Веткаўскі музей народнай творчасці імя Ф. Шклярава сардэчна запрашае ўсіх 15 траўня на адкрыццё выставы “Міколіна трава”.
Гэты выставачны праект – адзін з вынікаў шматгадовай працы Веткаўскага музея па вывучэнні культу святога Міколы ў народнай традыцыі.
“Без Міколы Красного угла не бывает”, – кажуць мясцовыя стараабрадцы. І сапраўды, вопыт даследванняў дазваляе сведчыць, што іканаграфія свяціцеля Мікалая адна з самых распаўсюджаных і ў стараабрадскім і ў беларускім асяродку. Мноства фальклорных тэкстаў: духоўных вершаў, былічак, замоў, прымавак прысвечана самаму любімаму ў народзе святому.
Сваім апекуном Міколу вызнаюць конюхі, якія на “Міколіну траву” першым разам выганяюць коней, і пчаляры, якім Мікола “саджае раі”. Абразок Міколы, як “спасіцеля на водах” бяруць у дарогу рачнікі ды маракі. Цесляры і купцы, пастухі ды земляробы пачынаюць сваю працу з яго імём на вуснах.
“Міколіну траву” – сімвал квітнеючай прыроды малявалі, шылі бісерам, чаканілі старыя майстры, напаўняючы сваё мастацтва шчаслівым адчуваннем зямнога і нябеснага.
На выставе прадстаўленыя іконы мясцовых традыцый: праваслаўнай і стараабрадскай, прадметы царкоўнага абіхода, творы прыкладного мастацтва, народнае ўзорнае ткацтва Веткаўскага рэгіёна. Як гэта водзіцца, супрацоўнікі музея пастараліся падаць прадметы мастацтва ў кантэкце традыцыйнай культуры, вобразна “сфармуліраваўшы” асяродак іх бытавання.
Калі: адкрыццё – 15 траўня а 16.00
Дзе: філіял “Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р.Шклярава” ў Гомелі, плошча Леніна, 4 (тэрыторыя Палаца-паркавага ансамбля)
Час працы: з 10.00 да 19.00
Выходны: панядзелак
Кантактныя тэлефоны: (0232) 74-10-40; 74-88-87