Народная архітэктура з’яўляецца неад’емнай часткай традыцыйна-бытавой матар’яльнай культуры беларусаў. Вывучэнне агульных і рэгіянальных асаблівасцяў архітэктуры вылучае індывідуальныя рысы, мастацкія, канструктыўныя і функцыянальныя вартасці народнага дойлідства, дапамагае прасачыць міжэтнічныя сувязі ды эвалюцыйныя працэсы ў кантэксце развіцця народнага жылля ўсходніх славян [3, с. 12]. Наяўнасць рэгіянальных асаблівасцяў народнага дойлідства абумоўлена прыродна-кліматычнымі ўмовамі і гістарычнымі працэсамі, якія адбываліся ў мінулым на тэрыторыі сённяшняй Беларусі. Унутры гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў, у сваю чаргу, можна вызначыць больш вузкія лакальныя зоны, якія, у дачыненні да народнай архітэктуры маюць цэлы шэраг устойлівых тыпалагічных прызнакаў. Яны, нажаль, вывучаныя недастаткова падрабязна і ўсё меней выразна “прачытваюцца” на тле працэса размывания традыцыйнай культуры. Гэта тычыцца й рэгіёна Пасожжа, адметнасць і самабытнасць якога падкрэслівалі і даследчыкі народнага дойлідства [2, с. 66]. Дзейнасць Веткаўскага музея стараабрадства і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава ў збіранні дадзеных па народнай архітэктуры і дэкаратыўнай архітэктурнай разьбе набыла большую сістэматычнасць і актуальнасць, дзякуючы беларуска-расійскаму праэкту ’Асаблівасці традыцыйнага жылля на тэрыторыі расійска-беларускага памежжа: этнаграфічны і лінгвакультуралагічныя аспекты” па лініі фінансавання Расійскага Гуманітарнага фонда і фонда фундаментальных даследванняў Рэспублікі Беларусь (№ Г12Р-030 ад 15.04.2012.). Адным з асноўных аспектаў пошукавай дзейнасці двух апошніх гадоў сталася фіксацыя сядзібнай забудовы ніжнепасожскіх вёсак, традыцыйна-гістарычным тыпам якое, тут з’яўляецца вяночны (замкнёны, круглы) двор [2, с. 64].
Вяночны двор з’яўляецца адным з устойлівых тыпаў сядзібнай планіроўкі, характэрньм для тэрыторыі Еўропы. Каранямі сваімі такая планіроўка ўзыходзіць да індаеўрапейскіх культураў аселага земляробства [1, с. 31-32]. Замкнёны перыметр жылых і гаспадарчых пабудоў мы можам назіраць на прыкладзе антычнага атрыумнага двара, а прататыпам вяночнага двара на тэрыторыі Беларускага ІІалесся, Валыні, Карпатаў, поўдня Расіі, мог быць архаічны перыметральны комплекс, дзе жыллё знаходзілася ў цэнтры, абкружанае рознымі гаспадарчымі пабудовамі [1, с. 167; 7, с. 35]. Гэты універсальны планіровачны тып дазваляў кампактна і рацыянальна спалучыць цэлы шэраг жылых і гаспадарчых будынкаў у іх фунцыянальна-архітэктурным адзінстве. Вяночная планіроўка прадугледжвае завершанасць і статычнасць усіх элементаў двара, што павінна сведчыць аб іх адначасовым ўзвядзенні. Аднак, такая цэльнасць была вынікам працяглага працэса, які прадугледжваў наяўнасуь шэрагу стадыяў, у кожным з выпадкаў адвольных. Ba ўсякім