З 15 верасня 2016 года ў рамках экспазіцыі “Адкрытае захоўванне археалагічных фондаў музея» ў вежы палаца Румянцавых і Паскевічаў пачала сваю працу міні-выстава «Эпоха гігантаў: таямніца рэканструкцыі набярэжнай р. Сож».
Год таму гамяльчане ўбачылі абноўленую набярэжную р. Сож. У ходзе яе рэканструкцыя былі зроблены розныя музейныя знаходкі, якія раней хаваліся на дне ракі. У канцы 2015 г. наведнікам музея былі прадстаўлены археалагічныя артэфакты на выставе “Новае ў археалогіі Гомельшчыны”, сабраныя ў перыяд рэканструкцыі. Але акрамя археалагічных, былі знойдзеныя і палеанталагічныя знаходкі, на якія радзей за ўсё звяртаюць сваю ўвагу будаўнікі. Многія гамяльчане нават і не падазраюць, што падобныя знаходкі хаваюць таямніцы вымерлай гомельскай фаўны. У гэты раз за працай сачылі супрацоўнікі аддзела археалогіі гомельскага палацава-паркавага ансамбля.
Даследнікамі было знойдзена больш за дзясятак касцяных парэштак прадстаўнікоў старажытнай фаўны. Больш за ўсё было выяўлена костак каня (equus caballus), які жыў у тыя часы, калі на тэрыторыі Беларусі яшчэ хадзілі маманты. Здавалася б, што конь у наш час гэта і не рэдкасць, але ж не кожны дзень можна ўбачыць рэшткі дзікага каня, які жыў не адзін дзясятак тысяч год таму!
Коні плейстацэну былі распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Еўропы. Іх вельмі часта знаходзяць на месцы стаянак старажытных людзей. Гэта сведчыць аб тым, што жывёла станавілася прадметам палявання. У канцы Верхняга плейстацэну конь стаў адной з галоўных мэтаў у паляванні чалавека.
Невыпадкова ў пячорах даследнікі выяўляюць розныя наскальныя малюнкі гэтай жывёлы. Яскравым прыкладам можна лічыць пячору Ласка ў Францыі, дзе конь намаляваны ў т.зв. «Зале быкоў», «восевым праходзе», «каціным лазе» і «шахце».