У вясельнай абраднасці Лельчыцкага раёна, зыходзячы з экспедыцыйных матэрыялаў, можна вылучыць наступныя абрадавыя моманты: сватанне, запоіны, заручыны (змовіны), ёлка, пасад, дзяльба каравая, вяселле ў хаце маладой, ад’езд дружыны жаніха, вяселле ў хаце маладога, цыганы (пеўні) і іншыя. Засяродзім увагу на адным з перадвясельных этапаў — сватанні, у якім звычайна прымалі ўдзел малады, бацька маладога, хросны бацька, сваха. У вёсцы Мілашавічы ў сваты прыходзілі вечарам, «после заходу сонца». Як і ў іншых рэгіёнах Беларусі, паміж сватамі адбываўся іншасказальны дыялог, напрыклад, сваха гаворыць: «Вось мы шлі ды заблудзіліся да к вам папалі. Едом товар купляць, ваш товар понаравіўся, і мы хочам яго купіць» (зап. ад Любові Макараўны Лісіцкай). Калі бацька маладой ставіў на стол бутэльку гарэлкі, то гэта і з’яўлялася сімвалічным знакам згоды на шлюб: «Сват налівае чарку гарэлкі і падае маладой, а яна доўжна яе ўзяць. Ету чарку вона падае бацьку. І колі бацько молодой ставіць свою гарэлку, ето знак згоды» (зап. ад Любові Макараўны Лісіцкай); «Калі бацькі дзеўкі паставілі сваю гарэлку, то гэта лічылася згодай бацькоў на выданне дачкі» (зап. у в. Мілашавічы ад Варвары Мітрафанаўны Войценкі, 1942 г. н.). Калі пытанне аб шлюбе вырашалася станоўча, то «маці дзеўкі абвязвала сватоў ручнікамі» (в. Мілашавічы). У вёсцы Пабеднае, калі маладая давала згоду на шлюб, павінна была падарыць «бацьку — сарочку, мацеры — ручнік і хустку. Астатніх сватоў перавязвалі ручніком цераз плячо» (зап. ад Алены Адамаўны Карповіч, 1933 г. н.). Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, у тым выпадку, калі «сваты вельмі мала з сабой бралі гарэлкі і яе не хапала, тады іх садзілі на драўляную барану коламі ўверх і цягалі па двары» (зап. ад Алены Адамаўны Карповіч). Чарка гарэлкі падчас сватання («Малады падносіць чарку маладой і обезацельно на белам платку») — важны атрыбут у вясельнай традыцыі вёскі Дуброва. Калі маладая пагаджалася выйсці замуж, то «прыгублівала гарэлку» (зап. ад Г. М. Астаповіч).
Адзначым, што ў вёсцы Баравое ў сватанні раней удзельнічала 25 чалавек разам з жаніхом. Абавязковай умовай удалага сватання лічылася прынятая дзяўчынай чарка гарэлкі ад хроснага бацькі маладога: «Хросны бацька жаніха налівае ў стакан гарэлкі і падносіць ёй. Яна не бярэ, бо скажуць, што вельмі замуж хоча. Тады ён кажа: “Калі не возьмеш, пойдзем шукаць другую» (зап. у в. Баравое ад Любові Сямёнаўны Акуліч, 1936 г. н.). Паводле ўспамінаў жыхароў вёскі Буда-Лельчыцкая, у іх мясцовасці таксама, калі маладая прымала чарку гарэлкі з рук маладога і выпівала, значыць, яна згодна выйсці замуж: «Потым старшы сват налівае ў чарку гарэлку. Малады падносіць маладой, калі п ’е, дык згодна» (зап. ад Ганны Яўгенаўны Дашкевіч, 1934 г. н.). Адметнымі дзеяннямі (прывязванне родзічамі маладой сватоў ручнікамі да крэслаў) суправаджалася згода на шлюб з боку нявесты ў вёсцы Стадолічы: «Еслі нявеста выйдзе з боковой комнаты, а родныя яе возьмуць по хорошому рушніку і прывяжуць усіх сватоў к стулікам, то это будзе ответ, што родныя молодой согласны» (зап. ад Паўла Сямёнавіча Баравічэнкі, 1924 г. н.). Паводле сведчанняў жыхароў горада Лельчыцы, калі маладая згодна выйсці замуж, то яна забірае прынесены сватамі «хлеб з рушніком» (зап. ад Аляксея Рыгоравіча Мазурава, 1947 г. н.). Падчас сватання ў вёсцы Грабяні малады падыходзіў да маладой і, працягваючы чарку з гарэлкай, абавязкова прагаворваў: «Будзь здарова!». Калі маладая адказвала: «На здароўе!», — гэта абазначала, што яна згодна на шлюб, а калі «нявеста не згаджалася, то перавярне чарку к верху дном» (зап. ў в. Ліпляны ад Клаўдзіі Іванаўны Лось, 1928 г. н.).
