Вясельная абраднасць старавераў-беспапоўцаў Беларусі (па этнаграфічных матэрыялах апошняй чвэрці XIX стагоддзя)

0
353
Вясельная абраднасць старавераў-беспапоўцаў Беларусі (па этнаграфічных матэрыялах апошняй чвэрці XIX стагоддзя)

Звесткі пра вясельную абраднасць старавераў-беспапоўцаў сціпла прадстаўлены ў этнаграфічнай літаратуры XIX — пачатку XX ст.

Адноснач самаізаляцыя старавераў стварала перашкоды для атрымання звестак аб іх матэрыяльнай і духоўнай культуры, грамадскім і сямейным ладзе. Інтарэс да гэтай этнаканфесійнай гру­пы быў значна слабейшым, чым да беларусаў або да яўрэяў. I нарэшце, былая бясшлюбнасць беспапоўцаў абумовіла прастату абрадавага афармлення шлюбу. Яго прагматызм і лаканічнасць не вабілі даследчыкаў. Аднак у апошняй чюрці XIX ст. з’яўляюцца працы М.Посаха, В.Далгарукава і А.Дэмбавецкага. З іх дапамогаю мы паспрабуем вызначыць стан і агульны накірунак развіцця вясельнай абраднасці беспапоўцаў Беларусі, змены, якія яна зазнавала, і ўплыў на яе вясельных традыцый суседзяў.

Сціплая падборка этнаграфічных крыніц можа зрабіць нашы высновы папярэднімі, а іх характар не дазваляе ставіць пытанне пра месца і значэнне ў развіцці вясельнай абраднасці сацыяльна-эканамічных фактараў. Задача ўскладняецца і тым, што ў крыніцах не пазначаецца саглас беспапоўцаў.

Заслугоўвае ўвагі апісанне, зробленае ў Відзах М.Посахам. Падчас кірмашоў і на Масленіцу ў мястэчку для гуляння збіралася шмат мясцовай і заезджай стараабрадніцкай моладзі (паморцаў) [1, с. 658]. Мэтай гуляння былі выгледзіны нявест і жаданне каму-небудзь спадабацца На працягу ўсяго дня рабіліся знаёмствы, а потым пачьшаліся прызнанні і згаворы, якія стымуляваліся выпіўкай. Некаторыя хлопцы звозілі дзяўчат і вянчаліся з імі ў вёсцы “па свайму абраду” Праз пэўны час адбывалася замірэнне маладой пары з пакрыўджанымі бацькамі нявесты [2, с. 153].

Апісаная форма шлюба (“шлюб уводам”) магла належаць да аднаго з даўніх пластоў вясельнай абраднасці беспапоўцаў. Так званыя “выставки” нявест шырока бытавалі ў паўночнарускім рэгіёне [3, с. 404], адкуль пераважна і траплялі на Беларусь беспапоўцы. “Шлюб уводам” добра характарызуе пасляраскольніцкую сітуацыю. На думку Дз. Зяленіна, ён дазваляў беспапоўцам, якія лічылі шлюб грахом і не прызнавалі яго, хаця б фармальна забяспечваць сваю “невінаватасць” у парушэнні моладзю рэлігійнага прынцыпу бясшлюбнасці [4, с. 344].

М.Посах нічога не гаворыць пра ладзеі ў хатах бацькоў. Т. Макашына сцвярджае, што напрыканцы XIX ст. ўвесь ўласна вясельны абрад латгальскіх беспапоўцаў зводзіўся да прыезду/прыходу маладых у дом жаніха, малення перад іконай і блаславення. На наступны дзень ладзіўся сціплы абед, куды маглі запрашацца і некаторыя жаніховы сваякі. Прыезд да бацькоў ня­весты адбываўся на трэці дзень або праз тыдзень (“хлябіны”) [5, с. 140]. На нашу думку, гэтыя абрады маглі служыць лагічным працягам перадвясельнага этапу, зафіксаванага М. Посахам. На карысць таго указвае і геаграфічная блізасць Відзаўшчыны да Латгаліі, і звесткі А. Дэмбавецкага пра беспапоўцаў Гомельскага павету [6, с. 672]. Такім чынам, абрадавае афармленне шлюбу ўключала: сватанне, традыцыйнае беспапоўскае вянчанне (блаславенне бацькоў жаніха) і хлябіны.

Выклікаюць вялікі інтарэс звесткі В. Далгарукава. Хаця ў крыніцы не пазначаецца месца іх фіксацыі, ускосныя даныя дазваляюць меркаваць, што апісанне датычыцца заходняй часткі Віцебскай губерні (гл.ніжэй). Падрыхтоўчая стадыя вяселля спачатку вельмі нагадвае тую, што назіраў М. Посах. Перад калядным пастом ці на мяслянічным тыдні моладзь з’язджалася ў мястэчкі і гарады на кірмаш. Пасля кароткіх выгладзінаў дзяўчаты і хлопцы маглі абраць сабе пару.

