Вобразы гарадоў БССР канца 1940-1980-х гг. у гістарычнай памяці сяльчан і сельскіх мігрантаў Усходняга Палесся

0
138
Вобразы гарадоў БССР канца 1940-1980-х гг. у гістарычнай памяці сяльчан і сельскіх мігрантаў Усходняга Палесся

Актуальнасць звароту да гарадской тэматыкі ў гістарычнай навуцы толькі павялічваецца з ростам як саміх гарадоў, так і з узмацненнем той ролі, якую яны адыгрываюць у развіцці сучаснай цывілізацыі. Арыгінальным дапаўненнем да статыстычных і архіўных матэрыялаў, фотадакументаў і іншых крыніц з’яўляюцца вынікі апытанняў сельскіх жыхароў і сённяшніх гарадскіх жыхароў Беларусі, якія трапілі ў гарады ў мінулыя дзесяцігоддзі і здольныя дапамагчы рэканструяваць палатно гарадской гісторыі, дапоўніўшы яго эмацыянальнымі і доказнымі аргументамі на карысць гарадскога ладу жыцця. Вобраз савецкага горада можа быць значна адрэдагаваны на падставе іх сведчанняў і ў большай ступені наблізіцца да аб ектыўнай рэальнасці.

Таксама неабходна адзначыць, што сёння тэма мігрантаў і міграцыі ў сувязі з міграцыйным крызісам у Еўропе надзвычай вострая. Гэта акалічнасць нараджае асобны накірунак у журналістыцы; непазбежна звяртаюцца да тэмы мігрантаў і прадстаўнікі гуманітарных і грамадскіх навук. І ўсё ж у апошнія гады істотна знізілася, і знізілася незаслужана, цікавасць да тэмы сельскіх перасяленцаў у гарады на матэрыялах Беларусі і іншых частак постсавецкай прасторы. Існуе некалькі важкіх тлумачэнняў вызначанай сітуацыі: пік урбанізацыйных працэсаў у Беларусі і іншых краінах Усходняй Еўропы быў пройдзены раней. У сувязі з навацыямі ў матэрыяльнай культуры сталі менш прыкметнымі адрозненні ва ўмовах жыцця гараджан і вяскоўцаў. Уваходжанне беларускага вясковага насельніцтва ў гарадскі соцыум другой паловы XX стагоддзя, дзе ў асноўным дамінавалі ў культуры прадстаўнікі тытульнага этнасу, а таксама былі шматлікімі вельмі блізкія па культурнаму абліччу этнічныя групы ўкраінцаў, рускіх, працякала без асаблівых цяжкасцей і перашкод. Адсутнасць прынцыповых праблем у міжэтнічных узаемадзеяннях не выклікала спецыяльнага дзяржаўнага клопату або маштабнага навуковага аналізу. Так, пытанні адаптацыі сельскіх мігрантаў на матэрыялах савецкага перыяду закранала этнограф Г.І. Каспяровіч у манаграфіі, прысвечанай міграцыі насельніцтва ў гарады і этнакультурным працэсам [1]. Разам з тым пасля выдання названай працы на этнаграфічнай глебе фактычна так і не з’явіўся працяг у даследаванні гэтай тэматыкі. Аднак значнасць даследавання этнакультурных традыцый, якія раней і сёння прыўносяцца ў гарадское асяроддзе перасяленцамі з сельскай мясцовасці, з’яўляецца па-ранейшаму высокай. Каштоўнымі застаюцца і першыя шчырыя водгукі сельскіх мігрантаў пра гарады і наяўнасць стэрэтыпаў наконт гарадскога ладу жыцця. Іх гістарычная памяць захавала яскравыя карціны гарадскіх пейзажаў, якія не зафіксуе ніводнае мастацкае палатно або фотаздымак, паколькі гэта індывідуальныя ўражанні ад з радасцю і болем перажытых гадоў.

Выхадцы з сельскага наваколля Палесся, якія атрымалі ў пасляваенным дзяцінстве трывалую мудрасць традыцыйнай культуры або мелі вопыт жыцця ў адносна менш кранутым урбанізацыяй палескім краі ў 1950-1960 гг., сталі носьбітамі ўнікальнага інфармацыйнага банка дадзеных аб шляхах эвалюцыі гарадоў тагачаснай БССР. Такі пункт гледжання каштоўны тым, што ён зыходзіць менавіта ад людзей, якія на першых этапах кантактаў успрымалі гарады як чужы, не свой аб’ект, назіралі за гарадскім жыццём быццам бы звонку і давалі ацэнкі ўбачанаму на падставе іншай культурнай глебы.