У розных вёсках Лельчыцкага раёна пашчасціла запісаць адметныя звесткі пра дзеянні з гарбузом, што сімвалізавалі нязгоду з боку маладой выходзіць замуж: «А еслі не согласна, значыт, гарбуза на стол ставілі» (зап. у в. Баравое ад Міхаіла Васільевіча Сечкі, 1940 г. н.); «А еслі не сагласна была выходзіць замуж, то яна давала гарбузу, і яны, сваты, разварачваліс і шлі дамой» (зап. у в. Маркоўскае ад Таццяны Васільеўны Гаўрылавец, 1981 г. н.); «Раз не ўзяла ў молодога чаркі, не выпіла, значыць, не згодна. А як дзеўка не согласна, выносіла горбуза, пхнула — і пайшоў, да і всё, не высватае ён яе» (зап. у в. Дубніцкае ад Ганны Пятроўны Юшкевіч, 1942 г. н.). Іншы раз, калі дзяўчына не давала згоды на шлюб, то хлеб, які прыносілі сваты, маладая адносіла ім назад: «Калі прыходзілі да дзяўчыны ў проведы, то прыносілі хлеб. Калі дзяўчына згодна, хлеб заставаўся ў яе, а не згодна, яна магла аднесці гэты хлеб жаніху» (зап. у в. Мілашавічы ад Кацярыны Якімаўны Гаўрылавец, 1924 г. н.). На пярэпытах, якія адбываліся ў вёсцы Ударнае напярэдадні сватання, таксама, «калі дзяўчына адказвалася выходзіць замуж за хлопца, то хлеб і гарэлку забіралі назад» (зап. ад Галіны Маліноўскай, 1930 г. н.).
Як правіла, пасля сватання адбываліся запоіны, на якіх замацоўвалася згода на шлюб. Напрыклад, у вёсцы Маркоўскае гэты абрадавы вясельны этап прызначалі адразу на наступны дзень, як у бацькоў маладой ужо пабылі сваты: «Заўтра ў хаце маладой збіраюцца дзяўчаты, суседзі, багата людзей. Сядаюць за сталы, п ’юць, ядзяць» (зап. ад Антаніны Іванаўны Цімкоўскай, 1920 г. н.). На запоінах, як пацвердзілі інфарманты, вырашаюцца пытанні, звязаныя непасрэдна з вяселлем: «Обычно договарываюцца ўсё наконт вяселля» (зап. у в. Стадолічы ад Паўла Сямёнавіча Баравічэнкі). У вёсцы Пабеднае дадзены абрадавы момант вядомы пад назвай «змовіны»: «У гэты час за стадом сваты вызначалі дзень вяселля і гаварылі аб пасагу. Згаварваліся таксама, колькі будзе запрошаных на вяселлі, штоб ведаць, колькі рыхтаваць трэба гарэлкі і іншага» (зап. ад Алены Адамаўны Карповіч). Адзначым, што сватанне і запоіны (змовіны) не з’яўляліся тымі абрадавымі этапамі, на якіх канчаткова замацоўвалася згода маладых на шлюб. Напрыклад, «пасля змовін нявеста перадумвала выходзіць замуж за хлопца, з якім была засватана. Тады яна пляла яму вянок із гароху і надзявала яму на шыю. Такім чынам яна яму адмаўляла» (зап. у в. Пабеднае ад Алены Адамаўны Карповіч).