Але потым “відзаўскі сцэнарый” парушаецца. Пасля згавору, часцей адразу ж, пра час злучэння дзяцей шлюбным жыццсм дамаўляліся іх бацькі. Гэта ўжо “шлюб па дамоўленасці” (“шлюб па дамоўленасці-І”). У прызначаны дзень жаніх на лепшым кані прыязджаў да нявссты адзін. Тут ён і яго абранніца атрымлівалі блаславенне ад бацькоў апошняй і настаўленне, сядалі ў сані і каталіся па вуліцах сяла. Толькі пасля гэтага пара выпраўлялася ў хату жаніха. Там іх сустракалі хлебам-соллю. давалі вясельны абед і вячэру [7, с. 286, 287]. У параўнанні са звесткамі М.Посаха, змякчаецца вірылакальнасць падзей вясельнага дня — абрадавую санкцыю на шлюб даюць у сваёй хаце бацькі нявесты. Перад намі — “аднаэтапнае” (“кругавое”) вяселле.

В. Далгарукаў фіксуе абрады, якія не ўзгадваў М. Посах: заручыны (з улікам стаўлення старавераў да алкаголю ў канцы XIX ст. [6, с. 668), магчыма, запоіны) і катанне маладой пары на санях. Звяртае на сябе ўвагу і большая публічнасць вясельных мерапрыемстваў беспапоўцаў Прычым, і адкрытыя заручыны, і элементы уксарылакальнасці вясельнага абраду, і наданне большай грамадскай значнасці шлюбу (у меншай ступені) могуць сведчыць пра уплыў суседзяў беспапоўцаў.

Так, трэба прызнаць уласцівасць “аднаэтапнага” вяселля для паўночнаі сярэднярускай традыцыі [3, с. 406, 407]. Аднак казаць пра рускі ўплыў цяжка, бо згодна К.Чыстову, у самой Расіі ўсе абрады вясельнага дня беспапоўцаў ладзіліся ў доме жаніха [3, с. 409].

Сумесны праезд жаніха і нявесты да канца вёскі па заканчэнні сватання (агалошванне яго поспеху) вядомы беларусам Ковенскай (Новааляксандраўскі павет) [8, с. 4] і Віленскай губерні (Свенцянскі павет) [10, с. 191]. Гэта можа указваць на тое, што беспапоўскае вяселле фіксавалася на захадзе Віцебскай губерні (напрыклад, Дынабургскі павет), а на абрад паўплывала мясцовая вясельная традыцыя беларусаў і латышоў.

М. Посах паведамляе пра страсць відзаўскіх беспапоўцаў да коней [2, с. 153]. Але гэта i можа служыць глебай для запазычання. Тым больш, што катанне маладой пары набывала вялікую камунікатыўную насычанасць, i было, па сутнасці, адзінай афіцыйнай формай абнародавання беспапоўцамі шлюбу [5, с. 141].

Важныя звесткі падае А. Дэмбавецкі. Іх каштоўнасць палягае ў дастаткова падрабязным апісанні ўласна вясельных абрадаў.

У Аршанскім павеце ў прызначаны для вяселля дзень збіраліся госці, мужчыны ў жаніха, а жанчыны ў нявесты. Бацька жаніха ў сваім доме абводзіў яго вакол стала, бласлаўляў іконай, на пастаўленую на стол талерку клаў грошы, потым “дарылі жаніха” госці. Тое ж адбывалася ў хаце бацькоў нявесты. Потым усе, за выключэннем бацькоў жаніха, выпраўляліся да нявесты. Жаніха з гасцямі сустракалі з іконаю і хлебам-соллю. Пачынаўся вясельны пір, спявалі песні, пад некаторыя таксама і танчылі, але музыкі не бывала. Далей надыходзіла кульмінацыя вяселля. Бацька няве­сты браў дачку за руку і перадаваў жаніху, кажучы: “Глядзі, бярэш ты яе харошую, здаровую, беражы яе”. Маладыя кленчылі ў ногі бацысу і маці, маліліся перад іконамі, кленчылі на ўсе чатыры бакі і з’язджалі ў дом жаніха, дзе іх зноў сустракалі з хлебамсоллю і ладзілі сціплую ўрачыстасць [6, с. 672].

А Дэмбавецкі не паведамляе пра змест давясельнага этапу, аднак, можна меркаваць, што і гэта — “шлюб па дамоўленасці” (“шлюб па дамоўленасці — ІІ ”).

У параўнанні са звесткамі В.Далгарукава з’яўляюцца новыя абрады: перадвясельны збор гасцей жаніха (мужчыны) і нявесты (жанчыны), абвод вакол стала жаніха і нявесты, іх адорванне. Узрастае уксарылакальнасць уласна вясельнага абраду (у хаце няве­сты ладзіцца першае агульнае дашлюбнае застолле).

