Вяселле ў Гомельскім раёне

0
888
Вяселле ў Гомельскім раёне

Вяселле з’яўляецца выдатным узорам бытавання агульнаэтнічнага фальклору і яго ўзаемаадносін з рэгіянальнай фальклорнай традыцыяй. Так, ва ўсіх рэгіёнах Беларусі традыцыйнае вяселле складаецца са сватання, заручын, зборнай суботы, пасада, каравая, вясельнага застолля і паслявясельнай часткі, аднак усе гэтыя абрадавыя дзеянні адрозніваюцца мясцовай спецыфікай у кожным канкрэтным рэгіёне.

Паводле экспедыцыйных запісаў, зробленых на тэрыторыі Гомельскага р-на, «…у сваты ішлі бацька, маці і сват. Ішлі ўвечары, з сабой неслі бохан хлеба, соль у рушніку і гарэлку» [1, с. 161], «хросная матка і хросны бацька бралі хлеб з соллю і графін… Ну, прыходзілі к нявесце з жаніхом» [2, с. 177], «…прыходзілі два дзядзькі яго, матка, хросны яго» (в. Рудня-Марымонава). Па сутнасці, працэс сватання нагадваў гандаль, мэта якога – дамовіцца аб шлюбе: «Адзін з сватоў кажа: “Вось вам хлеб ды соль, а нам давайце тавар”. Але бацькі мае сказалі пачакаць, адразу паехалі рабіць агляд гаспадаркі маладога. Далей далі згоду на шлюб, аставіўшы прывезены хлеб» (в. Рудня-Марымонава).

Калі бацькі згаджаліся на шлюб, адбываліся заручыны: «Заручыны адбываліся пры вялікай прысутнасці гасцей. Гуляюць заручыны паасобку – нявеста сабе, жаніх сабе. …На заручынах дамаўляліся аб дні правядзення вясельнага застолля» [2, с. 161]. Яшчэ на заручынах бацькі дамаўляліся аб усіх падрабязнасцях вяселля, а маладыя абменьваліся пярсцёнкамі. Цікавай асаблівасцю в. Рудня-Марымонава быў вось які звычай: «Калі на заручынах прысутнічае стары халасцяк, то яму прывязуюць ступу і прымушаюць у наказанне цягаць ступу за тое, што ён доўга не жэніцца».

На заручынах спявалі розныя песні. Вось якую прыгадала жыхарка в. Рудня-Марымонава Маёрава Е. І., 1934 г. н.:

Звянчалі Ганначку сілаю.
Не дарма яе звянчалі,
Звянчалі яе за грошы,
Што яе Данілка харошый.

Ехала Ганначка ад вянца
Да й забылася грабянца.
Упаў грабянец пад сталец.
Падай, Данілка, грабянец!
Я табе, Ганулька не маладзец,
Каб падаць табе грабянец,
Няхай падаюць дружачкіслужачкі.

Па словах жыхаркі в. Глыбокае Крукавай Т. І., «перад вяселлем дзеўкі завівалі велца. Гэта значыць, бралі маладую ёлачку або сасёнку.

Ставілі яе ў вялікі бохан хлеба, каб не падала. Потым навешвалі на яе розныя ўпрыгожванні: бумажныя кветкі, стужкі, цукеркі, баранкі. Гэта каб маладыя былі багатыя». Гэтую «ёлку-вянец» «жаніх абязаны выкупіць у дзяўчат. …Еслі дзевушкі сахраняюць вяршыну ёлкі (крыж з бумагі), то жаніх плаціць даражэй. З гэтай ёлкай вязуць маладую да жаніха» [2, с. 161]. Усе гэтыя дзеянні з «вянцом» былі напоўнены глыбокім маральна-этычным падтэкстам і сімвалізавалі дзявочую чысціню, маладосць.

Наступная неад’емная частка беларускага традыцыйнага вяселля – пасад, які быў своеасаблівай формай блаславення на шлюб маладых. Іх садзілі на хлебную дзяжу: «У нявесты расцілаюць кажух для маладых на скамейцы ля кута. Садзяць жаніха і нявесту на гэты кажух для таго, каб багата жылі» (в. Аздзеліна); «Тут у хаце молодого адбываўся посад. Молода залазіла на лаўку перад іконай і тры разы цалавала яе. Потым сястра молодое і брат молодого вядуць іх, саджаюць на лаву, дзе завіваюць. Потым староста (тамада) кажа: “Благаславець, гаспадары, молодых”. А ім отказваюць: “Бог благаславіць”. І так тры разы. Потым ізноў гуляюць, п’юць, пяюць» [1, с. 164].

Адметнасцю вяселля Гомельшчыны з’яўляецца і каравайны абрад, павышаная ўвага да рытуалаў падрыхтоўкі і выпечкі якога была прадыктавана сімволікай хлеба як святыні, шчасця і багацця: «Матка бегае та гукае каравай пекці тую, которая з мужыком жыве прылічна і штоб не разводная была. І тогды, як учыняюць цеста, спявалі:

Губатая вчыняла,
Ноздратая мясіла,
А харошая дай прыгожая
Да й у печ пасадзіла.

Тогды, як каравай подойдзе, зноў спяваюць:

Печке рогоче, печка рогоче,
Да чого ж яна хоча?
А прыпечак заліваецца,
А прыпечак заліваецца,
Короваю спадзеваецца.

Коровай спекся, выцеглі еты коровай і ўносяць у комору, у хаце не ставяць» [2, с. 188].

