Вобраз вадзяніка ў міфалагічнай прозе Гомельска-Бранскага памежжа: этналінгвістычны аналіз

0
1539
Вобраз вадзянік ў міфалагічнай прозе Гомельска-Бранскага памежжа

Традыцыйная культура як адна з важнейшых форм адлюстравання духоўнага жыцця народа з’яўляецца важнай крыніцай вывучэння асаблівасцей фарміравання нацыянальнай самабытнасці і светапогляду.

Асаблівую цікавасць для даследавання мае традыцыйная народная культура памежжа, якая фарміруецца пад уплывам шматлікіх гісторыка-этнаграфічных, сацыяльна-палітычных і канфесійных фактараў ва ўмовах працяглых этнічных кантактаў і складанага ўзаемаўплыву розных нацыянальных груп.

Этнакультурная прастора Гомельска-Бранскага памежжа з’яўляецца адным з самых цікавых рэгіёнаў славянскага свету, паколькі захоўвае многія асаблівасці ўсходнеславянскай культуры. У фальклоры, народных звычаях і абрадах, што бытуюць на дадзенай тэрыторыі, найбольш поўна праяўляюцца архаічныя элементы духоўнай спадчыны блізкароднасных народаў. Тэрыторыя гэта закранае палескі арэал. Як адзначаецца ў навуковай літаратуры, каштоўнасць Палесся як цэласнага этнакультурнага рэгіёна вызначаецца яго непасрэдным суседствам з гіпатэтычнай тэрыторыяй славянскай прарадзімы, што дазваляе лічыць Палессе адным з найбольш старажытных арэалаў рассялення славян і фарміравання іх культуры [1, с. 8].

Вялікую ролю ў фарміраванні этнасу, нацыянальнай самасвядомасці, менталітэту нацыі адыграў фальклор [2, с. 32-33]. Як слушна заўважыў Н.С. Гілевіч, “фальклор — паняцце незвычайна змястоўнае, шматграннае, гэта не толькі паэзія ў прамым сэнсе слова, гэта і народная філасофія, і мараль, і абрад, і звычай, і павер’е, і старажытны міф”.

Міфы, якія адносяцца да аднаго з самых старажытных жанраў народнай вусна-паэтычнай творчасці, займаюць асаблівае месца ў фальклоры. Іх паходжанне звязана з адухаўленнем — пераносам дзеянняў і ўласцівасцей чалавека на рэаліі прыроднага свету, а таксама наданнем неадушаўлёным прадметам і з‘явам стану і паводзін жывых істот. Адухаўляючы з’явы і рэаліі аб’ектыўнай рэчаіснасці, першабытны чалавек насяляў навакольны свет міфічнымі істотамі. Вытокі міфатворчай дзейнасці даследчыкі бачаць у свядомасці першабытнага чалавека — у яго здольнасці да анімізацыі прыродных з’яў і рэалій.

Як адзначаюць аўтары рэгіянальных фальклорна-этнаграфічных даследаванняў, менавіта на тэрыторыі Гомельшчыны, у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Беларусі, надзвычай актыўна бытуюць народныя вераванні, звязаныя з персанажамі ніжэйшай міфалогіі [3, с. 8]. Сукупнасць персанажаў ніжэйшай міфалогіі складаюць духі прыроднай прасторы, хаты і сядзібы і людзі-нячысцікі.

Да духаў прыроднай сферы адносяцца міфалагічныя персанажы, якія насяляюць водную і лясную прастору. У народным уяўленні выпрацавалася пэўная тыпалагічная характарыстыка персанажаў ніжэйшай міфалогіі, якая ўключае некалькі параметраў: месца і час існавання, знешні выгляд, асаблівасці паводзін, адносіны да іншых міфалагічных істот, стасункі з людзьмі і інш. Завяршаецца характарыстыка звычайна рэкамендацыямі, як трэба паводзіць сябе чалавеку, каб не раззлаваць духа. Даследчыкі называюць такія змястоўныя элементы ў іх розных камбінацыях “персанажаўтваральнымі адзінкамі, з якіх канструіруецца канкрэтны міфалагічны персанаж”. Поўны набор такіх характарыстык утварае сэнсавы змест міфоніма [1, с. 23].

