Вясельная абраднасць у розных раёнах Гомельскай вобласці вылучаецца багатай разнастайнасцю мясцовых рытуалаў і звычаяў. У гэтых адносінах вясельны абрадавы комплекс кожнага з раёнаў заслугоўвае несумненнай увагі даследчыкаў. Адзначым, што вясельная абраднасць Брагіншчыны, захоўваючы агульнаэтнічную аснову, мае адметныя рытуалы абрадавых этапаў у розных лакальных традыцыях. Гэтыя структурныя кампаненты вясельнай абраднасці адрозніваюцца нават назвамі ў населеных пунктах Брагінскага р-на. Напрыклад, для структуры вясельнага абраду ў в. Савічы характэрны такія этапы, як сватанне, магарыч, “оцьведы”, змовіны, каравай, прыезд маладога да маладой, вянчанне, вясельнае застолле ў маладога, “па бяседах”. Асноўныя абрадавыя вясельныя этапы ў в. Залессе — гэта сватанне, другі дзень вяселля, прыезд маладога да маладой, завіванне маладой, трэці дзень вяселля; у в. Калыбань — сватанне, першы дзень вяселля, другі дзень вяселля, цыганы.
На тэрыторыі Брагінскага раёна ў сваты прыходзілі ў суботу вечарам, праўда, колькасць удзельнікаў у абрадзе сватання ў розных вёсках была неаднолькавай. Тншы раз у гэтым вясельным этапе ўдзельнічалі ад 15 да 40 чалавек. У вёсцы Калыбань Брагінскага раёна сваты прыходзілі звычайна ў пятніцу, сватанне ж называлася магарычом, на якім прысутнасць нявесты была абавязковай. Як адзначыла жыхарка гэтай вёскі Г.М. Лісіца, 1925 г.н.,“у нядзелю маці маладога збірае кумоў, сясцёр і ідзе на пагляднае, нясуць падарункі нявесце і дагаворваюцца аб вяселлі” (запісана ў в. Чырвоная Слабада Акцябрскага р-на ад перасяленкі з в. Калыбань Брагінскага р-на). Адным з асноўных рытуалаў сватання, які, напрыклад, адбываўся ў в. Пажаркі, з’яўляўся рытуал абменьвання хлебам паміж бацькамі маладых. Напрыканцы этапу сватання адбываўся рытуал перавязвання сватоў ручнікамі: “Пасля вячэры сватоў перавязваюць
палаценцамі, жанок перавязваюць платкамі, дзявок — плаццямі і дагаворваюцца аб вяселлі” (запісана ў в. Бялёў Жыткавіцкага р-на ад перасяленкі з в. Залессе Заяц Г.А., 1938 г.н.).
Сімвалам згоды на шлюб у вёсках Вуглы, Лубенікі, Малажын і інш. з’яўляўся разрэзаны маладой “хлеб папалам”: “Калі маладая сагласна, то далжна перарэзаць хлеб” (запісана ў в. Вуглы ад Найдзенка Клары Пятроўны, 1926 г.н.); “Тыя (сваты) нясуць з сабой пірог хлеба, і маладая павінна павінна разрэзаць гэты хлеб” (запісана ў в. Лубенікі ад Касцючэнка Вольгі Васільеўны, 1930 г.н.); “Еслі нявеста саглашалася, то пераразала пірог”(запісана ў в. Малажын ад Калясан Клаўдзіі Сямёнаўны, 1932 г.н.). Заўважым, што разразанне хлеба на дзве часткі як сімвалічнае асэнсаванне згоды на шлюб — адметная рыса мясцовых вясельных традыцый.
