Вобразнае азначэнне ў вясельных песнях Гомельшчыны: семантыка, структура, стылістычная роля

0
305
Вобразнае азначэнне ў вясельных песнях Гомельшчыны

Слова як асноўная намінатыўная ўзнаўляльная адзінка мовы выконвае ролю галоўнага канструктыўнага элемента ў мастацкім маўленні. У слове сумяшчаюцца тры ўзаемазвязаныя кампаненты: паняційнае ядро, вобразнапачуццёвае ўяўленне, эмацыянальна-стылістычная афарбоўка [1, с. 16-17]. Актуалізуючы ў паэтычным маўленні сваё лексічнае значэнне, актывізуючы ў семантыцы вобразна-пачуццёвае ўяўленне, слова ў паэзіі становіцца асноўным сродкам стварэння мастацкага вобраза: «Вобраз, які бярэ свой пачатак у слове, набывае канкрэтнасць у кантэксце, што ўзбагачае яго, надаючы яму рысы ўсё большай індывідуальнасці і непаўторнасці» [2, с. 9]. Канкрэтызацыя мастацкага маўлення мае на ўвазе цэльнасць і жывасць выяўлення, эстэтычную «прадметнасць», яго індывідуалізацыю [3, с. 92].

Аб’ектам нашага даследавання з’яўляецца народнапесенны дыскурс, прадметам аналізу — эпітэт у вясельных песнях Гомельшчыны. Крыніцай фактычнага матэрыялу паслужылі выданні фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў гэтага рэгіёна, прысвечаныя вясельнай абраднасці.

Важнейшым спосабам мастацка-вобразнай канкрэтызацыі паэтычнага слова і стварэння яго выяўленчай выразнасці лічыцца атрыбутызацыя — дадатковая характарыстыка прадмета, прыметы або дзеяння праз азначэнне ці акалічнасць. Самым значным па ступені выяўленчай выразнасці і наглядна-вобразнай канкрэтызацыі ў народных песнях з’яўляецца вобразнае азначэнне прадмета або з’явы — эпітэт, які можна аднесці да ўстойлівых моўных формул вуснай народнай творчасці.

Як слушна адзначыў Н. С. Гілевіч, эпітэт з’яўляецца «адным з самых пашыраных сродкаў паэтычна-вобразнага адлюстравання рэчаіснасці ў народнай лірыцы … У традыцыйнай народнай лірыцы, асабліва абрадавай як найбольш старажытнай, бадай што кожны прадмет ці з’ява характарызуецца якім-небудзь эпітэтам» [4, с. 14 — 15].

