У народным календары ўсходнеславянскіх народаў важнае месца адводзілася велікодным абрадам і звычаям, у якіх захаваліся старажытныя язычніцкія вераванні. Хоць велікодная абраднасць у беларусаў як сістэма не склалася, але ўсё ж назіраецца тэндэнцыя ўстойлівага бытавання асобных абрадавых момантаў і звязаных з імі рытуалаў. Сярод найбольш распаўсюджаных народных звычаяў святкавання Вялікадня ў беларусаў варта прыгадаць наступныя: гэта падрыхтоўка рытуальнай абрадавай ежы, назіранні за гульнёй сонца і адпаведная варажба пра будучы ўраджай, наладжванне арэляў і гушканне моладзі, гульня ў біткі і качанне яек з горкі, наведванне блізкіх родзічаў і суседзяў, ваджэнне карагодаў, абход двароў гуртамі валачобнікаў (абрад валачобніцтва характэрны для паўночна-заходніх рэгіёнаў Беларусі), наведванне могілак і памінанне памерлых. Запісаныя ў палявых экспедыцыях матэрыялы па святкаванні Вялікадня ў розных раёнах Гомельшчыны дазваляюць зрабіць высновы адносна захаванасці ў традыцыйнай культуры жыхароў Гомельшчыны тых ці іншых велікодных рытуалаў. Засяродзім увагу на мясцовых асаблівасцях велікоднай абраднасці ў Лоеўскім, Жлобінскім, Хойніцкім, Чачэрскім і Мазырскім раёнах Гомельскай вобласці.
Вялікдзень як значнае хрысціянскае свята займаў важнае месца ў абрадавым фальклоры Лоеўшчыны. Велікодная абраднасць і паэзія, а таксама звязаныя з імі валачобныя абрады і песні дэманструюць арганічны сінтэз язычніцкіх і хрысціянскіх элементаў. З самага пачатку ўзнікнення Вялікдзень быў звязаны са святкаваннем «вялікіх дзён» палявых работ. «Мяркуючы па вераваннях і звычаях Вялікадня, прататыпам яго была абрадавая ўрачыстасць сакральнага статусу, што ўзнікла на родава-племянной стадыі развіцця грамадства і была заклікана стымуляваць урадлівасць збажыны на час веснавой сяўбы, пачатак прадуктыўнага года земляроба» [3, с. 235].
Калі звярнуцца да розных лакальных запісаў звестак пра велікодныя абрады і звычаі, то можна вылучыць наступныя традыцыйныя кампаненты абрадавага комплексу свята Вялікадня на Лоеўшчыне: рытуалы падрыхтоўкі да свята, звязаныя з навядзеннем парадку і чысціні ў хаце, на двары («усё на двары і хаці моем, усё перачысцім» — г. п. Лоеў; «Полоценце развешівалі на образы, на портреты, белілі паталкі» — в. Рудня Каменева), фарбаванне яек, выпяканне «паскі», яе асвячэнне ў царкве, гульня з яйкамі «ў біткі», качанне яек з горкі і варажба, хаджэнне валачобнікаў («дзеці, крэснікі хадзілі» — в. Вулкан), выкананне велікодных і валачобных песень, прыкметы і павер’і, выпальванне пасвечанай свечкай крыжыкаў, рытуальная трапеза, ваджэнне карагодаў. Яйка (сёння вяскоўцы на Вялікдзень выкарыстоўваюць розныя колеры фарбы) сімвалізуе найперш «першакрыніцу жыцця і пладароддзя» [2, с. 578]. Пацвярджэннем агульнапрынятага ў этналогіі прыведзенага тэзіса з’яўляюцца тлумачэнні саміх інфарматараў: «Яйцо — сімвал жызні» (г. п. Лоеў). Пафарбаванае ў чырвоны колер яйка з’яўляецца сімвалам крыві, пралітай Іісусам Хрыстом дзеля таго, каб адкупіць увесь свет ад граху.
