Разгром нямецкіх войскаў летам 1943 г. на Курска-Арлоўскай дузе дазволіў Чырвонай Арміі перайсці ў стратэгічнае наступленне і ужо ў верасні 1943 г. распачаць шырокамаштабную аперацыю вызвалення Беларусі і Украіны. 23 верасня 1943 г. часці Цэнтральнага фронту фарсіравалі Днепр і вызвалілі ад нямецкіх акупантаў першы раенны цэнтр БССР — гарадскі паселак Камарын. 15 кастрычніка 1943 г. войскі Беларускага фронту разгарнулі наступленне на Лоеўскім напрамку. Удала правялі Гомельска-Рэчыцкую аперацыю, у выніку якой у лістападзе 1943 г. былі вызвалены Рэчыца і Гомель. У канцы лістапада выйшлі да граніц Буда-Кашалёўскага раёна, пачаўшы яго вызваленне.
На досвітку 25 лістапада пачаўся бой за Касцюкоўку. Злучэнні 11-й і 63-й армій павольна прасоўваліся да Буда-Кашалёва. Перад 889-м стралковым палком была пастаўлена задача ачысціць ад праціўніка ўчастак чыгункі ў бок Жлобіна з прылягаючымі населеннымі пунктамі. Падыходзячы да в. Марозавічы, 889-ы стралковы полк наткнуўся на міннае поле. На досвітку 27 лістапада супраціўленне фашыстаў у в. Марозавічы было зломлена, пасля чаго завязаліся напружаныя баі за в. Патапаўка. Двое сутак 889, 828 і 862-і стралковыя палкі адбівалі націск ворага. Атрымаўшы падмацаванне ў крытычную хвіліну боя, падраздзяленні дывізіі зноў перайшлі ў наступленне і вызвалілі Патапаўку [1, с. 337-339].
Жорсткая барацьба вялася за в. Губічы. К вечару 28 лістапада 220 стралковы полк 4-й Бежыцкай стралковай дывізіі ўшчыльную падышоў да в. Губічы. З ходу выбіць ворага не ўдалося. Занялі толькі палову вёскі, а на другі бок невялікай рэчкі знаходзіліся немцы. За два дні баёў за в. Губічы полк панёс вялікія страты [2].
Вызваленне Буда-Кашалёва адбылося 28 лістапада. У аператыўнай зводцы Совінформбюро паведамлялася, што на працягу 28 лістапада паміж рэкамі Сож і Днепр паўночна-заходней Гомеля нашы войскі, працягваючы развіваць паспяховае наступленне, авалодалі раённым цэнтрам Гомельскай вобласці горадам Буда-Кашалёва, а таксама занялі больш 150 іншых населенных пунктаў.
5 снежня 1943 г. Буда-Кашалёўскі раён быў поўнасцю вызвалены. У вызваленні Буда-Кашалёўскага раёна вялікую дапамогу савецкім воінам аказалі партызаны. Так, 1-я Буда-Кашалёўская брыгада трымала пераправу праз р. Сож у в. Васільеўка да прыходу Чырвонай Арміі. З 23 верасня па 2 кастрычніка 1943 г. пераправілі некалькі сот буйнай рагатай жывёлы і да 500 чалавек цывільных жыхароў. У кастрычніку 1943 г. брыгада злучылася з Чырвонай Арміяй. Сумесна з часцямі 17-й стралковай дывізіі вяла бой за Струменскую пераправу праз р. Сож. Бой цягнуўся суткі, у выніку была знішчана значная варожая жывая сіла і тэхніка. Адрэзаўшы Струменскую пераправу, 4 кастрычніка 1943 г. ўвесь састаў, які знаходзіўся на левым беразе Сожа, уліўся ў 17 -ю стралковую дывізію. А атрад імя Катоўскага і імя Ракасоўскага, рота і два дыверсійных узводы атрада імя Кутузава, две роты атрада імя Чкалава засталіся ў тыле ворага і працягвалі баявую дзейнасць [3, л. 66].