Своеасаблівым было сватанне ў вёсцы Савічы Брагінскага раёна. Як адзначыла М.М. Кудан, у сваты хадзілі ўтраіх — жаніх і два добра знаёмыя мужчыны. Калі ж ужо высватаюць нявесту, то клікалі хросных. Дзяўчына не адразу давала згоду на шлюб, “дзеля смеху”, як растлумачыла інфарматар, “прычэплівалі да хлясціка фуфайкі жаніха коўш з вадой, штоб пацёг па хаце”, падкрэсліваючы гэтым, што “дзеўка не хацела ісці замуж”. Такое абрадавае дзеянне выконвалі ўсе тры сваты. Як і ў выіпэйназва.ных вёсках, сімвалам згоды на шлюб з’яўляўся таксама разрэзаны нявестай пірог. Паводле звестак М.М. Кудан, “як разрэжа адразу, добра жыць будуць маладыя, а калі там рэжа ды яшчэ падумае, да і зноў і другі, і трэці раз, то ўжэ кажуць, што пагана будуць жыці”. Паводле сведчанняў жыхароў в. Буркі, калі дзяўчына была згодна выходзіць замуж, то яна “дарыць бацькам жаніха ручнік і хустку, а жаніху — бутэльку з жытам” [1, с. 30]. Паводле ўспамінаў жыхароў г.п. Камарын, у іх мясцовасці сімвалам згоды на шлюб быў таксама разрэзаны нявестай хлеб, пры гэтым “хлеб трэба з’есці ўвесь” (запісана ад Глушко Тамары Міхайлаўны, 1947 г.н.). Калі нявеста згодна была выйсці замуж, то забірала прынесены сватамі хлеб, калі не — то аддавала назад (запісана ў г. Хойнікі ад перасяленкі з в. Хракавічы Брагінскага р-на Гуз Наталлі Нікіфараўны, 1929 г.н.).
Лакальнай назвай сватання ў вёсцы Савічы з яўляўся магарыч, калі ў хаце нявесты збіраліся яе блізкія родзічы (родныя цёткі, дзядзькі, хросная маці, хросны бацька) і частаваліся. Асобным этапам у давясельным перыядзе вылучаліся “оцьведы”, калі ў госці да маладой прыходзілі родзічы жаніха і прыносілі падарункі. Паводле ўспамінаў М.Т. Кузьмянок, 1931 г.н., з вёскі Міхнаўка Брагінскага раёна, жаніх і нявеста перад тым, як выпіць першую чарку, павінны былі сказаць: “Мама і папа, давайце вып’ем, гэта значыць, што жаніх такім чынам звяртаўся да бацькоў нявесты, а нявеста — да бацькоў жаніха. Калі нявеста была згодна на шлюб, то “пераразала хлеб, які прыносілі сваты, адну яго палавінку выносіла на вуліцу, дзе звычайна збіраліся яе сяброўкі, і кідала хлеб уверх. Было такое павер’е: хто першы зловіць гэты хлеб, той наступны пойдзе замуж”.
Вялікае магічнае значэнне надавалі падрыхтоўцы каравая і яго выпечцы. “Адступленне ад рытуалу, на думку сялян, магло наклікаць бяду на новую сям’ю” [2, с. 65]. Гэтым і абумоўлены матывы ўшанавання каравая ў песнях, якімі суправаджаўся кожны з момантаў каравайнай абраднасці:
А каравай, караваю!
Я ля цябе добра йграю.
І з скрыпкамі, і з дудкамі,
Да штоб цябе не спалілі
Да ўвесь род абдзялілі [1, с. 45].
Падрыхтоўка вясельнага каравая — важны абрадавы этап у сістэме вясельнай абраднасці. Каравайніцы, рыхтуючы абрадавы вясельны хлеб, адносіліся да гэтай справы надзвычай адказна і сур’ёзна. Ад якасці выпечанага каравая залежаў лёс маладых, шчасце ў іх сямейным жыцці. Невыпадкова выбіралі каравайніц з ліку шчаслівых у сямейным жыцці жанчын (“штоб булі яны не развядзённыя, штоб не ўдовы, штоб жылі харашо”) [1, с. 27]. Права дзяліць каравай у в. Буркі атрымліваў хросны бацька, які перад тым, як пачаць гэту цырымонію, абавязкова “мыў рукі, выціраў іх ручніком, на якім ляжаў каравай” [1, с. 30]. У каравайнай абраднасці в. Савічы меў месца цікавы рытуал абсыпання маладых шышкамі з цеста: “Калісь шышачкі качалі з цеста да пеклі потым у печы разам з караваем, а потым маладых на свадзьбе пасыпалі, а дзеці ўжэ збіралі. Цяпер гэтага ўжэ няма” (запісана ад Кудан К.М., 1920 г.н.).