У шматлікіх лакальных запісах мы сустракаемся не толькі з язычніцкімі, але і з устойлівымі хрысціянскімі матывамі, у прыватнасці, з народнымі вераваннямі, якія звязаны з чырвоным колерам велікодных яек: «Распіналі Ісуса Хрыста, кроў красная цякла, таму і яйца красныя» (в. Удалёўка); «кажуць, што не верыў адзін чалавек у Бога і кажа: “Еслі ёсць Бог, то хай маё яйцо ў руцэ стане красным. І яно стала красным»; «Яйкі красілі ў красны колер, таму што калі к цару прыйшла жанчына і яму нешта даказвала, яна гаварыла, што Ісус Хрыстос уваскрэс, а ён кажа: “А паверу тады, калі гэтае яйка стане красным”. І яно ў яго на глазах раз — і стала красным» (г. п. Лоеў).
Звернем увагу на семантыку рытуальных дзеянняў, звязаных з велікодным яйкам, у розных лакальных традыцыях Лоеўшчыны: закопвалі пасвечаныя яечныя шкарлупкі ў зямлю, каб «асот не рос на агародзе» (п. Пабядзіцель), клалі іх на падаконнік, каб засцерагчы хату «ад нячыстай сілы ды ад гразы» (в. Сінск), захоўвалі ў мяшочку, каб вясной падчас сяўбы закапаць у зямлю, каб «ураджай добры быў, каб вароны не нападалі разныя» (в. Гарадок), яечным шкарлупіннем пасыпалі зямлю, каб «ураджай быў добры» (в. Мохаў), клалі яго ў зерне, якое было прызначана для пасеву, і верылі, што гэта паспрыяе ўраджайнасці (в. Карпаўка). Прыведзеныя матэрыялы пацвярджаюць яскрава выражаную аграрную семантыку велікоднай абраднасці.
Важнае месца ў велікодных святкаваннях належыць падрыхтоўцы абрадавага хлеба — «паскі», з выпечкай якой вяскоўцы звязвалі свае надзеі на добры ўраджай, дастатак у гаспадарцы, сямейны дабрабыт («…еслі пасха падымецца добра, красіва, выпечацца харашэ…, то і ўраджай у гэтым годзе Бог пашле добры, і ў гаспадарцы будзе поўна, у доме будзе ладна» (п. Пабядзіцель). Выпечаныя паскі невыпадкова ўпрыгожваліся крыжыкамі, бо, як адзначылі інфарматары, «пеклі булкі і ўпрыгожвалі хрэстом, бо Хрыста ж на крысце распялі» (г. п. Лоеў).
Важны хрысціянскі атрыбут — пасвечаная ў царкве свечка — валодала, паводле вераванняў, магічнай сілай уздзеяння, таму і імкнуліся, каб «не патухла яна», бо «абладала тады магіяй, ёй можна было акурваць хату, вокны, рысавалі крэсцікі ў апошнюю нядзелю» (в. Мохаў).
Вялікдзень займае важнае месца і ў народным календары Жлобіншчыны, і да яго святкавання ў народзе адносяцца з вялікай павагай. Свята ўваскрэсення Хрыста, як слушна адзначыў У П. Анікін, знаходзіць паралель у свяце ўваскрэсення егіпецкага Азірыса. Тыя ж возгаласы «Азірыс уваскрэс!», тое ж велічанне і тыя ж велікодныя пацалункі. Само забойства Хрыста ўключаецца ў язычніцкі рытуал аддання боства смерці дзеля новага жыцця на зямлі [1, с. 115].