Для раскрыцця тэмы ў 2013-2016 гг. было здзейснена апытванне дзясяткаў выхадцаў з вёсак Усходняга Палесся, што дазволіла атрымаць аб’ектыўныя дадзеныя і прааналізаваць меркаванні людзей, якія з’яўляліся вяскоўцамі або сталі сельскімі мігрантамі яшчэ ў савецкі час і да гэтага часу пражываюць у гарадах Беларусі. Аднак ў перыяд канца 1940-1980 гг. яны мелі статус сельскіх жыхароў, таму прадставілі каштоўныя звесткі аб сваіх першых візітах у гарады і згадалі тыя арыгінальныя ўражанні, якія склаліся ў іх ад першых кантактаў з гарадскім асяроддзем і гарадскім ладам жыцця. Сярод атрыманых намі сюжэтаў вылучым самыя пашыраныя і тыповыя, якія даюць падставу для навуковага даследавання і абгрунтаваных высноў.

Тыповыя фразы адносна агульнага выгляду гарадской панарамы (пейзажа) паводле апытванняў наступныя: «город все разрастался и разрастался.», «город очень быстро развивался.», «появлялось больше и больше заасфальтированных дорог», «быстро строились многоэтажные дома». Пры першых сустрэчах з гарадамі ў 1960-1970 гг. вяскоўцы звярталі ўвагу на вялікія памеры прыватнага сектара ў гарадах, на вялікія пустыры, якія тады яшчэ не былі забудаваны, некаторыя даведаліся, што і ў гарадах у прыватным сектары была свая гаспадарка, былі агароды, якія раней, да прыезду ў горад, не асацыіраваліся ў іх з гарадскім ладам жыцця. Таксама многія расказвалі пра свае першыя візіты ў інтэрнаты: гэты тып пражывання здаваўся ўраджэнцам вёскі нязвыклым. Многім жыхарам, выхаваным у вясковых традыцыях, як яны фармулявалі, не хапала вясковых прастораў. Маленькія памеры пакояў у кватэрах стваралі бытавы дыскамфорт для тых, хто прызвычаіўся да прасторных хат і вялікіх двароў, садоў і г. д.

Шмат уражанняў выклікала знаёмства з транспартнай сеткай горада. Зафіксаваны шэраг сведчанняў любві да агляду гарадской прасторы з тралейбуса: «…Я всегда старалась занять место у окошка и смотреть на людей, которые за окном ходили, на машины, которые ездили. одним словом, смотреть на все и всех…».

Сваімі першымі ўражаннямі ад горада Магілёва падзялілася ўраджэнка Гомельскага раёна (1957 г. н.). Трапіўшы ў абласны цэнтр у 1973 г. ва ўзросце 16 гадоў як навучэнка тэхнікума, яна апісала свае пачуцці як пастаянную занепакоенасць, моцнае ўздзеянне на яе гучных гукаў аўтамабіляў і інш., страх перад пераходам шумнай вуліцы. Жыхарка Палесся, якая пераехала ў 1970-я гг. у Мінск, згадвала: «Первое время никак не могла привыкнуть к большому потоку машин и общественному транспорту. Шарахалась, как аборигенка, муж [мінчанін — аўт.] еще и посмеивался надо мной, а мне не до смеха было — все непривычное и новое». Не меншы непакой выклікала гарадское асяроддзе не толькі ў дзяўчат, але і ў хлопцаў, якія пакінулі вёску. Пра свой пераезд у сярэдзіне 1970-х гг. на вучобу ў Мінск ужо сённяшні жыхар горада (1960 г. н.) прыгадвае: «Просторные и шумные улицы, большое количество транспорта, магазины, аптеки — все это вначале немного пугало».

Вобразы гарадоў у шэрагу выпадкаў змяшчаюць элементы прамысловага ландшафту і, асабліва з боку мужчынскай аўдыторыі, захаплення тэхнічнымі навацыямі як на прадпрыемствах, так і ў побыце. Некаторыя абласныя цэнтры здзіўлялі прыезджых колькасцю вялікіх прадпрыемстваў і, калі яны ўладкоўваліся туды на працу, — іх маштабамі і забяспечанасцю па крытэрыях тых часоў разнастайнай і перадавой тэхнікай.

