Пімен Панчанка — адзін з самых лірычных, шчырых аўтараў, паэтычны свет якога — “агромністы, шматнаселены, наэлектрызаваны мноствам пачуццяў, свет чуласці і дабраты, неабсяжны свет прыгожага” (Верлен Бечык) [1, с. 8].
Гэтыя аўтарскія індывідуальныя асаблівасці верша, а таксама сэнсавую напоўненасць, стылістычную афарбоўку твора важна захаваць пры перакладзе. Па словах Я.І. Рэцкера, “задача перакладчыка — перадаць сродкамі іншай мовы цэласна і дакладна змест арыгінала пры захаванні яго стылістычных і экспрэсіўных асаблівасцей… Пераклад павінен перадаваць не толькі тое, што выражана арыгінапам, але і так, як гэта выражана ў ім” [4, с. 10]. Пераклад паэзіі патрабуе асабліва вялікага майстэрства, каб сродкамі іншай мовы перадаць аўтарскія інтанацыі і пачуцці пры ўмове захавання арыгінальнага рытму і рыфмоўкі.
Многія натхнёныя радкі Пімена Панчанкі губляюць у рускай версіі сваю прыгажосць і вобразнасць, у тым ліку і радкі такіх хрэстаматыйных вершаў, як “Родная мова”, “Хлебныя словы”, “Шапка эстонца”. Так, ужо ў перакладзе першай страфы верша “Родная мова” адбываюцца значныя сэнсавыя і вобразныя трансфармацыі:
Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара [1, с. 95].
Говорят, что себя изжила ты,
Белорусская мова моя.
Но с тобою мы связаны свято,
Мы с тобой с малолетства друзья [3, с. 47].
Для аўтара мова — святая, вечная, як само жыццё, у перакладчыка яна ўсяго толькі — сябар паэта.
Аўтарскія асацыятыўныя сувязі зменены і пры перакладзе наступних радкоў:
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальны палескіх крыніц,
Сінь набору, і барвы зарніц,
І буслінае клекатанне [1, с. 95].
Ты-и ласточек ласковый щебет,
И журчанье полесских криниц.
Ты — труба журавлиная в небе,
Синий лен, полыханье зарниц [3, с. 47].
Асабліва выбіваецца з зададзенай узнёслай танальнасці рускі радок ты — труба журавлиная в небе, які сэнсава і стылістычна не ад пав я дае арыгінальнаму.
Значны адыход ад арыгінальных асацыяцый назіраецца і ў рускай версіі радкоў
Красавік — час маланак і ліўняў,
Травень — з першым каханнем, сяўбой… [1, с. 96]
Красавик — с ледоходом счастливым,
Май — с черемухой, севом, грозой... [3, с. 47].
Ужытая ў аўтарскім тэксце назва месяца травень у рускім тэксце неапраўдана заменена на май, што вылучае гэтую намінацыю з шэрагу іншых матываваных беларускіх назваў, якія ў перакладзе застаюцца некранутымі.
Далёкі ад арыгінала і пераклад апошніх радкоў верша:
Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю
– Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю [1, с. 96].
Может, плачу я, может, пою!
Может, сердце напрасно тревожу!
Речь люблю я родную свою,
Речь, которая жизни дороже [3, с. 48].
Недарэчным з’яўляецца ўвядзенне ў рускі тэкст лексемы может, якая мае значэнне неакрэсленасці, у той час, як аўтар выказвае думкі зусім адназначна. Пачуцці, выказаныя аўтарам, — вельмі простыя і вельмі глыбокія, моцныя. Пачуцці пяшчоты, замілавання роднаю моваю, якую хочацца, як самае любае і дарагое, прытуліць да грудзей, перадаюцца ў рускім тэксце неяк афіцыёзна, пафасна, і таму штучна.
Іншую стылістычную афарбоўку атрымліваюць і перакладныя радкі верша “Хлебныя словы” за кошт замены аўтарскіх асацыятыўных сувязей, такіх простых і натуральных, даволі няўклюднымі, трафарэтнымі:
Акраец — шлях, дорога
I зайцаў хлеб лясны [1, с. 135].
Краюха — путь-дорога,
Край неба, край страны [3, с. 175].
А скіба — дзень вясновы.
Ралля, Плугі. Сяўба.
Наш хлеб — жыцця аснова,
Працяг і барацьба [1, с. 135].
Ковригу черной почвы взрезают лемеха…
Наш хлеб, он — корень прочный
И жизни и стиха [3, с. 175].
Недарэчнасць выбраных перакладчыкам вобразаў відавочная і пры прачытанні заключных радкоў верша:
І справа тут не ў ежы,
А ў смачным змесце слоў,
І ў жытнім ветры свежым,
I ў звоне каласоў… [1, с. 135].
И дело тут не в злаке
И не в харчах — в ином:
В ядреном слова смаке,
Пшеничном и ржаном [3, с. 176].