Паводле спосабаў утварэння і функцыянальнай ролі народнапаэтычныя эпітэты ў навуковай літаратуры, услед за А. М. Весялоўскім, падзяляюцца на таўталагічныя, паясняльныя і метафарычныя [5, с. 59]. Самую значную па колькасці групу ў вясельных песнях Гомельшчыны ўтвараюць паясняльныя эпітэты, якія называюць найбольш характэрную, устойлівую якасць прадмета, замацаваную ў агульнамоўнай практыцы: «Даліна, даліна, даліна шырокая» [6, с. 325]; «Ой, за гарою, за каменнаю / Крыніца не рублена» [6, с. 333]; «За горкімі слязамі я свету не бачу» [7, с. 171]; «Адправіла б свайго татачку / У цёмны лес па каліну» [7, с. 53]. Аб’ектамі вобразнай характарыстыкі ў вясельных песнях Гомельшчыны з’яўляюцца разнастайныя з’явы рэчаіснасці: асобы («Жыві, мой бацюшка, без мяне. / Без русай касы без маёй, / Без румянага лічанька» [6, с. 326]; «Ці прыгож Іванька на кані? / Ён прыгож, прыгож, чарнаброў» [6, с. 472]); рэаліі жывёльнага свету («Чаго ты лятаеш, надакучаеш, / Сівая зяўзюленька» [7, с. 37]; «Ой, гыля, гыля, вы, серыя гусі» [7, с. 128]), расліннага свету («Ой ты, ёлачка, ты, сасоначка, / Зелена, зелена» [6, с. 462]); водныя аб’екты («Ляцелі да гусі / З далёкага краю, / Замуцілі воду / На сіням Дунае» [7, с. 205]; «Ой, рэчка, рэчка быстра» [6, с. 322]); зямную паверхню («І ў чыстым полі таполяю стала» [6, с. 292]; «Сырая зямля / Дзверы заняла» [7, с. 37]); канкрэтныя прадметы («Да за гарою новы дом» [6, с. 333]; «Ці ўяго да жупанікі зялёныя» [7, с. 39]; «Я яму нічога, / Толькі махнула платком белым» [7, с. 132]); адцягненыя з’явы («А як пытаць, што за долю даць, / Ці хлебавую, ці грашовую» [7, с. 75]). Як сведчыць фактычны матэрыял, у вясельных песнях Гомельшчыны найчасцей вобразна азначаюцца канкрэтныя з’явы і рэаліі, якія акаляюць чалавека: асобы, прыродныя з’явы, прадметы. Паэтызуючы ўсё, што ўспрымалася, стваральнікі народных песен адлюстроўвалі светасузіранне народа, яго адносіны да прыроды, грамадства, сямейнага жыцця. Сталыя эпітэты абагульняюць неабходную або пажаданую прыкмету прадмета, паўтараючы яе і набываючы характар прэцэдэнтнасці выкарыстання, па гэтай прычыне іх можна назваць формуламі-прэцэдэнтамі. Яны лёгка «пераходзяць» з аднаго твора ў другі, выкарыстоўваючыся як своеасаблівыя «шаблоны» народнапесеннай творчасці.

Асобныя ўстойлівыя эпітэты ў вясельнапесеннай абраднасці могуць таксама выражаць высокую якасць прадмета, характарызаваць аб’ект атрыбутызацыі паводле пажаданага ідэалу [5, с. 59]: «Да не куй, хлопчынку, золотого ножа» [7, с. 247]; «Дзеўка ваду брала. / Упусціла залато вядзерка» [7, с. 277]; «Ой, залатыя кубкі на стале» [6, с. 410]; «Шаўковыя [ручнікі. — А. С.] наляжаліся» [6, с. 138]; «Чырвона вішня, / З-пад кораня выйшла» [7, с. 123].

Таўталагічныя эпітэты, як і паясняльныя, адносяцца ў сваёй большасці да ўстойлівых народнапаэтычных моўных формул. Іх утвараюць плеанастычныя азначэнні, якія дубліруюць сэнс азначаемых слоў і таму не маюць патрэбы ў тлумачэнні: «Пропіў бацька дочку / На салодкім мядочку» [6, с. 395]; «Едзь, сынку, цёмнае_ночы. / Бог тобе до помочы» [6, с. 356]; «Ясны месяц на зары» [6, с. 104]; «А ўжо на двары белы дзень» [6, с. 120].

Адметную выяўленчую выразнасць набываюць у кантэксце вясельных песень таўталагічныя эпітэты, выражаныя аднакаранёвымі словамі, паколькі яны садзейнічаюць узнаўленню ўнутранай формы слова, актуалізуючы семантыку каранёвай марфемы: «Ой, карыся ж, мая донька, / Чужой чужыне» [7, с. 37]; «Постаном, дзе свое познаем. / Нашэ знокоме знакомітое, / Зверху накрытое» [6, с. 358]; «Ой, будзем ехаць борам баравым» [6, с. 272]. Узмацненню семантыкі каранёвай марфемы вобразнага азначэння садзейнічае так званы дэрывацыйны паўтор, пры якім выкарыстоўваюцца аднакаранёвыя з эпітэтам словы. Пры гэтым могуць спалучацца аднакаранёвыя прыметнікі і назоўнікі («Ой, хвоя баравая, / У бару стаяла» [6, с. 353]); прыметнікі і дзеясловы («Белая да бяроза, / А ўве^ лес убяліла» [7, с. 155]); прыметнікі, дзеясловы і назоўнікі («Можа, гордая свякруха ў том доме /Загордуе нявехнаю маладою? / А ў гордоні два лісточкі ападае, / Ох, там мая горка доля прападае» [7, с. 51]). «Тоеслоўны» характар такіх вобразных азначэнняў садзейнічае ўзмацненню іх агульнага сэнсу.

