Як даўней называліся Крапіўна, Пясочня, Каменка, Рэчыца

0
1814
Рака Жыздра
Рака Жыздра

Ці нашы малыя рэчкі са славянскімі назвамі заўсёды так называліся? Выглядае, што не. І гэтаму ёсць доказы.

У Беларусі, асабліва на ўсходзе, за Дняпром, шмат малых рачулак з не самымі запамінальнымі назвамі: Крапіўна, Пясочня, Каменка, Рэчыца.

Напрыклад, вакол Гомеля: Крапіўня на поўначы, Пясошанька на поўдні, Каменка на ўсходзе, Рэчыца на захадзе. Іх назвы добра зразумелыя нам сённяшнім. Крапіва, пясок, камень, рэчка…

Можна меркаваць, што называліся яны раней не так. І гэтыя, цяперашнія назвы — гэта прамы пераклад ранейшых назваў. А ранейшыя назвы — балцкія.

Найлягчэй з Каменкамі. Бо захаваўся не адзін прыклад, калі побач знаходзяцца рэчкі з назвамі кшталту Каменка і Стабна. Такое ёсць і на Пскоўшчыне, і на Смаленшчыне. Ёсць і на Пасожжы — каля ракі Натапы (пра яе гаворка ніжэй). Звычайна згадваюць прускае stabis “камень”, але такога багата і ў лексіцы літоўскай мовы, найбольш шырока ўжываецца цяпер stabdyti “спыняць” (літаральна: скамяняць).

Цікава з Пясочнямі. У Калужскай вобласці (гэта за Смаленскам і за Бранскам), дзе даўней жыло балцкае племя голядзь, цячэ досыць буйная рака Жыздра. У яе, каля вытоку і каля ўтоку, уцякаюць невялічкія рэчкі Пясочні. І гэта тое ж калькаванне, як і ў разе “Каменка-Стабна”, бо назва Жыздры — ад літоўскага žiezdrа, прускага sixdo “пясок”. Але найцікавей, што каля нашых Калінкавічаў ёсць свая Шыздра — невялікая рэчка, і яна знаходзіцца ў такім балцкім “гняздзе”: рэчкі Віць, Ненач, Іпа, Віша і інш. — што ля Прыпяці сустрэнеш не часта. Тапонім “Жыздра” (цяпер такой вёскі ўжо не існуе) вядомы каля Віцебска, у вярхоўях ракі Віцьбы.

Тое ж і з Крапіўнамі — ёсць некалькі выпадкаў, калі назвы калькуюцца. Такіх выпадкаў на тэрыторыі Беларусі некалькі. На захадзе Беларусі (пад Ваўкавыскам) побач цякуць рэчкі Нятупа і Крапіўна. Другая такая сітуацыя — каля Мсціслава, дзе ў Сож уцякае рака Натапа, а адразу за Сажом — рэчка Крапіўна. Нятупа, Натапа — двухскладовыя назвы, другая частка — ад upe “рака”, першая — ад прускага natis, літоўскага notra “крапіва”.

Нарэшце, што да Рэчыцаў. Знайсці адпаведнік дапамагае балцкая гідранімія земляў на ўсход, дзе багата назваў кшталту Салік, Соля, Саложа. Найбольш красамоўны прыклад — на Браншчыне, дзе каля горада Трубчаўска ў рэчку Солька ўцякае прыток Рэчыца, і ў наваколлі яшчэ — рэчкі Рэчачка і Рэчыца. А паходзіць ад прускага salus “ручай”, літоўскага salti “павольна цячы”.

Такія сітуацыі калькавання балцкай і славянскай назваў побач — цудоўная пакінутая нам магчымасць дазнацца пра тое, як спярша верагодней за ўсё называліся тыя Крапіўны, Пясочні, Каменкі і Рэчыцы. З невялікай доляй рызыкі можна дастасоўваць звесткі з такіх сітуацый да іншых мясцін, дзе калькавання не засведчана.

Такім чынам, Каменка, Крапіўна, Пясочня, Рэчыца? Не, Стабна, Натапа, Жыздра, Соля.

Аўтар: Алесь Мікус