркаваннем прапановы ўніверсітэта сакратаром парткама як гісторыкам была сабрана і прадстаўлена дадатковая інфармацыя аб жыццядзейнасці Ф. Скарыны як слаўнага прадстаўніка эпохі Адраджэння, доктара сямі вольных мастацтваў і ў лекарскіх навуках, а не «садоўніка», «лекара-варажбіта». Хоць М.М. Воінаў сам быў выдатна знаёмы з дзейнасцю Ф. Скарыны, велічнасцю яго асобы, шмат сабранай ва ўніверсітэце каштоўнай інфармацыі было перададзена яму. У тым ліку інфармацыя аб дзейнасці ЦК КП(б)Б па правядзенні мерапрыемстваў у сувязі з 400-годдзем беларускага кнігадрукавання, увекавечванні памяці Ф. Скарыны; аб удзеле партыйнага і савецкага кіраўніцтва, кіраўніцтва АН БССР, прадстаўнікоў партыйных і савецкіх арганізацый, прамысловых і іншых прадпрыемстваў, дзеячаў мастацтва, навукі, літаратуры і гасцей з саюзных рэспублік у Мінску ў гонар 450-годдзя беларускага кнігадрукавання; аб рашэнні вышэйшага кіраўніцтва рэспублікі аб увекавечванні імя Ф. Скарыны ў Мінску і Полацку. Гэтым падкрэслівалася, што ЦК КПБ не ўхіляўся, а ўдзельнічаў ў падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў прысвечаных гэтым знамянальным падзеям.

На момант стварэння запіскі М.М. Воінава стала вядома, што ЦК прыняў пастанову «Аб падрыхтоўцы і святкаванні 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны» [4, л. 89]. Раней абапраліся толькі на пастанову прэзідыума Акадэміі навук БССР.

Пасля кароткага ўступу аб значэнні дзейнасці Ф. Скарыны ў другім абзацы запіскі М.М. Воінава гаворыцца як раз аб гэтай пастанове ЦК КПБ і пункце аб прысваенні імя Ф. Скарыны адной з ВНУ рэспублікі. Дададзена, што «На агульным сходзе працоўнага калектыву Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта 30 жніўня 1988 г. было прынята рашэнне хадайнічаць перад кіраўніцтвам вобласці і рэспублікі аб прысваенні імя Ф. Скарыны гэтай вучэбнай установе» [5]. У сувязі з тым, што новы вучэбны год толькі пачынаўся, тэрміновасцю пытання паўнамоцтвы працоўнага калектыву ўзяло на сябе пашыранае пасяджэнне вучонага савета ГДУ.

Далей раскрываецца значэнне, заслугі і поспехі ўніверсітэта ў вучэбна-выхаваўчай і навуковай рабоце, вывучэнні жыцця і дзейнасці Ф. Скарыны. У якасці аднаго з аргументаў зноў выкарыстана мяркуемае адкрыццё ва ўніверсітэце медыцынскага факультэта. Заключныя два абзацы прывядзем цалкам: «Прысваенне імя Ф. Скарыны дазволіць Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту ўвайсці ў еўрапейскую супольнасць універсітэтаў.

Пытанне аб прысваенні Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Ф. Скарыны ўзгоднены з Цэнтральным камітэтам Кампартыі Беларусі1. Гэту прапанову падтрымлівае Гомельскі гаркам Кампартыі Беларусі».

Вынікам усёй гэтай перапіскі і намаганняў універсітэта сталі хадайніцтва Гомельскага абкама КПБ аб прысваенні ГДУ імя Ф. Скарыны і пастанова Савета Міністраў БССР № 349 ад 29 лістапада 1988 г. «Аб прысваенні імя Францыска Скарыны Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту». Такім чынам, без ганаровага імя ГДУ праіснаваў амаль 20 гадоў — з 1969 г. да 1988 г.

Калектыву ГДУ быў аказаны вялікі гонар. З набыццём Беларусі дзяржаўнай самастойнасці больш высокага ўзроўню, чым яна мела ў складзе СССР, жыццё і дзейнасць Скарыны былі ацэнены непараўнальна вышэй. Па сутнасці, ён быў пастаўлены на першае месца сярод усіх знакамітых беларусаў. З кожным годам расла яго вядомасць ва ўсім свеце. 20 красавіка 1989 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР № 2675-XI быў утвораны і ўведзены ў рэестр дзяржаўных узнагарод нашай рэспублікі медаль Францыска Скарыны. У жніўні 1990 г. Дзяржаўны банк СССР выпусціў 2.600.000 аднарублёвых манет «500 гадоў з дня нараджэння выдатнага дзеяча славянскай культуры Ф. Скарыны». Праз 6 гадоў 13 красавіка 1995 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь пастановай № 3726-XII заснаваў ордэн Францыска Скарыны. 1990 г. быў аб‘яўлены ЮНЕСКА міжнародным Годам Скарыны ў гонар 500-годдзя першадрукара.

Прыхільнікамі ўвекавечання памяці Ф. Скарыны ў складаны перыяд другой паловы 1980-х — пачатку 1990-х гг. былі прадстаўнікі інтэлігенцыі, шэраг партыйных і дзяржаўных дзеячоў, патрыятычна настроеная і сацыяльна актыўная частка насельніцтва Беларусі. У гэта ёсць і ўклад нашага калектыву. Імя Ф. Скарыны ў назве нашага ўніверсітэта гэта не толькі гонар для кожнага студэнта, выкладчыка і супрацоўніка, але і абавязак выдадтна вучыцца і працаваць, павялічваць вядомасць і рэйтынг універсітэта не толькі ў Беларусі, але і на міжнарордным узроўні.

Літаратура

  1. Старовойтов, М.И. Гомельский государственный университет имени Франциска Скорины: Исторический очерк / М.И. Старовойтов, А.И. Зеленкова, М.П. Савинская; М-во образования РБ. — Гомель: УО «ГГУ им. Ф. Скорины», 2005. — 339 с.
  2. Пратакол пасяджэння вучонага савета ўніверсітэта № 6 ад 24 снежня 1987 г. // Архіў УА «ГДУ імя Ф. Скарыны». — Фонд 1563. — Справа 1670.
  3. Лін, Д.Г. Прывітанні ўдзельнікам канферэнцыі / Д.Г. Лин // Скарына і наш час: матэрыялы ІІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння прафесара У.В. Анічэнкі, Гомель, 7 кастрычніка 2004 г. — Гомель: УА «ГДУ імя Ф. Скарыны», 2004. — С. 3-6.
  4. Материалы к протоколу заседания бюро Гомельского обкома КПБ № Б-50 от 20 октября 1988 г. // Государственный архив общественных объединений Гомельской области. — Фонд. 144. — Д. 178.
  5. Пратакол пасяджэння вучонага савета ўніверсітэта № 1 ад 30 жніўня 1988 г. // Архіў УА «ГДУ імя Ф. Скарыны». — Фонд 1563. — Справа 1763.


[1]
Канкрэтна — з сакратаром ЦК КПБ М.І. Дземянцеем. — Аўтары.


Аўтары:
К.С. Усовіч, М.І. Старавойтаў
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. — 2019 . — № 1 (112). — Ст. 45-49.