Выстава «Улетку ды бабулі» ў палацы Румянцавых-Паскевічаў

0
1177
Выставка в Гомеле

20 ліпеня а 16-й гадзіне ў выставачных залах цэнтральнай частцы палаца Румянцавых і Паскевічаў адбудзецца этнаграфічнае свята, якое будзе арганізавана ў межах адкрыцця выставы «Улетку да бабулі».

Пах скошанага сена, смак сырадою, спевы ранішніх пеўняў… Усіх, хто бавіў летнія вакацыі ў бабулі ў вёсцы, гэтыя словы пераносяць у бесклапотнае дзяцінства… Там мы, гараджане, станавіліся не толькі бліжэй да прыроды, але і адкрывалі для сябе іншы свет — свет нашых продкаў. Зазіраючы ў бабулін куфар, мы бачылі створаныя яе рукамі кашулі і посцілкі, ручнікі і абрусы, прагна слухалі аповеды пра дамавікоў і русалак, удзельнічалі ў вясковых святах, сэнс якіх нам не заўсёды быў зразумелы. І толькі цяпер, па сканчэнні N-й колькасці гадоў мы ўсведамляем да якога бясцэннага скарбу нам пашчасціла дакрануцца.

Дарэчы, супрацоўнікі музея праводзілі лета таксама «ў бабулі». Яны адпраўляліся ў экспедыцыі, вынікам якіх стала этнаграфічная калекцыя музея, якая налічвае больш за 3 тысячы экспанатаў.

Выстава «Улетку да бабулі» знаёміць наведнікаў з народным касцюмам, які на тэрыторыі Гомельскай вобласці багаты і разнастайны. “Бабуліны” касцюмы з дзесяці раёнаў вобласці маюць свой каларыт, свае ўяўленні аб прыгажосці, сваю гармонію. А паказаныя на выставе этнаграфічныя комплексы даюць магчымасць пабываць на вяселлі і хрэсьбінах, зазірнуць да шаптухі, паўдзельнічаць у летнім цыкле народных святаў.

Тых, хто прыйшоў на адкрыццё чакае не проста знаёмства з выставай, а ўдзел у сучасным этнаграфічным свяце. Песні, танцы, дэгустацыя традыцыйных беларускіх страў — вось няпоўны пералік таго, што будзе адбывацца ў музеі.

Упершыню за амаль стогадовую гісторыю фарміравання этнаграфічная калекцыя будзе экспанавацца так маштабна.

Прыходзьце на выставу, прыгадайце сваё дзяцінства, і дазвольце дакрануцца да яго сваім дзецям і ўнукам. Бо так важна, каб сувязь пакаленняў не перарывалася.

Кошт наведвання выставы ўваходзіць у кошт уваходнага квітка на 2-й паверх цэнтральнай частцы палаца і складае 3 рублі (дарослы білет) і 2 рублі (ільготны квіток).

Кантактныя тэлефоны: (0232) 75-53-65, 75-80-93