Гады “гаспадарання” нямецка-фашысцкіх захопнікаў на беларускай зямлі прынеслі незлічоныя страты і пакуты нашаму народу. На тэрыторыі сучаснага Буда-Кашалёўскага раёна фашысты разрабавалі і знішчылі ўсю прамысловась: лесазавод, Рагіньскі спіртзавод, зруйнавалі чыгуначную станцыю, вадакачку, МТС. Разбурылі і спалілі ўсе школы, установы аховы здароўя. Знішчылі поўнасцю 144 населеныя пункты і часткова 42, разбурылі і спалілі 1336 дамоў калгаснікаў. Самай цажкай стратай было знішчэнне 1038 мірных жыхароў [4].
Пасля вызвалення раёна ад нямецко-фашысцкіх захопнікаў пачаліся аднаўленчыя работы разбуранай акупантамі народнай гаспадаркі.
Аднаўленне эканомікі Беларусі пачалося з восені 1943 г., калі Гомель і частка тэрыторыі вобласці былі вызвалены Чырвонай Арміяй ад нямецка-фашысцкай акупацыі. Па меры далейшага вызвалення пашыраўся і фронт аднаўленчых работ. Вялікую дапамогу ў гэтым аказваў Саюзны ўрад, вылучыўшы значныя грашовыя сродкі, станкі, метал, будаўнічыя матэрыялы, харчаванне, адзенне, абутак, медыкаменты і інш. Шэраг абласцей Савецкага Саюза ўзялі шэфства над вызваленымі раёнамі Беларусі. Ужо ў красавіку 1944 г. прыбылі першыя эшалоны з Удмурціі, Яраслаўскай вобласці з станкамі, маторамі, абсталяваннем, сельскагаспадарчым інвентаром, адзеннем, абуткам і інш.
Аднак асноўны цяжар аднаўлення лег на плечы самога беларускага народа.
Аднаўленне разбуранай і разбараванай народнай гаспадаркі Буда-Кашалёўскага раёна правадзілася пад кіраўніцтвам былых партызан, удзельнікаў падпольных патрыятычных груп, франтавікоў. Раённую партыйную арганізацыю ўзначаліў былы камандзір 1-й Буда-Кашалёўскай брыгады А.М. Дземчанка. У першыя ж пасля вызвалення дні аднавілі сваю работу мясцовыя органы савецкай улады. Раённы Савет узначаліў былы камандзір дыверсійнага ўзводу партызанскага атрада імя М.І. Калініна, 1-й Гомельскай партызанскай брыгады Э.В. Лаўрыновіч.
Адраджэнне сельскай гаспадаркі на вызваленых тэрыторыях пачалося, перш за ўсе, з аднаўлення калгасаў і саўгасаў. Бюро ЦК КП(б)Б, разглядаючы пытанне аб аднаўленні калгасаў у вызваленых ад нямецкіх захопнікаў раёнах Беларусі 7 студзеня 1944 г., вызначыла ў якасці важнай задачы партыйных арганізацый на працягу студзеня-сакавіка 1944 г. аднавіць калгасы ў вызваленых раёнах і вясенні сеў 1944 г. правесці ўжо калгаснымі гаспадаркамі [5, л. 7].
