Важная крыніца па гісторыі Гомельшчыны XVI стагоддзя

0
463
Важная крыніца па гісторыі Гомельшчыны XVI стагоддзя

Тэрыторыя Гомельшчыны у XVI стагоддзі — гэта свайго кшталту «гарачая кропка» таго часу. Яна знаходзілася на памежжы з Маскоўскай дзяржавай, з якой Вялікае княства Літоўскае вяло перманентныя войны з канца XV ст. На некаторы час Гомель і яго бліжэйшая акруга нават пераходзілі пад уладу Масквы. Таму базу крыніц, застаўшыхся нам з таго часу па розных накірунках жыццядзейнасці, можна ахарактарызаваць як вельмі нешматлікую. І тым каштоўней падаецца тое, што захавалася.

Сярэдзіна XVI ст. для аграрнай гісторыі ВКЛ — гэта час пераменаў, у якіх некаторыя даследчыкі бачаць нават праявы капіталізму. У Заходняй Еўропе у той час рэзка ўзрос кошт зерня, бо вядучыя дзяржавы былі вымушаны значныя пашы пераводзіць пад тэхнічныя культуры. Дзеля павышэння прыбытковасці землеўладанняў магнаты і буйная шляхта сталі павялічваць паншчыну, ствараць вялікія па плошчы пашы. Не засталася ў баку і дзяржава. На вялікакняскіх землях праводзілася так званая валачная памера — аг­рарная рзформа, накіраваная на стварэнне фальваркаў.

Названыя мерапрыемствы датычылі тэрыторыі Заходняй і Цэнтральная Беларусь На ўсходнія землі «Устава на валокі» не распаўсюджвалася. Аднак сельская гаспадарка і тут упарадкоўвалася. Толькі змены мелі не такі выразны і радыкальны характар. У канкрэтныя гаспадарскія валоданні (яны часцей за ўсё мелі найменне «староствы») выязджалі прадстаўнікі дзяржаўных камісій. На месцы праводзілася вывучэнне стану старостваў, вызначалася якасць зямлі, прызначаліся новыя падаткі з сялян і г.д. А вынікі гэтай працы адлюстроўваліся ў спецыяльных дакументах — інвентарах.

Захаваўся інвентар Гомельскага староства, які быў апублікаваны ў «Актах Віленскай Археаграфічнай камісіі» [1, с. 343-347]. Гэты дакумент выкарыстоўвалі гісторыкі на мяжы ХІХ-ХХ стст. — Μ. К. Любаўскі [2], Μ. В. Доўнар-Запольскі [3]. З гістарыяграфіі савецкіх часоў трэба адзначыць У. І. Пічзту, які даваў яго правільную даціроўку [4]. А, напрыклад, З. Ю. Капыскі памылкова датаваў інвентар 40-мі гадамі XVII ст. [5, с. 155]. Μ. Ф. Спірыдонаў вярнуў дакументу яго сапраўдную дату [6, с. 52-54].

Калі вызначыць прычыну памылкі з датай рэвізіі, то яна звязана з самой публікацыяй інвентара — менавіта сярод дакументаў XVΠ ст. ён і пададзены ў АВАКу. Аднак, сам тэкст утрымлівае сваеасаблівую «прадмову», напісаную па-польску, дзе даецца інфармацыя, што ў 40-я гады XVII ст. інвентар выдаваўся для патрэб гомельскага старосты Аляксандра Служкі. А сам тэкст дакументу — беларускамоўны. І стваральнікамі інвентара называюцца паны-рэвізоры Валовіч і Нарушэвіч. Дзяржаўныя дзеячы: слонімскі староста Грыгорый Ва­ловій і гаспадарскі сакратар дзяржаўца маркаўскі і мядзельскі Мікалай Нарушэвіч былі накіраваны ў якасці рэвізораў ва ўсходнія гаспадарскія (вялікакняскія) валоданіі менавіта ў XVI ст. I ўГомельскім старостве працавалі менавіта ў 1560 годзе.

