…І лепей ягня, чым тхор крыважэрны,
І лепей юродзівы, чымсьці кат…
“Роздум”, У. Караткевіч
20 лістапада, Свята-Мікольскі манастыр, утульны пакойчык, стэлажы з кнігамі, глобус, малюнкі дзяцей, што днём тут наведваюць васкрэсную школу… Хвілінка-другая – і Андрэй Мельнікаў распавядзе лекцыю пра жыхара Зямлі пад крыламі белага птаха: “Уладзімір Караткевіч – юродзівы за агароджай царквы”.
Як заўважыў айцец Сава, кіраўнік васкрэснай школы, дадзеная лекцыя – першая лекцыя, што праводзіцца на беларускай мове, і заўважыў, што мы не выбіралі свет і краіну, дзе нарадзіцца, таму павінны з удзячнасцю ўглядацца ў твар культурнай спадчыны, якую атрымалі ад продкаў, і, як удзячныя нашчадкі, павінны спрыяць развіццю мовы, літаратуры, культуры ўвогуле. Пачынаем услухвацца ў лекцыю.
Уладзімір Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў горадзе Орша. Паходзіў з роду шляхты Рагачоўскага павета. Вайну перанёс у Маскве, якая, аднак, забрала ў яго старэйшага брата. Некалькі гадоў правёў у дзіцячым доме на Урале, за што яго прыгнятаў глыбокі дарослы сорам, разгадкай якому – займаемыя “пасады” галоўных герояў многіх твораў аўтара: ён хацеў быць сувязным, партызанам, а не ціха “адседжвацца” ў дзіцячым доме.
У Оршы Уладзімір скончвае школу і паступае ў Кіеўскі ўніверсітэт на філалагічны факультэт, пасля заканчэння якога накіроўваецца на адпрацоўку ў вёску Лесавічы. Пад час вучобы ва ўніверсітэце (1929 год) ў газеце “Ленінскі прызыў” выходзяць першыя вершы У.Караткевіча: “Здесь будет канал” і “Якубу Коласу”. Пакуль Уладзімір быў на адпрацоўцы без яго ведама ў часопісе “Полымя” друкуецца верш “Машэка”. Верш заўважылі. Да Караткевіча прыходзіць рашэнне пісаць і надалей.
Вясной 1956 года М. Хрушчоў быў на нейкім паседжанні ў Беларусі. Паседжанне йшло цалкам па-беларуску і пасля сканчэння выклікала абуранне з боку Хрушчова. Пасля гэтага быў зададзены адпаведны штуршок для далейшых працэсаў у сферы прыніжэння беларускай культуры і мовы. Па-першае, адбылася чарговая рэформа беларускай мовы. Па-другое, перавага ў сферы справаводства пачала аддавацца рускай мове як і пры выкладанні прадметаў у школе.
Разам з тым варта заўважыць, што менавіта гэты час (1960-я – пач. 1970-х гг) беларуская літаратура была на ўздыме: беларускіх аўтараў перакладалі, іх творы абмяркоўваліся, такія аўтары, як В. Быкаў, Я. Брыль, А. Адамовіч, В. Адамчык, П. Панчанка, У. Караткевіч і інш. збіраліся разам і выказвалі думкі адносна літаратурных працэсаў…
Сам Уладзімір у гэты час здымае разам з маці ў Мінску аднапакаёвую кватэру. Але да гэтага часу адносяцца і самыя лепшыя творы Караткевіча. Так, у 1958-1960-я гады ён наведвае Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, вынікам чаго стала напісанне твора “Нельга забыць”. Крэда яго па тым часе адлюстравана ў вершы “Роздум”. Наступнымі творамі “на мяжы”, пасля перасячэння якой размова адбываецца на новым узроўні, сталі “Блакіт і золата дня” (аўтарская назва “Каўчэг”), “Каласы пад сярпом тваім”, “Ладдзя роспачы”, “Зямля пад белымі крыламі”.
