Ведзьма ў міфалагічнай традыцыі Гомельшчыны

0
224
Ведзьма або ведьма у міфалогіі Гомельшчыны

З усіх міфалагічных персанажаў найбольшым распаўсюджаннем павер’яў на Гомельшчыне вылучаецца ведзьма. «Ведзьма, вядзьмарка, паводле ўяўленняў беларусаў – дэманічная істота, звязаная з надпрыроднымі сіламі; жаночае ўвасабленне «нячыстай сілы» [3, с. 74].

Ахарактарызуем ведзьму па наступнай схеме: знешні выгляд, месца знаходжання, функцыянальнасць, спосабы засцярогі, спосабы выяўлення дзейнасці ведзьмы, прыкметы і павер’і, звязаныя са смерцю ведзьмы.

Да нашага часу ўстойліва захоўваюцца і ўзбагачаюцца ўспаміны розных людзей аб ведзьмах. Засяродзім увагу на апісанні знешняга выгляду ведзьмы: «Ведзьма – злая чараўніца, надзеленая незвычайнымі здольнасцямі. Ведзьма вельмі старая, заўсёды з распушчанымі валасамі» (в. Бялёў Жыткавіцкага р-на) [2, c. 112]; «Ведзьма – гэта злая чараўніца. Выглядае яна як жанчына, але погляд у яе вельмі злы быў. Яна мела адносіны і з нячыстай сілай. Валасы ў яе былі гразныя, сівыя, нерасчосаныя» (в. Бабоўка Жлобінскага р-на) [2, с. 110]; «Ведьма – это женщина, которая не имеет возраста (благодаря своим колдовствам она может превращаться из старухи в молодую девицу). У неё длинные чёрные волосы и хвост, который она прячет под длинной юбкой» – г. Гомель [2, c. 124]; «Вядзьмарка жыве сярод людзей, але вылучаецца і знешнасцю, і асаблівасцю паводзін. Звычайна ў яе ёсць брыдкая бародка ці пучок валасоў на твары, а на носе вялізная барадаўка» (в. Роза Люксембург Ельскага р-на) [2, c. 138]; «Лічылася, што ў ведзьмы і ведзьмакоў незвычайна змрочны выраз твару, бліскучыя вочы, кудлатая галава, павольны, хрыпаваты і гартанны голас, асаблівая маўклівасць ці няспынная буркатлівасць, як бы размова з сабой, незвычайная хада» [3, c. 74].

Прыведзеныя матэрыялы сведчаць аб вар’іраванні знешняга выгляду ведзьмы ў розных лакальных традыцыях: у яе можа быць бародаўка ці пучок валасоў на твары, «лішнія» пальцы на руках ці адсутнасць некалькіх пальцаў, можа быць нават хвост даўжынёй з пядзю і іншыя адхіленні ці прыроджаныя калецтвы, якія выклікалі ў людзей прымхлівы страх. То яна паўстае старой жанчынай, то маладой жанчынай. Адрозніваецца гэты персанаж і асаблівасцямі паводзін.

Можна гаварыць і пра зааморфны выгляд ведзьмы, але ў тым выпадку, калі ведзьма ператвараецца ў іншых істот: «У ведзьму ператваралася тая жанчына, у якую ўсялялася нячыстая сіла. Гэта магло адбывацца па яе жаданню або не. Яны маглі ператварацца ў птушак, жывёл» (в. Бялёў Жыткавіцкага р-на) [2, c. 112]. «Ведзьма магла скідвацца катом, сабакаю, маладою дзяўчынаю, дзіцём, свіннёю. Ведзьмамі станавіліся не ўсе жэншчыны, а толькі тыя, у якіх у сярэдзіне злы дух пасяліўся» (в. Бабоўка Жлобінскага р-на) [2, c. 111]. «Ведзьмы могуць з’яўляцца ў выглядзе жывёлы ці птушкі: свіння, конь, карова, мыш, варона, сарока, вуж, гадзюка, і ў выглядзе прадметаў: палка, куст, калясо, рэшата, ком» (г. Добруш) [2, c. 125].

