Вясельная абраднасць Ельскага раёна Гомельскай вобласці: рэгіянальна-лакальныя асаблівасці

0
1000
Вясельная абраднасць Ельскага раёна Гомельскай вобласці рэгіянальна-лакальныя асаблівасці

Вяселле — складаны абрадавы комплекс, што ў розных рэгіёнах Беларусі мае сваю адметную спецыфіку, улік якой надзвычай важны для разумення заканамернасцей бытавання агульнаэтнічнай вясельнай традыцыі. Аб’ектам даследавання ў прапанаваным артыкуле з’яўляюцца вясельныя абрады, звычаі і песні аднаго з раёнаў Гомельскай вобласці — Ельскага.

Засяродзім увагу на мясцовай вясельнай абраднасці, у структуры якой вылучаюцца традыцыйныя давясельная, уласнавясельная і паслявясельная часткі. Зыходзячы з палявых экспедыцыйных матэрыялаў, давясельны перыяд уключае такія абрадавыя этапы, як сватанне і запоіны. Заўважым, што мясцовыя жыхары амаль не прыгадвалі падчас размовы тэрмін «заручыны». Пра гэты абрадавы этап атрымалася запісаць звесткі ў вёсцы Бякі. Адметным з’яўляецца той факт, што давясельная частка, напрыклад, у вёсцы Валаўск была прадстаўлена сватаннем-запоінамі (запоіны адзначаюцца ўслед за сватаннем у гэтыя ж дзень, ноч): «Запоіны ідуць зразу за сватаннем у тую самую ноч. Тут начынаецца добрая гулянка»1 (зап. ад Марыі Маркаўны Жураўлёвай, 1932 г. н.). На пытанне, хто збіраўся ісці ў сваты, звычайна адказвалі, што прыходзіла 5-7 чалавек, сярод якіх былі «жаніх, бацька жаніха, дружка, дзядзька жаніха» (зап. ад Таццяны Паўлаўны Бурмень, 1936 г. н., у в. Валаўская Рудня). Жыхары вёскі Скароднае пацвердзілі, што звычайна ў сваты хадзілі мужчыны, прычым «шло непарнэ колічаство мужыкоў» (зап. ад Праскоўі Савельеўны Патапенка, 1927 г. н.). Сватанне суправаджалася жартоўным іншасказальным дыялогам паміж сватамі і бацькамі нявесты: «— У вас ёсць цёлка? Ці прадаеце? — Прадаем, але дорага стоіць. Ці ёсць у вас шмат грошаў? — У нас — купец, у вас — цёлка!» (зап. ад Наталлі Сафронаўны Хамец, 1918 г. н., у в. Кавалі).

Калі дзяўчына згодна выйсці замуж, яна выпівае чарку гарэлкі, пададзеную жаніхом, калі ж не згодна на шлюб, то «молодая не бярэ румку ў рукі і дае гарбуз» (зап. ад М. М. Жураўлёвай, 1932 г. н., В. В. Касенка, 1939 г.н., у в. Валаўск). Паводле сведчанняў Івана Аляксеевіча Кошаля, 1927 г.н., з вёскі Старое Высокае, «еслі дзеўка не хацела ісці за тога, хто сватаўся, яна выносіла гарбуз». Невыпадкова ў вёсцы Скароднае ў сваты «хадзілі толькі ўвечары, каб менш хто ведаў, бо раптам дзяўчына дала гарбуза (адказала)» (зап. ад П. С. Патапенка). Сімвалам згоды на шлюб у вёсцы Роза-Люксембург з’яўляліся падарункі, адрасаваныя нявестай бацькам жаніха: «Калі дзяўчына згодна, яна дарыць бацькам жаніха: ручнік — бацьку, а матцы — хустку» (зап. ад Евы Васільеўны Вярбіцкай, 1927 г. н.).