На заручынах, якія ў некаторых вёсках Лельчыцкага раёна адбываліся ў той жа дзень, што і сватанне, або супадалі з запоінамі, або праводзіліся асобна ў пэўны вызначаны час, распляталі касу маладой і перавязвалі ручніком рукі маладых: «Першая дружка нявесты расплятала ёй касу і перавязвала рукі маладых ручніком» (зап. ад Алены Адамаўны Карповіч). У вёсцы Баравое заручыны называлі «первай чаркай», запрашалі гасцей у большай колькасці, чым на запоіны.
Атрыманыя ў экспедыцыі на тэрыторыі Лельчыцкага раёна звесткі па вясельнай абраднасці сведчаць пра тое, што каравай — надзвычай распаўсюджаны структурны кампанент, які вылучаецца захаванасцю архаічных уяўленняў. «Сімволіка каравая — гэта перш за ўсё сімволіка хлеба, з якім было звязана ўсё жыццё селяніна. Таму і ў працы, і ў абрадах і звычаях, у песнях і іншых вуснапаэтычных творах хлеб (жыта) — важнейшы атрыбут і вобраз, боства, здольнае забяспечыць шчасце і дабрабыт чалавека» [1, с. 131]. Невыпадкова да падрыхтоўкі каравая адносіліся з вялікай адказнасцю і прытрымліваліся спрадвечных народных вераванняў, згодна з якімі рашчыняць каравай павінны жанчыны, шчаслівыя ў сямейным жыцці: «Рашчыняюць яго няцотная колькасць жанчын, якія добра жывуць у пары» (зап. у в. Грабяні ад Антаніны Пятроўны Саўрасавай, 1940 г. н.); «Увечары ў пятніцу маці нявесты заве людзей пекці каравай. Завуць жанчын шчаслівых, што жывуць у пары» (зап. ад Любові Сямёнаўны Акуліч). Рытуал запрашэння каравайніц суправаджаўся адпаведнымі песеннымі радкамі: «Коліна маці па суседачках ходзіць / Да суседачак просіць: / Суседачкі вы мае, /Да хадзіце да мяне / Маяму дзіцяці каравай гібаці» (зап. у в. Ударнае ад Галіны Маліноўскай). Паводле народных уяўленняў, са звышнатуральнай магічнай сілай каравая было звязана заможнае жыццё маладых: «Кагда дзяжа ўзрашчвала цеста, то ета было як узрашчванне багацтва маладым» (зап. ад Алены Адамаўны Карповіч). Адметная асаблівасць рашчынення каравая ў вёсках Лельчыцкага раёна — гэта падзел цеста паміж жанчынамі-каравайніцамі, а потым сумесны працэс яго замешвання: «Старшая сваха кожнай жанчыне дае патрошку цеста, а потым усё цеста складаюць уместа, месяць далей» (зап. ад Антаніны Пятроўны Саўрасавай, 1940 г. н.); «Каравай мясіла сем замужніх жонак і не ўдовы. Стаюць кругом стала, дзеляць цеста і месяць, а потым зложваюць уместо і зноў месяць па чарзе па сонцу» (зап. у в. Буда-Лельчыцкая ад Ганны Яўгенаўны Дашкевіч); «А мешалі цесто так, напрыклад, утрох: я — оттуль, ты — оттуль, а Зіна — оттуль, і получаецца, шоб ён намешвоўся-намешвоўся» (зап. у в. Дзяржынск ад Лукашэвіч Ганны Мітрафанаўны, 1938 г. н.). Паводле ўспамінаў гэтага інфарманта, калі рыхтавалі цеста для каравая, то сачылі за тым, каб колькасць