Радзінна-хрэсьбінная абраднасць і паэзія як адзін з відаў сямейнай абраднасці з‘яўляецца важнай крыніцай спасціжэння светапогляду беларусаў, іх маральна-этычнага кодэксу. З даўніх часоў людзі верылі, што выкананне пэўных абрадаў можа засцерагчы не толькі гаспадарку ад звышнатуральных сіл, але і абараніць іх сям‘ю, паўплываць на дабрабыт. Вялікай пашанай у нашых продкаў карысталіся тыя абрады, якія былі звязаны з працягам роду. Як адзначалі даследчыкі, прыкметы і павер‘і, звязаныя з цяжарнасцю жанчыны, выбар кума і кумы, падрыхтоўка бабкай-павітухай абрадавай стравы — кашы, абрад хрышчэння дзіцяці, хрэсьбіннае застолле, абрад разбівання гаршка з кашай, дзяльба кашы, рытуалы ўшанавання бабкі-павітухі, адорванне падарункамі бабкі, кумоў, жанчыны-парадзіхі — важныя моманты радзінна-хрэсьбіннай абраднасці.
У дадзеным артыкуле засяродзім увагу на такіх важных удзельніках радзінна-хрэсьбінных святкаванняў, як кум і кума.
Падкрэслім, што важнай місіяй бацькоў быў выбар кума і кумы, што у кожнай мясцовасці рэгламентавалася сваімі правіламі. Паводле сведчанняў інфарманта з г. Гомеля, на гэту ролю нельга было выбіраць родзічаў: «Родственников нельзя приглашать, только чужого человека. Это уже по-церковному, я не знаю, так говорили. Родственники и так родственники, а это будут вторые мать и отец новорожденному. Это уже и на свадьбе, как мать и отец, кума и кум то же самое» (г. Гомель) [1, с.166].
У Лельчыцкім раёне забаранялася выбіраць мужа і жонку на ролю кумоў: «…Кумамі ў одного дзіцяці не могуць буць чоловек і жонка. Кумам не можна жэніцца, бо велікі грэх» (в. Глушкавічы Лельчыцкага раёна) [1, с. 254].
Як патлумачылі жыхары в. Бялёў Жыткавіцкага раёна, у іх мясцовасці не звярталі ўвагу на характар ці ўчынкі чалавека, на яго сацыяльнае становішча, наяўнасць грошай. Выбіралі кумоў толькі з ліку блізкіх родзічаў: «Ну, а хросных выбіралі хто як: хто радню выбіраў, хто можа ідзе да таго, хто яму дапамог у трудную мінуту, палучалась так, эт самае. Эта цяпер выбіраюць багатых хросных выбіраюць, а тады ж не, тады проста, самае, і саседку ілі сяброўку з дзетства» (в. Бялёў Жыткавіцкага раёна) [2].
Падчас абрання хросных бацькоў дзіцяці таксама існавалі свае забабоны. Бацькі надавалі сур‘ёзнае значэнне выкананню ўсіх народных прадпісанняў, бо лічылі, што гэта паўплывае на будучае жыццё малога. Звычайна на ролю кума і кумы запрашалі толькі з ліку тых, хто меў сям‘ю: «На кристины по приглашению хозяев приходили только женатые мужчины и замужние женщины» (в. Зябраўка Гомельскага раёна) [1, с. 176].
Перш чым удзельнічаць у абрадзе хрышчэння, «хросныя павінны былі сначала іспаведавацца і прычасціцца, а толькі патом хрысціць дзіця» (в. Заліп‘е Гомельскага раёна) [1, с. 186].
Іншы раз увогуле кіраваліся нават прынцыпам сімпатыі: «Ну, а кумоў собяруць ужэ мужык і жонка, сядзяць ужэ раяцца: кого нам узяць за кума? Кого за куму? Я, напрымер, свою подругу бяру, он бярэ мужык з мужыком, хто яму нравіцца» (в. Азяраны Жыткавіцкага раёна) [2]. Гэта характарызуе жыхароў Жыткавіцкага раёна як дабразычлівых, душэўных людзей.
Паводле сведчанняў інфармантаў, пажадана было браць адных хросных бацькоў для ўсіх дзяцей. Аднак калі ў хроснай маці памерла сваё дзіця, то тады бралі іншую жанчыну на ролю кумы. Бацькі баяліся, каб смерць дзіцяці хроснай маці дрэнна не паўплывала на жыццё іх дзяцей: «Еслі дзеці памерлі, то ўжэ ту самую хросную маці не бралі, бралі ўжэ другую. Вот у нас так самае, а на Тураўшчыне, так там бяруць дзве маці хросныя. Стараліся ў нас браць адну хросную маці, шоб была, бываюць і такія» (в. Бялёў Жыткавіцкага раёна) [2].