выпадку, імкненне да завершаных формаў, якія не прадугледжваюць дынамічнага развіцця абумовіла пэўныя мастацкі-канструктыўныя “хады”, якія падкрэслівалі ўсё тую ж ідэю замкнёнасці жылога перыметра. Калі гаспадар не мог забяспечыць узвядзенне ўсіх элементаў сядзібы адначасова і абыйсціся мінімумам гаспадарчых пабудоў, прымяняліся звёны замёта. У вертыкальна ўкапаныя шулы з выбранымі пазам і ўкладаліся тонкія бярвенні альбо колатыя плахі, застаўляючы прагалы паміж сценамі будынкаў. Тып вяночнага двара, дзе суцэльны перыметр пабудоваў парушалі прагоны замёта называецца “няпоўным” [4, с. 90-91]. Такі “няпоўны” двор звонку выглядае цалкам завершаным, маючым адзінае архітэктурна-планіровачнае рашэнне ўсіх сваіх частак: жылля, гаспадарчых будынкаў і прагонаў. У залежнасці ад прынцыпа замкнёнасці, пабудовы размяшчалі такім чынам, “каб можна было забяспечыць нармальнае функцыянаванне гаспадаркі і ў паследуючым, калі з’явіцца час і мажлівасці ўзвесці астатнія спаруды” [4, с. 91]. Такім чынам, замкнёнасць, як асноўны прынцып прысутнічала ўжо на пачатковых стадыях узвядзення “вянка” і давала гаспадару мажліваць свабоднага канструірвання ў адведзеных межах. Можна цалкам пагадзіцца з тым, што замкнёны характар забудовы двароў рэгіёна Пасожжа цесна звязаны з падсечнай сістэмай земляробства і з’яўляецца характэрнай рысай маладворных паселішчаў [6, с. 91]. Замкнёныя двары, якія знаходзіліся на значнай адлегласці адзін ад аднаго патрабавалі не толькі кампактнага размяшчэння гаспадарчых пабудоў, але ўяўлялі герметычныя комплексы, якія мелі выразна абарончьм рысы.
Левабярэжжа Сожа ў межах Чачэрскага і Кармянскага р-наў і міжрэчча Сожа і Беседзі (Чачэрскі, Веткаўскі р-ны), мы вызначылі як мікрарэгіён, дзе вяночны двор захаваўся ў мінімальна рэдуцыраваным выглядзе. Большую плошчу тэрыторыі тут і цяпер займаюць лясы, а асноўную колькасць населеных пунктаў складаюць паселішчы не перавышаючыя 100 двароў. Відаць таму, што сельскагаспадарчая дзейнасць развівалася тут не так інтэнсіўна, як у наведаных намі Добрушскім, Гомельскім, Буда-Кашалёўскім і частцы Веткаўскага р-нах, традыцыйна-гістарычны тып сядзібнай забудовы сустракаецца і да гэтага часу ў мінімальна рэдуцыраваным выглядзе. У Чачэрскім р-не (Бабічы, Рудня-Барталамееўская, Валосавічы, Палессе, Покаць, Сідаравічы, Куклічы ды інш.) былі зафіксаваны розныя варыянты замкнёнага двара, дзе передусім вылучаецца жылое звяно ў звязку з комплексам гаспадарчых пабудоў і глухой уяздной брамай. Тое, што размяшчэне жылога дома адносна вуліцы можа быць як тарцавым так і бакавым, прычым не выключала размяшчэнне жылога звяна ўглыб участка, з вынясеннем на чырвоную лінію вуліцы гаспадарчых пабудоў, сведчыць аб колішняй безсістэмнай планіроўцы некаторых вёсак, альбо асобных вясковых “канцоў” (Бабічы, Валосавічы, Покаць, Палессе ды інш.)
