Апошнія дзесяцігоддзі мінулага і пачатак XXI стагоддзя характарызуюцца павышанай цікавасцю да даследавання замоўнага жанру вуснай народнай творчасці, жанру, які доўгі час быў нібы ў забыцці. Пачынаецца актыўны збор, публікацыя і даследаванне асабліва рэгіянальнага фальклору ўвогуле і замоў у прыватнасці. Такія гістарычныя асаблівасці Палесся, як устойлівасць і аўтахтоннасць насельніцтва, выдатная захаванасць традыцыйных формаў і элементаў народнай культуры, дазваляюць характарызаваць гэты рэгіён як адзіную ў этнакультурных адносінах тэрыторыю.
Унікальнасць прыроднага свету Палесся паўплывала на вобразна-паэтычную структуру замовы, надала ёй больш каларыту і адметнасці. Ды і сама палеская зямля вызначаецца адметнасцю, балоцістасцю. Прыгадаем некаторыя выказванні пра Палессе. Так, Д. Дарашэнка ў сваім артыкуле “Беларусы і нацыянальнае адраджэнне” ў пачатку XX ст., апісваючы тыповы беларускі ландшафт, зазначыў: “… Вось так званае Палессе, што было калісьці адным возерам-морам без краю, яшчэ і цяпер пасля вялізных клопатаў каля асушкі балотных пустыроў (1873-78 гг. асушана каля 3000,000 дзесяцін прастору) нярэдкасць спаткаць непралознае балота ў якіх 500 дзесяцін; яшчэ і цяпер можна праехаць 80-90 вёрст і не ўбачыць знаку людской сялібы” [1, с. 52]. Або выказванне вядомага беларускага гісторыка М. Улашчыка: “… Палесьсе нікчэмны раён Беларусі, а ў эканамічным жыцьці ўдзел яшчэ меншы, чым у геаграфічным сэнсе. На Палесьсі быў каўтун —адзінае, чым было ведама Палесьсе на ўвесь свет, там безліч балот, туманаў, дзікасьці, ведзьмаў” [2, с. 54]. Адным словам, месцы там гіблыя, балотныя.
У некаторай ступені з такой характарыстыкай балотнай мясцовасці, непрыгоднай для жыцця людзей, згодныя былі і творцы замоў, бо вельмі часта адсылалі хваробы (скулу, урокі і інш.) “на мхі, на балоты” (“Ад скулы”, запісана ад Захаранка Таццяны Сцяпанаўны, 1916 г. н.); у пінскія балоты адсылае скулу Калацэй Анастасія Аляксандраўна, 1924 г. н., або “на ніцыя лозы, дзе людзі не ходзяць і птушкі не лятаюць, петухоў голас не даходзіць” (запісана ад Горбач Марыі Іванаўны, 1931 г. н.). Падобныя да згаданых мясцін падчас стварэння замоў былі не прыдуманымі народнай фантазіяй мясціны, як у казках “у трыдзесятым гасударстве”, а хутчэй за ўсё ўяўлялі сабой тыповыя народныя сялянскія рэаліі, пра што пераканаўча сведчыць і ўпамінанне тыповай для сялянскага падвор’я птушкі — пеўня. Глыбока жыццёвую сімволіку вобраза пеўня адзначаў А. Ненадавец: “Гэтая птушка быццам бы сапраўды выклікала з’яўленне сонца ў небе, а адсюль і асацыяцыя аб цеснай, непарыўнай сувязі паміж пеўнем і адным з самых магутных язычніцкіх багоў — богам Сонца” [3, с. 186]. У замовах ад дзіцячых хвароб “Ад крыксаў”, напрыклад, упамінаюцца пеўні, куры. Гэта ўсё птушкі хатнія. Але ў замовах багата прадстаўлены і дзікія птушкі, напрыклад, у замове “Ад жабы ў горле” сустракаецца птушка арол. Вобразы арла, ворана, чорнага ворана ці агульная назва — “пташка без пер’яў, без крыльцаў, без ножак, без кіпцяў, без дзюбкі, без галоўкі” (“Ад спалоху”, запісана ад Захарэнка Таццяны Сцяпанаўны, 1916 г. н., в. Каплічы), а ў “Замове ад спугу” “на дубе сядзіць голуб без крыл, без мяса і без ног”. Увогуле арніталагічны свет фальклора даволі разнастайны. Але кожны жанр мае, так бы мовіць, свае схільнасці да тых ці іншых птушак: у песнях — салавей-саловушка, а абрадавых песнях — зязюля, сокал. Сокалы ў песеннай, быліннай, казачнай творчасці — гэта заўсёды птушкі высакародныя. їх антаганістамі і выступаюць вораны, арлы, галкі, вароны, птахі-калекі — птушкі, якія ў рэальным жыцці харчуюцца падаллю, “мярцвечынай”, адным словам — сцярвятнікі. Як бачым, у замовах прадстаўлены і арніталагічныя трапеічныя вобразы.
