Усё больш вузкімі становяцца ў Гомелі тратуары, усё менш застаецца дрэў у цэнтры горада, на месцы былых драўляных сядзібаў з цікавым разьбыным дэкорам пракладваюць аўтамабільныя магістралі. А на вуліцы Пляханава разам з жылым домам можа быць знішчана рэдкае сведчанне часоў Вялікай Айчыннай вайны…
Жыллё на месцы княжацкай стайні
Гэтая вуліца, што названая ў гонар першага настаўніка і непрымірымага суперніка Уладзіміра Леніна, знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада. Раней яна называлася Лугавой і адносілася да Спасавай слабады, заснаванай у Гомелі збеглымі стараверамі. На вуліцы Лугавой меў свой дом і вядомы гомельскі архітэктар дарэвалюцыйнага і савецкага часу Станіслаў Шабунеўскі. Стараверы былі людзі заможныя, дамы ставілі дужыя, ды яшчэ і любілі ўпрыгожваць іх багатым драўляным дэкорам — разьбянымі і ярка пафарбаванымі ліштвамі, аканіцамі, карнізамі. Таму раён гэты быў вельмі маляўнічым, што і зафіксавана ў геаграфічным-статыстычным апісанні Гомеля 1910 года.
У такім тыповым стылі быў пабудаваны і гэты дом па вуліцы Пляханава. Пасля яго драўляныя сцены абклалі чырвонай цэглай. Паводле легенды мясцовых жыхароў, гэты будынак быў часткай стайняў князя Паскевіча. Ці ўтрымліваў тут князь, які любіў паляванне, сабак і сялянскіх дзяўчат, сваіх скакуноў навуцы дакладна не вядома. Але пры аглядзе ўнутраных канструкцый дома відаць: частка з іх зроблена з шчыльнай драўніны накшталт дуба, цвікі пры гэтым ўжываліся старадаўнія, каваныя. Яшчэ нядаўна тут пражывала некалькі сем’яў. Але сёння амаль усе жыхары адселены, а ў дачыненні да дома прынята рашэнне аб яго зносе як аварыйнага будынка.
У будынку засталася жылой толькі адна кватэра. Яе гаспадыня Ірына лічыць, што няма падстаў для знішчэння гэтага будынка і што стары дом цалкам падлягае рамонту. Але калі Ірына вядзе нас па напаўзакінутым доме, даводзіцца перажыць лёгкі спалох за жанчыну — у цемры пад ёй зламалася масніца, і яна адной нагой апынулася ў падполле. Пасля таго як адміністрацыя адмовіла Ірыне у просьбе пакінуць яе пражываць у сваім доме, жанчына звярнулася ў суд. А зусім нядаўна вырашыла хадайнічаць аб прысваенні старадаўняму дому статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.
“Памру, але не здамся..»
Але акрамя прарэзных ліштваў і бярвення, якія, як мяркуецца, яшчэ памятаюць аргамакі Паскевіча, тут ёсць яшчэ адзін артэфакт — фрагмент сцяны з чырвонай цэглы. Яе мур прымыкае наўпрост да хаты. У ёй, здавалася б, няма нічога асаблівага — акрамя двух рэчаў. Па-першае, гэта рэшта брандмаўэра — супрацьпажарнай агароджы. Страшныя пажары літаральна спусташалі драўляны Гомель на працягу ўсёй яго гісторыі. І ў другой палове 19 стагоддзя гарадская Дума будавала такія сцены, каб прадухіліць распаўсюд агню ад хаты да хаты. А па-другое, на сцяне ёсць надпісы, датаваныя жніўнем 1941 году…
«Вораг будзе разбіты», «Памру, але не здамся», «II / 09.1941» — гэта выдрапана на цагляным муры. Вядома, аб стоадсоткавай аўтэнтычнасці гэтых графіці пакуль казаць складана. Але вядома, што ў ліпені-жніўні 1941 года ў гэтым раёне Гомеля, на подступах да пераправы цераз Сож, было сканцэнтравана нямала падраздзяленняў Чырвонай Арміі. У 2000-х гадах, пры падводцы камунікацый да клубу «Нема» у раёне Спасавай слабады былі выяўленыя фрагменты станіны лёгкай прылады, гільзы ад трохлінейнай вінтоўкі 1940 года выпуску, прадметы рыштунку — відавочна, тут былі пазіцыі зенітнай батарэі. Аўтар, на той час — старшы навуковы супрацоўнік Гомельскага абласнога краязнаўчага музея, разам з археолагамі выходзіў тады на гэтае месца.