Здаецца, вось яна – тая мяжа, тая агароджа, пасля якой, сапраўды, вышэйшы ўзровень, дзе малітва, падобна да кветкі шыпшыны, што выратоўвае ў самых адчайных выпадках. Але… Своеасаблівай кульмінацыяй тагачаснага перыяду жыцця Ўладзіміра Сямёнавіча стаў дзень 29 студзеня 1967 года, калі ў Белдзяржфілармоніі адбылася яго сустрэча са слынным на той момант тэлепатам, экстрасэнсам і эстрадным артыстам Вольфам Месінгам. “Прысуд” спакойнаму Караткевічу быў вынесены ўсхваляваным эзатэрыкам: “Гэта наш Геній!”.
І панеслася! Караткевіч атрымаў прызванне, а гэта ў сваю чаргу дазволіла разгарнуць свае магчымасці. Ён жэніцца, атрымлівае лепшае жыллё. Пісаць не перастае. Піша дэтэктывы, па яго творах здымаюцца фільмы. Прытрымліваецца ідэі служэння Беларусі, ідэі служэння моладзі. Толькі… ці не занадта гэта? Глядзіце самі. Эпіграфам да рамана “Каласы пад сярпом тваім” выступаюць радкі з Евангелля ад Мацея: “Увечары вы кажаце: будзе пагода, бо неба чырвана; А ўранні: сёння непагадзь, бо неба пахмурнае. Крывадушнікі! Аблічча неба распазнаць умееце, а знаменій часу не можаце”. Болем у грудзях адгукаюцца радкі, баліць у грудзях за свой час і ў Караткевіча. А ў вершы “Быў. Ёсць. Буду”, які быў апублікаваны пасля смерці аўтара, Караткевіч ужо распінае сваё сэрца “за ўсе мільярды двухногіх”. Ці варты яны таго?..
У 1977 годзе памірае маці Караткевіча. Уладзімір пачынае піць.
У 1978 годзе У. Караткевіча падкасіла хвароба. За тым жа часам выказаў сваё жаданне сустрэцца з ім сам мітрапаліт Антоній Мельнікаў, што можна лічыць прывілеям, паколькі мітрапаліт Антоній больш аддаваў перавагу адносінам з прыродай, чым з людзьмі. Гэта адбылося як раз пасля публікацыі твора “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, які мітрапаліт нават прачытаў у арыгінале, ня ведаючы мовы. Пасля абмеркавання жыцця першапачатковых абшчын мужчыны перайшлі на іншыя тэмы. Тэма ўласна хрысціянства і поглядаў Уладзіміра Сямёнавіча на царкву і рэлігію паднятыя не былі. Мітрапаліт заўважыў толькі, што славуты пісьменнік вельмі шмат і нэрвова паліў пад час размовы.
Такім чынам можа быць ня здзейснілася самая імаверная магчымасць для Караткевіча прыйсці да царквы, да тых ідэяў якія ён часам свядомасна, часам падсвядомасна ўвесь час укладваў у свае творы, якімі жыў і ў пэўнай ступені кіраваўся.
Па словах мітрапаліта Антонія cустрэча з Месінгам магчыма зрабіла сваю лёсавырашальную справу ў жыцці Уладзіміра Караткевіча: зарад чалавечага гонару быў атрыманы на доўгія гады наперад і не дазволіў яму зайсці за агароджу Царквы.
Таму не выклікае здзіўлення той факт, што на пахаванні маці У. Караткевіч заяўляе, што хутчэй звернецца з малітвамі да камянёў і дрэў, чым да Бога.
Зразумела, думаць так, а не інакш, не прымусіш, ды і цягнуць за сабой нікога няварта. Што лепей, кожны вырашае сам, паколькі з’яўляецца спадаром свайго становішча. Таму гэтак дарэчы свежасць лістападаўскага надвор’я, ніцыя вербы, што долу папускалі косы, рознакаляровыя агеньчыкі вялізнага горада, і словы Зніча (у міру Алега Бембеля) што плывуць у вечаровым змроку: “Спапяляецца пекла ў сэрцы маім і на міг усміхаецца шчасце”…
Амінь
P.S. Дзякуй арганізатарам за цікавую сустрэчу!
Аўтар: Марына Маркевіч