Сур’ёзна рыхтуюцца жыхары Жлобіншчыны да святкавання Вялікадня на працягу ўсяго тыдня. Асабліва значнымі рытуаламі вылучаецца чацвер, які называюць «Вялікім» або «Чыстым». Як адзначае Марыя Андрэеўна Грынкевіч, 1930 г. н., з в. Дзяніскавічы, «к Пасхе пачыналі гатовіцца з Вялікага ці Чыстага чацверга. У гэты дзень красілі яйца, гатовілі пасху, пеклі кулічы. У гэты дзень стол рабілі багатым. Таксама ўкрашалі стол і нават увесь дом цветамі. Абавязковым было, каб на стале быў куліч. Кулічы ўкрашалі крэсцікамі, цукеркамі, макам звычайна ўкрашалі». Прыярытэтнымі ў сістэме велікодных святкаванняў з’яўляліся наведванне царквы, удзел «у начной службе», асвячэнне паскі і яек: «Усе не кладуцца спаць, а ідуць у царкву. Ставяць свечкі, моляцца. А ў поўнач ідуць за плашчаніцамі. Послі этага зноў ідзе служба, а пад ранак пачынае бацюшка свяціць пасхальныя яйкі, пасхі і інш.» (запісана ў в. Пірэвічы ад Сафіі Васільеўны Калядзенка, 1935 г. н.). Фарбаваныя яйкі як важны атрыбут велікоднага застолля, пасвечаныя ў царкве, клалі ў ваду і потым умываліся. Верылі, што такім чынам можна забяспечыць здароўе: «на заўтра, калі праснешся, нада мыцца вадой, у якой ляжала свяцонае яйка, каб быць здаровым» (запісана ад Сафіі Васільеўны Калядзенка, 1935 г. н.). У в. Верхняя Алба «ўранні такім крашаным яйкам умывалі твар, каб быў прыгожы» (запісана ад Наталлі Ануфрыеўны Канаваленка, 1939 г. н.). На пытанне, чаму яйкі фарбавалі ў чырвоны колер, быў атрыманы адказ: «Гэты колер азначаў цвет крыві Іісуса Хрыста» (запісана ў в. Дзяніскавічы ад Марыі Андрэеўны Грышкевіч).
Жыхары Жлобіншчыны пацвердзілі, што на Вялікдзень даніну павагі аддавалі памерлым, хадзілі на могілкі: «А на Пасху каталі красным яйцом на могілках, можна было і закапываць каля крыста яйцо» (запісана ў г. Жлобін ад Веры Якаўлеўны Ганчаровай, 1931 г. н.); «Кагда паелі, значыцца, усе ідуць на кладбішча, нясуць яйкі, бублікі і выпіць. Памінаем сваіх памёршых. Убіраем на магілках» (запісана ў в. Гарбачоўка ад Валянціны Лявонцьеўны Маразевіч, 1932 г. н.). Аналагічны рытуал памінання памерлых на Вялікдзень вядомы ў рускай традыцыі: «Крашенные яйца святили в церкви вместе с паской и ходили с ними на кладбище поминать умерших родственников. Принесенные яйца оставляли на могиле, предварительно раскрошив. Когда разбрасывали крошки по могиле, обращались к птицам с просьбой поклевать — помянуть мёртвых» [4, с. 251].
Інфарманты з в. Гарбачоўка далі іншыя, супярэчлівыя ў адносінах да вышэйпрыведзеных, звесткі адносна наведвання могілак на Вялікдзень: «На кладбішча не хадзілі, а хадзілі ўжэ на Радаўніцу. Астаўлялі толькі яйкі з Пасхі, каб занесці на могілкі» (запісана ад Івана Мяфодзьевіча Чайдакова, 1926 г. н.). Заўважым, што традыцыя абходу валачобнікамі хат аднавяскоўцаў на Вялікдзень характэрна для паўночназаходніх рэгіёнаў Беларусі, аднак, паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, «калі на дварэ цямнела, хадзіць пачыналі валачобнікі» (запісана ў в. Дзяніскавічы ад Марыі Ануфрыеўны Грынкевіч, 1930 г. н.). Факт хаджэння валачобнікаў на Вялікдзень пацвердзілі і жыхары в. Верхняя Алба, падкрэсліўшы пры гэтым, што ў іх ролі выступалі маладыя людзі, якія «славілі Хрыста», выконвалі песню, адрасаваную гаспадару:
Добры вечар, пане гаспадару!
