Ветка. Назва паводле легендаў і паданняў

0
1273
Ветка горад

Гэтая гісторыя пераказваецца мясцовымі жыхарамі з пакалення ў пакаленне. Як толькі малы падрасце і пачне хадзіць ды плакацца за дзедам ці за бабцяй, бо менавіта яны з’яўляліся выхавальнікамі падрастаючага пакалення, каб расказалі цікавую казку, то старыя і распавядаюць яе.

Здарылася гісторыя надзвычай даўно. Колькі стагоддзяў назад, дакладна, можа, ніхто і не ведае. Будзем казаць, што многа. Не раз, не два людскія пакаленні перамяніліся, а гісторыя захавалася.

Спачатку тут невялічкае паселішча было, потым — намнога большае, чым сам Гомель, а зараз — зноў невялікае ў параўнанні з тым жа Гомелем.

Уцякалі тады да нашае зямлі беднякі ды казакі з усёй старонкі. З Расіі асабліва многа было. У іх на той час цар надзвычай люты сядзеў. Як толькі што не так, дык верашчаў: «Смерцю пакараць! Павесіць! Галаву адсекчы!»

Слугі адразу загад выконвалі, асабліва не марудзілі, каб на сябе ненарокам гнеў самадура таго не наклікаць. А сялянам ды гараджанам што заставалася? Ведама ж, уцякаць, шукаць вольную мясціну і там сяліцца. Па дарозе многіх лавілі і люта катавалі — помсцілі за тое, што паспрабавалі з-пад панскай ды царскай улады ўцячы. Вешалі наўсцяж тых мясцін, кудою ўцекачы да Сожа прабіваліся. Амаль на кожным дрэве чалавек вісеў ці тое, што ад яго засталося, бо крумкаччо ды вятры-дажджы сваё спраўна рабілі: толькі косці ў вопратцы заставаліся.

Уцекачы прабіраліся пераважна начамі, бо днём баяліся напароцца на моцныя царскія заставы, у якіх быў адзін загад: лавіць і караць смерцю. Тыя вартавыя так налаўчыліся, што стваралася ўражанне, быццам яны ці ведалі, кудой змарнелыя, знясіленыя цяжкай дарогай людзі прабірацца будуць, ці сядзелі за кожным кустом. Як ты ні паўзі, як ні прыгінайся, а ў самы нечаканы момант абавязкова раздасца над галавой:

I куды гэта вы сабраліся?

Спачатку ласкава так, а потым… Яны і білі-катавалі з усмешкай.

Білі так бязлітасна, што праз пару хвілін здаровы чалавек ператвараўся ў бясформенную істоту. Нікога не шкадавалі — ні старога, ні малога.

— Вырасце — нам помсціць будзе, то няхай лепей згарыць, каб потым баяцца не давялося.

На вачах у матуль гэта рабілі, то тыя, няшчасныя, адразу ж сівелі ды вар’яцелі. їх каты не забівалі, а адпускалі: пагрозы ад такіх чакаць не даводзілася.

Але, што самае дзіўнае, як ні катавалі людзей, як ні білі, ні вынішчалі, яны ўсё роўна імкнуліся прарвацца праз пільныя царскія заслоны. Чаму? Бо клікала іх да сябе воля. А гэта такое пачуццё, ад якога нельга адмовіцца. Лепей пажыць адзін дзень вольным і незалежным, чым год пад панскай прынукай.

