Замовы — гэта адзін з найстаражытнейшых жанраў фальклору, гэта своеасаблівыя магічныя формулы, з дапамогай якіх дасягалі жадаемага. Вялікая колькасць замоў, якія былі захаваны і праз стагоддзі змаглі дайсці да сённяшняга дня, утрымлівае ў сваіх тэкстах адначасова і язычніцкія, і хрысціянскія матывы. Пра гэта сведчыць наступны тэкст замовы «Ад крывацёку»: «На моры акіяне, на востраве Буяне стаіць дрэва. На тым дрэве цар-воран сядзіць. Цар-воран, не каркні, а ты, кроў, у раба божага (імя) не капі. Ехаў Ісус Хрыстос ракою, паганяў хвалю мятлою. Астанавіся, кроў, у ране, як Ісус Хрыстос у Іардані. Ішоў Апостал залатым мастом, насустрач яму Божая Маці: — Куды ідзеш, Апостал, залатым мастом? — Іду к маці крыві замаўляці, жалеза выгавараці» [1, с. 60, №174]. У гэтым тэксце арганічна аб’яднаны язычніцкія ўяўленні аб сусветным дрэве, і хрысціянскія элементы (наяўнасць вобразаў Ісуса Хрыста і Божай Маці).
Замовы, на першы погляд, падобны да малітваў, аднак на самой справе існуе істотнае адрозненне: калі ў малітве гучыць матыў пакорлівай просьбы міласці ад Бога, то ў замове — дасягненне мэты з’яўляецца абавязковым пры дапамозе слоў (вербальная магія) і дзеянняў. Як вядома, магічны прынцып гэтага фальклорнага жанру — падобнае выклікае падобнае. Зразумела, што для дасягнення патрэбнага выніку трэба прыкласці максімум намаганняў, а значыць, слова, выкарыстанае ў замове, павінна як мага мацней уздзейнічаць на чалавека (хваробу, якую трэба вылечыць), менавіта ў такіх тэкстах «прыхавана» вялікая колькасць вобразных сродкаў, якія не могуць не выклікаць цікавасці.
Адметны мастацкі прыём замоўных формул — гэта прыём ампліфікацыі, сутнасць якога заключаецца ў шматразовым выкарыстанні ў тэксце мастацкіх сродкаў (эпітэтаў, метафар, вобразаў, параўнанняў і інш.). Абумоўленасць ужывання гэтага мастацкага прыёму выклікана імкненнем уздзейнічаць на псіхіку чалавека, яго ўнутраны стан.
У тэкстах замоў вельмі часта сустракаюцца таўталагічныя эпітэты: «Залатой залатнічок, стань на сваё места.» [1, с. 47, №116]; «Ты, скула-скуланіца, жоўтая жаўтавіца, сіняя сінюга, жоўтая жаўтуха, белая бялюга» [1, с. 48, №121]; «Ах, вы, чатыры братца, буйныя вятры, выньце сухоту-сухотушчую з раба (імя)» [1, с. 169, №707]. Вышэйпрыведзеныя азначэнні акцэнтуюць увагу на прымеце прадмета (з’явы), якая з’яўляецца яго характэрнай рысай, што дапамагае ўзмацніць значэнне дадзенай прыметы менавіта ў той ці іншай сітуацыі. У лекавых замовах сустракаюцца і скразныя эпітэты, якімі прасякнуты ўвесь тэкст: «Госпадзі Божа, прыступі, Госпадзі Божа, памажы, свята Прычыста, свята нядзелька, святы аўторак хрыстовы» [1, с. 61, №182]. Паўтарэнне аднаго і таго ж слова ў тэксце замовы ўзмацняе сілу яе магічнага ўздзеяння на свядомасць чалавека.