кампанентаў, неабходных для яго выпечкі, была падабрана з першага разу: «Як замешволі коровая, усё по одному разу кідаюць. По два разы нічого не добоўлялі. Одзін раз насыполі сахору там, одзін раз насыполі это, по два разы не добоўлялі». Рытуал замешвання каравайнага цеста суправаджаўся жартоўнымі славеснымі прыгаворамі: «Губатая мясіла, / Рылатая ўбірала, / А трэцяя, прыгожая, у печ сажала» (зап. у в. Глушкавічы ад Настассі Васільеўны Зубрэй, 1945 г. н.). Важная роля, як падкрэслівалі мясцовыя жыхары, у абрадавай практыцы выпечкі каравая адводзілася хросным бацькам маладых: «Каравай выпякалі хросныя бацькі, яго ўпрыгожвалі кветкамі, шышкамі з цеста» (зап. у в. Дуброва ад Марыі Якаўлеўны Ляхавец). Каравайніцы, зыходзячы з народных прадпісанняў, імкнуліся «цесто размінаць, а не мясіць кулаком ето, шоб муж не біў жонку» (зап. у в. Дзяржынск ад Хрысціны Лукашэвіч, 1925 г. н.).
У мясцовай вясельнай традыцыі Лельчыцкага раёна было прынята ўпрыгожваць каравай: «Каравай пякуць круглы, з белой мукі, дабаўляюць яйца, кароўе масла, сахар. Зверху ўпрыгожваюць трымя цвяткамі, трымя птушкамі, трымя лунамі, кругом з цеста робіцца плеценка, штоб быў каравай красівейшы» (зап. у в. Стадолічы ад Паўла Сямёнавіча Баравічэнкі).
У этнаграфічных апісаннях вясельнай абраднасці Г омельшчыны маюць месца рытуальныя дзеянні, звязаныя з ёлкай, якую напярэдадні вяселля прыносілі з лесу і ўпрыгожвалі кветкамі: «У намечаны дзень дружкі маладой ідуць у лес. Галоўная з іх выбірае і вырубае ёлку. Дзеўкі ўпрыгожваюць яе кветкамі і вешаюць кошт» (зап. ад Антаніны Пятроўны Саўрасавай). У вёсцы Жмурнае «ёлку прыбівалі на вугал хаты з вуліцы “як знак, шо молоду прывезлі сюды», і яна знаходзілася там да таго часу, пакуль не абсыпалася. Потым яе спальвалі. «А некаторыя людзі закідвалі на сарай, шоб худоба велас» [2, с. 491]. У рытуале выкупу ёлкі, які суправаджаўся адпаведнай песняй, прымалі ўдзел дружкі маладога: «Гэту ёлку, а з ёй і нявесту павінны булі выкуп ’яць маршалкі — так называлі дружкоў маладога:
Старшы маршалак на парог ступае
Да ў печ заглядае,
Ці вялікі гаршок кашы,
Ці наядзяцца ўсе маршалкі нашы.
Адзін кажа: “Наша ”,
Другі кажа: “Каша ”,
Трэці кажа: “Маўчы”,
Бо загадаюць таўкчы» (зап. у в. Дуброва ад Марыі Пятроўны Сечкі, 1930 г. н.).
Выкуп ёлкі адбываўся падчас прыезду дружыны маладога да хаты маладой. Як адзначыла Антаніна Іванаўна Цімкоўская, 1920 г. н., з вёскі Маркоўскае, запісы ад якой былі зроблены ў экспедыцыі ў 1993 г., «прыязджае малады па маладую, заехалі коньмі. З боку маладой не пускаюць, страляюць, сустракаюць з ёлкай, са свечкаю. Ёлку дзержаць высока, каб не ўхапілі. Яна ўпрыгожана. Малада сядзіць за елкай, яе не відна. Сваты таргуюцца, павінны даць дзеньгамі выкуп».