Падчас выбару кумоў абавязкова прыносілі з сабой хлеб і соль: «Перад хрэсьбінамі маладыя бацькі выбіраюць кумоў. Калі ідуць іх зваць, нясуць хлеб і соль, зайшоўшы ў хату, кладуць на стол са словамі: «Хлеб-соль вашы, а кума або кум нашы» (г. Гомель) [1, с. 168]. Трэба адзначыць, што на Гомельшчыне дадзеная атрыбутыка мела вызначальную ролю: калі прыходзілі запрашаць кума і куму з хлебам і соллю, то адмаўляцца нельга: «Приглашали кума и куму, выбирали, кто пришёл с хлебом и солью, ты уже не откажешься, это грех» (г. Гомель) [1, с. 166]; «Бяруць крайчык хлеба і ідуць да кумы (кума), кажуць: «Наце вам хлеб-соль, а мне дайце куму (кума)» (г. Гомель) [1, с. 169].
У в. Азяраны Жыткавіцкага раёна замест хлеба выкарыстоўвалі «пірагі», а соль увогуле адсутнічала: «Ну, і ўжо проходзіць врэмя, бувае месяц, некоторые две недзелі, а то бывае і два месяцы, ужэ строяцца, крэпне малыш, сама жэншчынка окрэпне і бяруць кумоў, нясуць пірогі одному і другому, жэншчыне і мужчыне, і кажуць от: «За куму к нам, мы хочам».
Пасля таго, як выбралі кума і куму, святкавалі хрэсьбіны: «У цэркву прыйшлі ўсе, кум і кума. Раздзелі дзіця, от так голенькай. Бацюшка ўзяў яе і тры разы абмыў яе, а тады ў палаценца, выцерлі, адзелі, а тады малітву і крэсцечак сразу павесіў. Бацюшку палаценца, грошы плоцім і тады сабраліся, дамоў прыйшлі. Пакуль не пахрэсціш дзіця не паказваюць нікому, што б не зглазілі. Мы ўсе паздраўляем. Маць хрэсная і ацец глаўнее сваіх родных. Аны далжны ўжэ васпітываць, усё врэмя ім падсказваць, вучыць, усё. Тады ўжо рабёнак прабудзе месяцаў пяць, тады нада несці зноў у цэркву. Узяць малітву. Тады бацюшка малітву чытае і моліцца. Эта абязацельна» (в. Церуха Гомельскага раёна) [2]; «На саміх хрэсьбінах у царкву вазілі. У нас там быў бацюшка. Ну, пайшлі ў вечары, прыйшлі ў вечары ў хату. Ён вады ў тазік наліў, малога ўзяў, туды акунуў: галоўку памыў, ножкі памыў. Ну, пахрысціў. І прыйшлі дамоў. Ён (муж) узяў кума, а я — куму. Кума — мая падруга, а ў яго свой друг» (в. Старыя Дзятлавічы Гомельскага раёна) [2]; «Усё яна [кума] прыходзіць, мятліка, кажуць нясе. Это на пелёнкі што-небудзь обязацельно шоб ці распашонку якую, шоб етому маленькому дзіцятку обязацельно, шоб яго ілі пеляналі ў етыя пялёнкі, ілі распашонку надзелі. На крэсту поп крэсціць эты, кладуць на маленького. Ну, і от пакрысцілі, прыехалі ўжэ, выпілі, пообедалі, ужэ назначаюць, калі хрэсьбіны будуць» (в. Азяраны Жыткавіцкага раёна) [2].
Можна выказаць меркаванне, што беларусы з‘ўляюцца веруючымі людзьмі, таму невыпадкова кожны этап радзінна-хрэсьбіннай абраднасці ілюструе іх веру ў Бога, надзеі на яго дапамогу.
Што да адносін паміж кумам і кумою, то гэта знайшло яскравае адлюстраванне ў хрэсьбінных песнях, запісаных у Хойніцкім раёне:
— Мой кумочак, мой кумочак,
Не на тое прыйшла,
Каб ад цябе, каб ад цябе
Пехатой я пайшла.