Яшчэ адна тэма, якая скразной ніткай прайшла праз аповеды выхадцаў з вёсак старэйшага пакалення (1930-1940-х гг. нараджэння), пра гарады БССР — гэта тэма рэха вайны. Гэта сведчанні вайны адбіліся на гарадской прасторы, эмацыянальна ўзнёслыя аповеды пра хуткае аднаўленне гарадоў, новую забудову і добраўпарадкаванне. Вельмі распаўсюджанымі з яўляюцца сюжэты ўспамінаў, звязаныя з параўнаннем вобразаў пасляваенных гарадоў, калі сяльчане іх убачылі ўпершыню, і тых гарадскіх панарам, якія засталіся ў іх памяці ад часоў «адлігі» і «застою». У апісаннях згадак пра імклівы рост новых мікрараёнаў, паляпшэнне гарадскіх вуліц і праспектаў, сквераў, з’яўленне новых транспартных артэрый і інш. адносна перыяду 1960-1980-х гг. Абсалютная большасць тых, хто адказваў на пытанні, прыгадваючы свае першыя ўражанні ад канкрэтнага квартала, вуліцы, гарадской мясцовасці і г.д., нязменна спрабавала аднавіць больш раннюю гісторыю такой часткі горада і такім чынам шляхам параўнання падкрэсліць прывабнасць ужо новага аблічча, напрыклад, «раньше тут была деревня, а затем», «раньше тут былі только старые дома и бараки, а теперь», «раньше сюда было не добраться, а потом», і заўсёды параўнанне было на карысць новай урбаністычнай карціны.

Зразумела, што ўласцівасці чалавечай памяці прадугледжваюць сціранне негатыўных момантаў і захаванне праз дзесяцігоддзі часцей станоўчых уражанняў, асабліва, калі ўспаміны звязаны з гадамі маладосці. Аднак атрыманыя намі масавыя дадзеныя падобнага кшталту дазваляюць сцвярджаць, што станоўчы вектар на прагрэс у добраўпарадкаванні гарадской прасторы другой паловы XX ст. з’яўляецца сапраўдным гістарычным фактам і рэальная пазітыўная тэндэнцыя развіцця гарадоў мела месца. Улічваючы, што апытанні праводзіліся ў пачатку XXI ст. і цалкам пазбаўлены ідэалагічнага налёту папярэдняй эпохі, што ў аповедах зафіксаваны многія складанасці гарадскога жыцця канкрэтных асоб і гэтыя матэрыялы далёкія ад «лакіраваных» твораў, паколькі ўтрымліваюць і моцныя індывідуальныя перажыванні, і скаргі на некаторыя перыпетыі ўласнага лёсу і грамадскай сітуацыі, тым не менш, агульны тон водгукаў аб гарадах можна назваць жыццясцвярджальным, а месцамі нават і ўзнёслым. Прычыны вызначанай характарыстыкі наступныя: па-першае, гэта сапраўдныя сацыяльна-эканамічныя падставы для добразычлівых водгукаў аб гарадах; па-другое, непазбежнае схіленне да пазітыву пры супастаўленні гарадскога і сельскага ладу жыцця з боку ўраджэнцаў з вёсак, гэтая катэгорыя жыхароў мела значна горшыя побытавыя ўмовы і меншыя магчымасці для прафесійнага росту, баўлення вольнага часу і г. д.; па-трэцяе, неабходна падкрэсліць, што мудрасць жыхароў старэйшага ўзросту прымушала іх адкінуць у бок шэраг другарадных аспектаў жыцця і, сартыруючы падзеі сваёй біяграфічнай ленты, спыняцца толькі на найбольш істотных пазіцыях, якія абумоўлівалі лёс сям’і і дзяцей і ацэньвалі праблему ў цэлым, не чапляліся за асобныя дробязі і дэталі.