Добры вечар, пане гаспадару!
Вясна красна на ўвесь свет.
Прыйшлі мы да пана, як да багача,
Хочам пана да й павітаць,
Яго панскае здароўе спытаць:
— Ці здароў пан, ці вясёл пан?
— Ці здарова панская жонка?
— Ці здаровы панскія дзеткі?
(запісана ад Сцяпана Васільевіча Байдакова, 1929 г. н., Наталлі Ануфрыеўны Канаваленка, 1933 г. н.).
Асноўныя рытуалы традыцыйных велікодных святкаванняў: гульня (з яйкамі) ў біткі, качанне яек з горкі, качанне асвечаных яек на магілцы, выпальванне крыжыкаў на касяках дзвярэй прынесенымі з царквы свечкамі («аганькамі») з мэтай адагнаць усё дрэннае з хаты, засцерагчыся, ваджэнне карагодаў, гушканне на арэлях — добра вядомы на Жлобіншчыне, некаторыя з іх выконваюцца і сёння. Спецыфічна адметным элементам мясцовай велікоднай абраднасці з’яўляецца абліванне людзей вадой.
Калі характарызаваць велікодную абраднасць і паэзію Хойнікшчыны, то найперш варта адзначыць факт актыўнага бытавання такіх структурных элементаў, як наведванне могілак з мэтай памінання памёрлых родзічаў, фарбаванне і асвячэнне яек, гульня ў біткі, хаджэнне валачобнікаў (гэта былі дзеці, якія на Пасху па дамах хадзілі, спявалі — в. Навасёлкі, а таксама «ў склад валачобнікаў уваходзілі хросны бацька і хросная маці» — в. Веляцін), абменьванне «паскамі». У в. Вялікі Бор «з пасхай хадзілі па суседзях, абменьваліся кускамі хлеба, каб у дзярэўні была ўсё добра». Пры гэтым гучалі наступныя славесныя прыгаворы:
— Хрыстос васкрэс!
— Ва ісціну васкрэс.
Валачобныя — людзі добрыя,
Валачыліся, памачыліся.
Хрыстос васкрэс, сам Гасподзь!
Пачынальніку — чырвон залаты,
Механошу — хоць тры грошы,
А пяўцам — канец пірага.
(запісана ад Барыса Іванавіча Смірнова, 1930 г. н., Марыі Сцяпанаўны Смірновай, 1933 г. н.).
Велікоднаму яйку надавалі магічнае значэнне, і фарбавалі яйкі, як падкрэслілі жыхары в. Слабажанка, «таму што Хрыстос уваскрэс». Калі хто-небудзь у сям’і памёр, то не фарбавалі яек, а проста так варылі» (в. Навасёлкі). З чырвоным колерам велікоднага яйка звязвалі жыхары Хойнікшчыны, як і іншых раёнаў Гомельшчыны, пакуты Ісуса Хрыста: «Краснае яйка лічыцца сімвалам пралітай крові Іісуса Хрыста, і пагэтаму ў красны цвет красілі яйкі» (в. Стралічава). Заслугоўваюць увагі мясцовыя тлумачэнні прысутнасці на велікодным стале такіх відаў рытуальнай стравы, як булак (гэта — «сімвал сонца і цяпла, а мяска, як гавораць, свініна на стале — гэта каб зарадзіла ніўка, ураджай быў харошы» — в. Стралічава). Сустракаюцца сведчанні аб тым, што яйкі маглі фарбаваць у іншы колер: «Можна красіць у зялёны колер» (в. Веляцін), «а хто красіў краскаю разнаю… галубенькаю» (в. Навасёлкі).
