Вясёлая мастачка. Ганна Сілівончык

0
1102
1. Пацалунак русалкі. Змешаная тэхніка. 2007.
1. Пацалунак русалкі. Змешаная тэхніка. 2007.

Яна — вясёлая маленькая мастачка з ру­дымі валасамі, Пэпі-Доўгаяпанчоха, якая збегла ад бацькоў з Гомеля ў Мінск, каб вучыцца на аддзяленні станковага жывапісу Беларускай акадэміі мастацтваў.

Не! Усё было зусім па-іншаму: спачатку маленькую Ганну Сілівончык адвялі ў гурток па маляванні. А потым дзядзька, прафесійны мастак, ацаніўшы работы пляменніцы, прапанаваў аддаць яе вучыц­ца ў Рэспубліканскую гімназію-каледж па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка. Разам з маці дванаццацігадовая дзяўчынка паехала ў сталіцу, з задавальненнем малявала на іспытах, вярнулася дадому i забылася, што ездзіла кудысьці паступаць. Восенню аказалася, што Ганна вытрымала конкурс i трэба ехаць у Мінск, пачынаць цалкам самастойнае жыццё ў школьным інтэрнаце. Далейшы шлях быў вызначаны без ваганняў: дзяўчыну вабілі магчымасці прафесійнай адукацыі ў Акадэміі мастацтваў.

— Калі ты вучыласяў акадэміі, як ставіліся выкладчыкі да тваіх «некласічных», экспериментальных прац?
— Не заўжды ўхвалялі. Бывала, і не прымалі, лічылі, штоўсе гэтыя спробы — звычайныя цацкі, сувеніры, якія да жывапісу ніякага дачынення не маюць. Так, я ўсведамляю, як гэта важна — Чарнобыль і Вялікая Айчынная. Але мяне хвалююць іншыя рэчы. Мне хочацца пісаць пра каханне, пра жаночыя пачуцці…

…У такім сакральным для кожнага творцы месцы, як майстэрня, журналіст можа страціць прытомнасць ад паху алейнай фарбы. Журналіста прыводзяць да памяці пры дапамозе гарбаты, пачынаюць распытваць пра жыццё-быццё. Нарэшце журналіст усведамляе, што гэта ж ён прыйшоў браць інтэрв’ю, а не наадварот, і пачынае задаваць пытанні. Размова ідзе па стандартнай схеме, калі-нікалі перарываючыся гучным смехам удзельнікаў гаворкі (Ганне дапамагаў адказваць муж — мастак Васіль Пяшкун).

2. Кухонны нацюрморт. Змешаная тэхніка. 2007.
2. Кухонны нацюрморт. Змешаная тэхніка. 2007.

Як два творцы суіснуюць на такой маленькай плошчы? Два крокі — і можаш «уляпацца» ў «чужыя» слоікі з фарбай. Рагочуць: «Усё добра!» Але, зразумела, са­мая «ружова-блакітная» мара — уласная прасторная майстэрня з высокай столлю i вялізным празрыстым акном без назойлівых суседзяў — бамжоў і алкаголікаў.

Пакуль што пад майстэрню здымаецца кватэра. Сцены малюсенькай кухні пафарбаваны ў вар’яцкі жоўты колер, за акном не па-студзеньску вясёлае сонца. Васіль кажа:

— Вы паглядзіце, якая вясна на вупіцы! Так i здаецца, што зараз выйдзе Левітан з малъбертам!..
— А над ім узаўюцца гракі, — заканчваю я фразу, i мы ўсе смяемся. Толькі потым успамінаю, што гракі былі ў Саўрасава, але усё гэта няважна, бо…

…У іх майстэрні заўсёды пануе вясна. Нават зімой яна жыве ў гэтай кватэры мастаком-эмігрантам. Васіль піша класічныя нацюрморты і пейзажы (адзін з наведвальнікаў іх сумеснай сямейнай выставы ткнуў у ягонае палатно паль­цам і зачаравана прамовіў: «Дык гэта ж Няміга!..»), а Ганна займаецца хітрымі жаночымі гульнямі з графікай, вершамі і жывапісам. Яе апошні эксперымент называецца «акенцы». Гэта тоўстыя драўляныя рамы, у якія мастачка ўстаўляе фігуркі або карцінкі; потым і самі рамкі яна распісвае ў адпаведнасці з сюжэтам. Канцэпцыя гэтага цыкла работ счытваецца адразу: з аднаго боку, гэта сімволіка дома, вокны якога — як вочы i душа. Зазірнуўшы ў іх, можна ўбачыць шмат цікавага з паўсядзённага жыцця сваіх суседзяў. 3 другога боку, кожны чалавек успрымае свет праз сябе, праз уласнае акенца мы ўзіраемся ў свет, а свет глядзіць на нас.

Графіка Ганны пакідае пачуццё незвычайнай рукатворнасці і цеплыні. Кожны малюнак суправаджае невялічкі верш «па тэме». За літарамі, напісанымі шарыкавай асадкай, хаваецца яе ўсмешка, трошкі дзіцячы, але кранальны гумар.

