Вясельныя абрады і песні Гомельшчыны вылучаюцца разнастайнасцю вобразаў, іх самабытным характарам і адметнай семантыкай. Засяродзім увагу на адным з абрадавых этапаў давясельнага перыяду – сватанні, для якога былі характэрны рытуальныя іншасказальныя дыялогі і нешматлікія песні-ілюстрацыі.
Як вынікае з фактычных матэрыялаў, запісаных у розных раёнах Гомельскай вобласці, звычайна абрад сватання пачынаўся з алегарычнага дыялогу: “Чулі мы, што вы
прадаеце цёлку. – У нас цёлкі няма, а ў нас ёсць дзеўка” [1, с. 5]. “Мы ж прыйшлі па дзела.
Наш бык к вашай цёлке прывык” [1, с. 22]. Выкарыстанне зааморфных вобразаў (“цёлачка”, “бык”) у прыведзеным прыкладзе дазваляе сімвалічна абазначыць вобразы маладых і падкрэсліць факт устойлівасці бытавання народных вераванняў, звязаных з купляй-продажам нявесты.
У якасці вобразаў-сімвалаў маладой выступаюць і птушкі: “Мы чулі многа
добрага пра вашу дачушку, а ў нас ёсць галубок да пары вашай галубцы. Дык ці не спараваць нашых галубкоў?” [1, с. 28].
У давясельнай лірыцы воразы-сімвалы не толькі ўвасабляюць маладую і маладога, але, напрыклад, і сватоў. У залежнасці ад таго, як ставяцца да сватоў, апошнія могуць паўставаць у вобразах розных жывёл і птушак (“сівыя сокалы”, “арлы”): “Сівыя сокалы – сваты твае, / Чорны шоўк – коскі твое, / А золото – слёзкі твое” [1, с. 89]; “Наляцелі арлы да калодзежа, / Чулі яны, што вада халадна. // Наехалі сваты да Алесі, / Чулі яны, што работніца ды красавіца” [1, с. 81].
Такім чынам, можна канстатаваць, што ў вясельных песнях, якімі суправаджаюцца розныя абрадавыя этапы, шырока выкарыстоўваюцца зааморфныя вобразы-сімвалы, што дае падставы сцвярджаць аб міфалагічным характары мыслення нашых продкаў, паэтычнасці светапогляду беларусаў.
Літаратура
- Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік / уклад. В. С. Новак. – Мінск: ЛМФ “Нёман”, 2003. – 472 с.
Аўтар: А.А. Целепнева
Крыніца: Дни студенческой науки. Материалы XLV студенческой научно-практической конференции. (Гомель, 17–18 мая 2016 года). В двух частях. Часть 2. Гомель ГГУ им. Ф. Скорины. 2016. С. 142-143.