Горад як камфортнае месца — таксама папулярны сюжэт выказванняў. Аб’ёмны блок інфармацыі ўключае падрабязныя расказы пра побытавыя зручнасці ў гарадах: у сферы набыцця тавараў, іх рамонту і чысткі, добраўпарадкавання дамоў і кватэр газам, цяплом, вадаправоднай вадой, ванным пакоем і інш. Здзіўленне сяльчан пры першых паездках у гарады выклікала наяўнасць санвузлоў у гарадскіх кватэрах, вось, напрыклад, тыповы водгук сяльчаніна: «…Так же очень удивило, что в городских квартирах был санузел. В деревне… для того, чтобы помыться, приходилось растапливать баню. А для этого еще дров наносить, и воды. А в городе просто краник покрутил и все». Гарады асабліва больш позняга перыяду, так званай «брэжнеўскай» эпохі, уяўляліся не толькі праблемнымі (дэфіцыт мэблі, адзення, прадуктаў, пастаянна і заканамерна сустракаецца ў атрыманых матэрыялах як састаўная частка савецкага ладу жыцця), але часта і больш выгоднымі месцамі для жыцця. Неабходна прывесці ў доказ таму шматлікія параўнанні, што ў гарадах шмат магазінаў, а ў вёсцы толькі адзін, у гарадах шмат магазінаў спецыялізаваных — па продажы абутку, вопраткі, падарункаў, посуду, дзіцячых тавараў і інш., а ў вёсцы ўсё амаль разам і г. д.

Гарады БССР, асабліва абласныя цэнтры, пакінулі ўражанне аб сябе як аб цэнтрах кінатэатраў, тэатраў, вечарын, дыскатэк, кафэ, прыгожых фасадаў на цэнтральных вуліцах, вясёлых атракцыёнаў, цыркавых і канцэртных праграм. Многія падкрэслівалі наяўнасць бібліятэк і лепшае задавальненне ў патрэбе чытання, якое з’яўлялася пашыраным відам правядзення вольнага часу і неабходным кампанентам адукацыі. Дарэчы, атрыманыя апісанні гарадоў часта ўтрымліваюць водгукі пра адукацыйнае асяроддзе і ўдзячнасць гарадам за магчымасць атрымаць адукацыю, прычым як вышэйшую, так і сярэднюю спецыяльную, пераважна з боку прадстаўнікоў старэйшага пакалення.

Горад відавочна асацыіраваўся з рознымі прысмакамі і водарам смачнай і разнастайнай ежы. Многія апытаныя былі здзіўлены магчымасцю частавацца ў гарадах прысмакамі, мала даступнымі ім у вёсках. Гэтыя паўторы зноў і зноў з яўляліся ў аповедах тых, хто трапіў (або пераехаў) у гарады ў маленстве або падлеткавым узросце: «А еще помню очень ярко, что когда в город переехали, то родители мне много конфет покупали, тем более тут и кондитерская фабрика работала [ў Гомелі, — аўт.]. В Борщевке сладости и были, но редко и не в таком разнообразии и количестве. Я помню, что очень вкусными были конфеты «Гомельчанка», а еще любила «Мишку на Севере» и «Красную шапочку», «Антоновку». Часта можна прачытаць пра тое, што сяльчане параўноўвалі сціплую ежу ў вёсцы (дарэчы, так сцвярджалі як выхадцы з Палесся, так і жыхары іншых сельскіх рэгіёнаў, якія апытваліся паралельна і некалькі раней, нават выхадцы з вёсак суседніх РСФСР і УССР) з магчымасцямі спажывання прадуктаў у гарадах, цікавыя нататкі не толькі пра тое, што «в деревне, кроме еды из печи обычной и повседневной (картошка, суп, сало), я ничего не видела, а приехав в Гомель, увидела большое разнообразие ресторанов. Самый любимый мой ресторан «Сож», этот ресторан поражал своим изыском блюд. Но на самом деле блюда там были самые обычные, просто я не привыкла их видеть в такой изящной подаче и таким способом приготовленные». Абсалютным лідэрам сярод прывабных прадуктаў у гарадах аказалася марожанае, большасць апытаных указвалі на навізну, шырокія магчымасці і вялікую асалоду ад яго спажывання. Вельмі эмацыянальныя адказы часцей за ўсё суправаджалі пытанне «Што больш за ўсё спадабалася ў горадзе падчас першых візітаў?». Пры гэтым словы захаплення марожаным і цукеркамі гучалі з вуснаў амаль усіх, хто ўпершыню наведаў горад у дзіцячым узросце, і вялікай часткі апытаных, якія ў момант першага наведвання адносіліся да дарослай узроставай катэгорыі.