Нейтральнае слова ежа замяняецца грубым, прастамоўным харчи, спалучэнне смачны змест слоў перакладаецца як ядреный слова смак, дзе лексема ядреный рэалізуе значэнне грубоватый, смачный, соленый (о словах, выражениях речи)’ (Словарь русского языка в 4-х тт., 1981-1982, далей СРЯ), што зусім не адпавядае ні зместу, ні стылістычнай афарбоўцы арыгінальнага верша.
У пераклад верша “Шапка эстонца” неапраўдана ўведзена лішняя інфармацыя, за кошт чаго ён набывае дадатковую экспрэсію, якая аўтарскаму тэксту не ўласціва:
Ні шторму, ні буры тады не было,
Калі нарадзіўся я ў Таліне.
Звычайнае сонца звычайна ўзышло
Пасля гадзіны світальнай [1, с. 54].
Ни шторма, ни бури.
Был рейд как стекло,
Не рвались канаты причальные.
Обычное солнце обычно взошло.
Когда родился я в Таллине [2, с. 176].
Розныя эмоцыі апісаны ў наступных арыгінальным і перакладным радках:
Як маці сцвярджае, і я не маўчаў,
Зайшоўся ад радасці плачам.. [1, с. 55].
Как мать утверждает, и я не молчал,
Ревел, хоть никто не обидел [2, с. 177].
Аўтар даводзіць, што дзіцё ўзрадавалася, і выказала сваю радасць, як умела — зайшлося плачам; перакладчык — што дзіцё стала равець проста так, без дай прычыны.
Значная трансфармацыя аўтарскага тэксту адбываецца і пры перакладзе радкоў верша “Акіян”:
Дбае пра мацерыкі,
Запасае на вякі Корму [1, с. 81].
Копит на материки
Он про черные деньки Харчей [3, с. 38].
Тут відавочны значны адыход як ад аўтарскай стылістыкі, так і ад сэнсавага напаўнення сказа: калі акіян у арыгінале клапоціцца пра мацерыкі, якія будуць існаваць многія вякі, то ў перакладзе для іх чамусьці прыдуць черные деньки. Рускі тэкст няўклюдны і фаматычна: дзіўна выглядае спалучэнне копит харчей.
Апошнія радкі перакладнога верша таксама далёкія ад ідэалу (і ад арыгінала):
У нашых палях — ледзяная зіма.
Я ў нейкай шпакоўні зімую [1, с. 83].
У нас над полями — морозный рассвет.
Зимую в скворешне, кукую [3, с. 40].
Уключэнне ў тэкст дзеяслова кукую відавочна недарэчнае (і семантычна, і стылістычна).
Такога ж кшталту стылістычныя хібы празрыстыя і ў рускім варыянце радкоў з верша “Дзеці над возерам”:
їм тэлевізар — абыдзёншчына,
Прасцей глытка вады — кіно.
Амаль з калыскі дакранаецца
Да цудаў веку гэты люд [1, с. 89].
Им нынче проще репы пареной
И телевизор и кино.
Привык с пелен на ус наматывать
Любые дива этот люд [3, с. 41].
Аўтар распавядае пра гарадскіх дзяцей з любоўю і пяшчотай, перакладчык — з нейкаю пагардай: устойлівыя рускія спалучэнні проще репы пареной; на ус наматывать гучаць даволі груба і змяняюць стылістыку верша.
У некаторых перакладных вершах відавочная неадпаведнасць стылістычнай афарбоўкі асобных рускіх лексем беларускім:
Я павольна крону
Туды, дзе гай спавіў зялёны дым
I nmaxi звоняць на ўсе лады (Упэўненасць) [1, с. 9].
Я туда шагаю,
Где леса тянется зеленый дым,
Где птицы верещат на все лады [2, с. 10].
Лексема звінець рэалізуе сему ‘звонка гучаць’ (Тлумачальны слоўнік беларускай мовы ў 5 тт., 1977-1984); рускі ж дзеяслоў верещать мае значэнне ‘издавать визгливые, скрипящие звуки’ (СРЯ), што зусім не адпавядае элегічнаму настрою твора.
Гром пахіснуў яе [хмару], пасунуў,
Разгойдаў жыта…
Павеяла цяжкім і сумным
I перажытым (Стаяла хмара нерухома) [1, с. 148].
Качнувшись мешкотно и грузно,
Шатнула жито…
Повеяло далеким, грустным
И позабытым [3, с. 201].
Тут таксама танальнасць арыгінальнага і перакладнога вершаў розная; акрамя таго, відавочная і сэнсавая неадпаведнасць: калі ў аўтарскім тэксце хмару пахіснуў гром, ён жа і разгойдаў жыта, то ў рускай версіі суб’ектам выступае хмара, якая качнулась мешкотно и грузно (прыслоўе мешкотно — новаўтварэнне, не зафіксаванае СРЯ).
Семантычная неадпаведнасць на ўзроўні асобных лексем відавочна прасочваецца ў перакладзе наступних вершаваных радкоў:
Стволы набраклі, восъ, здаецца, пырснуць,
Плыве над верасам хваёвы душны пах (Падсочка) [1, с. 15].
Стволы набрякли — чуть смолой не прыснут.