Аднаго разу выбраліся тры сям’і з Дона. У іх даўней таксама воля была, воля неабмежаваная. Там нават памешчыкаў не існавала. Служылі казакі цару,дый годзе. Але потым не спадабалася багатым, што бедныя ім не падпарадкоўваюцца, і сталі яны свае парадкі заводзіць. I да таго дайшло, што ў некалі вольным казацкім краі жыць стала яшчэ горай, чым у звычайнай вёсцы. Адзін-другі раз паўсталі казакі са зброяй у руках, але поспех адвярнуўся ад іх — разбілі казацкія дружыны. Пасеклі многім людзям галовы, многіх на шыбеніцу адправілі, а дзяцей ды жанчын іхніх амаль жывымі гнаілі ў астрогах. Задумаліся тады ацалелыя, як далей быць? Калі не перастануць паны ды цар здзекавацца, то праз пару гадоў на Доне жывых казакоў не застанецца. Вось і вырашылі ўцякаць. Даведаліся, што далёка, за трыдзевяць зямель, ёсць рака Сож, а па яе берагах людзі вольна жывуць. Хто дзе жадае, там і будуецца, зямлі, колькі яму захочацца, апрацоўвае. Паны там да працаўнікоў носа не патыкаюць, сяляне аднаму вялікаму князю аброк плацяць. Але ж як прайсці да той зямелькі? Заставы пільна ахоўваюць царскую граніцу.

Падумалі казакі, паглядзелі на дзяцей, жонак і, нібы згаварыўшыся, у адзін голас прамовілі:

Лепей там памерці, уцякаючы, чым тут — чакаючы!

Заплакалі-захліпалі жанчыны:

— Шкада старога месца.
— Магілы трымаюць?
— І яны таксама.
— У нас па ўсёй зямлі адны магілы-курганы ўзвышаюцца.
— А калі зловяць?
— А калі пашанцуе і не зловяць?
— Усё роўна страшна.
— Ведаем, але і тут страшна заставацца.
— Дарога ж няблізкая. Як мы туды дабяромся?
— Сцерагчыся будзем.
— Іншыя таксама сцерагліся…
— Нічога, будзем спадзявацца на лепшае. Рушым усе разам, наступнай ноччу, ніхто не застанецца. Што ўжо будзе. Самі ведаеце, дарога няблізкая і надзвычай небяспечная, таму марудзіць няма чаго.

Казакі пачалі збірацца. У дарогу бралі самае неабходнае, ведалі, што ўсялякая драбяза толькі абцяжарваць ды стрымліваць будзе. Азірнуліся ў апошні раз на свае хаціны, жанчыны слёзы вуцерлі і пакіравалі ў невядомую далячынь.

Казакоў звалі Стаўбун, Балсун ды Неглюб. Аказалася, што Неглюб некалі быў на Сожы, ваяваў там. Крыху прыўзняўся настрой у мужчын, усё ж чалавек там быў, хоць і даўно.

— А людзі, людзі якія там?
— Такія ж, як і ў нас: працавітыя, сумленныя. А яшчэ…
— Што?
— У вайсковай справе надзвычай спрактыкаваныя і мужныя.
— Дык у цябе, магчыма, там і знаёмыя засталіся? — падкулдыкнуў Балсун.
Хто яго, братка, ведае, можа, і засталіся.
— А як спаткаеш? Супраць яго ж ваяваў?
— Хіба я па ўласнай волі, хлопцы, ваяваў супраць тутэйшых жыхароў? Самі ж ведаеце, якая наша доля. Загадалі — і пайшоў, іначай галаву знялі б.
— Ты не звяртай увагі на Балсуна, ён проста так сказаў, — паспрабаваў супакоіць суседа Стаўбун, — малады яшчэ.
— Не злуйся на мяне, дзядзька, — павінаваціўся і сам Балсун.
Чаго ўжо там, хіба ж я не разумею жартаў, — азваўся задуменна Неглюб.

На небакраі ўжо ружавела, і мужчыны пачалі думаць, дзе б схавацца на дзень, бо далей ехаць было небяспечна. Выбралі нейкую лагчыну і там стаіліся, а калі наступіў змрок, то рушылі па дарозе наперад.