Яшчэ адзін распаўсюджаны лейтматыў успамінаў прыродны фактар у гарадах. Гэта лагічна, паколькі сельскія жыхары ў працэсе першых паездак і перыядуадаптацыі да гарадскога асяроддзя імкнуліся абапірацца на знаёмыя артэфакты культуры. Зялёныя зоны найчасцей за другія мясціны ў памяці выхадцаў з вёсак выступаюць як аб’екты, якія вельмі запомніліся ў першы час знаходжання ў гарадах. Так, студэнтка 1933 г. н., ураджэнка Гомельскага раёна, адзначала, распавядаючы пра вучобу ў Гомельскім педагагічным інстытуце ў перыяд канца 1940-пачатку 1950-х гг., паходы ў гомельскі парк: «Мы с девчонками ходили гулять в парк. Там нам нравились лебеди, которых мы кормили хлебными крошками с моста. Нравилась оранжерея, и мы рассматривали через стекла необыкновенно красивые и даже незнакомые для нас растения и цветы». Напрыклад, распавядаючы пра пераезд у Мазыр у 1985 г., жыхарка Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, 1950 г. н., падкрэсліла, што «в г. Мозыре имеется очень красивая река Припять. Над рекой есть красивый мост, очень люблю ходить и любоваться красотой природы. Зимой множество рыбаков, а летом люди купаются, отдыхают компаниями, очень здорово».

Многія сельскія мігранты адзначаюць актуальнасць для іх у першы час пражывання ў горадзе воднай прасторы (катанне на лодках па рацэ, наведванне пляжа для купанняў і г. д.). З аднаго боку, такія намаганні былі своеасаблівым мастом паміж іх мінулым жыццём і першымі крокамі ў горадзе, з іншага боку, гэта дазваляла далучыцца да прыроды не толькі як да аб’екта спажывання, практычнага выкарыстання, уласцівага для сельскай мадэлі культуры, але і наблізіцца да новых відаў адпачынку, якія былі прэстыжнымі і папулярнымі ў гарадскім асяроддзі (пляж для загару і сонечных ванн, лес — для прагулак і любавання прыродай, а не толькі збірання грыбоў, ягад, лекавых раслін для практычнага выкарыстання). Дарэчы, сустракаліся згадванні пра асобныя спрэчкі паміж пакаленнямі ў сем’ях адносна выкарыстання дачных зямельных участкаў у 1980-я гг.: выхадцы з сельскай мясцовасці, старшыя члены сям’і пры атрыманні дачы настойвалі на максімальных па плошчы пасадках раслін гародніны, а маладыя, якія нарадзіліся ў гарадах і шмат у чым ужо былі раз’яднаны з сельскім, імкнуліся вызваліць месца на зямлі для актыўнага і пасіўнага адпачынку, адвесці больш месца для пасадкі кветак і іншых прыгожых, але «бесполезных», са слоў рэспандэнтаў і з пункту гледжання сельскіх мігрантаў, раслін. У шэрагу аповедаў ёсць звесткі пра тое, што ў гарадах асабліва ў першыя часы пасля пераезду сельскія мігранты імкнуліся аднавіць звыклыя, але страчаныя імі вобразы вёсак і паўтараць дзеянні, якія набліжалі іх новы лад жыцця да папярэдняга. Напрыклад, часта адзначаецца пра трывалую ў некаторых выхадцаў з сяла звычку збіраць грыбы, кветкі пры прагулках у гарадскіх зялёных зонах. У адным з інтэрв’ю паведамлялася пра звычку збіраць сям’ёй грыбы ў гарадскім сасонніку ў мікрараёне «Фестывальны» Гомеля, каментарый да такіх успамінаў быў наступны: «…это было одним из любимых занятий, что-то, что напоминало о деревне».