«Ведзьмы больш катамі ці сабакамі абарачваюцца. А могуць калясом абярнуцца. Калясо ў нас ляжала драўлянае. Бывала, само круцілася. А адкуль яно ўзялося, ніхто не ведаў. Дык мы кол у яго ўбілі. Пасля бабе той, якая ў калясо абярнулася, вельмі плоха была» (в. Старое Сяло) [2, c. 104].

Параўноўваючы запісы, мы бачым адрозненні паміж матэрыяламі. Адны людзі кажуць, што ведзьмы пераўвасабляліся ў птушак, жывёл, другія – у розныя прадметы (палка, куст, калясо, рэшата, ком). Ёсць такое павер’е, што ведзьмамі станавіліся не ўсе жанчыны, а толькі тыя, у якія усялялася нячыстая сіла. Ведзьма звычайна знаходзіцца сярод людзей: «Вядзьмарка жыве сярод людзей» (в. Роза Люксембург Ельскага р-на) [2, c. 138].

У асноўным з ведзьмамі звязваюць шкодніцкія дзеянні: «Ведзьма можа быць звязана з людзьмі, тагды яна ім прыносіла зло. Яна мела адносіны і з нячыстай сілай» (в. Бабоўка Жлобінскага ррна) [2, c. 111]. «Ведзьмы маглі выкручваць жыцейка, завіткі ў ім дзелалі, качалісь на ім, абы-што навязвалі» (в. Бабоўка Жлобінскага р-на) [2, c. 111]. «Ведзьмы маглі адабраць малако ў кароў, маглі адабраць сала ў свіней, маглі рабіць заломы ў жыце, маглі выдраць пер’е ў курэй. Ведзьмы маглі пасылаць на чалавека і хатнюю жывёлу сурокі. Маглі яны пасылаць ці затрымліваць дождж, выклікаць град, буру, засуху. Маглі ператварыць чалавека ў жывёлу, закалдаваць яго» (г. Добруш) [2, c. 125].

Як заўважаем, ведзьма па-рознаму шкодзіць людзям: перакінуўшыся жабай, яна высмоктвае малако ў кароў, летучы на начное купальскае зборышча, яна адбірае лекавую сілу зёлак, збівае расу з травы, робіць заломы ў жыце. У выніку вядзьмарскай дзейнасці хварэюць і гінуць людзі і жывёлы. Таксама ведзьмы маглі ўздзейнічаць на з’явы прыроды: затрымліваць дождж, выклікаць град, буру. «Ведьмы – эта страшныя людзі. Ведзьмы бываюць разныя. Людзям шкодзяць. Могуць дзелаць так, каб людзі паміралі, могуць памоч людзям, кагда яны ў бядзе» (в. Хутар Светлагорскага ррна) [2, c. 99].

Усе папярэднія запісы паказвалі нам адмоўныя рысы ведзьмы, але з гэтага запісу мы даведваемся, што ведзьмы чынілі людзям не толькі зло, а таксама дабро. Ведзьму, якая тварыла дабро, напрыклад, вылечвала хворых, часта называлі добрай, або белай, чараўніцай. «Ведзьма чыніць як зло людзям, так і дабро. У такіх выпадках паняцці «ведзьма» і «знахарка» фактычна атаясамліваюцца. Гэтую акалічнасць, у прыватнасці, адзначаў у канцы мінулага стагоддзя П. П. Дземідовіч: «Па меры таго, як стары светапогляд адыходзіць у мінулае, ведзьмары і ведзьмы ўсё больш губляюць сваё значэнне. Аднак вера ў іх у наш час яшчэ не знікла сярод беларусаў; асабліва моцна яна трымаецца паміж жанчынамі. Захварэе дзіця, пачне карова даваць малака, будзе ў малацэ менш смятаны, чым у мінулыя разы – беларуска зараз жа ідзе за парадай да ведзьмы ці ведзьмара» [1, c. 34].