Калі ішлі ў сваты ў вёсцы Дзвіжкі, то гаварылі: «Мы ішлі, заблудзіліся, хочам высватаць долю хлопцу молодому». Сватанне ў гэтай вёсцы суправаджалася наступнай песняй:

А-у, сенечкі, за дзвермі
Ткала
Танечка рушнікі,
— Ткі, Танечка, хуценько,
Ужэ ж твое госці блізенько.
— Хай ідуць здоровы,
Ужэ ж моі рушнікі готовы (зап. ад Ірыны Пятроўны Сеўчук, 1926 г. н.).

У сістэме вясельнай абраднасці Ельскага раёна важнае месца адводзілася і этапу «зборная субота», які называлі па-рознаму: «вянкі»

1 У артыкуле выкарыстаны матэрыялы вучэбна-навуковай фальклорнай лабараторыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.

 

(в. Зашыр’е), «ёлка» (в. Казлы, Засінцы), «дзявішнік» (в. Роза-Люксембург, Санюкі). Упрыгожванне ёлкі, суканне свечак («свечкі сукалі і з боку жаніха, і з боку нявесты» — зап. ад Надзеі Лявонаўны Пархоменка, 1930 г. н., у в. Казлы), падрыхтоўка кветак для каравая, дружыны маладога і вясельнага ўбору для маладой («Адзенне маладой рыхтуюць сяброўкі, робяць кветкі для каравая, жаніха і дружкоў. Яны спявалі пры гэтым песню» — зап. ад Е. В. Вярбіцкай) — асноўныя рытуалы гэтага абрадавага моманту, семантыка якога была звязана з развітаннем маладой з сяброўкамі, бацькоўскім домам. Паводле ўспамінаў Сцепаніды Гаўрылаўны Шацілы, 1918 г. н., з вёскі Сугакі, «у лесе зрубалі верх ёлкі, дома ету ёлку ўпрыгожвалі бумагай, вянкі з каласнікамі надзявалі, сукалі свечкі». Як адзначыла жыхарка вёскі Дубраўка Зінаіда Міхайлаўна Ляўкоўская, 1940 г. н., дзяўчаты плялі тры вяночкі, адзін з якіх надзявалі на галаву, а «два маленькія вяночкі — на рукі, на запясця». З мясцовых прыкмет, звязаных з гэтым абрадавым этапам, інфарматар прыгадала наступную: «Дружок браў дружку і танцуе з ёю, ды стараецца пасадзіць яе, а яна не даецца. Калі ж пасадзіць, то дзеўка замуж не выйдзе». У зборную суботу ў вёсцы Казлы дзяўчаты ішлі ў лес, «зрубалі верхавіну сасны», прыносілі дадому, пры гэтым спявалі:

Ой, хвоя, хвоя борова,
Ты ў боры росла, шумела,
Дорогою ішла, звінела,
А ў сені ўвайшла — зов’яла,
А ў хату ўвайшла — На столе стала, зоззяла,
Дзе сабе кветачак набрала
(зап. ад Н. Л. Пархоменка).

Вялікае значэнне мясцовыя жыхары надавалі падрыхтоўцы каравая, які прынята было рыхтаваць і ў хаце жаніха, і ў хаце нявесты. З гэтай мэтай запрашалі каравайніц, іх ролю, напрыклад, у вёсцы Казлы выконвалі хросная маці, сястра, цётка, абавязкова замужнія, шчаслівыя ў сямейным жыцці. Кожны этап падрыхтоўкі каравая суправаджаўся асобнымі песнямі-ілюстрацыямі пэўных абрадавых дзеянняў. З высокай адказнасцю адносіліся абраныя на гэтую ролю жанчыны-каравайніцы да выканання ўсіх рытуалаў, звязаных з падрыхтоўкай абрадавага хлеба, ад якасці выпякання якога, лічылася, залежаць шчасце, дабрабыт, лёс маладых. Заслугоўваюць увагі мясцовыя песні, у змесце якіх знайшлі адлюстраванне ўсе падрабязныя моманты каравайнай абраднасці. Напрыклад, замешванне цеста для каравая суправаджалася песнямі, дзе асноўнымі матывамі было чаканне каравайніцай запрашэння прыняць удзел у падрыхтоўцы каравая:

Я сяду на ганачку,
Сядзела, у акенца глядзела,
Ці прыйдуць прасіці
Мяне каравай мясіці;
Коровай, раю,
Я ж каля цябе граю,
Ручкамі бяленькімі,

Персценькамі срэбранькімі (зап. ад Ніны Аляксееўны Хамец, 1929 г. н., Наталлі Сафронаўны Хамец, 1918 г. н., у в. Кавалі).