Сам тэкст дакумента, як і шмат якія іншыя пісьмовыя крыніцы, з’яўляецца шматаспектным для сучасных даследчыкаў. Яго прамое прызначэнне — фіксацыя зямельных межаў і павіннасцей сялян розных вёсак Гомельскага староства. Але з яго ж мы даведваемся назвы і знаходжанне населеных пунктаў гомельскаго рэгіёна, шмат з якіх існуюць і ў наш час. Таксама пададзены назвы рэк, балот, іншых мясцін. Можна падлічыць і колькасць меўшайся у сялян цяглай жывёлы і г. д. Маюцца ў інвентары і прозвішчы не толькі старостаў, але і іншых служылых людзей, а таксама імёны і імёны па бацьку сялян.

Рэвізоры апісвалі кожнае сяло староства па аднолькавай схеме. Пералічваліся гаспадаркі, што складалі дымы і новую адзінку падаткаабкладання — службу. Потым запісвалася цяглая сіла — коні і валы. Указваліся палі і сенажаці, а ў якасці дадаткова ўзятай зямлі — пусташы і астравы. Адзначалася колькасць павіннасцей са службы і з усёй вёскі. І як важная крыніца даходаў і сялян, і староства — «ловы звериные, яко великого, так и малого зверя и теж куничные, белочные и иные всякие и пташиные, ловы рыбные, гоны бобровые» [1, с. 344-376]. Асобна адзначаліся тэрыторыі, якімі ў межах староства валодалі цэрквы і служылыя людзі — баяры.

Усяго ў інвентары зафіксаваны 62 населеныя пункты: Гомельскага, Рэчыцкага, Чачэрскага, Рагачоўскага, і Стрэшынскага старостваў, 2 памежныя вёскі Рускай дзяржавы. Даследчыкі ідэнтыфікавалі 57 населеных пунктаў [6, с. 53].

Усе вёскі Гомельскага староства падзяляліся на тыя, што належалі непасрэдна дзяржаве і кіраваліся «державцем», і сёлы баярскія. Другая катэгорыя інвентарызацыі не падляжала і практычна не апісвалася.

Па сваёй якасці зямля падзялялася на тры катэгорыі: «грунт добрый, средний и под­лый». Залежылі ад гэтага і розныя «платы». З зямлі лепшай якасці сяляне павінны былі выплочваць 1 капу (60 грошаў) — вёскі Бацуны, Марозавічы, Кашалёва, Уваравічы і Целяшы [1, с. 364, 366, 368-369]. Найболын было ў старостве сярэдняякаснай глебы, з якой плацілі са службы 50 грошаў (24 вёскі). «Подлы грунт» быў вызначаны толькі для жыхароў Ваўковічаў і Губічаў, з якіх бралі па 40 грошаў са службы [1, с. 363, 366].

Колькасць зямлі ў новай падатковай адзінцы дакладна невядома. Пічэта лічыў, што яны не былі аднолькавымі, а складаліся гістарычна [4, с. 129]. Некторыя даследчыкі (Г. Лаўмяньскі, 3. І. Даўгяла, В. Ф. Голубеў) прыраўноўваюць службы да валокаў.

Што датычць цяглай жывёлы, то яе колькасць, хутчэй за ўсё, як раз складвалася гістарычна. Адзначаюцца вьшадкі, калі ў адной службе меліся і тры «адзінкі» (конь і два валы), але былі ў старостве сяляне, якія на дзве службы мелі толькі аднаго каня. Прасцей прасочваецца звязанасць службы і дымоў: у сярэднім апошніх прыходзілася по два (хаця меліся службы і з аднаго дыму, і з пяці). Калі суаднесці коней і валоў, то (з улікам некай карэкцыі на маючыяся ў дакуменце пропуск! і страты тэксту) можна іх суаднесці як 1:2 (190 коней і 264 валы). Яшчэ Пічэта адзначаў, што XVI ст. — гэта час пераходу ад валовай да конскай цягі на тэрыторыі Беларусі [4, с. 131].