Неад емнай часткай лекавых замоў з яўляюцца сталыя эпітэты, напрыклад: «сіняе мора», «круты бераг», «буйныя вятры», «віхры чуйныя», «чорная печань», «красная дзявіца», «малады маладзічок», «залаты месяц», «чыстае поле», «шаўковая траўка», «жоўты пясочак» і інш. Здавалася б, што гэтыя ўжо звыклыя для кожнага з нас спалучэнні ніяк не могуць нейкім асаблівым чынам паўздзейнічаць на свядомасць чалавека, але на самой справе менавіта такія выразы са сталымі эпітэтамі ў замоўным тэксце скіраваны на выкліканне неабходных асацыяцый у падсвядомасці.
Варта адзначыць, што пры дапамозе гэтых сродкаў (эпітэтаў) дасягаецца не толькі пэўны эмацыянальны ўзровень выканання замоўных формул, уплыў на псіхіку чалавека, але падаецца пэўная пазнавальная інфармацыя, характарызуюцца вобразы, перадаюцца адценні значэння таго ці іншага слова. Як адзначыў даследчык Н.С. Гілевіч, «відаць, уся справа ў адчуванні слова, у здольнасці ўлоўліваць яго самыя тонкія семантычныя і эўфанічныя адценні. А гэта ў вышэйшай ступені ўласціва народу-моватворцу» [2, с. 17]. У тэкстах лекавых замоў можна сустрэць і такія азначэнні, якія тлумачаць паходжанне захворвання, напрыклад: «Чытала кнігу Евангелію, вычытывала скулу-рожу: і родную, і прыродную, і спешную, і смешную, і падуманую, і прастужаную» [1, с. 48, №121]; «Зоры-зарыцы, красныя дзявіцы, вазьміце вы ад етага раба божага (імя) крыксы-плаксы, нашніцы дзённыя, палудзённыя, нашныя, палуношныя, часавыя, мінутныя, урошныя і прыгаворныя, вадзяныя, ветраныя, пужаныя і зліканыя, бацькіны і маткіны, бабіны і дзедавы, цёткіны і дзядзькіны, дзявоцкія і хлапоцкія, жаноцкія, мужчынскія і парабоцкія, жалосныя і карысныя, уцешныя і прысмешныя, светавыя і заравыя» [1, с. 94, №351].
Выклікаюць цікавасць у тэкстах лекавых замоў, запісаных на тэрыторыі Гомельскай вобласці, мастацкія параўнанні, напрыклад: «Астанавіся, кроў, у ране, як Ісус Хрыстос у Іардані» [1, с. 60, №174]; «Як чорны мак пасеўны, так і ты, залатнічок, пяром у гору ўзнімайся, на сваё месца станавіся, не вышэй і не ніжэй пупа. Як па небе маладзічок і зоркі вакруг свету ходзяць, так і ты, залатнічок, хадзі, расхадзіся, свайго месца пільнуйся і на сваё месца станавіся — ля пупа, ля пупа, ля пупа» [1, с. 64, №191]. Цікавымі таксама з’яўляюца і адмоўныя параўнанні: «Удар-ударышча, полом-поломішча, як тому дзераўцу на попелечке не стаяці, карэнне не пускаці, галлём не махаці, расой не капаці, так гэтаму ўдару, пабою, палому не балець ні в старыке, ні в маладзіке» [1, с. 111, №422]. Вышэйпрыведзеныя прыклады, у якіх маюць месца мастацкія параўнанні, у тым ліку і адмоўныя, дапамагаюць дасягнуць мэты — уздзейнічаць на свядомасць чалавека.
У тэкстах лекавых замоў выкарыстоўваецца такі мастацкі прыём, як гіпербала, які адыгрывае важную ролю ў характарыстыцы тых ці іншых прадметаў і з’яў: «удар-ударышча», «полом-поломішча», «пудпудзішча», «грызь-грызішчэ», «лясішчэ» і інш. Для дэманстрацыі моцы слова, якое валодае вербальнай магіяй, часта выкарыстоўваліся гіпербалізаваныя выразы, напрыклад: «.ссылаю на чыстае поле, на сіняе мора, за крутыя горы» [1, с. 102, №385]; «Воўчу галаву разаб’ю, клочану бараду разарву, а чэрэцяныя ногі пераламаю» [1, с. 109, №415].
