Курс на рэзкае фарсіраванне тэмпаў калектывізацыі быў прыняты пасля лістападаўскага Пленума ЦК ВКП(б) 1929 года. Пагоня за высокімі тэмпамі калектывізацыі суправаджалася прымусовымі мерамі, адміністратыўным націскам на сялян [1, арк. 59]. Наступленне савецкай улады на сялянства, асабліва на яго заможную частку, суправаджалася масавымі хваляваннямі сялян. Не стала выключэннем і Гомельшчына. У палітычнай характарыстыцы Гомельскага раёну і акругі за 1930 год адзначалася аб адмоўных адносінах сялян да савецкай улады ў сувязі з калгасным будаўніцтвам і “ліквідацыяй кулацтва” [2, арк. 10-10 ад.]. Для абароны аднавяскоўцаў ад раскулачвання і высялення сяляне выкарыстоўвалі розныя сродкі: масавыя хадатайствы за адмену высялення, пагрозы ў адрас прадстаўнікоў савецкай улады, сілавыя сродкі [3, арк. 15-21].
Станоўчыя адносіны сялян да заможных гаспадароў вызваны тым, што апошнія дапамагалі больш слабым гаспадаркам (у эканамічным плане) пры неўраджаі, нейкіх стыхійных бедствах [3, арк. 15-21]. Заможныя сяляне валодалі аўтарытэтам сярод аднавяскоўцаў. Акрамя таго, большая частка сялян была аб’яднана роднаснай сувяззю і не бачыла ў асобах заможных сялян ворагаў.
З другой паловы 1930 года колькасць сялянскіх выступленняў скарацілася. З восені 1930 года пачалася арганізацыя “новага прыліву” ў калгасы, узмацніўся падатковы гнёт, што выклікала незадаволенасць сялян. Аднак масавых хваляванняў, падобна вясновым, ужо не было.
Літаратура
- Всем секретарям райкомов «О ходе хлебозаготовок» // Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці (далей ДАГАГВ). Ф. 3. Воп. 1. Спр. 555. Арк. 59.
- Политическая характеристика Гомельского района и округа (1930 г.) // ДАГАГВ. Ф. 205. Воп. 1а. Спр. 45. Арк. 10-10 ад.
- Спецсводка № 34 Гомельского ОГПУ «Ход подготовки к выселению кулачества и политнастроение деревни в связи с этим» // ДАГАГВ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 714. Арк. 15-21.
Аўтар: І.У. Ігнаценка
Крыніца: Дни студенческой науки. Материалы XLVI студенческой научно-практической конференции (Гомель, 11-12 мая 2017 года). В двух частях. Часть 2. Гомель. ГГУ им. Ф. Скорины. 2017. С. 32-33.