Магічнае значэнне надавалі вадзе, у якой жанчыны-каравайніцы пасля прыгатавання каравая мылі рукі. У сувязі з гэтым невыпадковым з яўляецца ў адным з песенных варыянтаў матыў вылівання вады каля пладовых дрэў:

Коравайнікі, ручкі мыйце
Да на вішанькі ліце,
Каб вішанькі радзіліся,
Каб дзеткі любіліся
(зап. ад В. А. Зайферт, 1923 г. н., у в. Новая Рудня).

Калі неслі каравай да печы, то важнасць гэтага ўрачыстага моманту пацвярджалася наступнымі песеннымі радкамі:

Наша печ рагоча,
Короваю хоча.
Прыпячок заліваецца,
Короваю дожыдаецца.

Каравай як сімвал шчасця і заможнасці маладых нельга было пашкодзіць, калі яго даставалі з печы, таму і меў месца ў асобных каравайных песнях матыў разбурэння вусця печы:

Ой, дзе ж тыя кавалі,
Што стальныя тапары?
Трэба печ рубаці,
Каравай выймаці (зап. ад В. А. Зайферт).

Цікавым у мясцовай вясельнай традыцыі з’яўляецца рытуал «сукання свечак», штоадбываўся ў хаце як маладога, так і маладой і суправаджаўся адпаведнай песняй:

Як мы свечачкі сукалі,
То ўсе садочкі стопталі,
Усе кветачкі сарвалі,
Усе кветачкі сарвалі,
Ганне свечачку сукалі.

Падчас прыезду дружыны жаніха па маладую адбываўся рытуал «выкупу ёлкі», што таксама знайшло адлюстраванне ў песнях. Пасля таго, як «забралі ёлку», свахі «на парозе злучалі свечкі»:

Мір з мірам міруецца,
Сваха з свахай цалуецца.
На снежном порозе,
Да на лютом морозе (зап. ад Надзеі Аляксееўны Бурмель, 1938 г. н., у в. Мядзведнае).

У вёсцы Дабрынь таксама меў месца рытуал выкупу «ёлкі» і «злучэння» свечак маладых. Як адзначыла Соф’я Карнееўна Антоненка, 1928 г. н., з вёскі Дабрынь, «сходзяцца баяра з прыданымі, зносяць свахі свечкі і пяюць:

У цябе свяча і ў мяне,
У цябе дзіця і ў мяне.
Ой, звядзем свечкі да купкі,
Звядзем дзяцей да хаткі.
Ой, зацвіла каліначка
Да на лютым марозе.
Пацалуймося, мая свахначко,
На сянечнам парозе».

Рытуал выкупу «ёлкі» ў вёсцы Бякі адбываўся ў канцы заручын, калі малады забіраў «ёлку» і нёс да сябе.

Як правіла, у рытуале «злучэння свечак маладых» удзельнічалі

«неразведзеныя, не ўдовы, каб маладыя шчасліва жылі. Свечкі злучаюць на парозе. Адна сваха стаіць на адным баку, а другая — на другім. Парог застаецца пасярэдзінеКалі свахі злучылі свечкі, яны павінны пацалавацца тры разы. І сваха са стараны нявесты бярэ абедзве свечкі і вешае каля абраза, дзе будуць сядзець маладыя» (зап. ад Ганны Сафронаўны Каваленка, 1921 г. н., у в. Падгалле).