У выніку пераноснага словаўжывання ўзніклі метафарычныя эпітэты, вобразнасць якіх заснавана на аснове пераносу якасці аднаго прадмета на другі паводле знешняга або ўнутранага падабенства. Пры гэтым якасці чалавека пераносяцца на прадметы («У нашае печы / Шырокія плечы» [6, с. 423]; «А ў нашага свата… /Голыя тарэлкі, дай, сваце, гарэлкі» [7, с. 41]); істотныя станоўчыя ўласцівасці прадмета прыпісваюцца чалавеку («А ў нашае дружкі залатыя ручкі» [6, с. 221]; «Госценью дарагія, / Сярэбраныя, залатыя» [6, с. 140]); прыкметы адной рэаліі надаюцца другой («Ой, чыя та хата топіцца? / Шаўковыя дымы іду^» [7, с. 24]; «Не шолкава травінка. / Каля пенья ўецца. / Прыгажуня-дзевіца, / Дружкі не даждзёцца» [7, с. 141]); адцягненыя характарыстыкі дастасоўваюцца да аб’ектыўных з’яў («Адгадайце, баярэ, / Што ў маім дзіўным караваі» [6, с. 331]; «Бацька з маткай… / Да нас прыбылі / Чэсны-важны хлеб прынялі» [7, с. 166]). Некаторыя метафарычныя эпітэты маюць перыфрастычны характар: «Дубовыя дошкі — / Сціслі мне ножкі» [7, с. 37] (дубовыя дошкі — труна); «Сырая зямля /Дзверы заняла» [7, с. 37] (сырая зямля — магіла).

У аснове некаторых устойлівых азначэнняў, што ў вясельных песнях выконваюць функцыю вобразнай характарыстыкі прадмета або з’явы, — метанімічны перанос, тыпы якога даволі разнастайныя. Г эта перанос паводле прасторавай сумежнасці — змесціва ^ посуд («Няхай кубкі мядовыя наліваюць» [7, с. 52]); месца бытавання ^ істота («Баравая, баравая ты, зязюленька, / Борам ляціш, ды не кукуеш» [6, с. 473]); матэрыял ^ выраб з яго («Там Надзечцы каравай пякуць — / Ручкамі да бяленькімі, / Персцянкамі залаценькамі» [7, с. 63]); на аснове часавай сумежнасці — рэалія ^ час яе прыгатавання («Каравайная пара / Ды на покуці стала» [6, с. 354]); суб’ект ^ час яго быцця («Дзявоцкага гулянейка нідзе не знайду» [7, с. 71]); па лагічнай сумежнасці — рэалія ^ паводзіны чалавека («А ў нашага свата / Вясёлая хата» [6, с. 436]); якасць ^дзеянне («На дорожачку пойдзем. / На дорожаньку шчасну» [7, с. 307]); дзеянне ^ з’ява («Што б ты маё … дзіця… /Да такімі саромлівымісловамі абсуждала» [6, с. 337]; «Ой, дай жа, Божа, [долю. — А. С.] дыўсялякую» [7, с. 75]).

