Ядзерная пагроза для Гомеля, Дзень Перамогі без параду і схаваныя злачынствы рэжыму. Пра горад канца 1940—1960 гадоў распавядае гомельскі стыляга і філосаф

0
1930
Дзень Перамогі і гісторыя Гомеля ад Яўгена Ткача
Яўген Ткач на прэзентацыі сваёй кнігі / gomel.today

Зусім нядаўна ў Гомелі адбылася прэзентацыя кнігі «Через двадцатый век, или отторжение» гомельскага філосафа Яўгена Ткача. Кніга мемуарна-палітычнага характару. Яе аўтар распавядае сваім чытачам часта пра вядомыя падзеі, якія адбываліся ў савецкі перыяд і пасля распаду СССР. Некаторыя главы могуць шакаваць сучаснага чытача — у іх ёсць інфармацыя пра малавядомыя старонкі нашай гісторыі, якая запісаная са слоў відавочцаў. Кнігу не прынялі ў друк у Беларусі са словамі: «Гэта бомба, закінутая ў будучыню». Таму яна была надрукаваная ва Украіне.

Мы ўжо даўно знаёмыя з Яўгенам Ткачом і добра валодаем матэрыяламі з яго кнігі. Таму вырашылі паразмаўляць з філосафам на тэмы, якія не асвятляліся ў яго мемуарах. Таксама ў інтэрв’ю прысутнічае інфармацыя з кнігі, якую не прымае афіцыйная ідэалогія.

Размова будзе весціся ў асноўным пра падзеі, якія адбываліся ў нашым горадзе ў канцы 1940—1960 гадах. Яўген Ткач пасяліўся ў Гомелі пасля вайны, а ў 1948 годзе трапляе на службу ў МГБ (Міністэрства дзяржаўнай бяспекі СССР). Але роўна праз год ён пакідае гэтую працу, бо яго прызнаюць сынам кулака. Далей спецслужбы не пакідаюць Ткача без сваёй увагі і сочаць за кожным яго крокам. У гэтых умовах наш герой знаходзіць сілы, каб не падпарадкавацца таталітарнаму рэжыму і жыць цікава незалежна ад перашкод.

Ядзерная пагроза для Гомеля і міф пра велізарнае бамбасховішча пад плошчай Леніна 

— Гомель мог пацярпець ад ядзернага ўдару ў часы «халоднай вайны»?

— Вядома. І галоўнай мэтай для ядзернага ўдару, безумоўна, магла стаць Зябраўка каля Гомеля, а не Гомель. І калі б Зябраўка рванула, то ніякія бамбасховішчы не выратавалі б Гомель. Навабеліца знаходзіцца на адным узроўні з Зябраўкай. І таму выбухная хваля ў Зябраўцы знесла б і Навабеліцу. У Гомелі пацярпела б больш за ўсё паўднёвая частка горада.

— Так, у Зябраўцы знаходзіўся ваенны аэрадром стратэгічнай авіяцыі СССР. І год таму ЗША рассакрэцілі дакументы ЦРУ, з якіх стала вядома, што амерыканцы планавалі ў 1959 годзе скінуць на Зябраўку–Прыбыткі ядзерную бомбу.

— Так, мы ведалі пра гэта. Хадзілі пагалоскі, працавала разведка. Лётчык у Зябраўцы скажа жонцы, жонка яшчэ камусьці. Гэта ж нельга было ўтаіць. І часта ў перадачах «Голаса Амерыкі» згадвалася ўся сур’ёзнасць гэтага аб’екта. А «Голас Амерыкі» усе слухалі, хоць сігнал рэгулярна глушыўся.

Зябровка под Гомелем
Ваенны аэрадром у Зябраўцы, 1964 год (фрагмент амерыканскай касмічнай здымкі). / gomel.today

Лічыцца, што асноўнай функцыяй базы ў Зябраўцы была авіявыведка. Лётчыкі фатаграфавалі стратэгічныя аб’екты. Таму, многія запэўніваюць, што ядзернай зброі там не магло быць. Але ядзерная зброя там была. Гэта ж заходні кірунак. Гэта ж Беларуская ваенная акруга. Тут была каласальная колькасць узбраення, а авіябазаў было не так і шмат. Тады, дзе ж яно магло быць? Дырэктар школы ў Клімаўцы быў у гэтых падзямеллях каля Зябраўцы, дзе захоўвалася ядзерная зброя — яго аднойчы туды правёў прыяцель афіцэр.