Важным этапам у вясельнай абраднасці Ельшчыны з’яўляўся пасад, «адзін з самых старадаўніх вясельных абрадаў, саджэнне жаніха і нявесты на дзяжу, пакрытую вывернутым кажухом (пазней падушкай або ручніком). Абрад захаваў рэшткі язычніцкай рэлігіі старажытных славян: пакланенне культу хатняга ачага, духам продкаў, богу пладавітасці і земляробства» [1, с. 390]. Менавіта на пасадзе выконваліся абрадавыя дзеянні, звязаныя з пераводам маладой у жаноцкі стан («завіванне маладой»). Заслугоўваюць увагі звесткі пра пасад як асобны абрадавы момант, запісаныя ад жыхароў вёскі Рамязы Таццяны Антонаўны Бычкоўскай, 1929 г. н., і Марыі Васільеўны Ткачук, 1926 г. н.: «З дзеўкі вянка знімалі, падкручваюць косы, свякруха дае хустку і падсмальвае косы нявесце, бо цяпер яны збліжаліся, станавіліся раднёй. Калі садзілі маладую на пасад, то спявалі песню:

Станавіся, радзіна, уся ў рад,
Ідзе дзевачка на пасад,
Коскамі плечыкі ўсцілае,
Слёзкамі вочыкі ўмывае».

Калі ж адбываўся абрад пераводу маладой у жаноцкі стан, то гучалі наступныя песенныя радкі:

Ой, дай, маці, масла,
Я ж твою коровочку пасла
Ад
росы до росы,
Помазаць косы.
Што хоцелі, то зрабілі,
З цеста пеляніцу,
З дзеўкі молодзіцу (зап. у в. Рамязы).

Дзяльба каравая — кульмінацыйны момант вяселля, прычым па-мясцоваму адметным з’яўляецца рытуал «апявання каравая», адлюстраваны ў адпаведных песенных варыянтах «Рано да рано штось у лесе звінело». Падзел каравая суправаджаўся разнастайнымі пажаданнямі, у якіх адлюстраваўся народны светапогляд, знайшлі месца пэўныя маральна-этычныя ацэнкі і ўстаноўкі, эстэтычныя погляды, філасофскае асэнсаванне з’яў навакольнага свету. Як правіла, маладым жадалі багацця, грошай, шчасця, кахання, працалюбства, пашаны ва ўзаемаадносінах, цярплівасці да жыццёвых нягод, умення ладзіць са свёкрамі: «Дарую молодым грошы, шоб былі хорошы; Дарую рубля, шоб купілі корабля, шоб удзень каталіся, а ўночы кахаліся; Дарую ступу з таўкачэм, шоб не прыходзіла дочка до маткі з плачэм; Жадаю молодой, шоб у свякрухі ўмела жыць, ткаць, прасць, шыць і ў свякрухі ўкрасць, бо ў свякрухі така ўласць: як не возьмеш, так не дасць» (зап. ад Н. А. Бурмель). Развітанне маладой з родным домам — найбольш драматычны момант вяселля, сімвалічна асэнсаваны ў песнях, напрыклад, у адной з тых, што выконвалі ў вёсцы Сугакі:

Дзевачка на адыходзе,
Пасадзіла арэшка ў агародзе.
Расці, расці, мой арэшанька,
Маей мамцы на пацешанька,
Будзе мая мамка арэшанькі рваці,
Мяне ўспамінаці (зап. ад С. Г. Шацілы).

Маладая, збіраючыся ад’язджаць да маладога, забірала з сабой усё тое, што было падрыхтавана для яе бацькамі («пасцель, падушкі, коўдру, посцілкі»):

Ходзем, мамко, у комору,
Подзелім добро з тобою.
Тобе — ніт бердзечка,
А мене — полоценечко.
Тобе, мамко, хата, сені і комора,
А мене — бодня, скрыня і корова
(зап. ад Н. Л. Пархоменка).