У в. Веляцін шкарлупінне ад яек кідалі на агарод, каб паспрыяць добраму ўраджаю, у в. Судкова пасвечанае велікоднае яйка захоўвалі да ворыва і клалі ў першую баразну («на ўраджай ілі ад чаго»). У в. Стралічава шкарлупінне ад яйка закопвалі «ў землю ў градах, штоб харошы быў ураджай і не пабіла яго градам». У в. Слабажанка верылі, што здароўе і прыгажосць кожнага члена сям’і залежаць ад рытуала ўмывання вадой, у якую клалі велікоднае яйка.
Велікоднае свята жыхары Чачэрскага раёна звязвалі з абуджэннем прыроды і пачаткам веснавых работ. Нейкі цэласны велікодны абрад узнавіць сёння не ўяўляецца магчымым, аднак актыўнасцю бытавання адрозніваюцца асобныя рытуалы і дзеянні, сярод якіх магчыма адзначыць такія, як фарбаванне яек, прыгатаванне «багатых скаромных страў», выпяканне пірагоў, «паскі», звычай «прабачаць адзін аднаму крыўды, цалавацца (хрыстосавацца)», асвячэнне ў царкве яек і «паскі», ваджэнне карагодаў, качанне яек па дошках з гары, начное богаслужэнне, разгаўленне за велікодным сталом. Паводле ўспамінаў Алены Максімаўны Янкоўскай, 1947 г. н., з в. Бабічы, «сабіраліся на вуліцы на высокім месцы, пелі велікодныя песні “Ой, на Вялікадне, на Вялікдзень”, вадзілі карагоды “Карагод вялік, вуліца мала”, качалі яйкі, булкі і яйкі пасвяцалі ў царкве, давалі скату, ігралі гарманісты, ладзіліся танцы». Асаблівай увагі заслугоўваюць рытуалы, якія адбываліся ў Чысты чацвер і былі звязаны з падрыхтоўкай да Вялікадня.
Вялікдзень (Паска, Пасха) — гэта свята, у цырымоніі якога на Мазыршчыне важнае месца адводзіцца як кананічным хрысціянскім абрадам, так і язычніцкім звычаям. Велікодны абрадавы комплекс Мазыра і Мазыршчыны вылучаецца ўстойлівасцю захавання асноўных структурных элементаў і багаццем мясцовай спецыфікі святкавання.
Сярод традыцыйных велікодных рытуалаў можна назваць такія, як абавязковае наведванне жыхарамі царквы з мэтай асвяціць ежу: «Свяшчэннік усё прынесенае людзьмі павінен быў асвяціць. Усё асвечанае лічылася “святым”» (г. Мазыр, запісана ад Вікторыі Паўлаўны Чырыч, 1921 г. н.), фарбаванне яек («Яйца красілі ў красны цвет. Кажуць, што «кроў красная ў Хрыста» (г. Мазыр, запісана ад Валянціны Сяргееўны Бондаравай, 1923 г. н.; Валянціны Станіславаўны Станкевіч, 1927 г. н.), выпечка «паскі», звычай гуляць у біткі («Мужчыны бралі яйца, выбіралі, якія пакрапчэй і ў біткі гулялі. Бывае, адзін паб’е — забірае. Бывае, цэлую кашолку назбіралі» (г. Мазыр, запісана ад Фёдара Іванавіча Барысенкі, 1927 г. н.).
Было прынята наведваць начную «царкоўную службу»: «У Чарнобыль нашы хадзілі — кіламетраў трыццаць. Там стаялі ўжо ўсю ноч. Тады прыходзілі, хрыстосаліся, за стол садзіцца начыналі» (г. Мазыр, запісана ад Рыгора Фядосавіча Герасіменкі, 1925 г. н., перасяленца з Ельскага раёна). Паводле ўспамінаў Вольгі Мікалаеўны Міткевіч, 1932 г. н.: «Нас бацька павядзе пяшком у Мазыр, ён пеў, лезе наверх, дзе спяваюць, а мы ўсю ноч стаім. Патом пачынаюць ужо свяціць паску, на вуліцы, на двор выходзілі ўсе, выкладваюць кожны сваі клуночкі, і бацюшка ўжэ ідзе і свеціць» (в. Козенкі).