Сэнсавы дыяпазон вобразнага азначэння ў вясельнапесенным дыскурсе надзвычай шырокі. Так, пры характарыстыцы асобы падкрэсліваецца яе знешні выгляд («Палюбіла хлопца я / З кучаравым чубам» [7, с. 204]; «Як ту дзеўку не любіці, / У яе чорны вочкі» [7, с. 261]); паводзіны («На работу лянівая нявестка мая» [6, с. 337]; «Ох, муж жану браніў, ды жонку браваю» [7, с. 104]); характар («Бо ў дорожэньку пойдом, /Дорожэньку побітую, /По дзевочку норовітую» [6, с. 357]; «Ліхія ўрагі, / Не пераходзьце дарогі» [7, с. 108]); узрост («Музыкі заігралі, / Маладыя сватачкі заспявалі» [6, с. 50]); эмоцыі («Як ты ўчора із вячора весела была, / А сягоння параненько смутненькая» [6, с. 322]); фізіялагічны стан («Санлівае, драмлівае чужое дзіця» [6, с. 337]); выражаецца найчасцей станоўчая, зрэдку — адмоўная характарыстыка дзеючых персанажаў вясельнай абраднасці («На ём [коніку. — А. С.] хлопец удаленькі сядзіць» [6, с. 408]; «Багаты наш пан / Над усімі панамі» [6, с. 414]; «А ён жа харошы, прыгожы» [7, с. 157]; «Нудзічане ўбогія, / У іх коні бязногія» [7, с. 41]).

Пры апісанні прадстаўнікоў жывёльнага або расліннага свету, як і пры атрыбутызацыі канкрэтных прадметаў, найчасцей вызначаецца іх колер: «Ой, як жа мне, рэчаньцы, быстрай быць. / Як на мяне серы гусі наплылі» [6, с. 322]; «Загрукацелі вараныя коні на дварэ» [6, с. 410]; «Бяліла дзевачка белы лён» [6, с. 325]; «Там па зялёнаму гаю / Казак з дзяўчынай гуляў» [6, с. 406]; «Зялёная ліпа да ўсю восень шумела» [7, с. 103]; «Чырвона каліначка /Блізка к саду стаяла» [7, с. 15]; «Там сіняе да мора грала» [7, с. 101-102]; «Сняжкі белыя, пушысты, / Пакрывалі ўсе паля» [7, с. 145]; «А барашка чорненькі, чорненькі» [7, с.152]; «Бягуць конікі чатыры, / Вязлі карэту сінюю» [7, с. 157]; «Вязе зяць цёшчы пірагі /1 чырвоныя чабаты» [7, с. 190]; «Мяне сустракае / Да зялёным віном / Вітае» [7, с. 231]. Як відаць з прыкладаў, у падобных эпітэтах прэваліруюць назвы белага, зялёнага, чырвонага, сіняга і шэрага колераў. Гэта невыпадкова: белы колер, як вядома, з’яўляецца сімвалам чысціні, зялёны сімвалізуе маладосць, чырвоны — прыгажосць, сіні адлюстроўвае колер неба і вады, сімвалізуе вечнасць і бясконцасць, шэры абазначае масць жывёл [8]. Эпітэт «чырвоны (красны)» вельмі часта ўжываецца ў значэнні вышэйшай адзнакі якасці ‘прыгожы, каштоўны, святочны’: «Наш каравай удаўся… / У чырвоныя кветкі ўбраўся» [6, с. 398].

Акрамя таго, народнапесенны эпітэт вызначае форму рэалій («У майго татачкі крутыя горы» [6, с. 334]; «Пахільнае дзераўца ялінка» [7, с. 109]); іх прасторавыя ўласцівасці («Дарога наша шырокая» [6, с. 370]; «Высокія стагі на гумне» [6, с. 398]; «Цераз мора да глыбокае, /Цераз мора шырокае / Шлі каравайнічкі» [7, с. 212]); указвае на матэрыял, з якога выраблены прадмет («На шалковай дзяружанцы, / На пуховай падушачцы» [6, с. 343]; «Нагаечка драцяная / Высока ўзлятае» [7, с. 259]); адзначае тэмпературныя якасці прадмета («Крыніца не рублена, / Той вада халодная» [6, с. 333]; «Падай свёкру вадзіцы / З сцюдзёнай крыніцы» [7, с. 91]); яго смакавыя ўласцівасці («Дзевяць бочак піва, / А дзесяць віна саладзенькага» [7, с. 59]; «Мне твая вадзічка сладка» [7, с. 91]; «Горкарэдзечкаў гародзе» [7, с. 289]); падае часавую характарыстыку («Зара мая ты вячэрняя, / Не стухай ты так рана» [6, с. 473] .