Некаторыя вяскоўцы, паводле іх слоў, першыя часы адчувалі пэўную няёмкасць і няўпэўненасць з прычыны таго, што яны траплялі ў рускамоўнае асяроддзе, дзе не было прынята размаўляць на тых ці іншых, уласцівых ім з дзяцінства, дыялектах беларускай мовы («стенялась своего деревенского выговора»). Агульная афіцыйная моўная сітуацыя ў гарадах БССР прадугледжвала дамінаванне рускай мовы ў працэсе навучання і на вытворчых прадпрыемствах, ва ўстановах, куды ўладкоўваліся сельскія мігранты. Праз кароткі тэрмін адбывалася ўліццё ў моўнае асяроддзе горада і адрозненні сціраліся. Цалкам адсутнічае згадванне пра якія-небудзь моўныя праблемы перыяду адаптацыі ў горадзе, пра нейкі прымус да рускамоўнай традыцыі. Але сустракаліся асобныя выпадкі сяброўскіх жартаў з мовы сельскіх перасяленцаў з боку гарадской моладзі па месцу жыхарства, вучобы. Пры гэтым назіралася ўстойлівае жаданне саміх сяльчан гарманічна ўпісвацца ў гарадское асяроддзе, не выдзяляцца, таму прыкметна іх павышаная ўвага не толькі да свайго маўлення, але і да прычосак, вопраткі, яны былі вымушаны больш строга кантраляваць свае манеры паводзін. Хутчэй самі вяскоўцы дэманстравалі прыхільнасць да змен, да больш актыўнага ўкаранення ў гарадскі соцыум, што прадстаўлялася ім лепшым, прэстыжным, пажаданым.

Разам з тым, багата негатыўных рысаў адбілася на вобразах гарадоў БССР вывучаемага перыяду ў размове аб узаемаадносінах людзей. Многія сяльчане асуджалі адасобленасць гараджан адзін ад аднаго, паслабленне роднасных сувязяў, прыгадвалі выпадкі, калі яны сутыкаліся з нязвыклым для іх насцярожаным або ўвогуле нядобразычлівым стаўленнем, паколькі яны не былі знаёмыя з тымі, да каго звярталіся. Факты непаразуменняў выяўлены намі ў вялікай колькасці. Пастаянна фіксаваліся рэмаркі, што «в деревне все знают друг друга», «к любому в деревне можно обратиться», «все друг с другом здороваются», а ў гарадах інакш. Пры першых візітах у гарады ў сяльчан нават стваралася меркаванне, што іх не жадаюць бачыць, паглядаюць з асуджэннем: «В городе продавцы казались мне злыми и необщительными, казалось, только и ждали, чтобы я ушла», у той жа час жанчына падкрэслівае «в моей родной деревне был только один магазин, где была знакомая продавщица, которая все знала обо мне, могла что-то посоветовать». На самой справе адбылася падмена функцый: акрамя атрымання толькі бытавой паслугі ў гандлёвай кропцы, выхадцы з сяла яшчэ жадалі згодна звычцы выкарыстоўваць магазін у якасці цэнтра грамадскіх зносін, але сутыкаліся з непаразуменнем з боку катэгорыі прадаўцоў, што часта ўскладнялася дадаткова і невысокай культурай абслугоўвання. Аднак скаргі на іншы, непрывабны для сельскага жыхара, аддалены тып адносін паміж суседзямі, калегамі, спажыўцамі тавараў у магазінах, наведвальнікамі ўстаноў грамадскага харчавання і г.д., і галоўнае, крытычны погляд на горад як разбуральнік роднасных сувязяў пастаянна пранізваюць аповеды апытаных намі выхадцаў з палескіх вёсак.

У апісаннях сяльчанамі сваіх ўражанняў ад гарадоў аказаліся вельмі жывучымі і масава распаўсюджанымі стэрэатыпы, якія датычацца другой паловы XX стагоддзя і былі народжаны савецкім ладам жыцця, яны агульныя для ўсіх жыхароў і гарадскога і сельскага насельніцтва (напрыклад, праблема дэфіцыту тавараў і інш.). Часта сустракаюцца нататкі адносна складанасці псіхалагічнага і бытавога ўваходжання ў гарадскую прастору, аднак ні ў адным з выпадкаў яны не звязваліся інтэрв’юіраваўшыміся з нацыянальным бар’ерам.

Літаратура

  1. Касперович, Г.И. Миграция населения в города и этнические процессы (на материалах исследования городского населения БССР) / Г.И. Касперович. — Минск: Наука и техника, 1985. — 149 с.

Аўтар: А.Р. Яшчанка
Крыніца: Чарнобылем не зарасце: традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 1 / рэдкал.: А.А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, С. 57-66.