З аднаго боку, апісаны збор нагадвае шырока распаўсюджаныя на Поўначы Беларусі (Падзвінне і Верхняе Падняпроўе) [9, с. 480]. дзявочнік і хлапечнік [10, с. 353]. З другога бо­ку, час правядзення і частаванне гасцей і бацькоўскае благаславенне жаніха і нявесты збліжаюць яго з абрадамі вясельнага дня беларусаў [10, с. 223, 224]. На наш погляд, перадвясельны збор беспапоўцаў можа з’яўляцца прагматичным сінтэзам шэрагу беларускіх абрадаў. На запазычанне беспапоўцамі абраду перадшлюбнага надзялення жашха i нявесты таксама магла паўплываць паўночнабеларуская вясельная традыцыя [10, с. 360, 361; 11, с. 262, 263].

Што да абводу бацькамі жаніха i нявесты вакол стала, то брак інфармацыі пра падзеі вясельнага дня ў беспапоўцаў не дазваляе казаць пра яго тыповасць або навізну, а шырокае выкарыстанне рытуальнага абыходу стала і ў многіх славянскіх абрадах [12, с. 366] і ў царкоўнай шлюбнай цырымоніі робіць праблематычным вызначэнне крыніцы ўплыву.

Звяртаюць на сябе ўвагу спевы, у т.л. “танцавальныя”, і самі танцы. Першапачаткова чужыя беспапоўцам [13, с. 103; 14, с. 74], яны з’яўляюцца красамоўным прыкладам засваення элементаў вясельнай культуры суссдзяў. Важным фактарам культурнай успрыймальнасці беспапоўцаў Аршаншчыны магла быць іх малая колькасць (108 чалавек) [6, с. 665].

Падводзячы вынікі, адзначым наступнае.

  1. У апошняй чвэрці XIX ст. у беспапоўцаў суіснавалі дзве формы шлюба — “шлюб уводам” і “шлюб па дамоўленасці”. Даная сітуацыя магла тлумачыцца рознай гісторыяй “наважонства” і рознай інтэнсіўнасцю міжэтнічных кантактаў з удзелам беспапоўцаў.
  2. Ішоў працэс развіцця вясельнай абраднасці беспапоўцаў; яго этапы: першы — “шлюб уводам”, друті — “шлюб па дамоўленасці-І”, трэці — яшчэ больш разгорнуты “шлюб па дамоўленасці-ІІ”.
  3. Можна казаць пра развіццё даўніх (сватанне, заручыны) і складванне новых элементаў абраднасці (змякчэнне вірылакальнага характару вясельнага абраду, перадвясельны збор гасцей, дашлюбнае адорванне, спевы, танцы, катанне на конях, i, магчыма, запоіны).
  4. На вясельную абраднасць, якая адраджалася ў старавераў-беспапоўцаў Беларусі, значны ўплыў рабілі вяссльныя традыцыі іх суседзяў і, перадусім, беларусаў.
  5. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Браслаўскага раёна. Мн., 1998.
  6. Посох М.Ф. Город Ввдзы (опыт историко-статистического описа­ния) // Михайлов В С. Видоы и Видзовщина. Вильнюс, 2003.
  7. Чистов К.В. Семейные обряды и обрядовый фольклор // Этногра­фия восточных славян: Очерки традиционной культуры. М., 1987.
  8. Зеленин Д.К. Восточнославянская этнография. М., 1991.
  9. Макашина Т.С. Свадебный обряд русского населения Латгалии // Русский народный свадебный обряд: Исследования и материалы. Л., 1978.
  10. Дембовецкий А С. Опыт описания Могилевской губернии. Т. I.. , Могилев, 1882.
  11. Долгоруков В.М. Витебская губерния: Историко-географический и статистический обзор. Вып. I. Витебск, 1890.
  12. Гуковский К. Свадьба у литовских белоруссов. Ковно, 1894.
  13. Малаш Л.А Суборная субота // Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. Мн., 1989.
  14. Вяселле: Абрад. Мн., 1978.
  15. Беларусы. Т. 5. Сям’я.. Мн., 2001.
  16. Топорков A.Л. Стол // Славянская мифология. Энциклопедиче­ский словарь. М., 1995.
  17. Короткая Т.П., Прокошина Е.С., Чудникова А.А. Старообрядче­ство в Беларуси. Мн., 1992.
  18. Гарбацкі А.А. Стараабрадніцгва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX ст.ст. Брэст, 1999.

Аўтар: У.С. Філіпенка
Крыніца: Старообрядчество как историко-культурный феномен / Материалы Международной научно-практической конферен­ции “Старообрядчество как историко-культурный феномен” (Гомель, 27-28 февраля 2003 г.): Гомель: ГГУ, 2003. — С. 283-286.