Без песні – хоць трэсні!
Прыказка
У 1929 годзе, калі кожная краіна свету выбірала сабе музычны інструмент-сімвал, праз чый вобраз вызначаліся б рысы самой краіны і яе жыхароў, беларусы ў якасці “апякункі” сваіх інтарэсаў выбралі дуду. Пасля на некаторы час наша апякунка знікла з гістарычнай сцэны.
Ды толькі не маглі дапусціць яе поўнага адыходу ў нябыт неабыякавыя да яе гучання людзі! 28 студзеня ў гомельскім Гарадскім цэнтры культуры на Свяце дуды ўрачыста віталі жыхароў горада гурты сярэднявечнай музыкі “Testamentum Terrae” і “Стары Ольса”.
У той трапяткі час, прысвечаны чаканню гуртоў, якія па непрадбачаных прычынах затрымліваліся ў дарозе, прыняў на сябе ўвагу прысутных сваёй прамовай загадчык кафедры беларускай літаратуры прафесар Ф. І. Штэйнер. Неўзабаве гурты пад’ехалі і распачалі канцэрт.
Як кожны змог упэўніцца пад час выступлення гурта “Testamentum Terrae”, дыяпазон сярэдневечнай музыкі вельмі і вельмі шырокі. Гэта тлумачыцца, па-першае, далёка не благім жыццём адной з груп насельніцтва сярэднявечнай Беларусі (варта ўзгадаць толькі заможнае жыццё Радзівілаў), а па-другое, наяўнасцю народнай працы і песень, што яе непасрэдна суправаджалі. Таму выпала гледачам магчымасць паслухаць як італьянскую тарантэлу, так і рок-н-рол па-старабеларуску (як аказалася, цяжкая праца каваля яшчэ ў ХІХ ст. паслужыла асновай для сусветна вядомай плыні музыкі), давялося судакрануцца як з народнымі песнямі (“Вулічка”, “Гандзюленька”), так і з народнымі танцамі (“Полька”, “Верабей”). І, нарэшце, гурт выявіў здольнасць перасоўвацца ў часе і прасторы, выконваючы як творы эпохі Рэнесансу, так і апрацаваныя версіі сучасных кампазіцый.
Гурт “Стары Ольса” ў сваю чаргу прадэманстраваў інтэлігентнасць і культуру беларусаў, якія знайшлі свой адбітак у музычных творах “Полацкага сшытку”. Насамрэч, “Полацкі сшытак” – гэта люстра жыцця беларусаў, яго гісторыі і культуры. Таму такі адчувальны ўплыў ці то адпаведнай эпохі (творы эпохі барока, усходнія матывы, выкліканыя нашэсцем крыжовых паходаў), ці то духоўнага (“Пастыр”), ці то грамадскага (“Немец”), ці то асабістага (“Слічна квеце”) жыцця. Музыка і словы такіх твораў, як “Дрыгва”, “У карчме”, “Плятэршпіль”, своеасабліва выяўляюць адметныя рысы беларуса. Нездарма цэлая кагорта маладых дзяўчат і хлопцаў, сярод якіх былі і гомельскія талакоўцы, пачынаюць таньчыць на пляцоўцы каля ўваходу. Не вытрымлівае і больш сталае пакаленне: падхопліваецца з першага месца сталы мужчына і пачынае ў такт музыцы падтанцоўваць, пляскаючы ў ладкі. Падрымлівае імпэт танцораў і гурт: выконвае спецыяльна для іх “Маразулю”.
Што ж стала прычынай таго, што прадстаўнікі розных узростаў, сацыяльных груп і статусаў эмацыйна аднолькава сустрэлі такое Свята? Відаць, не на апошнім месцы будзе і той факт, што музыка выконвалася на інструментах ХVІ-ХVІІ ст., сярод якіх Яе Вялікасць Дуда, Скрыпка, Жалейка, Мандаліна, Свірэль, – увага! – Цыстра, Дудэльзак (нямецкая дуда), барабан і яшчэ, яшчэ, яшчэ… Да таго ж, як паведаміў Зміцер Сасноўскі – кіраўнік і заснавальнік гурта “Стары Ольса”, інструменты замаўляюцца на выраб майстрам сваёй справы і вырабляюцца толькі з натуральных матэрыялаў, месца пластыку тут проста быць не можа. Нягледзячы на ўласныя жарты аб тым, што “лютніст1 жыве 80 гадоў, 60 з якіх настройвае лютню²”, музыкі не выглядаюць пакрыўджанымі на свой лёс, наадварот, годна ідуць па абраным шляху.
У адрозненне ад гурта“Testamentum Terrae”, чальцы якога дзякуючы Святу дуды ўпершыню наведалі Гомель, карані гурта “Стары Ольса” менавіта тут – у Гомелі. Зміцер Сасноўскі – кіраўнік цяпер ужо шырока вядомага гурта – дзякуе родным і блізкім, хто бачыў станаўленне гурта на свае вочы і вытрымаў усе цяжкасці, звязаныя з гэтым. Варта асобна заўважыць, што ў свой час ён быў старшынёй гомельскай “Талакі” і спрычыніўся да працы адраджэння беларускай мовы і культуры ў нашым горадзе.
Як засведчыў мудры беларускі народ, тады не адбылося свята, калі песень не было. У нас жа – і песні, і скокі, і мароз не мароз. Ды яшчэ і дыскі з такой музыкай набылі! Свята адбылося.
_________
- Лютніст – музыкант, які грае на лютні.
- Лютня – старадаўні струнны шчыпковы музычны інструмент.
Аўтар: Марына Маркевіч