Архітэктурна-планіровачныя працэсы сядзібнай забудовы надзвычай дыялектычныя. З аднога боку, даследчыкі народнага дойлідства адзначалі, што асаблівасцю беларускага замкнёнага двара была ягоная тэндэнцыя да раскрыцця, якая абумоўлівалася адноснай свабодай складаючых яго звёнаў [1, с. 167]. Сапраўды, ў пазначаным мікрарэгіёне, дзе вяночны двор усё яшчэ захоўваецца як асноўны планіровачны тып, назіраецца яго распадзенне на асобныя элемены, ўсё меней кампазіцыйна паяднаныя. Але, з другога боку, нават пры мінімальным наборы гаспадарчых будынкаў мы назіралі адназначную тэндэнцыю менавіта на замкнёнасць дваровага перыметра. Гэта праяўлялася ў першую чаргу ў планіроўцы фасаднай лініі сядзібы, якая з’яўляецца пэўнай рэпрэзентацыяй амаль страчанага перыметральнага двара. Гэта з’ява характэрна для населеных пунктаў, дзе найболын актыўна праходзілі працэсы распада аднаасобнай гаспадаркі, нівеліраванне сельскай абшчыны, выкліканыя татальнай калектывізацыяй. У выніку аптымізацыі сельска-гаспадарчай працы знікае звыклы для традыцыйнай аграрнай сям’і комплекс гаспадарчых пабудоў. Рэгіён, дзе найболып хуткімі тэмпамі ішло размыванне традыцыйнай культуры — тэрыторыі гарадской арыентацыі (паселішчы ў арэале Гомеля і Добруша), альбо раёны інтэнсіўнага землекарыстання (Буда-Кашалёўскі р-н). Амаль большая частка Добрушскага і Буда-Кашалёўскага р-наў пакрыта густой мярэжай шмат- і маладворных паселішчаў, якія ўжо існавалі ў сярэдзіне XIX ст., а шчыльнасць засялення левабярэжжа і правабярэжжа Сожа ў межах Чачэрскага, Кармянскага і Веткаўскага р-наў істотна адрозніваецца. Планіровачная характарыстыка двара ў гэтай частцы Пасожжа не можа не адрознівацца ад вышэйпазначанага мікрарэгіёна. Тут назіраецца наяўнасць рэдуцыраванага варыянта замкнёнага двара, які ўяўляе сабой двор з незвязанымі пабудовамі, прычым жылое звяно ў большасці выпадкаў набывае адасобленасць і самадастатковасць. Гаспадарчыя пабудовы ў дваравым перыметры традыцыйна размешчаны насупраць хаты паралельна жыллю, альбо ўтвараюць Г-падобны аб’ём, варыятыўна змыкаючыся з задняй тарцавой часткай жылога аб’ёма з дапамогай паветак і шэрага часовых прыбудоў. У апошнім выпадку яны нагадваюць замкнёны тып двара, але пазбаўлены архітэктанічнай цэласнасці, ўласцівай перыметральнай вяночнай забудове. На карысць таго, што і ў гэтым мікрарэгіёне існаваў вяночны двор гаворыць наяўнасць таго ж архітэктурна-планіровачнага модуля фасаднай часткі, ўласцівага больш архаічнаму чачэрскаму: хата — глухая ўязная брама — тарцавы (альбо бакавы) фасад гаспадарчай пабудовы. Такім чынам, гэтая “формула” застаецца ўстойлівай, нават калі перыметр двара распадаецца і колькасць пабудоў зводзіцца да мінімума. Цікава, што падобнае фасаднае размяшчэнне будынкаў сядзібы характэрна і для пабудоў, ўзведзеных яшчэ ў 1970-я гады, хоць ані матарыял, ані тэхналогія, ані мастацкі-канструктыўныя сродкі не адпавядаюць прынятым у традыцыйнай архітэктуры правілам.