Як і ў жыцці, так і ў “Замове ад укусу змяі” з балотам звязваецца і вобраз змяі. Змяя “пусціла свой плод па карчах, па балотах, па лясах, па жоўценькім пяскам”. Часта ў палескіх замовах сустракаюцца вобразы “гнілой калоды”, “чыстага поля”, леса, “ніцых лоз”, і ўжыты яны ў наступним ракурсе: гэта таксама гіблыя мясціны і ўключаны яны ў матыўны комплекс сімволікі чужой прасторы, якая нясе хаос. Гэта выключна ёмісты, выразны сімволіка-алегарычны знак пустынна-бязмежнага, нежылога, чужога свету. Менавіта такім спосабам творца замовы вобраз свайго, роднага дома, двара супрацьпастаўляе вобразу гіблага месца, дзе толькі і варта знаходзіцца хваробам.
Калі вобразы гнілой калоды, ніцых лоз усё ж асацыіруюцца з балотам, гнілым балотам, якое нясе хаос, то вобраз лесу мае такую ж сімволіку ў дадзеных выпадках. Сапраўды лес — жыццёвая прастора дзікіх жывёл, птушак, дрэў і раслін, якія непадуладныя чалавеку, жыццё іх было незразумелым, а значыць, несла пагрозу. I старажытны чалавек адразу насяліў лес варожымі духамі: русалкамі, лесавікамі; дух смерці (шырэй — міфалагічны вобраз) Баба-Яга з яе хаткай на курыных ножках — жыхарка леса. Не толькі лес, але і кожнае дрэва нашымі продкамі надзялялася сваімі, адметнымі ўласцівасцямі, сваёй сілай, сваім уздзеяннем на чалавека. Таму дрэва займає выключнае месца ў сістэме паэтычнай вобразнасці замовы. Нашы далёкія продкі-язычнікі абагаўлялі дрэва. У замовах надзвычай часта ўжываецца міфалагема “дуб”. Дуб не толькі характэрная адзнака беларускіх краявідаў, але і той магутны эмацынальна-псіхалагічны фактар, які актыўна ўздзейнічае на лад жыцця, характар мыслення беларуса, яго душэўны стан і духоўны вопыт, гэта насельнік ягонага міфалагічна-старажытнага прыроднага свету.
Дуб — Перунова дрэва, дрэва сакральнае. Гэта і сімвал даўгалецця, мудрасці, жыццястойкасці. Дзякуючы сваім вялікім памерам і значнай працягласці жыцця, дуб у міфалогіі многіх народаў шанаваўся як цар лесу і таму ён нярэдка прысвячаўся вярхоўным багам (Зеўсу, Юпітэру, Перуну), г. зн. багам-грамавержцам. Існавала павер’е, што ў дуб маланка трапляла часцей за ўсё. Дуб у славянскай міфалогіі суадносіўся з уяўленнем аб “мировом древе”, якое сваімі каранямі абдымае ўсю зямлю, веццем трымае неба, а ствол — гэты свет, які насяляюць людзі і жывёлы. “Мировое древо” — сімвал парадку ў свеце, касмічнай арганізацыі. Гэта свайго роду сакральны цэнтр свету.
