Военачальнікі Рэчы Паспалітай з Мазыршчыны. Кароткі ваенна-біяграфічны агляд XVII стагоддзя

0
287
Военачальнікі Рэчы Паспалітай з Мазыршчыны. Кароткі ваенна-біяграфічны агляд XVII стагоддзя

Сямнаццатае стагоддзе для Беларусі — адно з самых крывавых у гісторыі. Паўночная вайна Рэчы Ласпалітай са Швецыяй за панаванне на Балтыйскім моры (1600-1629); вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй за вяртанне да Вялікага Княства Літоўскага (далей — ВКЛ) Смаленскай зямлі (1609-1618); удзел тысячаў беларускіх ваяроў у Хацінскай вайне, дзе Рэч Паспалітая змагалася з Асманскай імперыяй за кантроль над Малдаўскім княствам (1620-1621); Другая Смаленская вайна (1632-1634), у якой Расія беспаспяхова змагалася з Рэччу Паспалітай за Смаленскую, Чарнігаўскую і Северскую землі; казацка-сялянская вайна (1648-1651), што перарасла ў грамадзянскую бойню паміж усімі сацыяльнымі групамі насельніцтва ВКЛ, вайна Расіі з Рэччу Паспалітай (1654-1667), у выніку якой насельніцтва беларускіх земляў паменшылася з 2,9 млн. да 1,4 млн. чалавек; а напрыканцы стагоддзя — пачатак Хатняй вайны ў ВКЛ паміж магнацкай сапегаўскай групоўкай і «рэспубліканцамі» (1697-1702).

Праз жорны пералічаных войнаў разам з іншымі беларускімі землямі прайшла і Мазыршчына. Сотні прадстаўнікоў мясцовай шляхты склалі свае галовы ў бітвах пад Кокенгаўзенам, Дэрптам, Белым Камнем, Кірхгольмам, Пярну, Масквой, Смаленскам, Хацінам, Лоевам, Шкловам, Старым Быхавам, Ляхавічамі, Палонкай, Басяй, Кушлікамі. Тысячы мазырскіх мяшчан і сялянаў, узбунтаваных украінскімі казакамі, сустрэлі сваю смерць у выніку грамадзянскага супрацьстаяння. Так, «паказачаны» Мазыр у жніўні 1648 года падняў паўстанне на чале з мясцовым рамеснікам Іванам Столярам. У лютым 1649 года ўрадавае войска гетмана польнага Януша Радзівіла, пасля адмовы аб капітуляцыі, штурмам узяла гарадскія ўмацаванні, а затым разбурыла замак і жорстка расправілася з паўстанцамі. Летам 1655 года Мазыр быў заваяваны і разрабаваны ўжо войскам расійскага ваяводы Валконскага. З 1648 па 1667 гады колькасць насельніцтва Мазырскага павета скарацілася на 60%. Пасля згаданых войнаў, з-за нанесеных Мазыру «разбурэнняў і варожых спусташэнняў», кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь ВКЛ выдаў прывілей аб визволенні горада ад усіх павіннасцяў [6].

Значную ролю ў войнах і ваенных канфліктах XVII стагоддзя адыгралі военачальнікі Рэчы Паспалітай, сярод якіх былі і прадстаўнікі Мазыршчыны. Пра найбольш адметных асобаў прапануем кароткія біяграфічныя звесткі.

Будзіла Юзаф (? — пасля 1619) — харужы мазырскі, каралеўскі палкоўнік. Вопытны камандзір, які прайшоў праз шматлікія баявыя дзеянні. Падчас Смуты ў Расіі падтрымаў прэтэндэнта на маскоўскі трон Ілжэдзмітрыя ІІ, да якога прывёў 200 гусараў. У 1607 годзе нанёс паражэнне пад Бранскам расійскаму ваяводзе Міхайле Кашыну. Пад Казельскам разбіў Васіля Шуйскага. Камандаваў палком (400 казакоў, 600 пяцігорцаў, 200 гусараў) [11]. Заняў Перамышль і Ліхвы. У 1611 годзе ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях па захопе Масквы. У пачатку 1612 года прывёў у расійскую сталіцу абоз з харчовым запасам. Узначаліў польска-літоўскі гарнізон маскоўскага Крамля. Трымаў абарону, абложаны апалчэннем Пажарскага. Пасля капітуляцыі (6 лістапада 1612 года) трапіў у палон, сасланы ў Ніжни Ноўгарад. Аўтар дзённіка пра падзеі Смутнага часу ў Расіі. Дакладны час смерці і месца пахавання невядомы [3].

