Выстава “Аз, букі, ведзі. Глаголь — дабро” ў філіяле Веткаўскага музея

0
1192
Глаголь або афіша для новай выставы філіяла Веткаўскага музея

Тэме “Навучанне грамаце ў стараабрадніцкім асяродку Веткі” прысвечана новая выстава “Аз, букі, ведзі. Глаголь – дабро”, якая адкрыецца 28 кастрычніка 2016 года ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі.

Той факт, што ў Веткаўскім рэгіёне існавала развітая кніжная культура і кніжнае мастацтва, не выклікае сёння ніякага сумневу. Але гэта было б немагчыма без сталага і бесперапыннага працэсу навучання грамаце. У стараабрадніцкім асяродку цудоўна разумелі, што толькі яна здатная адкрыць вялікі свет традыцыйных ведаў.

Маючы велізарную патрэбу ў авалоданні ведамі, граматнасцю і, перш за ўсё, царкоўна-славянскай мовай, стараабрадцы практычна не мелі магчымасці ствараць свае школы, таму навучанне адбывалася некалькімі шляхамі, звязанымі ў асноўным, з домам, сям’ёй, царквой і, безумоўна, з манастырамі там, дзе яны існавалі.

Раскрыццю гэтай найцікавейшай і складанай тэмы садзейнічалі ўнікальныя матэрыялы, прадстаўленыя на выставе. Гэта – пропісі XVIII ст., што сведчаць аб працэсе навучання правапісу, копіі дакумендаў ХІХ ст., якія звязаныя з праблемай навучання; кнігі XVII – XIX стст., па якіх не толькі вучыліся грамаце ў стараабрадніцкім асяродку, але затым і чыталі іх на пацягу ўсяго жыцця як “душакарысную” літаратуру, а таксама падручнікі пачатку ХХ ст. і шматлікія іншыя прадметы, якія будуць садзейнічаць наблізіць нас да нашых продкаў, а значыцца лепш спазнаць і зразумець іх.

Адкрыццё выставы адбудзецца ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі: г. Гомель, пл. Леніна, 4 (тэрыторыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля)

Час: 28 кастрычніка (пятніца) 2016 года, 16:00