У этнаграфічных апісаннях вясельнай абраднасці Брагіншчыны зрэдку сустракаецца тэрмін “пасад”. Так беларусы абазначалі адзін з найважнейшых абрадавых момантаў вяселля, які здаўна сімвалізаваў змену “статусу” маладых. Найбольш распаўсюджанай у мясцовых апісаннях вяселля была назва “завіванне маладой”. На гэтым абрадавым этапе выконваліся рытуалы пераводу маладой з дзявоцкага стану ў жаноцкі, адным з іх з’яўлялася расплятанне касы маладой: “Калі забірае жаніх нявесту дадому, дак ёй косу расплятаюць. Бацька хросны жаніха ўстае да й кажа: “Благаславі, ацец і маць, косу расплятаць” А тыя тры разы кажуць: “Бог благаславіць”. Косу брат доўжон расплятаць, а як няма, дак так якога-ліба хлопчыка просяць. Ён расплятая, а дзеўкі песню пяюць: “Брат сястрыцу расплятаў, // Ды дзе тыя ўплёты падзяваў” [1, c. 49].
У в. Малейкі “завіванне маладой”, калі здымалі вянок і завязвалі ёй хустку, адбывалася ў хаце маладой: “А тады ўжэ знімаюць вянок з галавы і ложаць на тарэлку. Касу расплятаюць, расчэсваюць грабянцом косы, закручваюць іх, а патом адзяваюць ёй на галаву хустку. Ета значыць, што яна ўжэ не дзеўка, а баба. І тады вязуць яе да жаніха жыць” [1, с. 39]. У в. Пажаркі напрыканцы вясельнага застолля ў хаце маладой адбываецца рытуал выкупу пасагу нявесты, а на вяселлі ў маладога “маладую пераводзяць у жаноцкі стан”: “Знімаюць з галавы маладой вянок з лентамі, вешаюць яго на ікону, а на галаву маладой адзяваюць хустку, стукаюць маладога з маладой галовамі, каб жылі ў саглассі”.
Абрад вянчання маладых — важны структурны абрадавы кампанент у вясельнай абраднасці Брагіншчыны. Напрыклад, у в. Малажын, калі адбывалася вянчанне маладых, назіралі за тым, як гараць свечкі ў царкве: “Калі гарэлі ярка, то жыццё маладых будзе харошым, ладным” (запісана ад Калясан Клаўдзіі Сямёнаўны, 1932 г.н.).
Цікавымі гульнёвымі дзеяннямі і песнямі адрозніваўся абрад ад’езду маладых да хаты маладога ў в. Сялец. Адметным момантам у структуры гэтага абрадавага этапу было ваджэнне карагода “вакол сяброўкі-заручонкі”, якая імкнулася “вырвацца з кола”: “Лічылася, што калі дзяўчына не вырвецца з кола, то замужжа будзе нешчаслівым” [1, с. 40]. У песенных тэкстах, якімі суправаджаліся праводзіны маладой “у дом мужа”, гучалі элегічныя матывы развітання з бацькоўскім домам, пажадання добрай долі і шчасця: “Дай табе Бог, дружка, // Шчасця і долю” [1, с. 41]. Як адзначылі жыхары в. Сялец, у іх мясцовасці была ўстойлівай традыцыя “праверкі маладой” на цнатлівасць: “Правяралі нявесту тады, як жаніх прывязе ва двор, ды яна злазіць з машыны ці каня — ставіць дзежу, і яна станавілася на дзежу, еслі чэсная, а нячэсная — яна не стане” (запісана ад Цярэшчанка Ганны Васільеўны, 1929 г.н.). У в. Шкураты падчас вясельнага застолля ў хаце маладога выконваліся характэрныя для хрэсьбіннай абраднасці наступныя адметныя мясцовыя рытуалы: выкуп братам маладой гаршка з кашай, рытуал яго разбівання, дзеянні магічнай скіраванасці, звязаныя з чарапкамі ад разбітага гаршка, якія “клалі сабе на галаву нежанатыя хлопцы і дзеўкі” [1, с. 52]. Семантыку рытуалу разбівання гаршка з кашай у в. Вуглы звязвалі з выкупам нявесты, звычайна выконваўся гэты рытуал малодшым братам.