Гэтая задача ў раёне была паспяхова вырашана. Ужо ў красавіку 1944 г. аднавілі сваю работу ўсе 78 калгасаў, 2 МТС (Буда-Кашалёўская і Рагінская), а таксама ўсе калгасы і саўгасы ва Уваравіцкім раёне і Уваравіцкая МТС. Для аднаўлення МТС і калгасаў з вобласці ў Буда-Кашалёўскі раён было завезена 18 трактараў, 1 аўтамашына, 4 жаткі, 4 сенакасілкі, 5 сарціровак [6, л. 27, 43]. Разам з тым, неабходна адзначыць, што сельскагаспадарчай тэхнікі было мала, не хапала коней. За гады вайны значна скарацілася колькасць жывёлы, таму вялікія цяжкасці ўзніклі ў сувязі з аднаўленнем яго пагалоўя. У калгасах Буда-Кашалёўскага раёна па стану на 25 мая 1944 г. была створана толькі 1 жывёлагадоўчая ферма на 12 галоў буйнай рагатай жывёлы і 1 свінагадоўчая ферма на 15 галоў, а таксама закантрактавана ў калгаснікаў і аднаасобнікаў 800 галоў цёлак [7, л. 5-7]. Аднак ужо ў ліпені 1944 г. ў калгасах раёна было арганізавана 13 ферм буйнай рагатай жывёлы на 119 галоў, 57 свінагадоўчых ферм на 365 галоў, 8 птушкаферм на 295 галоў [8, л. 67].
Вялікая ўвага надавалася вясенняму севу 1944 г. Для паспяховага яго правядзення былі створаны семянныя і страхавыя фонды, адноўлена семянная лабараторыя, ветэрынарная лячэбніца, праведзены ўлік жывёлы. Між тым засыпка семянных і страхавых фондаў ў калгасах праходзіла дрэнна. У канцы студзеня 1944 г. па раёну было засыпана толькі 7,4 % зернавых, 4 % бульбы, 0,76 % технічных культур [8, л. 19]. У такіх умовах немалаважнае значэнне меў пачын калгаснікаў калгасаў “Дружба”, “Чырвоны кастрычнік”, “Трактарыст” Буда-Кашалёўскага раена, якія ўзялі на сябе абавязацельства засеяць сваімі семянамі калгасныя палі [6, л. 132]. Дзякуючы працоўнаму подзвігу работнікаў сельскай гаспадаркі раёна ў ходзе вясенне-палявых работ 1944 г. было засеяна 9424 га, што складала 70 % ад плана ў т. л., яравых — 6150 га, або 116 % ад плана, ільна — 927 га (77,3 %), бульбы — 2176 га (62 %) [9, л. 8].
Самаадданая праца жыхароў Буда-Кашалёўшчыны была накіравана і на аднаўленне зруйнаванай вайной прамысловасці. Цалкам або часткова былі разбураны Рагіньскі вінакурны, Буда-Кашалёўскі лесапільны заводы, Буда-Кашалёўская бандарна-кузнечная арцель. Вялікая работа была прадзелана па аднаўленню цэхаў Рагінскага вінакурнага завода. Ужо ў чэрвені 1944 г. поўнасцю былі адноўлены брадзільнае аддзяленне, на 80 % — заторнае. Арганізавана торфараспрацоўка па забеспячэнню завода палівам [8, л. 59].
У гэты час пачаў працаваць і Буда-Кашалёўскі лесапільны завод. Аднавіла работу бандарна-кузнечная арцель: у чэрвені 1944 г. ўжо працавалі бандарны цех, кузня, цэх па вытворчасці вобада і калёс. Акрамя гэтага, былі створаны шавецкая і кравецкая арцелі. Была адноўлена і пачала працаваць маслабойня [9, л. 5].
За гады вайны матэрыяльна-тэхнічная база адукацыі, культуры, аховы здароўя была амаль поўнасцю разбурана. Школьныя будынкі ў большасці былі знішчаны, або выкарыстоўваліся акупантамі для сваіх патрэб. Так, да вайны ў Буда-Кашалёўскім раёне мелася 52 школы, засталося толькі 10 [9, л. 6]. Усё школьнае абсталяванне было спалена. Таму задача адраджэння агульнаадукацыйнай школы пасля выгнання акупантаў аказалася вельмі складанай. Трэба было рамантаваць і будаваць занава школы. За перыяд з 15.12.43 г. па 15.02.44. г. аднавілі сваю работу 40 пачатковых, 9 няпоўных сярэдніх школ, у якіх займалася 4871 вучань, працавала 215 настаўнікаў [9, л. 6]. А ў 1944/1945 навучальным годзе яшчэ было адноўлена: 1 сярэдняя, 10 няпоўных сярэдніх, 41 пачатковая школа. На рамонт школ было выдзелена 50 тысяч рублёў [8, л. 76]. Але ў гэтай важнай справе былі цяжкасці. Тыя нямногія памяшканні школ, каторыя ўцалелі, былі заняты воінскімі часцямі. З-за недахопу школьных памяшканняў прыходзілася праводзіць заняткі ў звычайных сялянскіх хатах. Ні адна школа раёна не была поўнасцю забяспечана школьным інвентаром. Не хапала падручнікаў. Зрываліся тэрміны рамонту школ, асабліва дрэнна ішоў выраб і рамонт школьнага абсталявання [9, л. 7].