Аскерка Самуэль (Аскірка Самуль) (каля 1600-1673 [4] або каля 1675 [14]) — герба «Мурдэліё зменены», з беларускай шляхты. Сын мазырскага земскага пісара Пятра Аскеркі. Нарадзіўся на Мазыршчыне. Займаў пасады мазырскага пісара земскага, войта, падсудка і суддзі земская. Палкоўнік войска ВКЛ. Першы ваенны досвед атрымаў падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609-1618 гадоў. Удзельнік Хацінскай бітвы 1621 года, вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600-1629 гадоў, паходаў Януша Радзівіла супраць казакоў у 1649 і 1651 гадах.

Прайшоў усе кампаніі Трынаццацігадовай вайны (1654-1667), дзе ў чыне палкоўніка ВКЛ узначальваў розныя вайсковыя групоўкі. У першы ваенны год, калі пад націскам расійскіх і казацкіх войскаў адзін за другім капітулявалі беларускія гарады, у кастрычніку арганізаваў паспяховае контрнаступленне. Пераправіўшыся праз Бярэзіну, разбіў некалькі казацкіх аддзелаў, перамог праціўніка пад Клічавам, знішчыў моцны казацкі табар пад Барысавам, увайшоў у Бабруйск, выгнаў казакоў з Бялынічаў [7]. Выклікаў паніку ў занятых маскоўцамі надняпроўскіх гарадах. Не падтрыманы іншымі аддзеламі войска ВКЛ, якія стаялі пад Менскам і канфліктуючы вырашалі ўмовы сваёй далейшай службы, спыніў свой марш на Ўсход і адступіў на левы бераг Бярэзіны [1, с. 86].

Дзейнічаў у авангардзе войска ВКЛ на ўсходзе краіны. У канцы снежня 1654 года першым з радзівілаўскага войска прывёў свой полк (2 харугвы коннай шляхты, 7 — татарскіх, 1 — драгунскую, 4 — вугорскай пяхоты, «ды па адной конных і пешых ахвотных людзей») на дапамогу гарнізону Старога Быхава, які ўжо пяць месяцаў мужна трымаў амрону, абкружаны казацкім войскам Івана Залатарэнкі.

Выступаў за далучэнне да рэгулярнага войска беларуских, мяшчанаў і сялянаў, якіх было «много, и Оскирко де мужикам велел покупать пищали, чтоб были готовы» [7]. Дзейнічаў мабільна, практычна ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Выконваючы загады вялікага гетмана Паўла Сапегі, нечакана для праціўніка, з яўляўся на розных напрамках. Ва ўзаемадзеянні з атрадамі Дзяніса Мурашкі і іншых камандзіраў, быў адным з арганізатараў партызанскага руху на беларускіх землях. Як мог, шкодзіў войску Хаванскага: перакрываў камунікацыі, знішчаў раз’езды, турбаваў непрыяцеля раптоўнымі налётамі. Быў ня ў стане на роўных канкурыраваць з рэгулярнымі злучэннямі расійскай арміі ці казацкага войска, але праз партызанска-дыверсійную дзейнасць ствараў для іх вялікія праблемы [2, с.162 — 163]. Нягледзячы на шматлікія лакальныя паражэнні ад расійскіх войскаў, захоўваў баяздольнасць сваіх аддзелаў.

Выбіраўся паслом на сойм, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. У 1671 годзе заснаваў кляштар бернардзінцаў у Слуцку (разбураны пасля Другой Сусветнай вайны). Месца смерці і пахавання невядома.

Паўша Сямён Ян (? — 1655) — герба «Ляліва», з праваслаўнай шляхты Мазырскага павета. Палкоўнік войска ВКЛ. Ваенную службу, верагодна, пачаў у кварцяным войску (рэгулярнай арміі Рэчы Паспалітай). Удзельнічаў у падаўленні казацка-сялянскага паўстання 1648-1651 гадоў. Узначаліў казацкую харугву войска ВКЛ, прымаў удзел у Лоеўскай бітве 1649 года. На чале палка, які размясціў у Мазыры, пільнаваў межы ВКЛ ад украінскіх казакоў (да вясны 1651). За вайсковыя заслугі атрымаў чын ротмістра. З буйным атрадам накіраваны да Бабічаў кантраляваць пераправу цераз Прыпяць. Рушыў на тэрыторыю Украіны, дзе разбіў некалькі казацкіх і татарскіх атрадаў. Аб’яднаўся з войскам Вінцэнта Гасеўскага і ўдзельнічаў у авалоданні Кіевам. Зноў вярнуўся да Мазыра, дзе ахоўваў межы ВКЛ. Летам 1654 года зацята абараняў Мазыр ад расійскага войска, быў разбіты, страціўшы палову сваёй харугвы [10]. Пасля падпісання Кейданскай уніі, выйшаў з падпарадкавання Багуславу Радзівілу і накіраваўся да Берасця, дзе збіраліся сілы верныя польскаму каралю і вялікаму князю ВКЛ Яну ІІ Казіміру. Верагодна, загінуў, абараняючы Берасцейскае ваяводства ад казакоў запарожскага гетмана Івана Выгоўскага [8].