Абкладаліся падаткамі і сенажаці. З кожнага возу сена сяляне гаспадарскіх і баярскіх вёсак уносілі па 4 пенязі. Аднак цалкам улічыць усё нарыхтаванае селянінам сена за лета было немагчыма.

Выплочвалася таксама езаўшчына — за лоўлю рыбы пры дапамозе спецыальных прыстасаванняў «езов» — 6 грошаў са службы [1, с. 344-360, 365-374].

Збіраліся са службы натуральный падаткі: «жита бочку ровную, без верха и нетресеную, овса бочку также ровную, без верха и нетоптаную» [1, с. 344-360, 362-374].

Усталёўваліся і даходы старосты («державцы») са службы: «жита пол бочки, овса пол бочки тоеж меры, которую на господара его милости быти давано, а засобно за кождою копою всякого плату по шести грошей, а надто с кождое службы по два возы сена, або за кождый воз по три гроша, а по два возы дров» [1, с. 344-360, 362-374]. Такім чынам, толькі як «працэнт» ад сялянскіх выплат на карысць дзяржавы староста меў ад амаль 18 грошаў (з сялян вёскі Дзятлавічы) да 183 грошаў (з сялян вёскі Ваўковічы). Цікава адзначыць, што калі з воза нарыхтаванага сена селянін выплочваў у вялікакняскую казну прыкладна 0,4 гроша, то пры жаданні замяніць натуральны падатак сенам на карысць дзяржаўцы, павінен быў даваць 3 грошы.

Факт замены натуральных падаткаў грашовымі пацвярджае магчымасць сялян не аддаваць мёд і не выконваць «отвоз», а плаціць за гэта манетамі. Рэвізоры пры гэтым адзначылі, што ў 14 вёсках «здавна грошьми платят» [1, с. 349, 351, 353, 359-360, 363-370]. I эквіваленты ва ўсіх іх былі рознымі. Там, дзе замена адбывалася ў 1560 годзе ўводзілі «за кождый пуд по двадцати пяти грошей, аз безмен по пяти грошей» [1, с. 344-350, 352, 354-358, 362-363, 371-374]. Адметная сітуацыя была з вёскай Ваўковічы, сяляне якой «здаўна» плацілі 7 коп і 5 грошай, але і давалі натурай 1 пуд «петерный». За яго ім яшчэ налічылі 25 грошай [1, с. 363]. У сярэднем мядовыя «дані» складалі каля 2 коп.

Там, дзе сяляне займаліся рыбнай лоўляй і здабычай баброў, яны таксама рабілі выплаты на карысць вялікага князя (за рыбу ад 15 грошаў да 2 коп, а за баброў — ад 30 грошаў да 2 коп), аднак былі вёскі, дзе дадзеныя промыслы адсутнічалі. Затое паляваннем, у тым ліку на птушак, займаліся ўсе вёскі Гомельскага староства. І плацілі за гэта ад 20 грошаў да 2 коп.

Пасрэднікам паміэж сялянамі і мясцовай адміністрацыяй быў «старац». Жыў ён даволі далёка ад Гомеля, у вёсцы Кашалёва, дзе «Опанас Старец а Осип Булизичи» трымалі службу вольную «на старцентство». Гэтая служба, а таксама «старцевое» сенажаць падаткаабкладанню не падлягалі [1, с. 368-369].

Баярскія валоданні ў старостве падзяляюцца на землі, з якіх яны нічога казне не плацілі, і даваўшыяся за плату. Да першых адносіцца веска Дуравічы, належыўшая паручніку гомельскай роты Яну Фашчу. Яе ён трымаў «до живота своего, а по животе его жона и дети мают держати, а с того господару его милости мает ку службе коня ставити» [1, с. 373]. Самі паны-рэвізоры перадалі «ротмистру Гомельскому пану Криштофу Лен­скому» вёскі Прысно і шарсцін; панам Васілю і Андрэю Халецкім — сёлы Чабатовічы, Засоўе, Кальскевічы і Чорнае. Веска Скепна была падаравана касцёлу святога Станіслава і далучалася да «замку Стрешинского» [1, с. 376].

