Выстава плакату Рышарда Каі “Плакаты вельмі польскія”

0
1723
Выстава

28 верасня 2016 года а 16-й гадзіне ў паўднёвай галерэі палаца Румянцавых і Паскевічаў адбудзецца адкрыццё выставы плакату Рышарда Каі “Плакаты вельмі польскія”.

Падчас прызентацыі адбудзецца сустрэча з аўтарам, які з гэтай нагоды прыедзе ў Гомель з Польшчы. Гэта чарговы праект, які арганізаваны пры садзейнічанні Польскага Інстытута ў Мінску, і ў адкрыцці новай выставы прымуць удзел яго дырэктар Матэўш Адамскі і куратар праектаў Аляксей Мацюшонак.

На выставе прадстаўлены арыгінальныя плакаты цікавага польскага майстра Рышарда Каі, які працуе ў такіх разнастайных напрамках мастацтва як жывапіс і графіка, тэатральныя і оперныя пастаноўкі, графічны дызайн і дызайн інтэр’ера. Яго плакаты прыцягваюць увагу гледача вобразнай мовай знакаў і метафар, якія ўдала выкарыстоўвае аўтар. У нашай экспазіцыі яны складаюць дзве часткі: першая прысвечана найбольш вядомым польскім гарадам і мясцовасцям (з серыі “Польшча”). Другая частка — тэатральныя плакаты мастака.

Раней гэта выстава экспанавалася ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску. Пазнаёміцца з творчасццю Рышарда Каі ў Гомелі можна будзе да 30 кастрычніка, набыўшы квіток на ўваход у гістарычную экспазіцыю музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.

“Я люблю кіч, я падпітваюся ім, чэрпаю з яго смецце поўнымі жменямі.
Так, абсалютна сур’ёзна, бо я бачу ў кічы пэўную праўду, 
якую не заўважаюць новыя дызайнеры, 
якія, відаць, заблыталіся ў пошуках форм”.

Рышард Каі

Рышард Каі: творча-біяграфічная інфармацыя

Рышард Кая нарадзіўся ў 1962 годзе ў Познані. Ён паходзіць з вядомай сям’і познаньскіх мастакоў. Яго бацька, Збігнеў, сцэнограф, графік і плакаціст, маці – Стэфанія, мастак і кераміст.

Р. Кая скончыў Вышэйшую мастацкую школу ў Познані (цяпер Познаньскі мастацкі ўніверсітэт) у 1984 годзе, атрымаўшы дыплом у галіне жывапісу ў майстэрні доктара Норберта Скупневіча. Працаваў галоўным мастаком-пастаноўшчыкам у Вялікім тэатры ў Лодзі (1989-1993), Тэатры оперы і аперэты ў Шчэціне (1993-1995) і ў Вялікім тэатры імя Станіслава Манюшкі ў Познані (1995-1999).

У 1998 годзе ён быў узнагароджаны Медалём Маладога Мастацтва.

Рышард Кая з’яўляецца аўтарам больш за 200 сцэнаграфій для тэатра, балета, оперы, тэлебачання і некалькіх фільмаў. Працаваў для большасці музычных сцэн Польшчы і іншых краін, у тым ліку Францыі, Германіі, Бразіліі, Аргенціны, Ізраіля і Егіпта. Мастак афармляў дэкарацыі і касцюмы для драматычных тэатраў.

Галоўнай крыніцай натхнення для ўсёй яго творчасці з’яўляецца ўнікальнае ўспрыманне свету, узятае з прозы чэшскага пісьменніка Багуміла Грабала. Ён шануе кіч і банальнасць, поп-культуру і часта свядома карыстаецца іх эстэтыкай. Любімай формай выказвання з’яўляецца своеасаблівы дзённік, які мастак старанна вядзе і ў якім закадавана суб’ектыўная праўда пра мінулае. Гэты дзённік вядзецца ўжо каля 20 гадоў, апошнія дзесяць год надзвычай добрасумленна, у адпаведнасці з прынцыпам, што кожнаму дню адпавядае адна старонка. Запаўняе яе тэкстам, рысункамі, уклейванымі дакументамі, выразкамі, якія гэты дзень прынёс.

Час ад часу мастак займаецца дызайнам інтэр’ера, дэкорам памяшканняў і прыватных кватэр. Пры супрацоўніцтве з Нацыянальным музеем у Познані ён падрыхтаваў мастацкае афармленне выставак „Vanitas – партрэт на фоне сармацкіх пахавальных звычаяў” і “Шляхетная спадчына або праклятая спадчына – сармацкія традыцыі ў мастацтве і культуры”, а таксама афармленне выставак “100-годдзе Вялікага тэатра ў Познані” і “Мода XX стагоддзя”.

Рышард Кая таксама праектуе кніжныя ілюстрацыі, тэатральныя праграмы, каталогі і, перш за ўсё, плакаты, якіх паўстала каля 300. Яго плакаты можна знайсці ў калекцыях Нацыянальнага музея ў Познані, Музея плаката ў Варшаве, а таксама ў шматлікіх прыватных калекцыях, у тым ліку Галерэі плаката К. Дыда ў Кракаве.

Уладальнік прыватнай Кракаўскай галерэі плаката Кшыштаф Дыда, які больш за паўстагоддзя назірае за тэндэнцыямі і зменамі ў гэтай галіне польскага мастацтва, так гаворыць аб Р. Каі: «…я бачу ў творчасці Рышарда свежасць, адкрыццё і інтрыгу. Плакат, які стаў галоўным у дзейнасці мастака толькі ў апошнія гады, выбухнуў вельмі спантанна, маючы для гэтага грунтоўны падмурак як майстэрскі, так і інтэлектуальны. Успаміны з бацькоўскага дому бачны ў плакатах праз прадметы і дробязі, што ў ім запомніліся. “Мае плакаты – падкрэслівае Кая, – напоўнены дэталямі, як і мой дом, а мой дом напоўнены ўспамінамі, я калекцыянірую мінулае”. У штодзённай рэчаіснасці Мастак таксама жыве па-за часам сучаснасці, ён не мае і не ўмее ездзіць на машыне, аддае перавагу гузікам перад маланкамі, бо апошнія яму падаюцца занадта сучаснымі. “Я люблю нашу звычайнасць, сярмяжнасць, абсалютна не ганюся за захадам, я думаю, што я вельмі польскі, з поўным наборам нашых недахопаў, я люблю нашу квашаную капусту, хоць гэта і не амар, … я люблю свет мяшчанскі, філіжанкі, сурвэткі, мой свет – гэта нейкая мяшанка трывіяльнасці, і салонаў, і банальных рэчаў, і неўтаймаванай фантазіі сну. Я празаічны”.

Для мяне мастацкі плакат – гэта не інфармацыйная афіша, і я цаню вялікую разнастайнасць, мастацкасць і незалежнасць плакатнай творчасці Рышарда Каі. Ён не паддаецца модзе і не згінае сваю эстэтыку да густу кліентаў. Ён сам сабе цэнзар». (Кракаў, май 2016)