У 1941-1943 гадах на вуліцы Пляханава знаходзіліся нямецкія спецслужбы — у каменным будынку, дзе пасля быў размешчаны аддзел адукацыі Цэнтральнага раёна. І тут жа на Пляханава, пад бокам у нацыстаў, знаходзілася канспіратыўная кватэра гомельскага падполля. На гэтым будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Дарэчы, падчас чарговай дарожнай рэканструкцыі гэтаму дому таксама пагражаў знос, памятную дошку нават здымалі і перадавалі на часовае захоўванне ў Гомельскі абласны музей ваеннай славы. Але потым вярнулі на месца.
Сёння, разам з драўляным домам, можа быць разбураная і рэшта брандмаўэра з унікальнымі надпісамі абаронцаў Гомеля.
— Скарэктаваць планы будаўнікоў, калі хутка на гэтым месцы намечаны нейкія працы, а будынкі — аварыйныя, вельмі складана. Але мы проста абавязаны беражліва захоўваць памяць пра герояў мінулай вайны, нават дробязі пра яе заслугоўваюць ўшанаваньня. Мне думаецца, што частка сцяны, на якой маюцца дадзеныя надпісы, можна перанесці ў экспазіцыю Гомельскага абласнога музея ваеннай славы. Тэхнічна гэтае пытанне можна прапрацаваць, — лічыць намеснік дырэктара абласнога ваеннага музея Канстанцін Мішчанка.
Гісторык, кандыдат мастацтвазнаўчых навук Яўген Малікаў паведаміў наступнае:
— Для таго каб надаць будынку статус гісторыка-культурнага помніка, ініцыятар павінен сабраць пэўны пакет дакументаў, у тым ліку гістарычную даведку, скласці абгрунтаванне і перадаць усе гэтыя паперы ў Міністэрства культуры. Там будзе прымацца адпаведнае рашэнне.
Малікаў лічыць, што частка брандмаўэра з надпісамі заслугоўвае захавання.
— Па-першае, у Гомелі вельмі мала помнікаў гарадской культуры і ідэнтычнасці. Асабліва мала сведчанняў Вялікай Айчыннай вайны. Па-другое, у нас вельмі часта словы разыходзяцца са справамі. Ходзім на 9 траўня, а простыя, непарадныя чалавечыя сведчанні пра вайну часцяком знішчаюцца. Такая ж сітуацыя склалася з Ляшчынскім лесам, дзе па шматлікіх ўспамінах старажылаў, нацысцкія акупанты расстрэльвалі нашых мірных грамадзян. Але як толькі на гарызонце з’яўляюцца бізнес-інтарэсы, многія прыгожыя словы забываюцца, — кажа гісторык.
У 2007 годзе, падчас узвядзення корпуса БелНДПІнафта на вуліцы Кніжнай, па словах мясцовых жыхароў, будаўнікі выкапалі вялікую колькасць чалавечых костак. У 1941-1943 гадах у гэтым раёне размяшчаўся нямецкі канцэнтрацыйны лагер «Дулаг-121». Аднак будаўнічыя працы спыненыя не былі. А ў Гомельскім гарвыканкаме на пісьмовы зварот грамадскасці быў дадзены афіцыйны адказ, што пахаванні савецкіх грамадзян у гэтым месцы невядомыя. Пры гэтым на суседняй плошчы Паўстання усталяваны помнік загінулым тут зняволеным. Паводле дадзеных даведніка, выдадзенага ў 2004 годзе Нацыянальным архівам Беларусі, вуліца Кніжная знаходзілася ў межах лагера «Дулаг-121». Па дадзеных Акту спецыяльнай следчай камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх акупантаў ад 1945 г., на гэтым месцы было знішчана каля 100 тысяч савецкіх ваеннапалонных.
Нядаўна Калінкавіцкім райвыканкамам было прынята рашэнне аб арганізацыі пяшчанага кар’ера на месцы гістарычнай рэканструкцыі партызанскай стаянкі — дадзены аб’ект ніякай афіцыйнай рэгістрацыяй не валодае.
Паколькі сцяна на вуліцы Пляханава з надпісамі абаронцаў Гомеля не мае ніякага афіцыйнага статусу, то і яна можа падлягаць зносу ў любы момант.
Аўтар: Юры Глушакоў