Калі пад’язджалі да хаты маладога, то спявалі:

Да збірайцеся, дзеці,
Да збірайцеся, дзеці.
Прывезлі мядзведзішча,
Прывезлі мядзведзішча,

Да на новае сялішча (зап. ад Н. А. Бурмель)

У гэты час да маладой падносілі дзяжу, і калі яна захавала цнатлівасць, то станавілася на яе. Паводле ўспамінаў Н. А. Бурмель з вёскі Мядзведнае, «потом молода прыбірае хату молодому своім прыданым, вывешвае на показ, послі свякруха завязвае молодой той платок, шо маці ёй дала, і свой платок, а наверх — ленту красную». Гасцей з боку маладой («прыданых») сустракаюць «са стаканчыкам, з гарэлкаю, закускаю, усіх частуюць і запрашаюць у хату» (зап. ад М. М. Жураўлёвай).

Вясельнае застолле ў хаце маладога завяршалася дзяльбой каравая, пасля чаго, напрыклад, у вёсцы Валаўск малады павінен быў падараваць цешчы новыя чобаты, папярэдне пасадзіўшы «яе на лаву і вымыўшы ёй водкою ногі»: «Чоботы, чоботы, вы мое, /Наробілі клопоту вы мое» (зап. ад М. М. Жураўлёвай).

Паслявясельная частка ў вёсках Ельскага раёна, непаўторная і багатая на народныя выдумкі, вядомая пад такімі назвамі, як «хвост», «гуляць хваста» (в. Валаўск, Валаўская Рудня, Зашыр’е, Старое Высокае, Скароднае, Кочышчы); «хвост», або «прасці вучыць» (в. Засінцы); «пярэзва» (в. Роза-Люксембург, Сугакі, Казлы); «петухі» (в. Бякі); «цыганы» (в. Асавы). Паводле выказвання Вольгі Максімаўны Лобан, 1940 г. н., з вёскі Кочышчы, гэты паслявясельны абрадавы момант «лучшэй гуляюць, чым свадзьбу, прыбіраюць старых людзей як маладых, старую жанчыну нараджаюць за хлопца, а мужчыну — у дзяўчыну, вянка надзяюць, вянчаюць, завіваюць, варожаць, хто будзе галава сям ’і». Пасля завівання глядзелі, хто ўперад скочыць з-за стала: «Як ад боку дзеўкі ўперад скочыць жанчына, што завівае, то жанчына будзе галоўнай у сям ’і, калі ж з боку мужчыны хутчэй скочыць завівальніца, значыць, мужчына будзе галава сям ’і».

Рыхтуюць імправізаваны каравай («ложаць у чугун картошку сырую»), выклікаюць гасцей з пажаданнямі на каравай, жартуюць, спяваюць, «калі маладую вядуць да маладога, то імкнуцца што-небудзь украсці з дзявочага двара: дзяжу, ступу, курэй, кароў» (зап. ад В. М. Лобан). У вёсках Казлы і Сугакі на трэці дзень вяселля «хадзілі па пярэзвах, пачынаўся сапраўдны маскарад, пераапраналіся цыганамі, лавілі пеўня, паілі гарэлкай, танцавалі, рыхтавалі для маладых кашу з пеўнем». Лакальнай адметнасцю ельскага вяселля з’яўляўся звычай «абменьванне вельцамі». Як паведаміла Ганна Трафімаўна Клабук, 1938 г. н., з вёскі Асавы, маладыя абменьваліся вельцамі, якія рабілі перад вяселлем: «Высякуць з грушы трайчатку, кветкамі пакрасуюць і ў канцы вяселля абмяняюцца маладыя, на канец страхі вельцо прыб’юць, дык і відна, колькі свадзьбаўу вёсцы было».

Асэнсаваныя ў артыкуле матэрыялы даюць магчымасць пазнаёміцца з адметнымі мясцовымі асаблівасцямі святкавання вяселля ў розных вёсках Ельшчыны, спасцігнуць сутнасць рытуалаў, звязаных з этапамі вясельнай абраднасці, зразумець непаўторнасць і паэтычнасць светапогляду беларусаў, заўважыць як тыповае агульнаэтнічнае, так і адметнае рэгіянальна-лакальнае.

Літаратура

  1. Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БелСЭ, 1989. — 575 с.

Аўтар: В.С. Новак
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 24 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2018. — 448 с. С. 310-316.