Намінацыі персанажаў ніжэйшай міфалогіі маюць, як правіла, празрыстую структурна-семантычную матывацыю. Яны матывуюцца назвай месца існавання: дамавік, хатнік, хлеўнік, лесавік, палявік, балотнік, вадзянік.

Вадзянік у ніжэйшай міфалогіі лічыцца апекуном вады. Гэта міфалагічная істота на Гомельшчыне мае варыянтныя намінацыі. Акрамя суфіксальнага дэрывата вадзянік, выкарыстоўваюцца субстантываваныя назвы вадзяны, вадяной, водяной, якія з’явіліся пад уплывам рускага міфоніма водяной [4, с. 20]. Даследчыкі лічаць вадзяніка адным з важнейшых прадстаўнікоў славянскай дэманалогіі [5, с. 396].

У міфалагічных паданнях Гомельшчыны дакладна ўсведамляецца сутнасць гэтага персанажа, яго прыналежнасць да нячыстай сілы: Вадзяніка ў нас называлі вадзяной. Ета злы дух балот, азёраў, глубін рэчак (Гомель) [4, с. 20]; Вадзянік, як і другая нечысць, можа ў людзей душу забіраць (в. Глыбаўка, Веткаўскі раён) [4, с. 17]; Водяной — это представитель нечистой силы, демон в образе старика (Гомель) [4, с. 20]; Усе людзі ў нашай вёсцы лічылі вадзяніка злым духам, таму што ён рваўрыбацкія сеткі і зацягваў да сябе ў царства прыгожых маладых дзяўчын .. людзі ведалі тыя месцы, дзе жыве вадзянік, і абходзілі іх стараною. Яны лічылі, што гэтыя мясціны прокляты (в. Залессе, Чачэрскі раён) [4, с. 30-31]; Вадзянік — эта такая нечысць, каторая жыве ўрэках, балотах, вазёрах (г.п. Церахоўка, Добрушскі раён) [6, с. 27].

У міфалагічных апавяданнях Гомельшчыны адзначанага рэгіёна даволі дэталёва і канкрэтна апісваецца месца яго існавання: Вадзянік жыве ў вадзе (в. Неглюбка, Веткаўскі раён) [4, с. 17]; Ён жыве ў самых глыбокіх ямінах у рэках і азёрах. А шчэ ён можа выбіраць сабе месцы ля берага (в. Чамярня, Веткаўскі раён) [4, с. 18]; Вадзянікі вадзілісяўрэчцы, магліў балоце быць і ў возеры (в. Крупец, Добрушскі раён) [4, с. 23]; Водяные также живут в водяных поддонах под мельницами (г. Добруш) [4, с. 22].

У некаторых аповедах удакладняецца, што вадзянік жыве ў глыбокай, як правіла, бруднай вадзе, што падкрэслівае негатыўнае ўспрыняцце гэтага персанажа: Ён жывець у балотах, а можа і ў возеры якім-небудзь, у якіх вада гразная (г. Гомель) [3, с. 6], Ён жыве ў самых глыбокіх ямінах у рэках і азёрах (в. Чамярня, Веткаўскі раён) [3, с. 6]; Вадзянік жыве ў быстрай вадзе. Кожны вір мае свайго вадзяніка. Яны абітаюць у крыніцах глыбокіх, у глыбіні рэк і азёр, у такіх месцах, якія зімой не замярзаюць (г. Добруш) [4, с. 22]. У асобных паведамленнях сцвярджаецца, што вадзянік мог знаходзіцца і ў калодзежы: У нас азёр і рэчак вялікіх не было, таму вадзянік вадзіўсяў калодзежах, і яго звалі залезная баба (в. Глыбоцкае) [3, с. 6].

Падрабязна ў міфалагічных паданнях Гомельска-Бранскага памежжа апісваецца знешні выгляд вадзяніка, які носіць найчасцей антрапаморфны характар, пры гэтым звяртаецца ўвага на яго ўзрост. Найчасцей вадзянік апісваецца падобным да старога дзеда: Вадзяны выглядае як стары дзед (в. Чамярня, Веткаўскі раён) [4, с. 18]; Вадзяны — эта жыве ў вадзе такі дзед (в. Насовічы, Добрушскі раён) [4, с. 23]; узгадваецца, што ён падобны на мужыка: Вадзянік жыве ў вадзе, на балоце, пахож на мужыка (г. Гомель) [4, с. 19]; выглядае, як чалавек: Выглядае, як чалавек, як у вачках, волас длінны (Вылева, Добрушскі раён) [4, с. 22-23].