Побач з дубам у дэндралагічнай сімволіцы замоў сустракаюцца і іншыя дрэвы, якія растуць на Беларусі. Сярод іх значнае месца займає сасна: “У канцы масту сасна стаіць, на той сасне раса вісіць” (“Ад залатніка”), запісана ад Калацэй Анастасіі Аляксандраўны, в. Каменка (нарадзілася ў в. Сітня Калінкавіцкага раёна). Сасна — прыкмета самога краю. Дзе б ты ні апынуўся, як добра знаёмае цябе сустрэне прыгажуня-сасна. Яна хоць і расце на самых бедных землях і няўдобіцах, ды дрэва гэтае сонцалюбівае і кожнай сваёй галінай-лапай, кожным лісточкам-хваінкай цягнецца ў неба, туды, бліжэй да сонца. Таму і вырастав такой стромкай і прыгожай. Разам з тым “у адпаведнасці з амбівалентнасцю міфапаэтычнай свядомасці сасна звязваецца ca смерцю”, бо гэтае дрэва выкарыстоўвалася ў розных народаў для ахвярапрынашэння “з прычыны… смалістасці”, ды і цяпер рэдка які пагост на Палессі абыходзіцца без сасны.
Варта адзначыць, што ў дадзеным кантэксце сасна ўжываецца, хутчэй за ўсё, у сваім першым значэнні, бо нездарма ж на ёй “раса блішчыць”. Раса асацыіруецца з небам і надзяляецца сакральным статусам. Раса ў хрысціянстве разглядаецца як сімвал дабрачыннасцей Боскіх, дарункаў Святога Духа, якія ажыўляюць душу. У фальклоры раса — гэта вадкасць, якая ажыўляе, дає плоднасць, гоіць, вылечвае хваробы (купальская, юраўская раса). Так і ў замове раса аддае дзеля лячэння ад залатніка не толькі сваю сакральную сілу, але яшчэ і сілу сасны.
У большасці замоў ад крывацёку ў Калінкавіцкай калекцыі выявілася такая цікавая пабудова. Прагматычнае заканчэнне тэкстаў замоў узмацняецца зачынам, які ў пераважнай большасці ўзгадвае пра рух. Напрыклад, “несла воду цераз калоду, вада разлілася, у Пашы кроў запяклася. Амін” (запісана ад Карнеявец Паліны Мікалаеўны, 1926 г. н., в. Даманавічы); “ішлі тры калекі чэраз тры рэкі, секлі, рубалі, кроў замаўлялі”; “ішлі тры калекі чэраз тры рэкі, хацелі пасеяць лозу, лоза не ўзышла, каб з раны кроў не ішла” (запісана ад Барысенка Вольгі Адамаўны, 1912 г. н., в. Старыя Навасёлкі); “ішоў жыдок цераз дварок, нёс вады збанок, збанок упаў, разбіўся, каб даў Бог у (імя) кроў сунялася” (запісана ад Пазняк Марыі Данілаўны, 1936 г. н., в. Кротаў). Прыкладаў можна прывесці значна больш, бо супрацьпастаўленне зачынаў і канцовак замоў у гэтых тэкстах, выражаных апазіцыяй “ісці-стаяць”, пераважная большасць.
Замова прамаўлялася ў пэўны час сутак, нават у тэксце мы знаходзім указанне на гэта: “зара-зараніца, красная дзевіца, палуночніца…” (“От зубной скорбі”, запісана ад Баштык Тамары Фёдараўны, 1939 г. н., в. Каплічы); “… пакланюся пятніцы святой…” (“Залатуха, запісана ад Паўлечка Евы Макараўны, 1934 г. н., в. Буда). Бываюць выпадкі, калі месца дзеяння можа ўказвацца і ў замове ці інфарматар у сваіх тлумачэннях указвае калі і дзе чытаць замову: “Стану я возля акенца, проціў яснага сонца…” (“Пры родах”, запісана ад Горбач Марыі Іванаўны, 1931 г. н., в. Хомічы). А Антаніна Фёдараўны Лешнік, 1924 г. н., з в. Прудок, гаворачы тэкст замовы “Каб косы не выпадалі”, каменціруе: “Чытаць тры разы ў акна на маладзік, прыгаворваючы, рашчэсуюцца”, а замову “Ад язвы” “чытаюць на ваду ў ваўторак і даюць піць бальному”. Тамара Фёдараўна Баштык, 1939 г. н., з в. Каплічы катэгарычна папярэджвае, што замву “На ўціханіе крові” “нельга шаптаць у суботу, нядзелю і панядзелак. Трэба абавязкова з крыжыкам у руцэ шаптаць”.
