Востраў Перуноўскі. З «Чырвонай кнігі» геаграфічных назваў Гомеля і наваколляў

0
78
Востраў Перуноўскі

У вопісе Гомельскай воласці 1660 года змешчана наступная фраза: «боярин Исай Харковичъ держит островъ Перуновский на дерево бортное; широкость того острова отъ верха реки Ути до Литовской границы 3 вер­сты, а поперекъ отъ низкого болота на полверсты». Л.А. Вінаградаў у нарысе «Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142-1900 г.» (М., 1900. С.42) адзначыў, што Перуноўскі востраў знаходзіўся паблізу вёскі Кузьмінічы (сённяшні Добрушскі раён).

Гэтая інфармацыя, якая можа быць дапоўнена разглядам геаграфічнай карты, упэўнівае, што гаворка ў дадзеным выпадку ідзе не пра востраў як участак сушы, акружаны вадой. Слова востраў у народных гаворках з’яўляецца даволі шматзначным; пад гэтым словам у розных мясцовасцях разумеюць таксама участак лесу адной пароды сярод лесу іншых парод; невялікі асобны лясок; лясны гай; поле у круглай мяжы; узвышша на раўніне; палянку у лесе; сухі грудок з сенажаццю або лесам сярод балота; невялікі лужок сярод лесу або на зарастаючай драбналессем балоціне; поле паміж лугамі; кожны участак зямлі, які чымсьці вырозніваецца сярод навакольных мясцін»,

Перуноўскі востраў — гэта нейкі лес з бортнымі дрэвамі на граніцы Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы. Можна думаць, што ён здавён-даўна быў запаведным лесам, які у пачатку 60-х гадоў ХVI стагоддзя належаў пэўнаму баярыну. Аб запаведным характары лесу сведчыць, безумоўна, яго назва — Перуноў, Перуноўскі… Але ці можна сцвярджаць, што ў далёкія язычніцкія часы Перуноўскі востраў быў свяшчэнным месцам, дзе знаходзілася капішча, дзе пакланяліся Перуну, прыносілі яму ахвяры?

На наш погляд, з такім проста-прамалінейным і найбольш, здавалася б, лагічным вывадам спяшацца не варта, і перш за усё, таму, што трэба абавязкова разрозніваць, з аднаго боку, культ Перуна, а з іншага боку, мець на ўвазе усходнеславянскую спадчыну вельмі старажытнай індаеўрапейскай традыцыі, звязанай з комплексам язычніцкіх уяўленняў аб Вярхоўным Богу і яго атрыбутах, сярод якіх звяртаюць на сябе ўвагу найменні пэуных рэалій з тым жа коранем, што і ў слове Пярун.

Культ Перуна не з’яуляецца усходнеславянскім; яго занеслі ва ўсходнюю Славію прыбалтыйскія (паморскія) славяне, а таксама варага-русы, генетычна звязаныя з паляна-русамі, які я да IX-X стагоддзяў аславяніліся, а раней уяўлялі сабой асобны індаеўрапейскі народ «адгалінаванне» індаеўрапейскай сям’і, якое часам называюць «паўночнымі ілірыйцамі»; гл. працы Л.М. Гумілёва, А.Р. Кузьміна); культ Перуна («Перкунаса») быў уласцівы і старажытным балтам.

Часам лічаць, што слова Пярун (балцкае Perkunas, ведыйскае, старажытнаіндыйскае Parjanyah) утварылася ад глагольнай асновы са значэннем «удараць, біць») (*per, літоўск. perti, periu). Гэтыя імёны быццам бы асацыіруюцца з ударамі маланкі, громам, каменнымі молатамі. У гэтай сувязі трэба нагадаць і добра знаёмае нам беларускае слова пярун — «удар маланкі», а таксама адзначыць, што узгаданае ведыйскае найменне выступала не толькі ў якасці наймення бога, але і як агульнае слова са значэннем дажджавая хмара.

Аднак у дадзеных выпадках мы сутыкаемся толькі з асобнымі семан­тычнымі варыяцыямі старажытнага моўнага факта. Корань слова Пярун (пярун) маецца ў найменнях дуба у кельцкіх і італійскіх мовах (ся­род апошніх — у лацінскай, дзе quercus з’яўляецца абазначэннем гэтага дрэва); у абазначэннях гары, уцёса, высокага месца ў хецкай (perunas) i старажытнаіндыйскай (санскрыт; parvatа) мовах, нарэшце, горнага лесу у асобных германскіх мовах (старажьггнаанглійская; firgenbolt).