Творы Ганны яе сяброўкі-мастацтвазнаўцы называюць постпостмадэрнісцкімі з-за сумесі жанраў, традыцый, вобразаў, тэхнік. Але як штучна гучыць гэты тэрмін у дачыненні да Ганніных работ!

3. За пяццю гарамі, за сямю марамі. Змешаная тэхніка. 2007.
3. За пяццю гарамі, за сямю марамі. Змешаная тэхніка. 2007.

Яе творы — як добрыя каляровыя прывіды, як мроі летняга вечара. Крыніца натхнення — міфалогія, дэкаратыўна-прыкладная народная творчасць. Апошнім часам мастачку захапляе наіўнае, інсітнае мастацтва:

— …Цікава, калі чалавек ці не ўсё жыццё працаваў трактарыстам — і раптам стаў маляваць… Не таму, што ён гэтамувучыўся, а таму, што ў душы з’явілася неадольнае жаданне тварыць.

Яе гераіні — хітрыя і абаяльныя адначасова дзяўчаты, жанчыны, якія ствараюць уласны казачны свет, населены дракончыкамі, рыбкамі, птушкамі, дрэвамі і русалкамі. Іх стылізавана-спрошчаныя твары, выцягнутыя зялёныя вочы, рудыя, чырвоныя ці карычневыя валасы зачароўваюць гледача. Жыццё ў прасторы Ганны Сілівончык — салодкая мара. Ва ўтульным палатняным свеце, здаецца, пахне пернікамі і кавай, блішчыць навюткі белы сервіз, распісаны ружова-зялёнымі кветачкамі. Дзе-нідзе ў гэтай прасторы і мужчыны — кволыя, маленькія па памерах (у параўнанні з жанчынамі). Карацей, на палотнах і графічных творах Ганны пануе вясёлы святочны матрыярхат.

— Так і ў жыцці!.. Неўмаім асабістым, а ўвогуле! I не магу сказаць, што гэта мне падабаецца! Зараз жанчына дамінуе. Ра­ней быў мужчына-рыцар. А цяпер… так­сама хочацца, каб быў.

Класіка белага колеру — не для Ганны. Узоры, клетачкі-квадрацікі, пярэстыя кропачкі і загагулінкі — свята рознакаляровасці і фактуры вельмі дапамагае ў працэсе стварэння. Тканіна, якую мас­тачка выбірае для сваіх твораў, нагадвае даматканыя бабуліны покрыўкі. Колер і фактура «задаюць тон», і ўжо будучы твор «танчыць» ад характару тканіны.

Эскізы яна робіць вельмі рэдка. Гаворыць, што складана потым дакладна перанесці малюнак з эскіза на палатно. А наогул гэта нецікава: кампазіцыя атрымліваецца «мёртвай» і горшай за першапачатковы накід. Калі Ганна пачынае працаваць, ёй дастаткова мець толькі самую агульную канцэпцыю,усё астатняе прыдумваецца спантанна, знянацку.

— Калі работа яшчэ «свежанькая», толькі зробленая, яна вельмі падабаецца. Потым супакойваешся, астываеш. Зрэшты, больш даспадобы сам працэс стварэння карціны, выдумка, фантазія, нечаканасць, а не вынік. Я люблю пагарэзнічаць ды пагуляць на палатне. I так штораз. Гэта бясконцы працэс. Бывае, скончыш твор, і з’яўляецца думка, што вось тут i вось тут можна было зрабіць трошкі па-іншаму, але ўжо далей крэмзаць няма куды…

Яе жывапіс — вельмі цёплы і іранічны адначасова. Галоўная тэма — «таямніцы ў святліцы». Галоўная гераіня — дзяўчына, што жыве ў цераме на жаночых ножках i выгульвае свайго мужчыну на павадку з русалчыных жамчужных караляў. Яе жыццё насычана карункамі і ўзорамі. А самы любімы твор — пяцігадовая дачушка Маша, якая малюе вясёлых куранят i разам з бацькам ужо ходзіць на эцюды.

4. У горадзе дзяцінства зноў вясна. Змешаная тэхніка. 2007.
4. У горадзе дзяцінства зноў вясна. Змешаная тэхніка. 2007.

У 2006 годзе Ганна з Васілём бралі ўдзел у выставе, якую арганізавала галандская прыватная галерэя ў горадзе Утрэхце. Праект называўся «Усходнія суседзі». Іх пасялілі ў доме, на першым паверсе якога размяшчалася галерэя, а на другім былі гасціная і спальні.

— Цудоўнае ўражанне. Мы жылі ў старой частцы горада. Прачынаешся раніцай, глядзіш у вакно, а там дворнікі брукаванку мятуць… Сонца. Ціха. Толькі чуецца — шорх, шорх…

Аднак ад’язджаць за мяжу не хочацца. Папраўдзе, і не думае. На радзіме ўсе яе сувязі — сямейныя, сяброўскія, прафесійныя. Мастацкі працэс больш-менш наладжаны, а там ты нікому не патрэбны i цябе ніяк не завуць. А тут ёсць імя — Ган­на Сілівончык. 


Аўтар:
Алена Сасноўская
Крыніца:
Часопіс ”Мастацтва” 2008 (7) Ст. 28-29.