Асаблівую каштоўнасць у калінкавіцкай калекцыі замоў уяўляюць тыя, дзе інфарматары даюць пашыраны каментарый акцыянальнай часткі замоўнага рытуалу. Прыкладам можа служыць “Замова для палягчэння родаў”, якую перадала Таццяна Сцяпанаўна Захаранка, 1916 г.н., з в. Каплічы: “Калі ў цяжарнай жанчыны пачынаюцца схваткі, трэба паставіць стол на сярэдзіну кухні, чыста памыць яго паверхню. Тры разы пачытаць “Отча наш” і, узяў цяжарную жанчыну за руку, тры разы абвесці яе па гадзіннай стрэлкі вакол стала, пры гэтым тры разы прачытаць замову. Затым на чатыры вуглы стала наліць свячонай вады. Цяжарная жанчына павінна выпіць гэтую ваду вуснамі, трымаючы рукі за спіною”. А Сафія Міхайлаўна Пазняк, 1935 г. н., з в. Азарычы паведаміла цэлы замоўны абрад, які трэба здзяйсняць пры “Сняцці порчі з самога сябе”: “В полнач нада паставіць скавародку на агонь, бросіць в неё левай рукой трі кулака солі і наблюдаць дзве мінуты як яна будзе жаріцца на сільнам агне. Прі этом гаваріць (тэкст замовы. — Л. М.)… Еслі соль будзе сільна трешчаць, пачернеет, выйдзіце на вуліцу, отсчітайце справа от себя 21 звязду і скажыце (працяг замовы. — Л.М.)… После этага цэлы дзень з дому нічога не выносьце, нічога не давайце в долг”.
Аднак, на жаль, такіх абрадавых сцэнарыяў захавалася мала, хаця і яны даюць уяўленне пра абрадавыя дзействы і з’яўляюцца пацверджаннем таго, што замова сапраўды ўяўляла сабой вербальна-акцыянальна-рэальны комплекс. Тым не менш, не пабаімся паўтарыцца, акцыянальная частка прысутнічае ў нязначнай колькасці замоў. У большай жа частцы нашых інфарматараў, ды і ў апублікаваных тэкстах, захавалася толькі славесная частка, а гэта значыць, што замова з сінкрэтычнага (абрадава-славеснага) жанра ператвараецца ў мастацтва славеснае, дзе пануючае становішча займає слова.
Трэба адзначыць, што ў калінкавіцкай калекцыі сустрэліся (хоць і адзінкавыя) замовы, дзе наадварот захавалася толькі акцыянальная частка. Так, А.Ф. Лешнік распавядала, што трэба рабіць “Ад зглазу дзіцяці”: “Калі хто-небудзь хваліць дзіця, трэба аблізаць дзіцяці правую ручку тры разы і плюнуць на зямлю”. І другая замова “Ад зглазу дзіцяці” таго ж інфарматара: “Каб зглаз не пачаў дзейнічаць, калі хто-небудзь пачынае хваліць, трэба прыкусіць кончык языку і пра сябе адправіць порчу яму абратна”.