Выкарыстанне ў адным паэтычным радку некалькіх рознанакіраваных азначэнняў прыводзіць да своеасаблівых сінтаксічных фігур, якія ўзмацняюць экспрэсію песеннага маўлення. Супастаўленне ў адным кантэксце процілеглых па сэнсе вобразных азначэнняў, кантрасных эпітэтаў, што характарызуюць процілеглыя паняцці, стварае антытэзу. Калі ж супрацьпастаўляюцца не толькі азначэнні, але і азначаемыя словы, утвараецца разгорнутая антытэза: «А калі мая добрая долечка, / Садзісь, са мною паедзем, / Калі маё горкае бяздолле, / Рассыпся ў полі вярбоўем» [7, с. 151]. Супрацьпастаўленне можа быць кантэкстуальна абумоўленым: «Наша маладая ў клеці сядзіць… ды каралечкі ніжа, / Не чорненькія, а чырвоненькія» [7, с. 75].

Ланцужок эпітэтаў, выкарыстаны ў вясельнай песні, утварае ампліфікацыйны рад, які адлюстроўвае разнастайнасць ахарактарызаваных рэалій, багацце іх адзнак («Да іспраў-ка ты мне, бацька, увесь нарад. / Зялёная сукеначка, да й да долу, / Шаўковенькі паясочак з трапачкамі, / Казловыя чаравічкі з каблучкамі» [7, с. 110]; «А як пытаць, што за долю даць, / Ці хлебавую, ці грашовую, / Ой, дай жа, Божа, ды ўсялякую» [7, с. 75]); або градацыйныя адносіны, якія выражаюць узмацненне названай якасці («Нарадзіла мяне маці / На цясовай краваці, / На шалковай дзяружанцы, / На пуховай падушачцы» [6, с. 343]; «За зялёнаю дуброваю / Канюшкі свішчуць, / Трох коней ішчуць: / У першага каня шаўковы хвасцец, / У другога каня срэбраны капыт, / У трэцяга каня залата грыва» [7, с. 17]).

Паводле структурна-граматычнай характарыстыкі эпітэты ў вясельных песнях Гомельшчыны ўтвараюць наступныя групы: большасць з іх з’яўляецца поўнымі якаснымі прыметнікамі («Наляцелі вароны з чужое стараны!» [6, с. 330]; «Як пайшлаў чыстае поле жыта жаць» [6, с. 337]); у некаторых выпадках — адноснымі ў прамым («Была ў мяне шоўкавая нітка, / Ды я яе згубіла» [6, с. 343]; «Залаты вянец надзенуць / На галовушку маю?» [7, с. 144] або пераносным значэнні («Госценькі дарагія, / Сярэбраныя, залатыя» [6, с. 140]); прыналежнымі («Каля цесцева двара / Ды цёмная хмара» [7, с. 68]; «Дзявоцкае гулянейка ў вішнёвым саду» [7, с. 71]).

Даволі часта вобразнае азначэнне мае кароткую форму прыметніка, што надае яму мілагучнасць, напеўнасць, лаканічнасць і асаблівую выразнасць: «Няхай перайдзе родна матка, / Каб дарога была гладка» [6, с. 335]; «Мама па двару ходзіць, / Белы ручкі ломіць» [6, с. 353]; «Падляці, пчолачка, / Пад нову камору» [6, с. 354]; «Зялёна рожа, жоўты цвет» [6, с. 356]; «Ці высок месячык на небе?» [6, с. 472]; «Ой, рэчка, рэчка быстра» [6, с. 322]; «Нашы дружкі хорошы» [7, с. 252].

