Вуліцу Камсамольскую ў Гомелі прапануюць перайменаваць у вуліцу Станіслава Шабунеўскага

0
140
Петыцыя і Станіслаў Шабунеўскі ў Гомелі

Сёлета Гомель адзначае 150 год з дня нараджэння выдатнага беларускага архітэктара Станіслава Шабунеўскага (1868–1937 гг.). Ушанаванне памяці гэтага чалавека – важная справа, як для Гомеля, так і для ўсёй краіны. Гомельскія актывісты, архітэктар Сяргей Ляпін ды гісторык Марыя Булавінская заклікаюць падпісаць зварот аб перайменаванні вуліцы Камсамольскай у вуліцу Станіслава Шабунеўскага ў Гомелі! Зварот будзе накіраваны ў Гомельскі гарадскі выканаўчы камітэт і Гомельскі гарадскі Савет дэпутатаў.

Дзякуючы бездакорнаму густу, таленту і прафесіяналізму Шабунеўскі напрыканцы 19 – пачатку 20 стст. стаў вельмі запатрабаваным архітэктарам. Яго будынкі сёння можна пабачыць у розных гарадах Беларусі. Але найбольшы ўклад Шабунеўскі зрабіў у архітэктуру Гомеля.

Станіслаў Данілавіч быў рэпрэсаваны ў 1930-х гг. Яго творчая спадчына на дзесяцігоддзі была забытая. Для ўшанавання памяці архітэктара ў Гомелі, аўтары лічаць мэтазгоднымперайменаваць сённяшнюю вуліцу Камсамольскую ў гонар Станіслава Шабунеўскага.

Гомель. Застылая музыка Шабунеўскага

Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі нарадзіўся ў 1868 годзе ў вёсцы Скароднае Мазырскага павету Мінскай губерні (сёння Ельскі раён Гомельскай вобласці). Пасля сканчэння Інстытуту грамадзянскіх інжынераў у Санкт-Пецярбургу ў 1896 годзе быў накіраваны на працу ў Гомель, а ўжо ў 1897 стаў працаваць галоўным архітэктарам горада. У дарэвалюцыйныя часы па праектах архітэктара былі пабудаваныя: будынак мужчынскай класічнай гімназіі (стары корпус Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту транспарту), будынкі шпіталяў (Камісарава, 13, 23, 25), даходны дом Грошыкава (вугал Білецкага – Баўмана), дом доктара Аляксандрава (Ірынінская, 11), чыгуначная вучэльня (Кісялёва, 2), Арлоўскі банк (вугал Савецкай – Ірынінскай), Віленскі банк (вугал Савецкай – Сялянскай) і інш. У лік найбольш значных будынкаў Шабунеўскага ўваходзіць гасцініца «Савой», якая была пабудавана ў 1912 годзе. Ад будынку захавалася толькі “каробка”, якая сёння знаходзіцца ў аснове кінатэатра імя Калініна.

У савецкія часы Шабунеўскі працягнуў сваю прафесійную дзейнасць на карысць любімага горада. Архітэктар паспеў спраектаваць у Гомелі «Шэры дом» (Пушкіна, 26), «Дом рыбы» (пр-т Леніна, 31) і інш. Па наватарству архітэктуры ў спіс лепшых праектаў Шабунеўскага можна залічыць гомельскі Дом-камуну (пр-т Леніна, 51).

У 1931 годзе Станіслаў Шабунеўскі быў арыштаваны органамі ОГПУ і асуджаны на 10 год з адбываннем пакарання на Беламорканале. Паводле вусных крыніц – успамінаў старажылаў Гомеля, архітэктар вярнуўся ў Гомель у сярэдзіне 1930-х гг., але ў 1937-м быў паўторна арыштаваны. У кнізе В. М. Чарнатава «Станіслаў Шабунеўскі» пазначана, што архітэктар памёр у 1937 годзе «ў месцах пазбаўлення волі». Іншыя звесткі пра апошнія дні жыцця Шабунеўскага пакуль невядомыя.

У 1957 годзе справа Станіслава Шабунеўскага была закрыта за адсутнасцю складу злачынства. 20 кастрычніка 1989 года архітэктар быў рэабілітаваны пракуратурай БССР.

Станіслаў Шабунеўскі стварыў архітэктурны воблік цэнтральных вуліц Гомеля. Таму ў яго гонар варта назваць менавіта адну з цэнтральных вуліц горада. Для ўшанавання памяці архітэктара ў Гомелі, лічым, што найбольш мэтазгодна перайменаваць сённяшнюю вуліцу Камсамольскую ў гонар Станіслава Шабунеўскага.

Сённяшняя вуліца Камсамольская пачала фармавацца з сярэдзіны 19 стагоддзя. У дарэвалюцыйныя часы розныя яе ўчасткі мелі назвы: Пятая Папярэчная, Паштовая, Гімназічная, Вучылішчная, Аляксандраўская. Апошнія тры назвы звязаны з пабудовай напрыканцы 19 стагоддзя навучальнай установы – мужчынскай класічнай гімназіі імя Аляксандра ІІ. У савецкія часы вуліца была перайменаваная ў вул. Леніна, а ў 1960 годзе яна атрымала сённяшнюю назву – Камсамольская.

Назвы вуліцы ў мінулым даволі часта змяняліся. Савецкія назвы палітызаваныя і не прывязаныя да гарадскога кантэксту.

Сённяшняя вуліца Камсамольская па некалькіх прычынах найбольш падыходзіць для таго, каб перайменаваць яе ў гонар Станіслава Шабунеўскага:

I. Вядома, што найбольш імкліва вуліца пачала развівацца пасля таго, як на ёй у 1898 годзе была пабудавана мужчынская класічная гімназія па праекту Станіслава Шабунеўскага. Менавіта архітэктар выбраў і прапанаваў найбольш удалае месца для будаўніцтва гэтага аб’екту, хаця першапачаткова планавалася размясціць гімназію на вуліцы Мільённай (сёння Білецкага). Напрыканцы 19 стагоддзя па сваёй архітэктуры будынак мужчынскай гімназіі стаў найбольш значным у Гомелі пасля палаца Румянцавых і Паскевічаў.

мужская классическая гимназия в Гомеле. Гомельские гимназии давали хорошее образованиеII. Зараз у будынку былой мужчынскай гімназіі размяшчаецца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, які рыхтуе будучых архітэктараў і будаўнікоў. Для студэнтаў, якія абралі гэтыя спецыяльнасці, важна ведаць свайго выдатнага папярэдніка, каб мець станоўчы прыклад для прафесійнага развіцця.

III. На вуглу вуліц Камсамольскай і Савецкай раней размяшчалася гімназія Ратнэра, якая была пабудавана па праекту Станіслава Данілавіча ў 1907 годзе. Каля сённяшняй вуліцы Камсамольскай у раёне цырку знаходзіўся дом Шабунеўскага. Такім чынам, на пачатку і ў канцы вуліцы размяшчаліся аб’екты, якія былі звязаны з жыццём і творчасцю Станіслава Шабунеўскага.

Будынак гімназіі Ратнэра пасля Другой Сусветнай вайны
Будынак гімназіі Ратнэра пасля Другой Сусветнай вайны