Выстава “Узнагароды краін свету” адкрыецца ў Гомелі

0
1446
Бразильский орден
Шыйны крыж Ордэна Паўднёвага Крыжа, Бразілія

18 жніўня 2016 г. у 16.00 у выставачнай зале палаца Румянцавых і Паскевічаў адкрыецца выстава “Узнагароды краін свету” з фондаў Тракайскага гістарычнага музея.

Заслугі чалавека перад грамадствам ва ўсе часы шанаваліся і вылучаліся асаблівым чынам. Упрыгажэнні, зброя, творы мастацтва, зямлі, тытулы — пералік таго, што рабілася ў дар герою, які паслужыў сваёй краіне і яе народу, вельмі шырокі. Аднак не кожны, зірнуўшы на багата аздобленыя даспехі або трафейную зброю, зразумее, што перад ім герой. Таму чалавецтва мела патрэбу ў прадмеце, каштоўнасць якога вымяраецца не ў грамах каштоўнага металу, з якога яго вырабілі. Патрэбен быў прадмет-сімвал, які б наўпрост казаў пра заслугі свайго ўладальніка. І гэтымі сімваламі сталі ордэны і медалі. З часам склаліся цэлыя ўзнагародныя сістэмы, якія сталі прынцыпова важным знакам дзяржавы, такімі ж, як герб, сцяг ці гімн. Вывучаючы гэтыя сістэмы, можна прасачыць важныя вехі ў гісторыі кожнай краіны.

У Тракайскім гістарычным музеі за 77 гадоў яго існавання былі сабраныя істотныя калекцыі, якія распавядаюць аб развіцці дзяржаўнасці Літвы і гісторыі горада Трокі. Адной з такіх калекцый з’яўляецца збор ордэнаў, узнагародных медалёў і знакаў, які налічвае больш за 25 тысяч музейных прадметаў.

На выставе «Узнагароды краін свету» будуць прадстаўлены больш за 120 ордэнаў і медалёў з 41 дзяржавы Афрыкі, Азіі, Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. Наведнікі выставы змогуць убачыць узнагароды Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, Ордэн Легіёну Пашаны і медаль Пунсовае сэрца (ЗША), бразільскі ордэн Паўднёвага Крыжа, кавалерамі якога былі расійскія імператары Мікалай II і лацінаамерыканскі рэвалюцыянер Эрнэста Чэ Гевара, адзін з пяцёркі самых дарагіх ордэнаў свету — ордэн слана, японскі ордэн Святога Скарба і ордэн кароны Тайланду, нямецкія і савецкія ўзнагароды часоў Другой Сусветнай вайны і, вядома ж, дзяржаўныя ўзнагароды Літоўскай Рэспублікі.

Выстава “Узнагароды краін свету» арганізавана пры падтрымцы Міністэрства культуры Літоўскай Рэспублікі. У Год культуры гэты яркі выставачны праект, які аб’яднаў музеі Літвы і Беларусі, будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню добрасуседскіх адносін паміж краінамі ў галіне гісторыі і культуры.

Афиша выставки в ГомелеУваход на выставу ўключаны ў кошт квітка за наведванне 2-га паверха цэнтральнай частцы палаца Румянцавых і Паскевічаў.

Кошт квіткоў:

  • Дарослыя — 30 000 рублёў (3 руб.),
  • Навучэнцы, студэнты, пенсіянеры — 20 000 рублёў (2 руб.).

Кантактныя тэлефоны: (0232) 75-53-65, 75-80-93