Я на сабачіай лініі жыву… (з вопыту вывучэння дыялектных парэмій)

0
352
Я на сабачіай лініі жыву... (з вопыту вывучэння дыялектных парэмій)

Тэма фразеалагічнай карціны сусвету вельмі актыўна распрацоўваецца сучаснымі мовазнаўцамі. Унёсак у яе распрацоўку зроблены і беларускімі моваведамі: панарамную фразеалагічную карціну свету беларусаў даследавалі У. І. Коваль [1], В. А. Ляшчынская [2], В. А. Маслава [3], А. С. Дзядова [4]. Аналіз устойлівых моўных адзінак у гэтых працах праведзены на шырокім фальклорным, этнаграфічным і культурным фоне, а таксама на прыкладах з твораў пісьменнікаў. Такі падыход “цалкам адпавядае сучаснай, антрапалагічнай парадыгме даследавання мовы ў яе непарыўнай сувязі з чалавекам і культурай народа і прадугледжвае сінтэз уласна лінгвістычных метадаў з метадамі і дасягненнямі сумежных      навук: этналінгвістыкі, лінгвакультуралогіі, лінгвакраіназнаўства, арэальнай і кагнітыўнай лінгвістыкі, этнаграфіі, фалькларыстыкі і інш.” [5, с. 42-43].

Адметнае месца ў любым парэміялагічным фондзе займаюць тыя парэміі, у якіх, па вызначэнні В. А. Ляшчынскай, “знаходзіць праяўленне асэнсаванне чалавека ў катэгорыях жывёльнага свету” [2, с. 87]. Сапраўды, звяртанне да ўстойлівых уяўленняў пра жывёл пры характарыстыцы людзей у залежнасці ад іх характараў і знешняга выгляду — з’ява ў народнай традыцыі ў вышэйшай ступені ўстойлівая і паўсюдна распаўсюджаная. Гэта шырока адлюстравана ў прыказках, прымаўках, выслоўях, фразеалагізмах. І натуральна, што гэтая з’ява не засталася па-за ўвагай беларускіх даследчыкаў А. Л. Садоўскай, С. У. Галяк, І. Р. Прычынец, В. Г. Гаўрыловіч. Вялікая колькасць адпаведнага фактычнага матэрыялу прыводзіцца ў “Слоўніку беларускіх народных параўнанняў” [6].

Механізм гэтай з’явы даволі дакладна (хаця і па большасці стэрэатыпна) апісаны многімі фразеолагамі і фалькларыстамі. Параўн. меркаванне А. Л. Садоўскай і М. А. Сяброўскай: “Наданне жывёлам пэўнага сімвалічнага ці метафарычнага зместу ва ўстойлівых моўных выразах звязана з назіраннямі чалавека за шматлікімі ўласцівасцямі, рухамі, формай і афарбоўкай жывёл, ладам іх жыцця і характарам паводзін як паміж сабой у прыродзе, так і ў адносінах да чалавека. Асноўным лагічным прыёмам, які выкарыстоўваецца ў такім выпадку для ўстанаўлення сувязі паміж жывёлай і ідэяй, якую яна сімвалізуе, з’яўляецца аналогія. У характары або знешнім выглядзе жывёлы вылучаецца тая або іншая рыса, якая асацыіруецца з пэўным пачуццем, пэўнай ідэяй і вербалізуецца на падставе выбару пэўных сем і канатацый” [7, с. 43].

Прапануемая публікацыя вылучаецца тым, што ў ёй выкарыстоўваюцца запісы, зробленыя аўтарам толькі ад аднаго інфарманта — Варвары Аляксандраўны Грэцкай (1925 г. н.), былой жыхаркі пасёлка Амяльное Веткаўскага раёна, якая пасля адсялення пасёлка ў выніку наступстваў аварыі на ЧАЭС с 1992 г. і па цяперашні час жыве ў Ветцы [8]. На наш погляд, усё, што занатаванае ад яе, мае права вызначацца як аўтарскае, але прыналежнае да ўсёй “амяленскай традыцыі”. Усе парэмічныя адзінкі, якія ўзнікаюць у гаворцы Варвары Грэцкай, былі ўспадкаваны ёю ад сваіх старэйшых аднавяскоўцаў. Безумоўна, з удакладненнем, што яна ўзгадала толькі тое, што, па яе асабістым вызначэнні, “прышлося да разгавора”. Яна не грунтуецца на міфалагічных або гістарычных крыніцах, а тлумачыць іх праз свае асабістыя ўспаміны пра сябе, пра сваю сям’ю, пра свой пасёлак. Пры падрыхтоўцы гэтай публікацыі мы спрабавалі нагадаць ёй тыя ці іншыя агульнавядомыя фразеалагізмы, прыказкі, прымаўкі з азначанымі кампанентамі, зафіксаваныя ў шматлікіх слоўніках, каб яна ўзгадала іх у традыцыі Амяльнога, але ж яна не ўзгадала.