У калінкавіцкай калекцыі замоў знаходзяцца творы, якія адносяцца да розных галін традыцыйнай культуры і побыту. Як і ў іншых рэгіёнах, пераважную большасць складаюць лекавыя замовы. Адметнасць аналізуемай калекцыі складае тое, што тут прадстаўлены (праўда нязначная колькасць) замовы, якія адносяцца да такой спецыфічнай і папулярнай сферы дзейнасці на Палессі, як паляванне і пчалярства. Шэсць замоўных тэкстаў было запісана ад бабы Маланні — так усе ў вёсцы Ператок завуць Маланню Данілаўну Красоўскую, 1923 г. н. У “Замове на паспяховае паляванне” паляўнічы звяртаецца да рэчкі (у першай частцы замовы), каб вада змыла “раба божага (імя) і ружжо жалезнае яго ўсі ўроцы, перапалоцы, мужчынскія, жаночыя…”, а ў другой частцы да бабкі, якая “высядае на моры-кіяне, на востраве на Буяне”, дзе “ляжыць камень” з просьбай: “Бабка-бабка, прыймала ты Ісус Хрыста на свае перста, дык прыймі ж ты й мяне, раба божага (імя), і ружжо жалезнае яго і сваей рызаю чорнай усе ўроцы сцяры”.
У “замове на паляванне супраць ліхога чалавека”, каб абараніць сябе, замаўляючы-паляўнічы бярэ сілы ў зямлі, неба, зары: “пайду па сырой зямлі, небам блакітным накрыюсь, зарою падпаяшусь, злы, ліхі чалавек не можа неба пакрыці і зары патушыці, на мяне, раба божага, ні зла падумаць і ліха памысліць”. Такімі спосабамі паляўнічы, збіраючыся на свой промысел, абараняе сябе ад усіх нягод, якія могуць сустрэць яго ў нязведаным, чужым, а таму небяспечным месцы. Таму і карыстаецца такімі магутнымі апатрапеічнымі сродкамі.
Пры паляванні на птушак важна было, каб яны сядзелі, таму ў замове паляўнічага на качак, гусакоў і цецярукоў з’яўляецца вобраз птушкі “ўсім птушкам старэйшая і вялікая”, у якой ёсць грамата і якая наказвае “ўсім птушкам сядзець з раніцы да вечара… да майго прыходу нясходна і нерушыма”. З падобным вобразам мы сустракаемся і ў “Замове на развядзенне пчол”. Праўда, тут ужо канкрэтна гаворыцца пра пчаліную матку, але гэта “ўсім маткам старэйшая, сядзіць і трымае 77 джал, а жаліць непакорных пчол”, таму замаўляючы, пагражае пчалінаму рою, калі ён будзе непаслухмяным, саслаць “у акіян-мора, пад зялёны куст, дзе сядзіць матка… і будзець за вашае непакорышча жаліць вас … у 77 джал”. Амаль нічым прынцыпова не адрозніваецца і зварот да рабы ў “Замове на лоўлю рыбы”: “Будзь, мая рыбіца, неўросліва, непрыкосліва, ідзі да мяне, раба божага (імя), хутка, хутка”, а вось у “Замове на лоўлю звера або птушкі” справа зусім іншая: тут замаўляючы-паляўнічы нечакана звяртаецца да дэманалагічных істот, просячы іх дапамагчы ў паляванні: “Йдзіце вы, сатанаілы, дзьявалы, лесуны і палканы ў (назва) востраў, прыганіце русакоў і белякоў на мае клевы пастаўныя і змрокавыя, вячэрнія, начныя, ранішнія і паўднёвыя. Прыганіце, спыніце і ў маіх клецях прымкніце”.
Такім чынам, Калінкавіцкая калекцыя замоўных тэкстаў даволі багата прадстаўлена рознымі функцыянальна-тэматычнымі групамі, а светапоглядныя ўяўленні палешукоў, якія жылі ў даволі складаных геаграфічных умовах, знайшлі сваё адлюстраванне ў вобразнай сістэме замоў названага рэгіёна.
Літаратура
- Наша ніва. Першая беларуская газета з рысункамі. Факсімільнае выданне. Выпуск 1. — 1906-1908 гг. — Мінск: Навук і тэхніка, 1992.
- Улашчык, М. Краязнаўства (Нататкі пра бадзянні ў 1924-1929 гг.). З рукапіснай спадчыны / М. Улашчык. — Мінск: БелНДІДАС-Пейто, 1999.
- Ненадавец, А. Святло таямнічага вогнішча / А. Ненадавец. — Мінск: Беларусь, 1993.
Аўтар: С.А. Вяргеенка
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины № 1 (76), 2013. С. 52-55.