На нашу думку, выразным маркерам наяўнасці ў мінулым замкнёнага двара ў рэгіёне можа быць бытаванне глухіх уязных брам, якія “з’яўляліся неад’емнай часткай сядзібаў замкнёнага тыпу” [5, с. 175]. Брамы надзейна замыкалі праезд ў сядзібу і разам з плотам (замётам) адыгрывалі ролю абарончага прасла. Нават пры распадзенні замкнёнага двара брама не пераставала адыгрываць сваёй важнай ролі: афармлення уезда ў ва двор. Пры гэтым, дэкаратыўнае аздабленне аб’екта у шэрагу выпадкаў перавагала над канструктыўнай практычнасцю. Сваімі архітэктурна-дэкаратыўнымі якасцямі вылучаюцца ўязныя брамы локуса Ветка — Гомель. Асабліва ўражваюць прапільныя фрызы з багата аздобленымі надбрамнымі дошкамі (“рашоткамі”), якія ўяўляюць сабой цэлыя дэкаратыўныя палотны. Такія архітэктурныя аб’екты набываюць самадастатковую вартасць і могуць пасупернічаць з аздобленым разьбою жыллём. Лаканічныя і манументальныя брамы Чачэрскага мікрарэгіёна арганічна спалучаюцца з архітэктонікай прылягаючых будынкаў, пазбаўленых актыўнага дэкаратыўнага аздаблення. Існує цэлы локус, дзе уязныя брамы разам з плотам утвараюць суцэльны прагон, які прасторава злучае жылы аб’ём з суседнім гаспадарчым і аб’яднаны ў адно канструктыўнае цэлае з дапамогай двухсхільнай стрэшкі. У в. Старое Сяло такі комплекс не перавышае 5-7 м. з-за невялікага памеру сядзібных участкаў, а у асобных вёсках міжрэчча Сожа — Дняпра (Крыўск, Чабатовічы, Цярэнічы ды інш.) сягає ад 10 да 20 м.
У выніку павярхоўнага аналіза назапашанага матарыяла можна з упэўненасцю сказаць, пгго вяночны двор і дагэтуль прадстаўлены, як адзіны планіровачны тыл традыцыйнай народнай архітэктуры ў рэгіёне Ніжняга Пасожжа. Ён прадстаўлены рознымі падтыпамі, якія характарызуюцца цэльнасцю перыметральнай забудовы (суцэльны і няноўны вянок), арыентацыяй жылога звяна адносна вуліцы (тарцавое, бакавое, паглыбленае), размяшчэннем жылля адносна гаспадарчых пабудоў (дыяметральнае, краявое). Характар захаванасці замкнёнага перыметра пабудоў ў рэгіёне прадстаўлены двумя мікрарэгіёнамі. Варыянты рэдуцыраванага вяночнага двара, ахопліваюць значную тэрыторыю міжрэчча Сожа і Дняпра, левых прытокаў Сожа — Іпуці, Беседзі, Вуці, Церухі і характэрныя для сумежных раёнаў Браншчыны. “Класічны” тып замкнёнага перыметра ўласцівы левабярэжжу Сожа ў межах Чачэрскага і Веткаўскага р-наў, сустракаюцца яны і ў міжрэччы Сожа-Дняпра, як архаічны планіровачны тып.
Спіс літаратуры
- Лакотка, А. I. Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславян. і еўрап. кантэксце: у 4 т. Беларускае народнае дойлідства / А. I. Лакотка; навук. рэд. А. I. Лакотка. — Мн.: Беларус. навука, 2008. — Т. 1. — 268 с.
- Лакотка, А. І. Народнае дойлідства Пасожжа / А. І. Лакотка // Спадчына. 1990. — № 4. — С. 63-66.
- Локотко, А. И. Белорусское народное зодчество: Середина ХІХ-ХХ в. / А. И. Локотко. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. — 270 с.
- Сергачёв, С. А. Белорусское народное зодчество / С. А. Сергачёв. — Мн.: Ураджай, 1992. — 197 с.
- Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии: учеб. пособие для вузов / В. В. Трацевский. — Мн.: Выш. шк., 1989. — 287 с.
- Цітоў, В.С. Народная спадчына: Матэрыяльная культура ў лакальна-тыпалагічнай разнастайнасці / В.С. Цітоў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — 183 с.
- Якімовіч А.Ю. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся: XVII-XIX стст. / А. Ю. Якімовіч — Мн.: Навука і тэхніка, 1978. — 158 с.
Аўтар: А.В. Скідан
Крыніца: Славянские народы и их культуры: традиция и современность: сб. науч. статей / редкол.: В.И. Коваль (отв. ред.) [и др.]; М-во образования РБ, Гомельский гос. ун-т им. Ф. Скорины. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2013. — 310 с. Ст. 83-85.