Агульны спіс прадстаўнікоў жывёльнага свету ў амяленскай парэміі выглядае наступным чынам: хатнія жывёлы і птушкі: сабака, кот (кошка), конь, свіння, вол, карова, бык, авечка, курыца, певень, аўца (баран), каза; дзікія звяры: белка, воўк, мядзведзь, кенгуру, абяз’яна; птушкі: варона, голуб, верабей, сініца, снягір, сокал, пава, бусел, удод, коршун, сава; земнаводныя: вуж, жаба (рапуха); насякомыя: авадзень, камар, клоп, муравей, блаха, пчала, вош, павук, каларад; рыбы: сом, рак.

На першы погляд, больш за астатніх жывёл у парэмічнай прасторы пасёлка Амяльное пашанцавала сабаку (сабака, сука, кабёл) — 80 парэмічных адзінак, але практычна ўсе яны, за рэдкім выключэннем, нясуць негатыўныя вызначэнні.

Вызначаючы тое, як ставяцца да яе члены яе сям’і, Варвара Аляксандраўна гаворыць: “Я на сабачай лініі жыву”. <Гэта як?> Я пра сябе кажу: “На сабачай лініі жыву…” Багата гаўкаю, а мне такая чэсць, як сабаку ў карыці…” Усім хочу, штоб лучшы было, а мне як дадуць, як Козыры гаворяць, пад пах”.

На наш погляд, літаральна ў некалькіх сказах яна ў вышэйшай ступені вобразна і дэталёва апісала жыццё старога чалавека ў асяроддзі дзяцей і ўнукаў.

І, сапраўды, паводле разважанняў Варвары Грэцкай, сабака ў жывёльнай іерархіі займае самае апошняе месца: <Не тваё сабач’е дзела. Чаму сабач’е?> “Усё калісь казалі: “Сабаку за скаціну не счытаяць. Сабака ё сабака. Самая паследняя скаціна”. Усё казалі: “Самая паследняя скаціна. Свіння да сабака”. Свінню як уб’юць, дак сала, а сабака іздохня, да закапаяць, да і ўсё”.

Тое самае можа адбыцца з чалавекам: “Шолам калісь памёр, злодзей быў, дак усі казалі: “Туда яму і дарога!..” За сабаку памёр, ніхто ні хацеў і на абед іціць”.

Паводзіны чалавека, які апынуўся ў неспрыяльных жыццёвых умовах, вызначаюцца наступным чынам: Круціцца, як сабака ў мяшку. Альбо: Шукая, як сабака шчэлку”. І так — праз усё жыццё.

Сапраўды, чалавек, якого лічуць (счытаюць) за сабаку, паводле аповедаў Варвары Грэцкай, займае самае апошняе месца як ў грамадскім асяродку, так і ў сям’і. Яго словы і думкі нічога не вартыя пры абмеркаванні агульных пытанняў. Яго справа: Гаў, да ідзі. Гаў, да і пад печ. Ён можа гаўкаць, як сабака на цапу, але ніхто не звяртае на яго ўвагі. З ім не лічуцца і не заўважаюць: сабака гаўкая, а хазяін есць. Адсюль і прэтэнзіі да тых, каму даводзіцца паўтараць некалькі разоў адное і тое: “Ну, у мяне ж не сабаччы язык… Раз сказала, два сказала… Сколькі можна?”

Калі нехта вельмі надакучвае, яго папярэджваюць: Не гаўкай, а то на цэп пастаўлю. Іншым разам, дзе нада гаўкнуць, лучшэ лізнуць языком. Каб паказаць, што нехта ўмешваецца не ў свае справы, папярэджваюць: Ня тыкай язык туды, куды сабака хвост ня тыкая. У рэшце рэшт шкодніка можна бязлітасна пратурыць (выгнаць), зняць (с пасады), як сучку (як сабаку). І гэтыя адносіны — узаемныя: Любіць, як сабака палку.