Бомбы для стратэгічнай авіяцыі знаходзіліся пад зямлёй у лесе ў 6 кіламетрах ад Зябраўкі на захад. Там недалёка ад Клімаўкі, Кантакузаўкі. З боку чыгункі. Там, дзе станцыя Уць. Там у лесе грыбы не збіралі, маглі злавіць. І недзе дзесяць гадоў таму, калі гэты аб’ект ужо не меў статусу стратэгічнага, адзін чалавек там збіраў грыбы і зваліўся ў вентшахту. Яго цудам знайшлі.

Вядома, ядзерны ўдар па Зябраўцы пагражаў усяму Гомелю. Усюды ў буйных установах абсталёўвалася сістэма бамбасховішчаў. У 1950-х гадах падземныя ўзроўні будынкаў пераабсталёўваліся — было пабудавана мноства бамбасховішчаў. Нават хадзілі чуткі, што было пабудавана велізарнае бамбасховішча пад плошчай Леніна, дзе цяпер месціцца сквер імя Кірылы Тураўскага. Казалі, што ў яго быў уваход з тагачаснага абкамапартыі (будынак былога Віленскага банка — аўт.), а таксама ўваход з будынку КДБ на Білецкага. Існаванне такога бамбасховішча абмяркоўвалася гомельцамі на поўным сур’ёзе, хоць цяпер гэтая інфармацыя больш падобная на міф. Як можна было незаўважна пабудаваць такі вялікі аб’ект пад плошчай? Пад выглядам звычайных будаўнічых работ, як цяпер, да прыкладу, капаюць падземныя пераходы. Падземнае бамбасховішча пад плошчай у тыя часы — хутчэй фантастыка, здагадкі жыхароў горада.

Вентиляционные каналы гомельского театра
Уздоўж драмтэатра размешчана адразу некалькі вентыляцыйных шахт, якія, верагодна, адносяцца да бамбасховішча, размешчанага пад будынкам. / gomel.today

Жыццё стылягі ў савецкім Гомелі 

— Вас часта называлі стылягам. А ўвогуле ў Гомелі былі стылягі у разуменні моладзевай субкультуры СССР, для якой эталонам быў амерыканскі лад жыцця? Або ў большасці выпадкаў стылягі Гомеля — гэта звычайныя позеры?

— Субкультурай у Гомелі гэтую з’яву з нацяжкай можна назваць. Гэта хутчэй было характэрна для сталіцы. Стылягамі часта былі дзеці партыйных работнікаў, заможных чыноўнікаў, якія маглі сабе дазволіць дастаць дарагія рэчы за мяжой. А стылягам ў Гомелі, як і ў іншых гарадах СССР, маглі назваць любога чалавека, які апранаўся неяк незвычайна для савецкага грамадства. Стыляга — гэта было слова з адценнем здзеку, стылягай маглі абазваць.

История Гомеля и стиляги в 1958
Гомельскія стылягі на першамайскай дэманстрацыі ў Новай Беліцы ў 1959 годзе (фота Мікалая Гі). / gomel.today

Так, я апранаўся па-заходнееўрапейску: жоўта-аранжавыя туфлі на каўчукавай падэшве, у буйную цёмную клетку завужаныя ўнізе штаны, пінжак у дробную клетачку, шырокі гальштук або матылёк. Адкуль я ўзяў гэты эталон? Мабыць з замежных фільмаў. Маё адзенне — гэта быў зусім ня пратэст і зусім не позерства, гэта пошук чагосьці новага. Мода — гэта філасофія. Пошук новых форм, новых колераў — гэта звычайная патрэба чалавека.

Парк в Гомеле, старое фото
Яўген Ткач у парку каля фантана ў 1953 годзе. / gomel.today

Гомель быў бедны, усе апраналіся сціпла. Таксама савецкае грамадства патрабавала ад грамадзяніна шэрасці і строгасці. Ну, так, як у Кітаі ў перыяд «культурнай рэвалюцыі». Празмернасць не дапушчалася — толькі цёмнае і шэрае. Таму асаблівы стыль не вітаўся. Калі я ішоў па Гомелі ў паліто з шыкоўнага драпу з вялікай клеткай, з поясам, у шыкоўным чэхаславацкім капелюшы, мінакі дзяўчынкі шэптам маглі перагаворвацца: «Стыляга, стыляга пайшоў».