Лес, дуб, камень, гapa — гэта ўсё атрыбуты Вярхоунага Бога, Грамавержца, міф аб якіх у абагульненым выглядзе на падставе міфалагічных уяўленняў і вераванняў розных народаў рэканструяваны, у прыватнаці, у кн.: Иванов В.В., Топоров В.Н. Исследования в области славян­ских древностей. М., 1974. Даследчыкі лічаць, што індаеўрапейскі міф аб Грамавержцу, у якім, між іншым, энайшлі адлюстраванне старажытныя язычніцкія уяўленні аб будове свету, нясе адбітак канкрэтнай эпохі — канца III тыс. да н.э. «Баявыя» атрыбуты асноўнага ге­роя міфа — конь, калясніца, зброя, стрэлы — указваюць на вялікую ролю войска, дружыны ў сацыяльным асяродку індаеурапейскіх плямёнаў таго часу.

Аднак сярод усіх атрыбутаў Бога галоўным з’яуляецца… дрэва дуб. Першаснае значэнне кораня слова Пярун (пярун) і ўсіх іншых яго варыянтаў у розных мовах — «дуб» (гл.: Friedrich Р. Proto-Indo-Euroрean Trees, The Arboreal System of a Prehistoric People Chicago and London, 1970. S. 134-139). У індаеурапейскай міфалогіі дуб з’яуляецца асноўным жыццёвым сімвалам. Нездарма само слова дуб у славянскіх мовах лічыцца іншасказам, а сапраўднае найменне дуба сакрыта ў слове Пярун. Адсюль становяцца зразумелымі свяшчэнныя дубро­вы, дубовыя гai.

У гэтай сувязі Перуноўскі востраў пад Кузьмінічамі якраз і ўяўляецца нам не столькі месцам пакланення Перуну, колькі свяшчэнным дубовым лесам. Але самае цікавае і нават дзіунае ў нагаданым паведамленні пад 1560 годам, бадай, не гэта, а … імя «баярына» Ісая Харковіча (Харкавіча), які быццам бы валодае на «востраве» бортнымі дрэвамі. Прозвішча ці, хутчэй, мянушка Харковіч (Харкавіч) мае нейкую загадкавую сувязь з асновай *карк-, *крак-, якая адлюстравалася, у прыватнасці, у абазначэнні «гор К(а)р(а)к(у)», г.зн. Кракаўскіх у гео­графа XII стагоддзя Аль-Ідрысі (маюцца на ўвазе Карпаты), Кракаўскага ўзвышша (Кракаўскай гары), а таксама ў тапоніме Кракаў і антрапоніме Крак (згодна з легендай, на Кракаўскай гары адбываўся паядынак Крака са Змеем). Гэтая ж аснова — *карк-, *крак- маецца ў выразах дуб карколист, дуб корьков і у старажытнаанглійскім слове hearg — «ідал» (з *karkus — «дуб») (гл. нагаданую кнігу Іванова — Тапарова, с. 176). Калі ж прыгадаць, што ў старажытнаанглійскім абазначэнні feorh — «жыццё, пуша, дух» і ў гоцкім слове fairhwus — «свет», «сусвет» адлюстраваны ўсё той жа корань, што і у прывеазеных вышэй моўных фактах, то агульны вывад у дачнненні да імя «баярына» Ісая Харкавіча (Харковіча) можа быць наступным. Ісай Харкавіч (Харковіч) — гэта абагульнены вобраз хавальніка святога лесу, святога дуба (імя Ісай са старакытнаяўрэйск.ай мовы тлумачыцца як «выратаванне», што адпавядае семантычнаму «кантэксту», які разглядаецца).

Такім чынам, Перуноўскі востраў, хутчэй за ўсё, у даўнія часы ўяўляў сабой свяшчэнны дубовы гай, лес, які выконваў ролю … храма як мадэлі сусвету, бо звычайных у нашым разуменні (з пункта погляду нашага часу) культавых збудаванняў у язычнікаў-славян не было.


Аўтар:
А.Ф. Рогалеў
Крыніца: Наследие Кирилла Туровского и современная общественно-культурная жизнь: Материалы научной конференции. – Гомель, 1994. Ст. 93-95.