Паводле сведчанняў Антаніны Пятроўны Саўрасавай з вёскі Грабяні, дружкі маладой, калі адбываўся рытуал выкупу ёлкі, «верх з яе ломяць і кідаюць у парог, каб дзеўкі хутчэй ішлі замуж». Важнае значэнне надавалася і такому атрыбуту, як свечка (рабілі дзве свечкі: для маладога і маладой), якую на працягу вяселля трымала ў руках «свечніца» і якая сімвалізавала, зыходзячы з народных вераванняў, шчаслівае будучае жыццё маладых. У вясельнай традыцыі Лельчыцкага раёна «звядзенне» свечак маладых — адметны абрадавы момант: «Свечку ставілі каля абразоў, а калі прыязджалі па маладую, то свечкі жаніха і нявесты зводзілі ўместа» (зап. ад Марыі Пятроўны Сечкі).
Цікавым вясельным абрадавым момантам з’яўляецца прыезд маладых да бацькоў маладога, а таксама па-мясцоваму адметнымі выступаюць і тыя рытуалы, якія адбываліся ў хаце маладога: напрыклад, развешванне «закосянкамі прыдання» маладой, праверка цнатлівасці: «Выходзіць матка, выносіць кажуха, выварочвае яго. Выносіць дзежку і становіць на шляху маладой. Маладая сыходзіць з воза. Калі яна дзеўка, то павінна сесці на дзежку, як не — то прама ў хату ідзе, прамінаючы дзежку. Лічылася вялікім грахом, калі дзеўка садзілася на дзежку, не будучы дзеўкай» (зап. у в. Маркоўскае ад Антаніны Іванаўны Цімкоўскай).
Абрад завівання маладой, які адбываўся пасля падзелу каравая, уключаў наступныя спецыфічныя абрадавыя дзеянні: «знімаюць з головы нявесты ўбор, і прымярае яго нявеста дзеўкам, штоб замуж ішлі. На галаву нявесты завязваюць дзве хусткі: чырвоную і белую. У час спявання песень хросныя маці махаюць хусткай, якую дзержаць над головамі молодых, якія стаяць насупраць адзін да аднаго, і махаюць так, каб галовы маладых дакраналіся адна да адной. Пасля гэтага свахі цалуюцца, затым мяняюцца месцамі і хуценька сядаюць. Якая хутчэй сядзя, тая будзе і спрытнейшая» (зап. ад Антаніны Пятроўны Саўрасавай).
Падчас паслявясельнай часткі, якую ў вёсках Лельчыцкага раёна называлі «цыганамі» (в. Маркоўскае); «разграбаць попел» (в. Жмурнае), «сабіраць пяўней» (в. Чыяне), «гуляць пеўня» (в. Баравое), «перазоў» і «цыганы» (в. Стадолічы), «куры» (г. Лельчыцы), адбываліся ў жартоўнай форме тыя ж рытуалы, якія былі характэрны для сапраўднага вяселля.
Праведзены аналіз шматлікіх узораў мясцовых апісанняў вясельнай абраднасці, атрыманых у экспедыцыях на тэрыторыі Лельчыцкага раёна, дае магчымасць прадставіць у пэўнай сістэме структуру вясельнага абраду і вызначыць адметны характар яго асобных этапаў, а таксама дазваляе прасачыць дынаміку і стан захавання вясельнай традыцыі.
Літаратура
- Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр / А. С. Фядосік [і інш.] ; навук. рэд. К. П. Кабашнікаў. — Мінск : Беларуская навука, 2001. — 422 с.
- Традыцыйная мастацкая культура беларусаў : у 6 т. / ідэя і агул. рэд. Т. Б. Варфаламеевай. — Мінск : Вышэйшая школа, 2012. — Т. 6. Гомельскае Палессе і Падняпроўе : у 2 кн. — Кн. 1 / Т. В. Валодзіна [і інш.]. — 910 с.
Аўтар: В.С. Новак
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 17 / навук. рэд. А.І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. — Мінск : Права і эканоміка, 2014. — С. 246-251.