Бывалі і невялікія праблемы з-за адзення. Маглі выклікаць у камсамольскае бюро і сказаць: «Слухай, не можаш апранацца больш сціпла? Што ты гэта, як паўлін прыбраўся?». Не віталася гэтак жа прадпрымальнасць. Хоць я быў выдатнікам у інстытуце імя Чкалава (цяпер універсітэт імя Ф. Скарыны — аўт.) І на дошцы пашаны маё фота вісела, але аднойчы ў студэнцкай сценгазеце з’явіўся загаловак: «Ткач — ловкач». Пра што гэта? А гэта быў артыкул пра тое, што я не на стыпендыю жыву, а я фатаграфую студэнтаў і зарабляю на гэтым. Так, я фатаграфаваў і сваім майстэрствам зарабляў на добрую вопратку. Вось адкуль я мог зарабіць на пыльнік (летні лёгкі плашч — аўт.) І самы дарагі чэхаславацкі капялюш коштам у 250 рублёў, пры заробку прыбіральшчыцы 180 рублёў. Для мяне гэта было звычайнае адзенне. Гэта была мая патрэба і ніякіх маляванняў.

Автобус Минск Глусск 1955 год
Яўген Ткач на фоне аўтобуса ў 1955 год. / gomel.today

— А дзе даставалі модную вопратку?

— У камісійных магазінах, у асноўным у Мінску. Штосьці можна было набыць у знаёмых, якія пабывалі за мяжой у 1930-х гадах. Іх тады толькі цудам не расстралялі за гэта. З тых часоў захоўвалі рэчы ў скрынях.

Новобелица в Гомеле и магазин парфюмерии в 1953 году
У краме «галантарэя і парфумерыя» у Новай Беліцы ў 1953 годзе. / gomel.today

А як было з музыкай? Стылягі слухалі рок-н-рол і джаз. 

— Рок-н-рол ніколі не любіў, а вось джаз заўсёды падабаўся. Гэтая музыка, як і адзенне заходнееўрапейскага тыпу, не віталася. Тады казалі: «Хто слухае джаз, той і Радзіму прадасць!»

Горад і добраўпарадкаванне

— Што было ў горадзе ў канцы 1940—1960 гадах з таго, чаго сёння ўжо даўно няма ў Гомелі?

— Цяпер на вуліцы Савецкай усюды асфальт і бетонная плітка, а раней вуліца была забрукаваная каменем і клінкерам. Было нашмат больш азелянення. Усе гараджане ўдзельнічалі ў азеляненні гораду, саджалі дрэвы ў сябе ў дварах. Гомельскі парк быў зусім іншым, быў больш дзікім. Там раней спявалі птушкі, а цяпер вавёркі знішчылі птушыныя гнёзды. Таксама сталі выкошваць траву, і таму няма насякомых — кармавой базы для птушак.

 

Киевский спуск в Гомеле
Кіеўскі схіл у 1960 годзе (фота М. і А. Ананьіных). / gomel.today

— А якія архітэктурныя помнікі Гомель страціў у 1950—1960 гадах?

— Калі ісці ад парка, то забудова па правы бок па праспекту Леніна была ўзноўленая пасля вайны, але затым была знесена. Былі знесены дарэвалюцыйныя двухпавярховыя і трохпавярховыя дамы. Такі ж лёс быў і ў вуліцы Працоўнай. Пасля вайны з вакзала быў бачны ўвесь парк, а па правы бок не было ніводнага будынку. Таксама ў 1960-х на плошчы Леніна знеслі пажарную каланчу.

Проспект Ленина в Гомеле история
Праспект Леніна ў 1954 годзе на ўчастку ад вул. Інтэрнацыянальнай да пл. Леніна. / gomel.today

— У савецкі час гомельцы маглі ўплываць на гарадскую палітыку?

— Так, маглі. Маглі ўплываць, калі людзі пісалі нейкі калектыўны ліст, тады пажаданні абавязкова ўлічваліся. Але чалавек, які ініцыяваў ліст, браўся на заметку. Я такія выпадкі ведаю ў іншай вобласці. Адзін чалавек павінен быў быць па ўсіх дадзеных дырэктарам школы (ён удзельнічаў у вайне, вышэйшую адукацыю меў, напісаў кнігу пра нямецкіх піянераў і гэтак далей). Аднак было сказана: «З гэтай сям’і ніхто не павінен стаць дырэктарам школы». І ўсе з гэтай сям’і дажылі да пенсіі, так і застаўшыся звычайнымі настаўнікамі. А за што? Калі былі настаўнікамі, пісалі кудысьці скаргі.