Ехалі доўга, можа, месяц, а можа, і два. Здарожыліся, але пільнасці не трацілі, бо на такое наглядзеліся за гэты час, што валасы, часам, дыбарам паўставалі. Жанчыны плакалі, а казакі суравелі ды паціху прамаўлялі:

— І за што гэта народ наш такія пакуты трывае? За што?
Неглюб на правах старэйшага супакойваў:
— Прыйдзе час, і мы ім адплоцім, а зараз патрываць трэба, прабіцца за граніцу, а там…

Дзеці спалі, жанчыны ўздрыгвалі пры кожным гуку, мужчыны зброю трымалі напагатове, узіраліся і ўслухоўваліся ў начную цемру. Перамаўляліся толькі шэптам. I тут, нібы з-пад зямлі, раздаўся жудасны крык:

— За што?! За што?!

Неглюб ціха загадаў:

Збочваем з дарогі.

Супыніліся ў густым кустоўі, а крык той яшчэ болей узмацніўся, і ўжо нават нельга было разабраць словы. Балсун прапанаваў:

Дзядзька, я праведаю, што гэта, а вы тут заставайцеся.

Казакі ведалі, што разведчык Балсун прыроджаны. Ніхто лепей за яго з такім заданием не справіцца. Таму Неглюб прашаптаў:

Давай, толькі асцярожна.

Балсун хіснуў галавой і адразу нібы растварыўся ў цемры.

А крыкі то заціхалі, то гучалі яшчэ больш моцна і страшна.

Раптам адна з жанчын усклікнула:

— Там жа, здаецца, нехта і смяецца?!
— Так. Што гэта можа быць?
— Пачакайце, — супакоіў Неглюб, — зараз Балсун прыйдзе і ўсё раскажа.
— Хоць бы вярнуўся…
— Вернецца, не з тых ён хлопцаў, проста так у рукі не палезе.

Здавалася, што прайшло ўжо пару гадзін, а разведчыка ўсё не было. Неўзабаве нешта шуснула з-за куста, і мужчыны выхапілі шаблі.

— Я… Я гэта…
— Балсун? Нарэшце. Ну што там, братка?

Казак соп і нічога не казаў. Людзі навокал таксама маўчалі.

— Жах, браткі. Яны… Яны…
— Што?
— Злавілі некалькіх уцекачоў і катуюць іх.
— Дык вось адкуль крыкі…
— Там і нямы закрычыць. Жалезам рвуць целы і на агні падпякаюць. Ахвяры ад болю заходзяцца, а каты рагочуць.

Людзі хмурна маўчалі — не маглі гаварыць. Цішыню парушыла жанчына:

— Як жа нам да іх не трапіцца?

Неглюб махнуў галавой:

— У нас жа дзеці…
— Здаецца, я ведаю, што рабіць, — выпаліў Балсун. — Пакінем вазы тут.
— А самі?
— Дзяцей возьмеце і пойдзеце напрасткі праз гэтае кустоўе. Справа ўбачыце вогнішча, дзе катуюць людзей. Старайцеся мінуць тую мясціну. Далей пачынаецца лес, а за ім — Сож і наша воля. Там ужо застаў няма, там ужо беларуская зямля.
— Але ж могуць заўважыць.
— Вы пойдзеце, а я са сваім конікам ды з вазамі тут застануся. Даганю вас праз кароткі час. Не перажывайце.

Пацалаваў жонку і зноў прыспешыў:

— Ідзіце, пакуль ноч.

Так і зрабілі. Неўзабаве пачулі, як там, дзе застаўся казак, нешта зашыпела, зарыпела, затрашчала,і адразу на шум кінуліся вартавыя.

З першымі промнямі сонца людзі выбіліся на бераг Сожа і, наламаўшы голля, прыкрыліся крыху ім і ляглі адпачываць. Ляжалі і думалі, як там Балсун? І тут пачулі вясёлае:

Вось і вець… Вось і мае родныя…

Гэта Балсун знайшоў іх і радаваўся, што ўсё добра абышлося. А «вець» па-іхняму, па-казацкаму, азначала «легкі будан». Так і сталі тое месца называць Вець, або Ветка, бо на ім упершыню адпачывалі ўцекачы з далёкага Дона.

Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 78-83.