Звернемся да яшчэ аднаго вобразнага сродку, без якога цяжка ўявіць тэкст замовы — метафары. Дзякуючы метафарычным выразам тэксты набываюць яркае эмацыянальнае гучанне: «Датуль жа ты, грызь, у гэтага раба божага (імя) па касцях хадзіла, косці ламіла, жылы жарам паліла пакуль цябе не ўмаліла, ухадзіла, угаварыла, назад ты вараціся, на сваё месца станавіся» [1, с. 205, №839]; «Каб па касці не хадзіць, касці не ламіць, шчырага сэрца не знабіць, краснай крыві не паліць» [1, с. 205, №840].
У тэкстах лекавых замоў даволі часта трапляюцца такія сінтаксічныя канструкцыі, у якіх маюць месца паўторы аднакарэнных слоў ці слоў-сінонімаў, частак сказа ці цэлых сказаў, напрыклад: «Устану я рана-раненька, памыюся бела-беленька, выцеруся сухенька, мамачка мая сітошніца, вялікая памошніца, памагі, Госпадзі, няверную сілу адхадзіць. Устану рана-раненька, памыюся бела-беленька, выцеруся сухенька, выйду на чыстае поле, там на сінім моры стаіць дуб, пад дубам ляжыць камень, на тым камені ляжыць прыстол, на прыстолі стаяць чары, усе віном паналіваны.» [1, с. 101, №385]. У дадзеным тэксце прысутнічае мастацкі прыём ступянёвага звужэння вобразаў (дуб — камень — прыстол — чары).
Пры дапамозе вобразнага паралелізму ў тэкстах лекавых замоў яскрава адлюстроўваюцца суадносіны чалавека і прыроды. «Вобразны паралелізм грунтуецца на супастаўленні пэўнага псіхічнага стану або пэўнага дзеяння чалавека ў жыцці прыроды» [2, с. 40]. Звернемся да прыкладаў тэкстаў, дзе сустракаецца гэты мастацкі прыём: «На сіяні-моры там сонца сіяла. Прашу Госпада Бога, штоб на душэ засіяла» [1, с. 49, №126]; «Гара з гарой, а (імя) з папай і мамай (са мной (для сябе))» [1, с. 56, №153]. Даволі часта ўжываецца і адмоўны паралелізм, які ўзмацняе падчас лекавання хваробы сілу ўздзеяння магічным словам: «Соколу по бору не летаці, гнез дочек не віці, яечок не несці. Сім дзевяці соломінкам на суставах не стояці, своему звіху-удару не болеці» [1, с. 55, №149]; «Цар-воран, не каркні, а ты, кроў, у раба божага (імя) не капні» [1, с. 60, №174].
Такім чынам, у лекавых замовах, некаторыя з якіх уяўляюць сабой сінтэз язычніцкіх і хрысціянскіх элементаў, выкарыстоўваюцца такія мастацкія сродкі, як эпітэты, параўнанні, метафары (метафарычныя выразы), паўторы, гіпербала, ампліфікацыя і інш.
Спіс літаратуры
- Вяргеенка, С. А. «На моры-акіяне, на востраве Буяне» (лекавыя замовы Гомельшчыны): фальклорна-этнаграфічны зборнік /
- С.А. Вяргеенка; пад рэд. В. С. Новак; М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2009. — 220 с.
- Гілевіч, Н. С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі / Н. С. Гілевіч. — Мінск, 1975. — 288 с.
Аўтар: В.А. Каменюкова
Крыніца: Актуальные проблемы филологии: сборник научных статей / редкол.: А.В. Бредихина [и др.]; Министерство образования Республики Беларусь, Гомельский государственный университет им. Ф. Скорины. — Гомель, 2016. — Вып. 9. С. 155-158.