— А ў горадзе тады былі абаронцы прыроды ці архітэктуры?

— Усе былі абаронцамі прыроды і архітэктуры. Любы, хто атрымліваў заробак, аўтаматычна станавіўся сябрам розных таварыстваў абароны. Зараз раскажу, як гэта было. Я працую, значыць, я сябра «Чырвонага крыжа і паўмесяца» і плачу аўтаматычна ўнёскі. Член «Таварыства абароны помнікаў і архітэктуры», значыць я абаронца і плачу ўнёскі. Якое там яшчэ таварыства было? Прыроды… Рэальнай дзейнасці не было. Усе плацілі ўнёскі, і ні ў якіх пасяджэннях не ўдзельнічалі.

Демонстрация в Гомеле в 1971 году
«Адна сава з’ядае за лета до 1000 палявых мышэй!» — калона абаронцаў птушак на праспекце Леніна ў 1971 годзе. / gomel.today

— А як ставіліся да стану помнікаў архітэктуры?

— Дамы не фарбаваліся, гэта было вельмі дрэнна. Але, што тычацца знешняга выгляду фасадаў будынкаў, то за гэтым сачылі строга. Каб людзі самавольна ўсталёўвалі тыя ж рамы на балконы, такога не было. Аднойчы ў маім доме адзін чалавек усталяваў рамы на балконе на першым паверсе. Тады адразу ж прыйшоў чалавек з райвыканкама і сказаў: «Гэтак рабіць нельга — парушае архітэктурнае аблічча будынку». І тады жыхар дома без пытанняў прыбраў тыя рамы. А цяпер кожны, што хоча, тое і робіць. Тады было больш дысцыпліны. Зараз можна нават балкон на два акна прыбудаваць.

Пожарная каланча в Гомеле в 1960-м году
Пажарная каланча на пл. Леніна ў 1960 годзе (фота М. і А. Ананьіных). / gomel.today
Трудовая улица в Гомеле в 1956 году.
Вуліца Працоўная ў 1956 годзе. / gomel.today

Пра Дзень Перамогі і рэпрэсіі

— Як у Гомелі адзначалі Дзень Перамогі ў пасляваенныя гады і ў 1950—1960 гадах?

— Не, ніяк не адзначалі. 9 траўня быў нават звычайным працоўным днём. Сталін не лічыў гэтую перамогу сапраўднай. Гэтую падзею можна назваць «піравай перамогай» з-за каласальных страт. Сам дзень перамогі ў 1945 годзе людзі сустракалі радасна. Гэта ў мяне апісана ў кнізе. Але пазней ужо ніяк не адзначалі гэты дзень. У людзей быў шок, народ быў галодны і халодны. А парадаў не было ніколі. Нічога гэтага не было. І памятаю, толькі ў 1962 годзе ў Пакалюбічах каля помніка сабралася неяк каля дваццаці ветэранаў, ціхенька распілі бутэлечку і разышліся. І толькі пры Брэжневе гэтую дату пачалі трохі рэанімаваць.

— А зараз мы шырока святкуем гэты дзень. Нават дэманструем на парадах ваенную тэхніку. Часам ёсць адчуванне, што ствараецца культ вайны вакол даты 9 мая. З чым гэта звязана?

— Гэта звязана з праўленнем Лукашэнкі. Гэты рэжым жудасна любіць мілітарызацыю. Сам прэзідэнт любіць быць у ваеннай форме. Выдумалі нейкую лінію Сталіна. Пра такую ​​ніхто ніколі не чуў. Гэта ж выдумка ўсё. І вы правільна сказалі — ствараецца культ вайны. Жах… І з гэтай вайны ствараюць галоўную падзею нашай гісторыі. Перамога падаецца, як галоўнае дасягненне Савецкага саюза, тым самым паказваецца пераемнасць паміж СССР і нашай дзяржавай. А як жа больш ранняя гісторыя? Як жа гісторыя Вялікага Княства Літоўскага або Рэчы Паспалітай? Яна сыходзіць на другі план, як несумяшчальная з савецкімі каштоўнасцямі.

Першамайская дэманстрацыя рухаецца па праспекце Леніна (1960-я гг.). / gomel.today

— Калі мы вучыліся, у школе ў 1990-х нам казалі, што ў вайне загінуў кожны чацвёрты. Але цяпер мы ўжо чуем, што ў той вайне загінуў кожны трэці беларус. Як гэта разумець?