Партрэтная характарыстыка вадзяніка ў міфалагічнай прозе Гомельшчыны даволі маляўнічая, абавязковым яе атрыбутам з’яўляюцца элементы воднай стыхіі, у якой ён знаходзіцца: Вадзяны .. увесь зялёны, у ціне (в. Чамярня, Веткаўскі раён) [4, с. 18]; Сам увесь у водараслях, зялёнага колеру, з вялікай барадой (г. Гомель) [4, с. 19]; Зялёны ён такі быў, касматы і валасаты, страшны (в. Крупец, Добрушскі раён) [4, с. 23]; Вадзянік меў від старога чалавека, укрытага водараслямі і цінай, з зялёнай барадой, дліннымі валасамі (г. Добруш) [3, с. 6].

Некаторыя характарыстыкі знешняга выгляду вадзяніка з’яўляюцца абсалютна супрацьлеглымі, што сведчыць пра шматграннасць яго вобраза: Ён дужа чысценькі, бо знаходзіццаў вадзе. Ён без ціны іўсякай гразі (в. Вылева, Добрушскі раён) [4, с. 22-23]; Тело [вадзяніка — А.С.] .. покрыто грязью и тиной полностью (г. Добруш) [4, с. 22].

У партрэтную характарыстыку вадзяніка арганічна ўкрапляюцца асобныя зааморфныя элементы, навеяныя аналогіяй з іншымі воднымі “жыхарамі”. Уводзяцца такія элементы ў характарыстыку знешняга выгляду вадзяніка, як правіла, у форме параўнанняў: Вадзяны увесь такі слізкі, як рыба (в. Шэйка, Веткаўскі раён) [4, с. 18]; кожа ў яго, як чэшуя (г. Гомель) [4, с. 19]; замест нагцей і пальцаў кляшні, як у рака (в. Чамярня, Веткаўскі раён) [4, с. 18] або апісання: у яго рыбій хвост (в. Насовічы, Добрушскі раён) [4, с. 23]. Спалучэнне антрапаморфных і зааморфных элементаў у знешнім выглядзе персанажа сведчыць аб амбівалентнасці яго асэнсавання стваральнікамі фальклору. У некаторых міфалагічных паданнях да вобраза вадзяніка дадаюцца фітаморфныя ўяўленні: Вадзяны, калі ета яму нада, можа стаць асакой, чаротам, а то шчэў корч прэўраціцца (в. Куты, Веткаўскі раён) [4, с. 17].

Даволі шматгранная характарыстыка асаблівасцей паводзін вадзяніка. Ён, як адзначаецца ў некаторых паданнях, здольны да метамарфозы — можа пераўтварацца ў водныя расліны або мець выгляд істоты, падобнай да рыбы: Вадзяны абарачвался ў водараслі ці ў рыбу, каб утапіць чалавека (в. Насовічы, Добрушскі раён) [4, с. 23]; Каб людзі яго не бачылі, ён часта з’яўляецца ў вобразе сома ці іншых рыбін (г. Гомель) [3, с. 7]; Яны [вадзянікі — А.С.] напамінаюць вялікіх рыб з чалавечым ліцом (в. Куты, Веткаўскі раён) [4, с. 17]; Ён і ёсць рыба з тварам чалавечым, але злым-злым, што аж страшна (в. Шэйка, Веткаўскі раён) [4, с. 18].

Адметнай асаблівасцю характарыстыкі вобраза вадзяніка ў міфалагічнай прозе Гомельска-Бранскага памежжа з’яўляецца наданне яму пэўных сацыяльна-камунікатыўных рыс паводзін. Стваральнікамі міфалагічных паданняў вадзянік усведамляецца гаспадаром воднай стыхіі: Водяной является хозяином воды и царем рыб (г. Добруш) [4, с. 22]; Ён ваабшчэ самы галоўны ў вадзе, і ўсе яму падчыняюцца, дажэ рыба (г. Гомель) [4, с. 19]. Маючы асаблівую прыхільнасць да вады, ён водзіць рэй з русалкамі, якія, паводле народных уяўленняў, з’яўляюцца “жыхарамі” воднай прасторы: Над русалкамі ўсімі стаіць вадзянік. Ён ім прыказвае, што рабіць. А тыя павінны слухацца, бо не хочуць прагнявіць хазяіна (в. Шэйка, Веткаўскі раён) [4, с. 27].