Сярод страў, прынесеных у храм для асвячэння, важнае магічнае значэнне надавалася абрадаваму хлебу пад назвай «паска», сімволіку якой добра вызначыла жыхарка в. Козенкі Вера Рыгораўна Савіч, 1930 г. н.: «Патом у суботу стараемся, штоб да абеда всё было здзелано, паску пеком — ета сімвал жызні, зарождзенія».
Невыпадкова для асвячэння ў царкве бралі паску абавязкова, прычым матывавалі, з якой мэтай гэта рабілі: «В суботу вечером ідом на свешченіе, бяром з сабой хлеб, соль, паску — то значыць, для дастатку в сем’е, ізобілья» (в. Козенкі, запісана ад Веры Рыгораўны Савіч, 1930 г. н.).
Велікоднаму пасвечанаму яйку надавалі магічнае значэнне, лічылі, што «трэба яйцом па шчоках павадзіць, пакатаць яго па ліцу» (г. Мазыр (Бабры), запісана ад Марыі Аляксандраўны Селязнёвай, 1934 г. н.; Серафімы Пятроўны Кандрашонак, 1926 г. н.). Растлумачыла магічны сэнс гэтага звычаю Марыя Раманаўна Лабунец, 1944 г. н., з в. Іванкаўшчына Мазырскага раёна: «Свяцонае яечко ў ваду клалі, і той вадой умываліся, каб ліцо красівае было». Катэгорыя прыгажосці ў мясцовай традыцыі іншы раз асэнсоўвалася даволі спецыфічна, напрыклад, у в. Надаткі меркавалі, што «калі ўсталі ўтрам, то трэба памыцца красным пасвяцоным яйцом, пакачаць па ліцу, каб чырвоным быць». Верагодна, «чырвонае» ў разуменні вяскоўцаў і суадносілася з уяўленнямі аб знешняй прыгажосці чалавека» (запісана ад Наталлі Кузьмінічны Дубавец, 1923 г. н.; Ульяны Іванаўны Пазняк, 1940 г. н.).
Здаўна ў народнай свядомасці велікоднае яйка выкарыстоўвалі ў магічных рытуалах «стымулявання» нівы, скіраваных на павышэнне яе ўрадлівасці: «яшчэ бралі красное яйцо, качалі яго па полю, каб жыто ўрадзіла» (в. Іванкаўшчына, запісана ад Кацярыны Іванаўны Кадол, 1932 г. н.). Звычайна яйкі фарбавалі ў чырвоны колер, але калі хтосьці з членаў сям’і памёр у год святкавання Вялікадня, то выкарыстоўвалі іншыя колеры фарбы: «Вот перад Пасхай у гэтым гаду памёр наш брат, дык нам нада было красіць у чорны цвет, дак мы ў зялёны красілі» (г. Мазыр (Навікі), запісана ад Марыі Адамаўны Галяк, 1928 г. н.); «яйкі красілі ў красны цвет, а кагда ўмер хто-та, то ў сіні, зялёны» (в. Козенкі, запісана ад Надзеі Міхайлаўны Тарасюк, 1944 г. н.).
З выпечкай «паскі» звязвалі трываласць сямейных адносін: «Калі выпякалі пасху, то баяліся, калі расколецца булка, то расколецца сям’я» (г. Мазыр (Целепуны), запісана ад Таццяны Аляксандраўны Целяпун, 1916 г. н.). Мазыранін Фёдар Іванавіч Барысенка, 1927 г. н., узгадвае, што Вялікдзень святкавалі два дні: «Первы дзень гулялі, а другі ўжо хадзілі, называлася “валачобныя хадзілі”. Дзеці малыя к родственнікам хадзілі, там ім падаркі давалі, давалі ім яйца крашаныя». Былая ж жыхарка в. Ліхаўня Нараўлянскага раёна (з 1980 г. жыве ў Мазыры) адзначае, што «празнік Пасхі быў тры дня. На трэці дзень арганізовывалі танцы і маладзёж танцавала всю ноч». З першым днём Вялікдня была звязана, паводле яе ўспамінаў, забарона браць шлюб: «На первы дзень не разрешалася жаніцца. На второй, на трэцій дзень можна было ўжо. На первы дзень Пасхі празнаваць свадзьбу лічылася грахом» (г. Мазыр, запісана ад Ганны Аляксандраўны Дзмітрыевай, 1922 г. н.).
