На захадзе Буда-Кашалеўскага раена есць невялікая веска Кленавіца. Здаецца нічым не адметная, звычайная веска. Дзесяткі чатыры дамоў мясцовых жыхароў і дачнікаў, з ўсіх бакоў лес. Зацікавіўся я гісторыяй гэтай вескі і наогул гэтай мясцовасці, пачаў збіраць інфармацыю, шмат што знайшоў у літаратуры, а некаторую інфармацыю паведамілі мясцовыя жыхары. Месца гэта, як здаецца, было зручным для пасялення, праз веску і зараз працякае невялікая рэчка ці ручай, побач Днепр, у лясах вакол было шмат грыбоў і ягад, вадзілася шмат дзікіх звяроў. Як расказаў мясцовы жыхар, на рэчцы раней было шмат баброў, у навакольных лясах яшчэ ў канцы 19 ст. вадзіліся мядзведзі, а недзе напрыканцы 1950-х- у пачатку 60- х гг. тут убілі рысь.
Людзі пачалі сяліцца тут здаўна, яшчэ ў каменным веку. Каля Кленавіцы мясцовы жыхар знайшоў каменную сякеру. Ў 4 км ад вескі, у паселку Гарадок знаходзіцца гарадзішча Мілаградскай культуры ранняга жалезнага веку (7-3 стст. да н.э.). На яго адхонах і зараз можна знайсці старажытную ляпную кераміку. Гэта быў невялікі ўмацаваны паселак на беразе вялікай ракі (мясцовыя жыхары памятаюць, што раней тут працякаў Днепр), насельніцтва якога займалася земляробствам, жывелагадоўляй, рыбалоўствам і паляваннем. Дарэчы, вельмі даўно Днепр, ці яго рукаў працякаў непадалек ад сучаснай заходняй ускраіны Кленавіцы, на гэтым месцы знаходзілі старыя драўляныя баржы і ракушкі. Зараз да Дняпра наўпрост каля 3 кіламетраў.Ў ваколіцах Кленавіцы шмат курганоў. Есць курганныя могільнікі каля Смычка, Старой Жэзленкі, Старой Буды, Чырвонага Кургана, Елянца, Губіцкага Кардона, ў Чабатовічах, адзінкавыя курганы трапляюцца ў лясах каля Кленавіцы. Але гэта не шведскія ці французскія магілы, як лічыць мясцовае насельніцтва, і ніякіх скарбаў, золата ці срэбра там няма. Большасць курганаў належыць радзімічам- славянскай этнічнай супольнасці, якая пражывала на гэтых землях ў 9- 12 стст. Гэтыя пахаванні зроблены ў канцы 10- пач. 12 стст., ў іх пахаваны простыя вясковыя жыхары. Курганны пахавальны абрад, ў сваей аснове язычніцкі, паступова знік ў выніку распаўсюджвання хрысціянства.
Назва “Кленавіца” паходзіць ад слова клен, таксама як назва суседняй вескі Елянец ад слова ель.Час ўзнікнення Кленавіцы дакладна не вядомы, вельмі мала захавалася гістарычных дакументаў аб гэтай мясцовасці. Але няма сумненняў, што ўзнікла яна не пазней 2-й паловы 18 ст. Ў гэты час ужо існавалі Чабатовічы(вядомы з 1511г.), Елянец(1527г.), Старая Буда, Хоўхла, Бярвенаўка, Недайка, Рудня-Альхоўка(5 апошніх ўзніклі не пазней 18 ст.). Кленавіца ўзнікла на перакрыжаванні дзвюх дарог: са Старой Буды да Дняпра і Смычка (з ўсходу на захад) і з Елянца да Рудні-Альхоўкі і Чабатовічаў (напрамак з поўначы на поўдзень і паўдневы ўсход). Ў 2005 г. у Кленавіцы, у яе найбольш старажытнай частцы каля перакрыжавання дзвюх вуліц, знойдзена манета- срэбраныя пяць капеек расійскай царыцы Елізаветы Пятроўны 1758 г., што таксама сведчыць аб тым што ў гэты час, ці крыху пазней тут жылі людзі.
Ў 18 ст. Кленавіца- невялікая веска ў Рэчыцкім павеце Вялікага княства Літоўскага. З 1772 г. ў складзе Расейскай імперыі, ў Недайскай воласці Рагачоўскага павета Магілеўскай губерні. Ў 19 ст. Кленавіца- цэнтр аднайменнага маентка. Ўпершыню ў дакументах веска ўпамінаецца ў 1816 г., калі яна была валоданнем памешчыка Р. Гарбачэўскага. Ў 1858 г. Кленавіца, ў якой налічвалася 15 двароў і 124 жыхары, была валоданнем буйнога памешчыка Станіслава Перасвет- Солтана. Акрамя Кленавіцы яму належалі таксама Елянец, Смычок, Недайка і Жытанежжа.