Паслявясельная частка на тэрыторыі Брагінскага раёна мела розныя назвы: напрыклад, у в. Пажаркі замацавалася назва “цыганы”. Паслявясельны перыяд у в. Ясяні называецца “на галушкі”: “На наступны дзень мужчыны, якія былі на вяселлі, убівалі па пятуху ці па куры, што пад руку пападаецца, і прыходзілі. Тады гатавалі з кураціны галушкі і вечар гулялі [3, с. 116]. Трэці дзень у г.п. Камарын быў вядомы як “куры”. “Па бяседах” — пад такой назвай вядома паслявясельная частка ў в. Савічы: “Падзеляць ужэ каравай, пагуляюць, а потым ходзяць па бяседах. Сколькі двароў у свадзьбы, усе хадзілі ў тыя двары па бяседах. Спачатку ідуць к хросным. Тады бяседа ўжэ ідзе к бабам, а тады ўжэ к дзядзькам, цёткам і другім гасцям”(запісана ў в. Шкураты ад перасяленкі з в. Савічы Кудан К.М., 1920 г.н.). У в. Міхнаўка ў наступную суботу пасля вяселля бацькі маладой запрашалі да сябе ў госці дачку з зяцем і сватамі, а яшчэ праз тыдзень бацькі маладога запрашалі да сябе ўсю радню, гэта значыць, “рабілі пярэзвы” (запісана ад Кузьмянок Марыі Трафімаўны, 1931 г.н.). У в. Чырвоная Слабада Акцябрскага раёна ад перасяленкі з в. Калыбань Г.М. Лісіцы., 1925 г.н., былі запісаны цікавыя звесткі аб тым, як у іх мясцовасці “гуляюць” пасля таго, як падзялілі каравай: “На трэці дзень прыходзяць “цыганы”: “цыганамі” апрануты жанчыны, а “цыганкамі” — мужчыны. Гуляюць, жартуюць. Прыбіваюць на вільчык (канец страхі) вельца (“з грушы высякаюць трайчатку”, упрыгожваюць кветкамі). Маладыя перад гэтым мяняюцца вельцамі, якія робяць перад вяселлем ці ў самым яго пачатку”. Як бачна, у гэтай вёсцы, якой сёння няма на геаграфічнай карце Беларусі ў сувязі з чарнобыльскай трагедыяй, быў вядомы старажытны абрад “прыбіванне вельца”. Па іх колькасці (“вельцаў”) мясцовыя жыхары маглі меркаваць аб тым, колькі вяселляў адбылося ў гэтай мясцовасці. Рытуалы паслявясельнай часткі, якія вылучаліся гульнёвым жартоўна-пацешлівым характарам, былі скіраваны на замацаванне шлюбных адносін маладых, забеспячэнне ў будучым дзетанараджэння, засцярогу ад уздзеяння звышнатуральных сіл.
Прааналізаваныя матэрыялы па вясельнай абраднасці Брагіншчыны — яскравае пацвярджэнне наяўнасці ў вясельным абрадавым комплексе як агульнаэтнічных асаблівасцей, так і рэгіянальных, па-мясцоваму адметных звычаяў, прыкмет і павер’яў.
Спіс літаратуры
- Вясельная традыцыя Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік / Укладанне В.С. Новак; Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны. — Мінск: Права і эканоміка, 2011. — 485 с.
- Фядосік, А.С. Беларуская сямейна-абрадавая паэзія / А.С. Фядосік; навук. рэд. А.С. Ліс. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 1997. — 126 с.
- Народная духоўная культура Брагіншчыны: фальклорна-этнагр. зб. / Склад.: В.С. Новак, У.І. Коваль / Навук. рэцэнзенты: А.У. Марозаў, А.С. Ліс. — Гомель: Белдрук, 2007. — 240 с.
Аўтар: В.С. Новак
Крыніца: “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, IV міжнародная навук. канф. (2013; Гомель). IV Міжнародная навуковая канферэнцыя “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, 31 мая 2013 г. [Тэкст]: матэрыялы / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2013. – С. 44-47.