Эпітэт у вясельных песнях можа выражацца таксама дзеепрыметнымі ад’ектываванымі формамі, якія называюць прыкмету, праяўленую ў дзеянні: «У дорожэньку пойдом, / Дорожэньку побітую» [6, с. 357]; «Печ наша пабялёная, / Чэсць наша пахвалёная» [6, с. 117]; «Там нас чостовалі / Куркамі печонымі, /Гускамі смажонымі» [6, с. 165].

Па структуры вобразныя азначэнні ў вясельных песнях Гомельшчыны найчасцей простыя. Толькі зрэдку сустракаюцца складаныя («Чужадальная старонка / Не мядом паліта» [7, с. 144]) і састаўныя эпітэты («Ай, яснакрасна каліна ў лузе» [6, с. 427]; «Бацька з маткай… / Чэсны-важны хлеб прынялі» [7, с. 166]; «Ой, рута мая, дробна зелена» [6, с. 75]).

Функцыю атрыбутызацыі ў вясельных песнях Г омельшчыны выконвае не толькі азначэнне, выражанае прыметнікам, але і акалічнасны дэтэрмінант пры дзеяслове, які паказвае ступень праяўлення дзеяння, яго характар і інтэнсіўнасць: «Свеча… Манячкіна / Ясненька гарэла» [6, с. 443]; «А пад’язджаючы пад сяло, / Заіграй, дудачка, весяло» [7, с. 46]; «Каля хаты румяненька, /А на стале каханенька» [6, с. 321].

Адной з актыўных форм выражэння вобразнага азначэння ў вясельных песнях з’яўляецца прыдатак — азначэнне ў форме назоўніка. Структура моўнай адзінкі з прыдаткам уключае два кампаненты: аб’ект характарыстыкі (азначаемае слова) і слова, якое выражае характарыстыку (недапасаванае азначэнне). Такія эпітэты характарызуюць рэальных і выдуманых персанажаў вясельнай абраднасці паводле рытуальнага стану («Дзевачка-заручоначка, / Перайдзі новыя сені» [7, с. 90]); знешняга выгляду («Едзе дружына да цябе, / Паглядзець красу-дзявіцу» [7, с. 174]); характару паводзін («Наша дружкахітрушка» [7, с. 76]); адносін да іншых людзей («Ды чужыя, людзі-ворагі, / Не пераходзьце дарогі» [6, с. 335]); нацыянальнасці («Набіралі [сукенку. — А. С.] на Івенцы, / Набіралі краўцы-немцы» [6, с. 457]; «Прыехалі сватачкімадзьяркі» [6, с. 448]. Даволі часта эпітэт-прыдатак называе відавую прыкмету, уступаючы ў гіперанімічныя адносіны з азначаемым словамназвай прадстаўнікоў жывёльнага свету («Плыві-плыві, шчука-рыба / По ціхой водзе» [7, с. 312]); расліннага («Звонщь дзерава-каліна, / Па полі ішла Куліна» [7, с. 13]; «Ой, сарву я ружу-кветку» [6, с. 145]); грашовых адзінак («У яго кожнай кшэньцы /Ляжалі грошы-чырвонцы» [6, с. 457]); матэрыялу вырабу («Іграйце, дудачкі-медзянкі» [6, с. 448]); шляхоў зносін («Самі коні заехалі дарогаю-таптанкаю» [6, с. 222]); адрэзкаў часу («А цяпер мне часгадзіначка / На пасадзе пасядзець» [7, с. 14]; «Зборніца-субота, зборніца» [7, с. 273]); адцягненага паняцця («Хмелем, жытам обсыпаю, / Шчасце-долю посылаю» [7, с. 227]).