— Гэта ўсё няпраўда. І нават не кожны чацвёрты. Такой колькасці загінулых не было. Усе гэтыя лічбы перабольшаныя. Чаму? У лік загінуўшых уключылі ўсіх рэпрэсаваных да вайны, тых, хто памёр галоднай смерцю ў 1930-х гадах. Вось адсюль і з’явілася лічба кожны трэці. Дык гэта ж не ў час вайны загінула столькі, а ў гэтую лічбу схаваныя загінулыя людзі, якіх рэжым сам знішчыў.

— Першае апавяданне пра рэпрэсіі ў Гомелі вамі было напісана ў 1964 годзе. Можна сказаць, што ў 1960-х людзі ўпершыню пачалі гаварыць пра расстрэлы людзей у 1930-х гадах?

— Так, ужо ўголас можна было пра гэта гаварыць. Мікіта Хрушчоў прыйшоў да ўлады і, якой бы ён ні быў, ён адпусціў палітычных зняволеных, даў пісьменнікам свабоду. Праўда, быў незадаволены, калі Пастэрнаку Нобелеўскую прэмію далі. Але, па меншай меры, пры ім трохі вальней дыхаць стала.

Так, а аповед пра расстрэл у Шчакатоўскім лесе каля Навабеліцы я напісаў адразу, як толькі даведаўся пра гэта. Гэта была гісторыя пра тое, як у 1930-х гадах калгаснік з Краўцоўкі застаўся на ноч у гэтым лесе, каб пільнаваць нарыхтаваны лес. Калі туды пад’ехаў «варанок», ён схаваўся ў арэхавы куст. Ён стаў нявольным сведкам расстрэлаў нявінных людзей. Мяне гэта тады так уразіла, што я адразу ж усё запісаў.

— Так, пра масавыя расстрэлы ў Шчакатоўскім лесе за Навабеліцай даследчыкам вядома. Магчыма, вы ведаеце іншыя месцы, дзе расстрэльвалі людзей у Гомелі?

— Шаша на Лапаціна за нафтабазай злева, калі не даязджаць да Сельгастэхнікі, то там ёсць гай. Паміж Новым Жыццём, нафтабазай і Яроміна. Вось у гэтым месцы масава расстрэльвалі людзей. У тым раёне я гутарыў з чалавекам, які мне распавядаў, што па начах у 1937—1938 гадах там расстрэльвалі людзей, і мясцовыя жыхары кожную ноч чулі там стрэлы.

Методыка расстрэлаў была такая, каб месца, дзе знішчалі людзей, знаходзілася недалёка ад населенага пункта і каб людзі чулі стрэлы. Навошта? Для запужвання! Каб народ ведаў, каб хадзілі чуткі.

Крест на месте расстрелов под Гомелем
Сімвалічны крыж ахвярам рэпрэсій на 9-м кіламетры Чарнігаўскай шашы каля павароту на РЦРМ (з сайта: gulevich.net). / gomel.today

І я лічу, што мы павінны ведаць пра гэтыя страшныя падзеі. Не трэба ідэалізаваць той рэжым. А як жа тыя, хто сумуе па савецкім мінулым? Гэта чыста на псіхалагічным узроўні адбываецца — гэта ідэалізацыя маладых гадоў сярод тых, хто выжыў. Праведзеныя юныя гады ў канцлагеры, падаюцца такім добрым часам? Вы мяне зразумелі… Я заўсёды быў жыццялюб, я заўсёды быў аптыміст, але ніколі не ідэалізаваў, гэта быў жудасны рэжым. Для мяне, для маёй радні. У нас усе 50 адсоткаў пабывалі ў лагерах. А вось у адной гераіні маёй кнігі, у яе ўсе ў сям’і загінулі. А потым ёй даслалі даведку — рэабілітаваныя. Гэта як разумець, рэабілітаваныя? Ды гэтыя ж страты нічым не кампенсаваць. Пра ўсё гэта трэба ведаць, каб больш нічога падобнага не паўтарылася.

Больш пра кнігу Яўгена Ткача і яго самога можна даведацца з фільма «Над сістэмай», рэжысёр Марыя Булавінская.

З Яўгенам Ткачоў размаўлялі Марыя Булавінская і Сяргей Ляпін.

Фота з уласных архіваў Яўгена Ткача, Сяргея Ляпіна, Яўгена Малікава.