Плывет над вереском душистый хвойный чад [2, с. 15].
Словазлучэнне душны пах перадаецца як душистый чад. Лексема чад мае значэнне ‘едкий удушливый дым от сырых дров, недогоревшего угля, горящего жирного вещества и т.п.’ (СРЯ) і выпадае з кантэксту; да таго ж наўрад ці магчыма яе лексічная спалучальнасць з прыметнікам душистый (‘издающий сильный, приятный запах; ароматный, пахучий’ (СРЯ)).
Непажаданыя трансфармацыі можна назіраць нават на ўзроўні невялікага кантэксту. Наприклад, радкі Гэты бусел незвычайны Як ад продкаў нашых ліст (Чорны бусел) [1, с. 149] перакладаюцца як Этот аист чрезвычайный, как от предков — свиток, лист… [3, с. 146].
Па-першае, прыметнік чрезвычайный мае ў рускай мове значэнне ‘превосходящий все обычное, исключительный’ (СРЯ) і звычайна ўжываецца з неадушаўлёнымі назоўнікамі тыпу ситуация, происшествие, случай, важность, эффект і г.д., таму ў дадзеным кантэксце непрыдатны. Па-другое, для слоў ліст ад продкаў адпаведнікі падабраныя таксама няўдалыя (назіраецца з’ява так званай міжмоўнай аманіміі).
Сустракаюцца і такія выпадкі, калі рускі тэкст проста бянтэжыць і здзіўляе. Так, сказ Пешаход парасон зашчоўквае, Падстаўляе пад вецер твар (Кляновае лісце) [1, с. 70] гучыць наступным чынам: Пешеход свой зонтик защелкивает. Будто вышел из темноты [3, с. 9]. 3 перакладу вынікае, што парасон раскрываюць звычайна, каб схавацца ад цемнаты.
А страфа Быў геній наш далекі родзіч, Што форму вечную знайшоў: Капелюшы сучасных модніц — Ад тых гаршкоў і гладышоў (Збаны) [1, с. 142] у рускай верен выглядае так: Наш предок был мудрец отменный, Создав из глины полый шар. Ведь в шляпках модниц современных Та форма, что нашел гончар [3, с. 185].
У гэтым выпадку перакладчык, імкнучыся да эфектнай рыфмы, даводзіць, што збаны і капелюшы робяцца ў выглядзе полага шара.
Восень, жоўтым крылом не махай,
Не ўзляцець табе ўслед за зязюлямі.
Я прыйшоў у рабінавы гай,
Гай мой ціхі, як сам я, зажураны (Рабінавы гай) [1, с. 99].
Осень, желтым крылом не маши,
Все равно не взлетишь журавлями…
Я в рябиновой роще, в тиши.
Гай мой тихий
Грустит вместе с нами [3, с. 50].
Згодна з аўтарскім тэкстам, лірычны герой, зажураны, прыйшоў у рабінавы гай адзін, у рускім тэксце з ім у rai апынаецца яшчэ хтосьці (відаць, роща і тишь). Няўклюдным падаецца радок-зварот да восені все равно не взлетишь журавлями, які не адпавядае арыгінальнаму.
У перакладах можна назіраць і змяшчэнне аўтарскіх семантычных акцэнтаў:
Пасля ў тайзе і пустыні
Такую любоў набылі,
Што знаем: у нашай краіне
Няма непрыгожай зямлі (Пакаленні) [1, с. 74].
А после в тайге и пустине
Такую любовь обрели,
Что нету в отчизне отнине
Прекраснее этой земли [3, с. 12].
Калі аўтар гаворыць пра суцэльную прыгажосць кашай зямлі, то перакладчык — акцэнтуе ўвагу на прывабнасці тайгі і пустыні.
Вершы Пімена Панчанкі ў рускай версіі церпяць даволі значныя трансфармацыі, як семантычныя, так і стылістычныя; пераклад не заўсёды захоўвае глыбіню і шчырасць пачуццяў, закладзеных ва ўзнёслых, дакладных і сакавітых аўтарскіх мастацкіх вобразах.
- Панчанка П. Лірыка. — Мн.: Нар. асвета, 1980. — 158 с.
- Панченко П. Избранные произведения. В 2-х т. Т. 1. Стихотворения: Поэмы, 1936 — 1960 гг.: Пер. с белорус. — М.: Худож. лит., 1984. — 271 с.
- Панченко П. Избранные произведения. В 2-х т. Т. 2. Стихотворения, 1960 — 1982 гг.: Пер. с белорус. — М.: Худож. лит., 1984. — 253с.
- Рецкер Я. И. Теория перевода и переводческая практика. Очерки лингвистической теории перевода. — М.: Р. Валент, 2004. — 273 с.
Аўтар: А.М. Астапчук
Крыніца: «Скарына і наш час», IV міжнародная навуковая канф. (2008, Гомель). Міжнародная навуковая канферэнцыя «Скарына і наш час», 13-14 лістапада 2008 г.: [матэрыялы]: у 2 ч. Ч. 2 / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2008. — С. 122-127.