У некаторых выпадках у вясельных песнях ужываюцца парныя эпітэты-прыдаткі, якія павышаюць выяўленчую выразнасць паэтычнага радка. Яны могуць выконваць сінанімічную («Самі коні заехалі дарогаютаптанкаю / За своею каханкаю, / Дарогаю-тапатухаю за своею маладухаю» [6, с. 222]) або алегарычную функцыю («Караваю, мой раю. / Я цябе прыбіраю / Па краёх сырам-маслам, / Пасярод — доляй-шчасцем» [7, с. 15].

Выключная большасць вобразных азначэнняў у вясельных песнях ужываецца ў складзе канструкцый з сінтаксічным паралелізмам, выконваючы такім чынам не толькі характарызуючую, але і супастаўляльную функцыі. Пры гэтым супастаўляюцца найчасцей з’явы прыроды і паводзіны або стан галоўных дзеючых асоб шлюбнай цырымоніі: «Там сіняе да мора грала, / Там Анечка да воду брала» [7, с. 101-102]; «Умайго татачкі крутыя горы — / Мне гуляць па волі» [6, с. 334]; «Ці высок месячык на небе? Ці прыгож Іванька на кані?» [6, с. 472]; «Няхай сады зялёныя ўмятаюць, умятаюць… / Няхай мяне маладую дажыдаюць» [7, с. 52]; «Пахільнае дзераўца ялінка… / Пакорнае да дзіцятка Ганначка» [7, с. 109]; «У варот трава прыталочана, / Яў баценькі заручана» [7, с. 141]. Праводзіцца аналогія паміж уласцівасцямі пэўных прадметаў і якасцямі або станам дзеючых асоб: «Гарэлачка саладзенькая, /Нявеста маладзенькая» [7, с. 217]; «Да наша свечка ясна, /Да наша Галонька красна» [7, с. 250]; «Да суха каша, суха, / А наша сваха глуха» [7, с. 251]; «Сіня груба павалілася — / Наша Танечка заручылася» [7, с. 135]; «Із добрага цеста добра паленіца, / Із добрай дзеўкі добра маладзіца» [6, с. 339] і іншыя.

Такім чынам, вобразнае азначэнне з’яўляецца адным з самых пашыраных сродкаў выяўленчай выразнасці ў вясельных песнях Гомельшчыны. Надзвычай разнастайнае па семантыцы, форме і структуры, яно актыўна садзейнічае наглядна-вобразнай канкрэтызацыі паэтычнага маўлення, стварэнню слоўнай вобразнасці і эмацыянальна-экспрэсіўнай канатацыі народнапесеннага дыскурсу.

Літаратура

  1. Кацнельсон, С. Д. Содержание слова, значение и обозначение / С. Д. Кацнельсон. — М.-Л.: Наука, 1963. — 276 с.
  2. Тарасов, Л. Ф. Поэтическая речь: типологический аспект / Л. Ф. Тарасов. — Харьков: Высшая школа, 1976. — 140 с.
  3. Кожина, М. Н. О специфике художественной и научной речи в аспекте функциональной стилистики / М. Н. Кожина; отв. ред. М. А. Генкель. — Пермь: Б. и., 1966. — 213 с.
  4. Гілевіч, Н. С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі: слова і вобраз.
  5. Паэтычны сінтаксіс: гукапіс і рыфма / Н. С. Гілевіч. — Мінск: Вышэйшая школа, 1975. — 288 с.
  6. Веселовский, А. Н. Историческая поэтика / А. Н. Веселовский. — М.: Высшая школа, 1989. — 404 с.
  7. Вясельная традыцыя Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік /уклад. В. С. Новак. — Мінск: Права і эканоміка, 2011. — 485 с.
  8. Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік / уклад.І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. — Мінск: ЛМФ «Нёман», 2003. — 472 с.http://studopedia.ru/2_34305_tema–rastitelnaya-i-zoomorfnaya-simvolika.html. — Дата доступу: 03.03.2015.

Аўтар: А.А. Станкевіч
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 18 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2015. — С. 298-305.