Вясельнае застолле было даволі ўрачыстым, а вясельны стол па магчымасці абстаўляўся як мага багацей: «На вяселле гатавалі галубцы, катлеты, халадзец, бліны, піражкі, калі лета, то з градкі бралі: гуркі, памідоры і інш. Варылі кампот, а таксама на стале заўсёды стаяў самагон ці гарэлка» (в. Шарпілаўка). Вось што, напрыклад, прыгадала аб сваім вяселлі жыхарка в. Рудня-Марымонава Маёрава Е. І.: «Мы на свадзьбу сабіралі сваю радню, а жаніх сваю. Яны там гуляюць, у сва-ёй дзярэўні, пагулялі, і прыязджаюць за мной на кані. І выкуп дзелалі ўжо маладой.

Выкупалі шампанскім, канфетамі і т. д. Забралі потым маладую.

Малады бярэ мяне за руку і вядзе за стол і гасцей тых ужо прывечаюць, якія прыехалі са стараны маладога, мае госці ўступаюць ім сталы. Як выкупілі ўжо мяне і тады свякруха расцілае кажух за сталом і мы садзімся на кажух у красным куце. Свята было да самага вечара, на гармоні йгралі. Свадзьбу мы гулялі сем дзён.

Першы дзень у маладой, другі дзень у маладога. Гулялі яшчэ суботу, нядзелю, а ў панядзелак усе ішлі на работу, а пасля чатырох гадзін зноў збіраліся. Перад дзяльбой каравая, нас сажалі ў кут на кажух. …Каравай дзержалі пара мужчын і рэзалі яго хросная маці і бацька, адзін са сватоў наліваў гарэлку, а другі вызываў бацькоў. За кусок каравая госці давалі маладым падаркі і гаварылі розныя пажаданні: “Дару курачку-нясуху, каб маладая пацалавала свякруху”, “Дарую палена, каб пацалаваў тешчу ў калена”».

Адзначым, што «дзяльба каравая – завяршальны этап каравайнага рытуалу беларускага вяселля, менавіта каравая як сакральнага атрыбута шлюбнай абраднасці, а не хлеба наогул, які застаецца адным з міфалагізаваных прадметаў да заканчэння вяселля і нават на паслявясельным этапе» [3, с. 200].

Цікавы вясельны звычай прыгадала інфарматар з в. Шарпілаўка Гардзеенка А. Т.: «Калі маладая ішла к маладому, запальвалі агонь у варотах, праз які павінен быў перапрыгнуць конь. Калі ён гэта рабіў, то вароты адкрывалі».

Былі ў вёсках Гомельскага раёна і «пярэзвы» («…і як начнуць пярэзвы вадзіць, ды водзяць нядзелю ці дзве» (в. Даўгалессе)), і «разгрэбіны» («…на разгрэбіны гуляюць у гульні. Пяюць песні, танцуюць», «…гуляюць на пяты дзень. Кладуць вогнішча на дарозе, каля двара. Бяруць з седала курыцу і смаляць яе на вогнішчы. Жараць на вогнішчы сала і яйкі, і пачынаецца каля вогнішча гульня ў “Трыфана”» (в. Рудня-Марымонава)) і «гарэлыя пірагі» («Чэраз нядзелю после свадзьбы едуць, напрымер, я сына свайго жаніла, сваха прыгласіла, прыязжайце на “гарэлыя” пірагі» [2, с. 183]). Па словах даследчыка традыцыйнай духоўнай спадчыны Гомельшчыны В. С. Новак, «…пярэсты характар бытавання вясельнай традыцыі, напоўненай у кожным канкрэтным выпадку непаўторным зместам, дазваляе сцвярджаць факт самабытнасці вясельнага жанру ў дачыненні да пэўнага геаграфічнага раёна» [4, с. 164].

Такім чынам, зробленыя запісы вясельнага абраду і паэзіі ў Гомельскім раёне дазваляюць гаварыць і аб тыповым агульнабеларускім характары вяселля, і аб спецыфічных лакальных праявах бытавання вясельнай традыцыі.

Спіс літаратуры

  1. Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік. / Укладанне, сістэматызацы, тэксталагічная праца, уступны артыкул, рэгадаванне: І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. – Мінск, ЛМФ “Нёман”, 2003. – 472 с.
  2. Народная духоўная спадчына Гомельскага раёна / Укладанне, сістэматызацыя, тэксталагічная праца і рэдагаванне В. С. Новак. – Гомель: ААТ “ Полеспечать”, 2007. – 456 с.
  3. Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр / А. С. Фядосік, А. С. Емяльянаў, У. М. Сысоў, М. А. Каладзінскі; навук. рэд. К. П. Кабашнікаў. – Мн.: Бел навука, 2001. – 422 с.
  4. Новак, В. С. Адметнасці вясельнай традыцыі Гомельшчыны / В. С. Новак. – Менталитет славян и интеграционные процессы: история, современность, перспективы: материалы VII Междунар. науч. конф., Гомель, 26 – 27 мая 2011 г. В 2 ч. Ч. 1 / М-во образования Респ. Беларусь; под общ. ред. В. В. Кириенко. – Гомель: ГГТУ им. П. О. Сухого, 2011. – С. 164–166.

* Выкарыстаны матэрыял фальклорнага архіва кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны»

Аўтар: Т.В. Глякава
Крыніца: Актуальные проблемы филологии: сборник научных статей. Вып 8 / ред. кол.: А.В. Бредихина [и др.]; М-во образования РБ, Гомельский го. ун-т им. Ф.Скорины. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2015. — С. 174-177.