Хоць валачобніцтва як абраднасць, прымеркаваная да Вялікадня, не характэрна для фальклору Гомельшчыны, але ж тэрмін «валачобнікі» сустракаецца, праўда, з іншай семантыкай. Не з’яўляецца ў гэтых адносінах выключэннем і рэгіён Мазыра і Мазыршчыны.
Жыхары в. Іванкаўшчына Мазырскага раёна падкрэслілі, што «валачобнікі былі малыя дзеці. Дзяцей спецыяльна ўгашчалі как взрослых» (запісана ад Кацярыны Іванаўны Кадол, 1932 г. н.). Як адзначыла Таццяна Аляксандраўна Целяпун, 1916 г. н., «валачобнікі хадзілі: унучак хадзіў да бабы па валачобнае, к хроснаму — таксама» (г. Мазыр (Целепуны); «На другі дзень Паскі адведваюць хрэснікаў і носяць валачобныя» (в. Скрыгалаў, запісана ад Клары Герасімаўны Чараўко, 1930 г. н.); «Валачобнікі хадзілі, валачобнічалі, прасілі валачобныя. Яйцы давалі, хто паску» (в. Касцюковічы, запісана ад Марыі Канстанцінаўны Дзяркач, 1922 г. н.); «на другі дзень — валачобнае. Канфет, яец, булку хлеба — гасцінец крышчэнікам» (в. Маісееўка, запісана ад Марыі Яўхімаўны Граб, 1934 г. н.); «На другі, трэці дзень насілі валачобнае» (в. Іванкаўшчына, ад Марыі Раманаўны Лабунец, 1944 г. н.). «На Вялікдзень мужчыны і хлопцы збіраліся ў вялікія (да 1020 чалавек) гурты валачобнікаў і хадзілі па сялу спяваць у кожным двары валачобныя песні (“валачобнікі валачыліся”). Іх абрадавы сэнс — велічанне селяніна, пажаданне яму на пачатку палявых работ добрага здароўя, шчасця ў сям’і, прыплоду ў хляве, плёну на ніве» [2, с. 103]. Жыхарка г. Мазыра Маіна Станіславаўна Шмаргун, 1937 г. н., прадстаўніца грамадскага аб’яднання «Саюза палякаў», расказала пра спецыфіку святкавання Вялікадня каталікамі: «На Вялікдзень красілі яйца, абменіваліся аплаткамі. Аплаткі — это божа цяло (цела). Кагда ўмер Ісус на крысту, то он аставіл сваё цяло в відзе хлеба. І мы друг другу жалаем жывога Ісуса».
Вялікдзень (Пасха) — гэта свята, у рытуалах якога знайшлі адлюстраванне не толькі аграрна-гаспадарчыя, але і памінальныя матывы. Факт наяўнасці гэтых матываў пацвярджаецца ўспамінамі інфарматараў: «Мне бабушка расказвала. Ешчо даўно ў старіну эта была. Тожэ, говаріт, пакушалі, паўжыналі, і на стале ешчо всё. Вот, значыт, сплю я, і прышлі і за сталом сядзят дзяды. Я, гаваріт, закрою глаза, не віжу я, а слышу, што разгаварвают» (г. Мазыр (Навікі), ад запісана Тамары Паўлаўны Наканечнай, 1930 г. н.). Не ва ўсіх мясцовых традыцыях Мазыршчыны хадзілі на Вялікдзень на могілкі памінаць памерлых. Напрыклад, у в. Белае: «На кладбішча хадзілі на аўторак, на Радаўніцу, яйцы няслі, раньшы не хадзілі» (запісана ад У I. Майстровіч, 1928 г. н.); в Слабада: «На Паску на кладбішча не хадзілі» (запісана ад Таццяны Іванаўны Рухло, 1927 г. н.); г. Мазыр: «На кладбішче абычна хадзілі на Раданіцу, а ў некаторых местах і на саму Пасху» (запісана ад Ганны Аляксандраўны Дзмітрыевай, 1922 г. н.).