«Надпрыродныя здольнасці жанчыныыведзьмы і яе дзейнасць абмежаваны ў часе, у межах сутак – гэта начны час, у межах году – пераломныя моманты: купальскае сонцастаянне, масленіца ці запусты. Пра яе начное жыццё можна меркаваць па чарадзейных казках, напрыклад, па песеннай устаўцы ў сюжэце «Мядзведзь – касцяная нага»: «I куры спяць, // I гусі спяць, // Толькі ведзьма не спіць, // Чорну воўну прадзець, // Маю нагу варыць. // У-гу-гу-у! // Аддавай маю нагу!» (Мядзельскі р-н). Тут бачна, што сваё чорнае прадзіва ведзьма, ажыццяўляе тады, калі спяць куры і гусі, калі дзень не абвешчаны, і ўсякая нячыстая сіла свабодна разгульвае па свеце» [3, c. 75].

Вялікая сіла ведзьмы выклікала і вялікі страх перад ёю, адсюль і шматлікія спосабы змагання з ёй, засцярогі ад яе. Існавалі розныя спосабы засцярогі ад ведзьмы: «Наш род засцерагаўся ад ведзьмаў, якія шкодзілі жыту толькі малітвамі, а болей нічым» – в. Бабоўка Жлобінскага р-на [2, c. 111]. «Засцерагаліся ад ведзьмаў у купальскую ноч, на Троіцу, на Благавешчанне, на Вялікдзень, на Вадохрышча, у рабінавую ноч. Каб засцерагчыся ад дзеянняў ведзьмы, трэба накласці перад хлевам барану, паставіць у хлеў пасвечаную ў царкве свечку, асінавае дрэва ці павесіць там жа забітую сароку, пакласці на парозе хлява серп ці касу, абсыпаць карову пасвечаным макам. Трэба пасля сказаць замову» (г. Добруш) [2, c. 125]. «Ведзьмы і ўсякая нячыстая сіла баяцца грамнічных свечак. Іх вешалі ля ўвахода ў хлеў, каб ведзьмы не адбіралі малако ў кароў, і каб коней не чапалі. На Юр’я скаціну выганяюць на пашу галінкамі вярбы, якую свецяць на вербніцу, а патом астаўляюць яе ў хляве ад злых духаў. На Купалу, як сільна расходзіцца нячыстая сіла, над парогам хаты і хлява вешаюць іголкі, крапіву, іх сільна ведзьмы баяцца і тады не могуць нічога здзелаць. Хрысціцца нада, малітвы чытаць, у цэркву хадзіць. Празднікі нада ўсе саблюдаць. 3 хаты нікому не даваць спічкі, соль, хлеб» (в. Малевіцкая Рудня Жлобінскага р-на) [2, c. 105].

Малітва, каб ведзьма не шкодзіла:

«Хрыстом хрышчуся,
Хрыстом воскрешаюся.
Крыў Бог зямлю бравою,
Дзерава карою,
Рыбку лускою.
Так пакрой, Госпадзі, мяне
Рызай святой.
Амінь»
(в. Сямёнаўка Рэчыцкага р-на) [2, c. 98].

Зыходзячы з запісаў, мы бачым, што людзі на працягу гадоў спрабавалі аберагчы сябе і сваіх жывёл ад ведзьмаў. Так, некаторыя жыхары вёскі выкарыстоўвалі розныя замовы і малітвы, каб ведзьмы ім не шкодзілі. Таксама існавалі розныя павер’і, звязаныя з грамнічнымі свечкамі, якія вешалі ля ўвахода ў хлеў. Былі жыхары, якія вялікую ролю надавалі разнастайным рэчам: серп, каса.