На сабаку навешваюць усё самае горшае. Як сабак — гавораць на нядобрых людзей. А калі з такім чалавекам нешта здарыцца, то па ім і сабака ні завяшчыць.

Сабаку (кату, камару, вароне) на хвост навязаць; сабака лая, вецір носіць; адзін сабака лая, а другі сабака разнося — аб распаўсюджванні плётак. Найвышэйшая ступень адсутнасці сумлення вызначаецца зваротам совесць сабачая, а чалавек вызначаецца як сукінае дачкі сын (дачка).

Неспрыяльнае надвор’е вызначаецца тым, што ў такую пагоду добры хазяін сабаку з двара ня выгане. А калі вельмі халодна, дак гэта — холад сабаччы, і чалавек трясецца, як сабачы хвост. І разам з тым, як узгадвае Варвара Грэцкая: “А матка будзя казаць: “У іх (дзяцей) жа сабачая кроў. Січас нагрыецца, січас прастывая”.

Ёсць свае “сабачыя” вызначэнні для непаслухмяных дзяцей: на сабак глядзя рэсць. З такімі трэба дзісціпліну дзяржаць сабачаю, і секці іх трэба, як сабак.

Выслоўі з кампанентам сабака выкарыстоўваюцца таксама і для характарыстыкі п’яніц, якія могуць нажрацца, як сабака парцянак; і для бадзяг, якія сабакам сена косяць альбо сабак дражняць. Адсюль і пытанне да таго, хто недзе бадзяўся: Дзе ты сабак дражніў? Ежа бывая такой нясмачнай, што на сабаку ліні — сабака завішчыць.

Фразеалагізм на сабак бряхаць ужываецца ў значэнні ‘гаварыць нешта пустое’. Прывядзём наступнае выказванне Варвары Грэцкай: “Эх, галава! Не было мне вучыцца. Мая галава варыла… Неяк было… Калісь Сняжкова Нінка ўсё казала: “Давай! Я табе і памагу. Дагоніш… Давай вучысь”. Матка бальная і баба бальная, Ягор яшчэ які… І Туся, і хазяйства…” Яна была журналісткай… Учылась… І вунь папала… Яна была вумная дзеўка… У іх і Валодзька вумны быў, а Ірка — не… Тая на швяю пашла… І Валька такая тупень была… А тыя па дзядзю Лёку пашлі — Лявону. Матка казала: “Ідзі. Навучышся на сабак бряхаць”.

Калі нехта хваліцца тым, чаго ў яго ніколі не было, з’едліва запытваюць: “Ці была ў сабакі хата?” Марна распарадзіцца грашыма ці якой-небудзь патрэбнай рэччу — выкінуць сабаку пад хвост.

Праз вобраз сабакі характарызуюцца і пазашлюбныя стасункі: сабачы сабантуй. Гэта агульнае: і жаночае, і мужчынскае. Ёсць асабныя выразы, што адносяцца да характарыстыкі жанчын: Не мінала сабакі. (Яе) цягаюць, як сучку. Як у сучкі сабак (мужыкоў). Як сука не захоча, дак сабака ня ўскоча. Мужчыну прасцей: Мужык — ета сабака. Абтрусіўся і пайшоў. Пабрацца шлюбам без вяселля — сучку за ручку.

І ў сям’і што стары скажа, што сабака брэша. Асабліва цяжка даводзіцца маладому, які пайшоў жыць у сям’ю да жонкі: зяцкі хлеб — сабацкі. Яму і сабаку нада па-бацюшку называць.

Сабака сам па сабе жыве параўнальна нядоўга. Адсюль і вызначэнне сабачы век, адсюль і праклён Штоб ты сабачага века не дажыла!

І нават у параўнанні з кошкай (з катом) сабака знаходзіцца на больш ніжэйшым узроўні. Як кошка с сабакай — гавораць пра людзей (членаў адной сям’і ці аднавяскоўцаў, якія не ладзяць паміж сабой). А можна ў гэтым выпадку абысціся без кошкі і абысціся аднымі сабакамі: грызуцца, як сабакі.

І нават тыя, хто дужэй за сабаку, не заўсёды маюць жаданне з ім звязвацца — вельмі звадлівая яна істота: Воўк сабакі не баіцца, да звягі ня любя.