Сэнс рытуалу «качаць велікоднае яйка па магілцы» інфарматары тлумачаць так: «штоб памёрлыя ўзналі, што Хрыстос уваскрэс» (в. Козенкі, запісана ад Веры Рыгораўны Савіч, 1930 г. н.). Невыпадкова інфарматары падкрэсліваюць, што на «Пасху заўсёды хадзілі на кладбішча ў васкрасенне. Мы всегда ў васкрасенне хадзілі, но нічога не насілі, толькі цветы, а паміналі ўжэ ў хаце» (г. Мазыр (Навікі), запісана ад Ядзвігі Міхайлаўны Лузай, 1923 г. н.).
Першым, паводле народных уяўленняў, трэба было з’есці пасвечанае яйка: «Первае яйцо мы асвецім, разрэжам на тарэлачку, солькай свяцонаю пасыпім і між всіх падзелім. Первым всегда нада папробаваць пасвечанае яйцо» (г. Мазыр (Навікі), запісана ад Ядзвігі Міхайлаўны Лузай, 1923 г. н.). На пытанне, чаму так прынята рабіць, інфарматары адказвалі, «каб здаровым быць, першым трэба было з’есці пасвяцонае яечка» (г. Мазыр, запісана ад Анастасіі Фёдараўны Ліцкевіч, 1929 г. н.). Жыхары в. Надаткі Мазырскага раёна верылі, што калі пасвечанае яйка падзяліць паміж усімі членамі сям’і, то ніколі не будзе сварак: «Трэба ўзяць яйцо свяцонае і падзяліць паміж усёй сям’ёй, каб дружная сям’я была» (запісана ад Галіны Міхайлаўны Пікуза, 1941 г. н.; Наталлі Кузьмінічны Дубавец, 1923 г. н.).
Каб атрымаць добры ўраджай бульбы, меркавалі, што рэшткі мясных страў ад велікоднага стала варта закапаць на полі: «Калі мясное свяцілі, то самую большую костку закапвалі ў землю, калі саджалі картошку. Гэта, каб яна здаровая була» (г. Мазыр, запісана ад Анастасіі Фёдараўны Міцкевіч, 1929 г. н.).
Такім чынам, прааналізаваны намі фактычны матэрыял сведчыць аб захаванні агульнаэтнічнай асновы каляндарнаабрадавай паэзіі, а таксама пацвярджае факт разнастайнасці і багацця мясцовых асаблівасцей бытавання велікодных абрадаў і звычаяў.
Літаратура
- Аникин В. П. Русское устное народное творчество: учеб. / В. П. Аникин. — М.: Высшая школа, 2001. — 726 с.
- Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн. / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-ое выд., дап. — Мінск: Беларусь, 2006. — 599 с.
- Каляндарна-абрадавая паэзія / А. С. Ліс, А. І. Гурскі, В. М. Шарая, У М. Сівіцкі; навук. рэд. А. С. Фядосік. — Мінск: Беларуская навука, 2001. — 515 с.
- Морозов И. А. Духовная культура Северного Белозерья: Этнодиалектный словарь / И. А. Морозов, И. С. Слепцова. — М.: Институт этнологии и антропологии РАН, 1997. — 432 с.
Аўтар: В.С. Новак
Крыніца: Слов’янський світ. — 2013. — Вип. 11. — С. 129-143.