— Залажыце, запражыце
Клячу вараную,
Завязіце, адвязіце
Куму маладую.
— Мой кумочак, мой кумочак,
Не на тое прыйшоў,
Каб ад цябе, каб ад цябе
Пехатой я пайшоў.
— Залажыце, запражыце
Ды дванаццаць сабак,
Завязіце, адвязіце
Майго кума ў кабак
(в. Аравічы Хойніцкага раёна) [1, с. 49].
У прыведзеным тэксце песні, адрасаванай куму, сустракаецца зварот «мой кумочак», паўтор якога падкрэслівае цёплыя сямейныя адносіны, якія павінны звязваць хросных і бацькоў нованароджанага.
У песні, прысвечанай куму і куме, гучыць матыў іх услаўлення. Невыпадковымі ў ніжэйпрыведзеным песенным тэксце з‘яўляюцца такія сродкі мастацкай выразнасці, як прыём трохкратнасці («тры кубачкі», «у адным кубку», «у другім кубку», «у трэцім кубку»), метафара («ручаёк бяжыць»), эпітэты («зеляно віно», «саладок-мядок», «горка гарэлка»):
Кум з кумою на куце сядзіць,
Паміж іх да ручаёк бяжыць.
А ў тым ручайку да тры кубачкі,
Да тры кубачкі маляваненькіх.
У адным кубку зеляно віно,
У другім кубку саладок-мядок,
У трэцім кубку горка гарэлка.
Зеляно віно для радзімачкі,
Саладок мядок для кум‘е з кумам,
Горка гарэлка для суседачак
(в. Лубенікі Брагінскага раёна) [1, с. 130].
Як сведчыць фактычны матэрыял, у Лельчыцкім раёне падчас застолля «выконвалася шмат песень, прысвечаных куму і куме, дзе іх часта высмейвалі. Нават гаварылі: «Што за кума, што пад кумам не была?» Песні спяваліся розныя вясёлыя:
Ох, зялёны дуб развіваецца,
Ох, кум да кумы сабіраецца.
Ох, кумка мая, прынясу я жыта.
Ох, не нясі, куманёк, бо я буду біта.
Ох, кумка мая, прынясу я грэчкі.
Ох, кум, не нясі, будуць супярэчкі
(в. Букча Лельчыцкага раёна) [1, с. 249].
У хрэсьбінных песнях кум з кумою як цэнтральныя персанажы паказваліся ў розных гумарыстычных ракурсах. Звернемся да зместу аднаго з песенных варыянтаў, дзе асноўны матыў звязаны з адмовай бацькоў дзіцяці ад тых кумоў, паводзіны якіх не адпавядалі маральна-этычным нормам:
Я б гэтага кума, я б гэтага кума
І за кума не браў, і за кума не браў:
І гарэлку п‘е, і закуску жрэ,
А песень не пяе, а песень не пяе.
Я б гэту кумку , я б гэту галубку
І за кумку не браў, і за кумку не браў:
І гарэлку п‘е, як у бочку лье,
Харавод не вядзе, харавод не вядзе
(в. Гарысты Веткаўскага раёна) [1, с. 153].
Прыведзеныя матэрыялы сведчаць пра значнасць і важнасць прысутнасці кума і кумы як адных з цэнтральных герояў на хрэсьбінах, што падкрэсліваецца шматлікімі песнямі, арыентаванымі на гумар і весялосць удзельнікаў свята. Радзінна-хрэсьбінныя абрады і песні, скіраваныя паспрыяць нараджэнню здаровых і прыгожых дзяцей, падкрэсліваюць лепшыя рысы характару беларусаў — талерантнасць, гуманнасць, дабрыню і шчырасць.
Спіс літаратуры
- Радзінна-хрэсьбінныя абрады і звычаі беларусаў (на матэрыяле фальклору Гомельскай вобласці) /аўтары-ўкладальнікі Новак В. С., Шынкарэнка В. К., Кастрыца А. А., Воінава А. М., Вяргеенка С. А., Палуян А. М., Партнова-Шахоўская А. У. — Гомель: Барк, 2013. — 380с.
- Уласныя запісы, зробленыя ў вёсках Гомельскага і Жыткавіцкага раёнаў.
Аўтар: А.М. Рэшанок
Крыніца: Актуальные проблемы филологии: сборник научных статей. Вып. 11 / редкол.: А.В. Бредихина (гл. ред.) [и др.]; Гомельский государственный университет им. Ф. Скорины. — Гомель, 2018. — С. 154-159.