«Заўважаем, што пашкодзіць жывой ведзьме можна найбольш тады, калі яна перакінецца ў іншую істоту, напрыклад, у муху, муха садзіцца на цадзілку, а яе можна разам з цадзілкай укінуць у вар – ведзьма будзе пакутваць. Ведзьму можна падсмаліць грамнічнай свечкай, закласці шляхі яе пранікнення крапівай-жыгучкай, чартапалохам, калючкамі параніць» [3, c. 75].

Для вызначэння ведзьмы выкарыстоўвалі розныя спосабы: «Каб распазнаць ведзьму, варылі ў купальскую ноч цадзілку, тады яна прасіла, каб не рабілі гэтага. Працягвалі ўпоперак дарогі канапляную нітку, каб вызначыць карову ведзьмы» (г. Добруш) [2, c. 125]. «Сейчас у нашай вёсцы ведзьмы няма. Раньшэ былі. Кот усё сядзеў у нас чорны. Дык хлопцы лапы яму прыціснулі. Пасля распазналі бабу тую, якая ведзьмай была. Храмала яна» (в. Старое Сяло) [2, c. 104]. Так, каб вызначыць ведзьму, людзі рабілі разнастайныя рэчы. Напрыклад, упоперак дарогі працягвалі канапляную нітку.

На працягу свайго жыцця ведзьма выкарыстоўвала розныя прадметы: «Ведзьма лятае па паветры, выкарыстоўваючы розныя прадметы ці жывых істот: ступу, гаршчок, лаўку, дошку альбо ваўка, казла, мядзведзя. Памяло ёй патрэбна, каб замятаць за сабой сляды, іначай па слядах можа ўчыніць ёй шкоду іншая ведзьма» [3, c. 75].

Існуюць разнастайныя прыкметы і павер’і, звязаныя са смерцю ведзьмы: «Кажуць, што як ведзьмы ўміраюць, дык вельмі трудна ім, каб яны памерлі, ім трэба ўзрываць столь ці перадаць сваю сілу каму-небудзь: як толькі дакранецца да каго-небудзь, дык той стане імець яе сілу» (в. Васільеўка Добрушскага р-на) [2, c. 106]. «Вядзьмаркі вельмі доўга паміралі. Яны былі шкодныя. Калі памірала ведзьма, то ў крышы рабілі дырку, каб яе душа ўверх узнялася» (в. Беседы Петрыкаўскага р-на) [2, c. 114].

З матэрыялу вынікае, што ведзьмы доўга паміраюць. Калі ведзьма памірала, яна перадавала сваю сілу каму-небудзь.

Прааналізаваўшы звесткі аб ведзьмах, мы даведаліся, што ведзьмы лятаюць на мятле па небу і кажуць розныя магічныя заклінанні. Гэта каварныя, страшныя жанчыны.

Для ведзьмы існавала выпрабаванне: іх звязвалі і кідалі ў ваду. Лічылася, што вада не прымае зло і што толькі вінаваты здольны ўсплыць на паверхню. Такім чынам, калі жанчына танула, яе абвяшчалі невінаватай, а калі ўсплывала – яе забівалі. Па меры развіцця навукі вера ў вядзьмарства гаснула. Але ж да нашага часу захоўваюцца ўспаміны розных людзей аб ведзьмах.

Літаратура

  1. Коваль, У. І. Народныя ўяўленні, павер’і і прыкметы: даведнік па ўсходнеславянскай міфалогіі / У. І. Коваль. – Гомель, 1995. – 180 с.
  2. Штэйнер, І. Ф. Народная міфалогія Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік / І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. – Мінск, 2003. – 320 с.
  3. Цітова, В. С. Народная культура Беларусі: энцыклапедычны даведнік / В. С. Цітова. – Мінск, 2002. – 432с.

Аўтар: В.А. Каралькова
Крыніца: Фальклор і сучасная культура: матэрыялы міжнар. навук..практ. канф., 22-23 крас. 2008 г., г. Мінск: у 2 ч. / рэдкал.: I. С. Роўда [i інш.]. – Мінск : БДУ, 2008. Ч. 2 – 134 [2] с. Ст. 80-83