Адзінае добрае слова пра сабаку, якое гучыць у амеленскай парэміі: Заўтракамы сабак ня кормяць, як на ахоту ідуць, а нада сёдні пакарміць.

На наш погляд, не самы сімпатычны амяленскі “фразеалагічны партрэт сабакі” (вызначэнне Т. В. Валодзінай) [9, с. 82] займае вартае месца ў “галерэі” падобных “партрэтаў”, якія ўжо існуюць у беларускім парэмійніку [4; 10, с. 63-65; 2, с. 127-131].

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Коваль, В. И. Восточнославянская этнофразеология. Деривация, семантика, происхождение / В. И. Коваль. — Гомель, 1998. — 213 с.
  2. Ляшчынская, В. А. Базавыя канцэпты фразеалагічнай карціны свету беларусаў / В. А. Ляшчынская. — Мінск : РІВШ, 2015. — 224 с.
  3. Маслова, В. А. Введение в лингвокультурологию / В. А. Маслова. — М. : Наследие, 1998. — 208 с.
  4. Дзядова, А. С. Чалавек у люстэрку беларускай фразеалогіі і парэміялогіі : манаграфія / А. С. Дзядова. — Віцебск : ВДУ імя П. М. Машэрава, 2013. — 161 с.
  5. Садоўская, А. Л.Нацыянальна-культурныкампанентбеларускай фразеалогіі / А. Л. Садоўская // Роднае слова. — 2008. — № 2. — С. 42-46.
  6. Слоўнік беларускіх народных параўнанняў / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад. Т. В. Валодзіна, Л. М. Салавей; навук. рэд. В. М. Макіенка. — Мінск : Беларус. навука, 2011. — 482 с.
  7. Садоўская, А. Л. Сімволіка каровы / быка (вала) ў беларускай парэміялогіі i культуры / А. Л. Садоўская, М. А. Сяброўская // Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі : зб.арт. Вып.2. Пад навук. рэд. Р. М. Кавалевай, В. В. Прыемка. — Мінск : Бестпрынт, 2005. — С. 43-50.
  8. Лопатин, Г. Варвара Грэцкая: “Я гаварю па-амяленскі…” Из опыта изучения диалектной фразеологии (Материалы к фразеолого-паремиологическому словарю личности) Варвара Грецкая. Записи 2005-2012 г. / Г. Лопатин // Palaeoslavica, Vol. XXI. — №2 Cambridg, Mass, 2013. — P. 130-201; Лопатин, Г. Варвара Грэцкая: “Я гаварю па-амяленскі…” Из опыта изучения диалектной фразеологии (Материалы к фразеолого-паремиологическому словарю личности) Варвара Грецкая. Записи 2005-2012 г. / Г. Лопатин // Palaeoslavica, Vol. — XXII. — № 2. Cambridg, Mass, 2014. — P. 147-221; Лопатин, Г. Варвара Грэцкая: “Я гаварю па-амяленскі…” Из опыта изучения диалектной фразеологии (Материалы к фразеолого-паремиологическому словарю личности) Варвара Грецкая. Записи 2013-2017 г. / Г. Лопатин // Paheoslavica, Vol. — XXVI, №1. — Cambridg, Mass, 2018. — 164-203; Лопатин, Г. И. “Хто прыказку гаворя і слова ўмесці скажа с прыказкай…” (Материалы к фразеолого-паремиологическому словарю личности) Варвара Грецкая. Записи 2005-2015 г. / Г. Лопатин // Paheoslavica, Vol. XXIII, №1 Cambridg, Mass, 2015. — Р. 159-198.
  9. Валодзіна, Т. Вобразы свойскіх жывелаў у фразеалогіі i павер’ях беларусаў / Т. Валодзіна // Роднае слова. — 2003. — № 4. — С. 82-85.
  10. Коваль, В. И. Фразеология народной духовной культуры: со­став, семантика, происхождение / В. И. Коваль. — Минск : РИВШ, 2011. — 196 с.

Аўтар: Г.І. Лапацін
Крыніца: Славянская фразеология в свете современных лингвистических парадигм: сборник научных статей / редкол.: В. И. Коваль (отв. ред.) [и др.]; Гомельский гос. ун-т им. Ф. Скорины; Представительство Россотрудничества в Республике Беларусь, Рос. центр науки и культуры в Гомеле. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 20І8. — С. 111-116.