Віталь Цвірка. Ганча — партызанская зямля

0
432
Віталь Цвірка — Ганча – зямля партызанская / Виталий Цвирко
Віталь Цвірка — Ганча – зямля партызанская

Гомельшчына стала радзімаю прынамсі трох класікаў савецкага жывапісу: Ніскага, Майсеенкі і Цвіркі. Апошнія два нават паходзяць з адных мясцінаў, з Буда-Кашалёўшчыны. Ці то з наканавання, ці з іроніі, але менавіта на іх і скончыўся жанр рэалістычнага пейзажу ў мастацтве СССР. Дзякуючы іхняй жа творчасці. Логіка стылёвай эвалюцыі, якую яны прайшлі, прывяла да канстатацыі: сацрэалізм вычарпаны да рэшты.

Віталь Цвірка нарадзіўся перад Першай сусветнай вайною ў далёкай палескай вёсцы, дзе ягоны бацька працаваў школьным настаўнікам і быў да таго ж мастаком-аматарам. Бацька вучыў сына маляваць, капіяваць рэпрадукцыі класічнага жывапісу ды кніжныя ілюстрацыі.

Напрыканцы дваццатых сям’я перабралася ў Мінск. Тут, у дамку на вуліцы Слонімскай, іх суседам быў Кандрат Крапіва, які тады не меў і трыццаці гадоў. Штораніцы яны бачыліся за адным сталом. Увесь час вясёлы, рухавы Крапіва сыпаў жартамі, дэкламаваў свае вершы і байкі. Другім настаўнікам пасля бацькі Цвірка лічыў менавіта Крапіву, які прышчапіў яму не толькі беларушчыну і тыя, свае асабістыя ўяўленні пра нацыянальную культуру, але i прагу самавыяўлення праз малюнак. Малады Крапіва быў добрым малявальшчыкам і з захапленнем ілюстраваў уласныя творы.

Трэцім настаўнікам для Віталя Цвіркі стаў Міхал Станюта, які ў сваёй невялічкай кватэры наладзіў сапраўдны клуб мінскай багемы. Сам Станюта напару з Філіповічам вёў заняткі ў сваёй хатняй “студыі”. Дзякуючы нястомнаму імпэту гэтых настаўнікаў- адраджэнцаў, Цвірка атрымаў дастатковую падрыхтоўку, каб працягнуць адукацыю. Віцебск тым часам нарэшце быў вернуты Бе­ларусі. Праўда, у ім ужо не было тых майстроў, што склалі гораду славу. Цвірка паступае ў пост-шагалаўскі, пост-малевіцкі Віцебскі мастацкі тэхнікум у 1929 г., калі тут яшчэ не забыліся галасы славутых мэтраў…

Біяграфія Віталя Цвіркі нібы міні-энцыклапедыя мастацкай адукацыі ў СССР. Як і большасць маладых мастакоў камуністычнай Беларусі, ён марыў пра вучобу ў Маскве. Мара здзейснілася. У 1935-м г. ён паступіў у Маскоўскі мастацкі інстытут. Ягонымі настаўнікамі тут былі Герасімаў, Ражскі, Грабар. Ці то мізантроп Герасімаў, ці то вялікі эрудыт, рэстаўратар старажытнага жывапісу Грабар, але, прынамсі, нехта з гэтых настаўнікаў параіў маладому беларусу ягонае крэда — пейзаж. Пасля вайны Цвірка стаў першым савецкім пейзажыстам у Беларусі з цалкам савецкай адукацыяй. Вядома, былі спакусы выявіць нешта «сур’ёзнае». У той час нават тонкі эзатэрык Грабар, які не пісаў нічога жанравага, з уласнай волі палічыў патрэбным адгукнуцца на падзеі вайны. Патрыятызм. У 1944-1945 гг. Цвірка ездзіць па Беларусі і стварае шэраг невялікіх пейзажных палотнаў, эцюдаў у мясцінах, звязаных з падзеямі вайны. Гэтак нарадзілася нізка, цяпер малавядомая, ва ўнікальным жанры. Гэта і “Руіны Мінска”, i “Камера нямецкага СД”, i “Двор лагера Масюкоўшчына” ды яшчэ некалькі рэчаў…

Сама кан’юнктура тады падказвала, што i адной працай, прысвечанай ваенным падзеям, можна «прарвацца» ў класікі. Пейзаж для гэтага надаваўся мала. Патрабавалася плакатнасць. I Цвірка стварае такія хрэстаматыйныя творы, як “Палонных вядуць”, “Няскораныя”, “Жыццё нараджаецца” ды іншыя, напісаныя ў духу настаўніка Ражскага. “Няскораныя” (1947 г.) — палатно, на якім выяўлена страта партызанаў нямецкімі вайскоўцамі, — наогул лічыліся доўгі час ці не наймацнейшым абагульненнем чалавечай трагедыі [2, с. 94]… Не прамінуў Цвірка і сталініяны, склаўшы сваю даніну бальшавіцкаму правадыру. Значна пазней у адным з інтэрв’ю пачатку 1980-х мастак сказаў: “У той час у паваенным жывапісе існаваў гэтак званы парадна-лакіроўны стыль. Тэорыя бесканфліктнасці штурхала мастакоў да штучнай пабудовы кампазіцыяў, аднастайных усмешак на тварах герояў карцін. Пей­зажу ўсё гэта супрацьпаказана. Пейзаж — сумленны жанр, а праўдзівасць, шчырасць пачуцця я цаню ў мастацтве вышэй за ўсё”. Цвірка закінуў жанравы жывапіс і засяродзіўся на пейзажы.