Пасля адмены прыгоннага права ў 1861г. сяляне атрымалі асабістую волю, але мясцовы памешчык захаваў за сабой большасць зямель. Ў канцы 19- пач. 20стст. у весцы працавалі завод сухой апрацоўкі драўніны, шкляны завод, вінакурня, сукнавальня, крупарушка, 2 ветракі, хлебазапасны магазін, школа граматы. Ўсе прадпрыемствы належалі мясцовым памешчыкам і прадпрымальнікам і былі невялікімі па памерах, акрамя завода сухой апрацоўкі драўніны. На апошнім ў 1899 г. працавалі 47 рабочых, гадавы даход склаў 46300 руб.). У весцы таксама было распаўсюджана кавальскае рамяство.
Ў 1909 г. ў Кленавіцы было 49 двароў, 340 жыхароў, сялянскай абшчыне належала 513 дзесяцін зямлі (1 дзесяціна= 1, 09 га). Ў фольварку(маентку) памешчыка Мікалая Васільевіча Раманава было 12 двароў, 23 жыхары і 4300 дзесяцін зямлі. Дарэчы М.В.Раманаў, як паведаміў мясцовы жыхар, быў далекім сваяком самога цара Мікалая Другога і адным з самых багатых памешчыкаў акругі, яму таксама належаў маентак у Старой Будзе. Раманаў стварыў у весцы вельмі прыбытковую гаспадарку. Акрамя зямель, якія апрацоўвалі мясцовыя сяляне, вялікага сада, ў маентку меліся шкляны, дрэваапрацоўчы заводы, вінакурня і вадзяны млын. Раманаў нават пачаў праводзіць вузкакалейную чыгуначную ветку ад станцыі Буда- Кашалева да маентка, але не паспеў, бо з-за нейкай сваркі быў забіты сваім сынам. Пасля рэвалюцыі двухпавярховая цагляная панская сядзіба была разбурана, але мясцовыя жыхары і зараз паказваюць тое месца, дзе яна знаходзілася.
З 26.4.1919 да 8.12.1926 гг. Кленавіца знаходзілася ў складзе Гомельскай губерні РСФСР. Да 9.05.1923 г. у Недайскай воласці Рагачоўскага павета, потым ва Уваравіцкай воласці Гомельскага павета. Дарэчы ў 1924- 1926 гг., пасля так званага першага ўзбуйнення БССР, паміж Кленавіцай і Елянцом, Старой Будай і Недайкай праходзіла мяжа РСФСР і БССР. 8.12.1926 г. далучана да БССР, увайшла ў склад Уваравіцкага раена Гомельскай акругі. 8.12.1926- 30.12.1927 г. Кленавіца – цэнтр сельсавета, потым у сувязі з узбуйненнем сельсаветаў увайшла ў Смычоцкі с/с.
У 1920-я гг. на былых памешчыцкіх землях каля Кленавіцы былі заснаваны паселкі Пралетарый і Першамайскі, хутар Града. Ў 1926 г. ў Кленавіцы быў 61 двор і 325 жыхароў, а разам з паселкамі і хутарам у ей налічвалася больш за 500 чалавек, працавала школа і пачтовае аддзяленне. У 1929 г. у весцы арганізаваны калгас.
Пад час Вялікай Айчыннай вайны нямецкія акупанты тры разы палілі веску, усяго быў спалены 71 двор, 64 жыхары загінулі на фронце. У 2 кіламетрах на захад ад вескі ў час акупацыі знаходзіўся партызанскі лагер, дзе партызаны жылі ў зямлянках. Кленавіца была вызвалена ў канцы лістапада 1943 г. Ў 1943-44 гг. пад час наступлення савецкіх войскаў непадалек ад Кленавіцы ва ўрочышчы Кічкоўка знаходзіўся франтавы аэрадром.
Па перапісу 1959 г. у весцы 266 жыхароў. З 17.04.1962 г. пасля ліквідацыі Уваравіцкага раена ўваходзіць ў склад Буда- Кашалеўскага раена. З 18.01.1965 г. у Чабатовіцкім с/с. В 1968 г. да вескі далучаны паселак Пралетарый. Пасля
вайны ў Кленавіцы працавалі пачатковая школа, грыбаварня, жывелагадоўчая ферма, клуб. Да 1993 г. працаваў магазін. Зараз нічога гэтага няма. Ў пасляваенныя гады насельніцтва вескі пачало хутка змяншацца ў выніку урбанізацыі. Людзі з’яджалі ў гарады і больш буйныя вескі. На 1.01.2005 г. ў Кленавіцы было 19 двароў, 27 жыхароў.
Аўтар: Дзмітрый Гусакоў, гісторык.
Крыніца: “Гомельская праўда”, 30 жніўня 2005 г.