За іншыя свае землі — вёскі («села боярские»), або за «пустовщизны» і «острова», якія яны трымалі ў гаспадарскіх вёсках, плата на карысць вялікага княза бралася. Тут таксама «плата за цынш за жито, за овес» залежыла ад якасці зямлі. Так, у вёсцы Кузьмічы, дзе «грунт» быў «добры», землеўладальнікі павінны былі выплочваць «по два гроши по пяти пенезей» і па траціне пенязя. Тое ж датычыла ўчасткаў у вёсках з якаснай глебай [1, с. 349, 368-370]. Большай часткай баярскія землі адносіліся да сярэдняякасных, з якіх выплаты складалі 2 грошы і 2 пенязі [1, с. 347, 357-362, 372-373]. Астатнія платы супадалі з сялянскімі. Выключэнне складалі толькі езаўшчызна і выплаты старосце.

Былі ўладанні (у вёсках Бацуны, Дзятлавічы, Навасёлкі, а таксама ўся баярская веска Слабада), дзе ніякіх змеи рэвізоры не ўносілі — «то по старому зоставлено» [1, с. 360, 362, 366, 373].

Адно ўладанне, якое ў Валазковічах трымаў «боярин Иван Хомиревич… за листом господарским до воли и иншого постановленья господарского… на имя Поколюбицкое, и з сеножатями ку тым землям прислухаючими; тое теперь к рукам господарским при­вернувши на фольварок замковый зоставлено» [1, с. 375].

Асобным тыпам уладанняў былі землі цэркваў. У старостве мелася адно сяло «Плесо попа Троецкого Федора Ивановича», якое «при той церкви ведлуг листу его ко­ролевской милости… наданы ку монастыру Онофреевскому» [1, с. 375]. Указваюцца павіннасці сялян на карысць манастыра і самаго святара: «дани медовое петерных деветь, а грошми коп две» [1, с. 375-376]. Існавалі землі гомельскіх і мясцовых цэркваў і ў іншых вёсках староства. Ніякімі платамі ні на карысць вялікага князя, ні на карысць дзяржаўцы яны не абкладваліся.

Такім чынам, разглежданы змены ў павіннасцях сялян і баяр паводле інвентара Гомельскага староства 1560 года. Але, як ужо адзначалася, дадзены дакумент може выкарыстоўвацца і як крыніца па шмат якіх іншых праблемах гісторыі Гомельшчыны (і не толькі гістарычных).

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею: в 39 т. / Вильна: Тип. А. Г. Сыркина, 1886. — Т. XIII: Акты Главного Литовского трибунала. — 492 с.
  2. Любавский, Μ. К. Областное деление и местное самоуправление в Литовско-Рус­ском государстве ко времени издания первого литовского статута / Μ. К. Любавский. — Москва: Унив. тип., 1892. — 984 с.
  3. Довнар-Запольский, Μ. В. Очерки по организации западно-русского крестьянства в XVI веке / Μ. В. Довнар-Запольский. — Киев: Киевская 1-я артель печатного дела, 1905. — 478 с.
  4. Пичета, В. И. Белоруссия и Литва в XV-XVI вв. / В. И. Пичета. — Москва: Изда­тельство Академии наук СССР, 1961. — 816 с.
  5. Копысский, 3. Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. / 3. Ю. Копысский. — Минск: Наука и техника, 1966. — 225 с.
  6. Спиридонов, Μ. Ф. Гомельская волость в 1560 г. / Μ. Ф. Спиридонов // Тез. докл. Первой Гомельской областной конференции по историческому краеведению, посвящён­ной 70-летию БССР и КПБ, Гомель, февраль 1989. — Гомель, 1989. — С. 52-54.

Аўтар: В.У. Цацарын
Крыніца: Международная юбилейная научно-практическая конференция, посвященная 90-летию Гомельского государственного университета имени Франциска Скорины (Гомель, 19-20 ноября 2020 г.): материалы: в 3 ч. Ч. 1 / Гомельский гос. ун-т им. Ф. Скорины; редкол.: С. А. Хахомов (гл. ред.) [и др.]. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2020. – С. 220-223.