Народная фантазія надзяляе вадзяніка здольнасцю жаніцца, і ў гэтым таксама праявіўся яго антрапамарфізм: Жэніцца ён на русалках, вадзяніцах. А шчэ любіць маладых утопленіц. Вадзяны, як ажэніцца з утопленіцай, адразу лагаднее, дажа на некаторы час прыціхае (в. Шэйка, Веткаўскі раён) [4, с. 18].

Як гаспадар воднай стыхіі вадзянік апякае сваю прастору: сочыць за чысцінёй вады, назірае за дзейнасцю рыбакоў: Вадзяны запаведуе вадой (в. Неглюбка, Веткаўскі раён) [4, с. 17-18]; Зліўся, што калі кідалі нешта ў ваду, ноччу рыбу лавілі (в. Крупец, Добрушскі раён) [4, с. 23]; Вадзянік .. увесь час рыбу адганяе (в. Чамярня, Веткаўскі раён) [4, с. 18].

Неадназначнымі ў міфалагічных апавяданнях падаюцца стасункі вадзяніка з людзьмі. Існуе меркаванне, што ён не шкодзіць людзям: Хазяін вады не злы. Ён нікому нічога не дзелаў (г. Добруш) [4, с. 22]. У іншых паданнях гаворыцца, што вадзянік можа быць розным у адносінах да людзей: Хто-та гаварыў, што вадзянік злы, а хто-та — што добры. Як я чула, ён тапіўрыбакоў і тых, хто купаўся без хрэсціка (в. Антонаўка, Веткаўскі раён) [3, с. 22]; Вадзянік касматы, увесь у ціне, лупаты. Сядзіць у вадзе, бармоча, якоча, ваду ўскаламучвае. Для каго добры, а для каго злы. Хто пакрыўдзіць яго, на таго злы, а хто ўладзіць усё — для таго добры (в. Нісімкавічы, Чачэрскі раён) [3, с. 31]. У некаторых запісах размяжоўваюцца добрыя і злыя вадзянікі: Добрага звалі ціхоня, і жыў ён у чыстай вадзе, а злога звалі ці баламут, ці вірун .. , і жыў ён у гразнай вадзе. Ціхоня людзмя не дзелаў зла, на то ён і ціхоня. А вірун не любіў людзей. ён так і глядзеў, каб каго-небудзь утапіць ды забраць к сабе (в. Міхалькі. Гомельскі раён) [6, с. 17].

Але найчасцей апісваецца варожая ў адносінах да людзей дзейнасць вадзяніка: Яны жывуць у вадзе. Пойдзеш купацца, а ён цябе і затопіць. Вадзянікі гукаюць людзей у ваду (в. Янова, Веткаўскі раён) [6, с. 24]; Вадзянік .. злы і топіць людзей, асобенна красівых, а із дзевак робіць русалак, а яны яму служаць (г. Гомель) [4, с. 19]; Ён людзям нічога харошага не здзелае. Любіць вадзяны толькі калдуноў (в. Куты, Веткаўскі раён) [4, с. 17]; Ён можа ўтапіць чалавека, які купаецца без крыжа, тады спасаць чалавека нельга, бо вадзянік і цябе ўтопіць (г. Гомель) [4, с. 19]; Ета вадзяное чучала. Калі будзеш кідаць мусар ў ваду, ён цябе запомніць, і, калі будзеш мыцца, цябе затопіць. З ім лучшы не шуці (в. Стаўбун, Веткаўскі раён) [3, с. 19].

Як сцвярджае А. Леўкіеўская, паданні пра вадзяніка звязаны са старажытнамі славянскімі ўяўленнямі пра тапельнікаў [7, с. 240]. У сучасных міфалагічных паданнях Гомельска-Бранскага памежжа ў пацвярджэнне гэтаму ёсць асобныя этыялагічныя звесткі — выказваецца меркаванне адносна паходжання апісваемага персанажа: Вадзянік — гэта быўшы ўтопленік. Вадзянікі жывуць вялікай зграей у вадзе. Часцей за ўсё гэта мужчыны з доўгімі зялёнымі валасамі і доўгімі кіпцюрамі. Яны зазываюць купальшчыкаў далей у ваду, а потым шлакочуць іх, пакуль тыя не памруць (г.п. Новае Жыццё, Гомельскі раён) [4, с. 21-22].