Абуховіч Піліп Казімір (каля 1600-1656) — уласнага герба «Абуховіч», з мазырскай шляхты, сын мазырскага суддзі Фёдара. Войскі мазырскі, пісар вялікі ВКЛ, ваявода віцебскі і смаленскі. Палкоўнік войска ВКЛ. Пачаў ваенную службу каралеўскім ротмістрам. Змагаўся з казакамі Багдана Хмяльніцкага ў Малдове. У якасці вялікага пасла ў 1651 годзе накіраваны ў Маскву, дзе заключыў антытатарскі саюз з маскоўскім гасударом Аляксеем Міхайлавічам. Удзельнічаў у Жванецкай аперацыі ва Украіне (верасень — снежань 1653 года) [5]. Напачатку Трынаццацігадовай вайны з Расіяй (1654-1667) узначаліў абарону Смаленска. За кароткія тэрміны, пры ўсіх цяжкасцях узаемаадносінаў з мясцовай шляхтай, якая не жадала падпарадкоўвацца новаму смаленскаму ваяводзе [1, с. 49], здолеў узмацніць гарадскія абарончыя ўмацаванні і падрыхтаваць гарнізон да працяглай абароны. Пасля чатырохмесячнай аблогі 60-тысячным расійскім войскам, вымушаны здаць горад. Грамадствам быў абвінавачаны ў здрадзе [1, с. 56]. Атрымаў магчымасць апраўдаць свой гонар у баі. Узначаліў атрады ВКЛ, што вызвалялі ад шведаў Варшаву. На чале палка дывізіі Паўла Яна Сапегі з баямі дайшоў да Берасця, дзе памёр ад хваробы. Пахаваны ў Новагародскім касцёле езуітаў [9] (храм не захаваўся). Пакінуў дыярыуш і запіскі пра абарону Смаленска. На надзвычайным сойме 1658 года прызнаны невінаватым у здачы горада.

Абуховіч Міхал Леў (каля 1630-1668) — уласнага герба «Абуховіч», з мазырскай шляхты, сын Піліпа Казіміра. Падкаморы мазырскі і новагародскі, стражнік ВКЛ, палкоўнік войска ВКЛ. Удзельнічаў у баях са шведамі за Варшаву (1656). Пасля раптоўнай смерці бацькі стаў камандзірам яго палка. На Берасцейшчыне ваяваў з атрадамі маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага. Камандаваў буйным кавалерыйскім атрадам, які складаўся з трынаццаці харугваў (восем казацкіх і пяць драгунскіх) [2, с. 128-129]. У пачатку 1660 года падчас жорсткага боя пад Малеччу быў паранены і трапіў у палон. Адпраўлены ў Маскву. Праз два гады абменены на шэсць расійскіх ваяводаў [13]. Вярнуўся ў войска ВКЛ. У 1664 годзе на чале свайго палка ўдзельнічаў у выправе на Северскую зямлю. Напісаў успаміны пра маскоўскі палон. Пахаваны ў Новагародскім касцёле езуітаў побач з бацькам (храм не захаваўся).