У 1954-м г. ён піша адзін з найлепшых сваіх твораў — “Ля млына” — у класічных традыцыях расійскага перасоўніцтва XIX ст. Нават, дакладней, у духу маскоўскай школы, у духу Паленава. Атрымаўся своеасаблівы рэлікт. Сам Цвірка казаў, што пісаў гэтае палатно доўга, за некалькі дзясяткаў сеансаў. Гэты твор стаў шэдэўрам усяго савецкага жывапісу, адзначыў пералом мастацкіх эпохаў, адыход ад паўсюднай ліпучай ідэалогіі. Мажорнае вяртанне да нармальнага людскога бачання свету. Для беларускага мастацтва гэты твор пазначыў зварот ці вяртанне да праблемаў прасторы, прыроды святла.

Тым часам мастак яшчэ не пакідае сваіх амбіцыяў жанрыста. У 1957 г. ён раптам звяртаецца да гісторыі Заходняй Беларусі і піша палатно “Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач”. Шматфігурная кампазіцыя нібыта павінна была перадаць драматызм вызваленчай барацьбы беларусаў супраць польскай акупацыі. Аднак выйшла нешта не зусім адпаведнае задуме… Сакавіты каляровы лад, глыбокая паветраная перспэктыва, карагод адкрытых каляровых плямаў… Як слушна (міжволі) пазней пісалі савецкія мастацтвазнаўцы, гэтае палатно нарадзілася пад уплывам маляўнічых краявідаў “беларускага мора” — Нарачы, куды мастак ездзіў адпачываць [4, с. 84].

З 1960-х гг. пачынаецца радыкальна іншы этап творчасці Цвіркі. “Паліроўка” маскоўскай адукацыі ўсё больш адыходзіць у нябыт, у біяграфічныя згадкі. Захоплены краявідам Беларусі, якую ён аб’ездзіў ды абыйшоў, мастак раскрывае для сябе ўсё больш адпаведныя жывапісныя прыёмы. Радасць ад бясконцасці зразумелых разлогаў роднай краіны дыктавала новы, лёгкі, імпэтны жывапісны кшталт. У тыя часы ён стварае сёння ўжо добра вядомыя карціны: “Родныя далягляды”, “Свір”, “Сказ пра Палессе” ды дзясяткі іншых палотнаў, што вызначылі ягоны адметны, лёгка пазнавальны стыль. Сацыяльны статус (рэктар Інстытута) і максімальнае дыстанцыянаванне ад сталічнага “свету” давалі свабоду. “Мастацкі твор, а менавіта пэйзаж нельга «высмактаць з пальца». Дакладней, можна, але гэта заўсёды будзе бачна”, — сцвярджаў мастак. Ён выбраў сабе ў пэўным сэнсе наіўную задачу, больш уласцівую папярэднім эпохам — паказаць усю сваю радзіму, усе яе куткі, яе адметнасці [3, с. 61-63, 5, с. 11-15].

Напрыканцы 1960-х гэты натуралістычны, ці, дакладней, геаграфічны запал саступае месца спробам абагуліць, падсумаваць досвед. Палотны становяцца гімнамі. Эпічны размах абумоўліваецца высілкамі стварыць адназначны, ясны вобраз сваёй краіны. Гэтак у 1969 г. Цвірка піша “Ганчу — партызанскую зямлю” [1, с. 8].

Як мастакі называюць палотны? Часам ніяк, каб не замінаць чыстаму ўспрыманню пэўнага вобразу. Часам наадварот, на­зываюць з мэтаю напоўніць работу нейкім дадатковым, часам парадаксальным зместам. Парадаксальны ў сваю эпоху Цвірка даў парадаксальную назву свайму твору на ўсе эпохі. Калі папярэдне не бачыць гэтай карціны, а толькі пачуць яе назву, то, будучы хоць у нейкай ступені знаёмым з савецкім мастацтвам, няцяжка сабе ўявіць людзей са зброяй, ці піянераў, што схілілі галаву, ці яшчэ што-небудзь з гэтага роду… Немагчыма толькі прадбачыць, што гэтак можна было назваць… абраз. Менавіта абраз, на якім барвовы сонечны німб прытуляе зямлю, аддадзеную на пакуты. Гэткую годную i прыгожую зямлю, якая прагне любові. Зямлю, над якою шэра-зялёнае неба i залатыя воды.

***

Віталь Цвірка (1913, в. Радзеева, Буда-Кашалёўскі раён — 1993, Мінск) — жывапісец, выкладчык. У 1932 скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум. У часе вайны ў 1942 закончыў Маскоўскі інстытут імя Сурыкава. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы. З 1958 па 1960 — рэктар Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Узначальваў праўленне Саюза мастакоў БССР з 1962 па 1963. У 1967 атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР. Народны мастак БССР.

Крыніцы

  1. Беларускі пейзажны жывапіс. — Мінск: Беларусь, 1982.
  2. Борозна, М. Белорусская живопись 1920-1970. — Минск: Бело­русская государственная академия искусств, 2006.
  3. Гісторыя беларускага мастацтва. — Мінск: Навука і тэхніка, 1994. — Т. 6.
  4. Гісторыя беларускага мастацтва. — Мінск: Навука і тэхніка, 1992.
  5. Крепак, Б. Виталий Цвирко / Б. Крепак. — Минск: Беларусь, 1985.


Аўтар: 
Сяргей Харэўскі
Крыніца: Харэўскі С. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі, Рэд. Баразна М. — Вільня: ЕГУ, 2011. Ст. 241-244.