Дапаўняецца характарыстыка вобраза вадзяніка ў міфалагічных апавяданнях адзначанага рэгіёна рэкамендацыямі да паводзін чалавека, якія засцерагаюць ад шкоднага ўздзеяння вадзяніка: Вадзяны .. любіць да сябе маладух зацягваць. Таму ніколі не йдзі ў ваду без крыжа, бо ён галоўны выратавальнік (в. Шэйка, Веткаўскі раён) [4, с. 18]; Каб у жывых астацца, нада ўсігда з сабой крэсцік насіць. Толькі ён зможа спасці чалавека (в. Чамярня, Веткаўскі раён) [4, с. 18]; Нельга адному хадзіць купацца, бо вадзянік забярэ, а спасці будзе няма каму (г. Гомель) [4, с. 19]. Ён падманвае людзей і зацягвае ў балота, а потым топіць іх. Трэба ходзіць у балотныя мясціны з людзьмі харошымі, бо ён ім нічога не зможа зрабіць, што оні знаюць загаворы, якія засцярагаюць іх, і он іх баіцца (в. Жгунь Добрушскага раёна) [3, с. 19]; Каб не ўтапіцца, то нельга было купацца на свята або ноччу (г.п. Новае Жыццё, Гомельскі раён) [4, с. 21-22].

У міфалагічных апавяданнях Гомельшчыны як сродак засцерагання людзей ад шкоднай дзейнасці вадзяніка ўпамінаецца ўлагоджванне міфічнай істоты: Каб вадзянік не зацягваў людзей, нада да яго паддабрывацца, кідаць яму розную ежу ці дабро (в. Антонаўка, Добрушскі раён) [6, с. 17]. Даюцца таксама парады адносна барацьбы з вадзянікамі: У нас ёсць шмат месцаў, дзе былі некалі азёры, а ў іх абіталі вадзянікі. Яны часта талкалі людзей у вір. Трэба было закрыць галоўны істочнік возера. Тады вады станавілася меней, і вадзянік перасяляўся ў іншае месца (г. Добруш) [4, с. 22].

Такім чынам, у міфалагічнай прозе Гомельска-Бранскага памежжа даволі падрабязна апісваецца вобраз вадзяніка як прадстаўніка ніжэйшай міфалогіі, у якім спалучаюцца антрапаморфныя, зааморфныя і фітаморфныя рысы, указваюцца яго шматлікія персанажаўтваральныя характарыстыкі паводле асаблівасцей існавання, знешняга выгляду і паводзін, даюцца перасцярогі і парады да бяспечных паводзін чалавека на вадзе.

Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц

  1. Народная демонология Полесья: Публикации текстов в записях 80 — 90-х гг. ХХ века. Т.1: Люди со сверхъестественными свойствами / Составители Л.Н. Виноградова, Е.Е. Левкиевская. — М.: Языки славянских культур, 2010. — 648 с.
  2. Чистов К.В. Народные традиции и фольклор: Очерки теории. Л: Наука, 1986 — 303 с.
  3. Ніжэйшая міфалогія беларусаў у сучасных запісах / аўтары-ўкладальнікі: В. С. Новак, А. А. Кастрыца, К. В. Паборцава; Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны. — Мінск: Права і эканоміка, 2014. — 98 с.
  4. Міфалагічныя ўяўленні беларусаў / уклад В. С. Новак. — Мінск: Права і эканоміка, 2010. -538 с.
  5. Левкиевская Е.Е. Водяной / Славянские древности / Е.Е. Левкиевская, В.А. Усачева. Этнолингвистический словарь под ред. Н.И. Тольстого. — Т.1 — М.: Международные отношения, 1995. — 584 с.
  6. Новак, В. С. Славянская міфалогія (на матэрыялах Гомельскай вобласці) / В. С. Новак. — Мінск: Права і эканоміка, 2009. — 328 с.
  7. Левкиевская, Е. Мифы русского народа / Е. Левкиевкая. — М.: Астрель, АСТ, 2000. — 526 с.


Аўтар:
А.А. Станкевіч
Крыніца: Духоўная спадчына Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: А. М. Воінава (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2018. – С. 131-135.