Хутка адрадзілі сваю дзейнасць установы аховы здароўя. Ужо ў лютым 1944 г. ў раёне было адчынена 8 фельшарска-акушэрскіх пунктаў, 3 урачэбна-амбулаторныя ўчасткі, раённая бальніца, амбулаторыя, зубаўрачэбны кабінет, аптэка, 3 стацыянарныя інфекцыйныя шпіталі, 2 інфекцыйныя ізалятары [8, л. 27]. Аднак не хапала ўрачоў, бялізны для хворых, медыкаментаў, неабходнай колькасці ізалятараў.
Побач з адраджэннем устаноў культурна-асветнай сферы і аховы здароўя паскоранымі тэмпамі аднаўлялася работа гандлёвых устаноў. У ліпені 1944 года ўжо былі створаны і працавалі 6 сельпо, 1 сталоўка, 25 гандлёвых кропак. План тавараабароту за I паўгодзе 1944 года выкананы на 160 % [8, л. 67].
Вялікая праца разгарнулася па аднаўленню жылля. Людзей трэба было перасяляць з зямлянак, старых разбураных хат. Усемагчымую дапамогу ў гэтым аказвала дзяржава. Ужо ў лютым 1944 г. было выдзелена 2250 кубаметраў лесу на індывідуальнае будаўніцтва. Грашовыя пазыкі на аднаўленне калгасных гаспадарак і будаўніцтва жылля для сялян перавысілі 238 тысяч рублеў. Была створана брыгада па будаўніцтву дамоў сем’ям франтавікоў. У канцы мая 1944 г. было пабудавана 485 дамоў [9, л. 10, 12].
Такім чынам, у цяжкіх умовах 1943-1944 гг. насельніцтва Буда-Кашалёўскага раёна рабіла ўсе магчымае, каб хутчэй аднавіць прамысловасць, сельскую гаспадарку, стварыць умовы для нармальнай работы культурна-асветных і медыцынскіх устаноў.
Спіс літаратуры
- Алтунин, А. На службе Отечеству / А. Алтунин. — М.: Воениздат, 1985. — 590 с.
- Авангард. — 1969. — 27 лістапада.
- Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). — Ф. 3500. — Воп. 4. — С. 212. — 1973. — 24 лістапада.
- Авангард. — 1993. — 16 кастрычніка.
- НАРБ. — Ф. 4. — Воп. 61. — С. 4.
- Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці (ДАГАГВ). — Ф. 144. — Воп. 1. — С. 12.
- ДАГАГВ. — Ф. 144. — Воп. 1. — С. 15.
- ДАГАГВ. — Ф. 253. — Воп. 1. — С. 3.
- ДАГАГВ. — Ф. 253. — Воп. 1. — С. 15.
Аўтары: Л.С. Скрабіна, А.Д. Вернікоўскі
Крыніца: Векапомныя дні вызвалення: материалы Респ. науч.-практ. конф., посвященной 75-летию осовобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков (Гомель, 2 мая 2019 г.) / под общ. ред. Е. Г. Кириченко; М-во трансп. и коммуникаций Респ. Беларусь, Белорус, гос. ун-т трансп. — Гомель: БелГУТ, 2019. — С. 155-159.