Ліпніцкі Станіслаў Ян (каля 1615 — 1681) — герба «Галобак», з шляхты Мазырскага павета. Маршалак мазырскі, палкоўнік войска ВКЛ. На ваеннай службе з 1635 года, якую пачаў у літоўскім войску. У пачатку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай камандаваў казацкай харугвай. Падчас паходу Януша Радзівіла ў 1654 годзе узначаліў полк, які складаўся з чатырох харугваў кампутовай конніцы і двухтысячнага атрада паспалітага рушэння. Разбіў маскоўскія аддзелы ў ваколіцах Улы і Сушы, але ў наступным баі сутыкнуўся з 10-тысячным корпусам праціўніка. Быў паранены ў нагу, згубіў забітымі трох коней, але здолеў ня толькі вырвацца, а нават прывезці ў лагер Радзівіла трафеі (пяць варожых харугваў) [1, с. 38]. Абараняў ад расійскіх войскаў Вільню (1655). Лічыўся адным з самых дасведчаных камандзіраў сярэдняга звяна [2, с. 92]. Выступіў супраць Кейданскай уніі, выйшаў з-пад камандавання Януша Радзівіла і адыйшоў са сваім палком на мяжу з Прусіяй. Далучыўся да Вярбілаўскай канфедэрацыі (1655), захаваў вернасць каралю польскаму і вялікаму князю ВКЛ Яну ІІ Казіміру. Ваяваў у складзе дыы’зіі Паўла Яна Сапегі. Удзельнічаў у пераможнай бітве са шведамі пад Салатамі ў Гарадзенскім ваяводстве, узяў у палон шведскага генерала Адэркаса. Ачышчаў ад шведаў Курляндыю. У 1660 годзе вызваляў беларускія землі ад войск Івана Хаванскага. Змагаўся ў бітве пад Палонкай, заняў Мірскі замак. У 1670-я гады ваяваў супраць туркаў. Удзельнік бітвы пад Хацінам (1673), дзе быў цяжка паранены. Ва ўзнагароду за 40-гадовую ваенную службу ў 1676 годзе атрымаў ад сойма 30 тысяч злотых. Пахаваны ў Дамініканскім касцёле ў Сейнах (Польшча). Пакінуў сына Станіслава Міхала, які ў 1695 годзе заняў пасаду стольніка мазырскага [12].

Па-за межамі артыкула засталіся дзясяткі імёнаў таленавітых вайскоўцаў-камандзіраў, асабліва сярэдняга звяна, лёс якіх цесна звязаны з Мазырска-Прыпяцкім Палессем. Іх імёны яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў — ваенных гісторыкаў і краязнаўцаў.

Літаратура

  1. Бабятынскі, К. Ад Смаленску да Вільні. Вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй (1654 — 1655 гг.). — Вільня: Інстытут беларусістыкі. Беласток: Беларускае гістарычнае таварыстаа, 2011. — 171 с.
  2. Касажэцкі, К. Кампанія 1660 году ў Літве, 2011. — 330 с.
  3. Пазнякоў, В. Будзіла Юзаф / В. Пазнякоў// Вялікае княства Літоўскае: Энцьклапедыя/ рэдкал.: Г. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2005. — Т. 1. — С. 351.
  4. Пазднякоў, В. Аскеркі / В. Пазднякоў// Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя/ рэдкал.: Г. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2005. — Т. 1. — С. 257.
  5. Пазднякоў, В. Абуховіч / В. Пазднякоў// Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя/ рэдкал.: Г. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2005. — Т. 1. — С. 198 — 199.
  6. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка. Мазыр. Мазырскі раён. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1997. — 573 с.
  7. Сагановіч, Г. Невядомая вайна 1654 — 1667/ Г. Сагановіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1995. — С. 35.
  8. Чаропка, С. Паўша / С. Чаропка // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Дадатак. А-Я / рэдкал.: Т. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2010. — Т. 3. Дадатак А-Я — С. 376-377.
  9. Przyboś, A. Obuchowicz Filip Kazimierz / A. Przyboś // Polski Słownik Biograficzny. Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk , 1978. — Т. XXTH/3. — S. 473-476.
  10. Rachuba, A. Pawsza Szymon (Siemion) Jan / A. Rachuba // Polski Słownik Biograficzny. Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk , 1980. — Т. XXV / 3. — S. 520-521.
  11. Tyszkowski, K. Budziło Józef / K.Tyszkowski// Polski Słownik Biograficzny. Kraków, 1937. — Т. Ш. — S. 101.
  12. Wasilewski, T. Lipnicki Stanisław Jan / T. Wasilewski // Polski Slownik Biograficzny. Wrocław — Warszawa — Kraków, 1972. — Т. XVII. — S. 410-411.
  13. Wasilewski, T. Obuchowicz Michał Leon / T. Wasilewski // Polski S 3lownik Biograficzny. Wrocław-Warszawa-Kraków — Gdańsk, 1978. — Т. XXIII/3. — S. 476 — 477.
  14. Wasilewski, T. Oskierka Samuel / T. Wasilewski // Polski Slowmk Biograficzny. Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk, 1979. — T. XXTV / 2. — S. 362-365.

Аўтары: В.С. Чырвінскі, Н.В. Чырвінская
Источник: Мозырщина: люди, события, время: материалы Междунар. науч.-практ. конф., Мозырь, 23-24 мая 2014 г. / УО МГПУ им. И. П. Шамякина; редкол.: Т. Н. Сыманович (отв. ред.) [и др.]. — Мозырь, 2014. — 295 с. С. 84-89.